Вы тут

Код гонару


Днямі буйная гандлёвая сетка запусціла чарговую рэкламна-бонусную гульню для дзяцей. І ў прынцыпе, не было б ніякай асаблівай нагоды пра яе пісаць (не ў рэкламным матэрыяле) — звычайны ўжо маркетынгавы ход: купі тавараў на энную суму і табе ўручаць невялікую гумавую цацку, адну з даволі шматлікай калекцыі. І ўсё — тваё малое не супакоіцца, пакуль ты гэту калекцыю цалкам не збярэш, а гэта значыць, зноў давядзецца ісці ў краму менавіта гэтай гандлёвай сеткі, зноў купляць тавары на пэўную суму. А яшчэ, калі будзе аб'яўлена, што серыя абмежаваная, — давядзецца рабіць гэта нават часцей, чым патрэбна. Бо сынок ці дачушка не даруюць, калі раптам з-за вашага марудства жаданая цацка будзе ўпушчана. І нічога не паробіш, нашы маленькія суграмадзяне сёння — фетышысты яшчэ тыя, наўрад ці знойдзецца сёння дзіця трох-чатырох гадоў, у якога б не было калекцыі «Шчанячага патруля», «Спайдэрменаў», «Супергерояў» ці яшчэ якой гумава-пластыкава-плюшавай халеры, звычайна ўзятай з модных замежных мульцікаў... Карацей, будзе як заўсёды: дзецям — радасць, бацькам — клопат і лішнія траты, гандлёвай сетцы — больш пакупнікоў і прыбытку...


І пісаць пра гэта было б сапраўды не варта, калі б не імёны гэтых самых цацак, за якімі ўжо пачалося «паляванне». Хатнік, Хут, Баган, Вазіла, Паветніца,

Бялун, Паляся, Скарбнік, Жыж, Капялюшнік, Вадзянік, Дзярніца, Багнік, Жэўжык, Цмок, Лясун, Гаюн, Кук, Вужалка, Злыдзень, Меша, Гарцук... Так, вы не памыліліся, гэта штосьці наша, народнае. А калі дакладна — персанажы нашых міфаў і легендаў.

Шчыра: я не ведаю, як да гэтага ставіцца. З аднаго боку, вельмі добра, што хоць такім камерцыйна-інфармацыйным шляхам (а да цацак выпушчана яшчэ і кніжка на беларускай і рускай мовах) нашы дзеці даведаюцца аб нацыянальных казачных персанажах, будуць гуляць у іх, зробяць іх часткай свайго маленькага жыцця, а пасля, дасць Бог, раскажуць пра іх сваім дзецям і ўнукам. З іншага боку, прыкра і крыўдна за нас саміх, што пра спрадвечных герояў міфаў і легендаў свайго народа нашы дзеці даведаюцца толькі дзякуючы прафесійным менеджарам удалага прадпрыемства, якім гэта ідэя прыйшла ў галаву. А калі б не прыйшла? «Шчанячы патруль» па-ранейшаму б «руліў», а персанажаў народных казак і легендаў усё глыбей і глыбей засмоктвала б у багну забыцця, і наступнае пакаленне ў большасці сваёй гэтых міфічных істот ужо б не адшукала нават у снах і падсвядомых згадках, што часам дасылаюць нам, пэўна, далёкія продкі.

І што ў гэтым страшнага, спытае скептык. Навошта сучаснаму дзіцяці нейкія Жыжалі, Хатнікі ды Багнікі? Навошта чытаць ім казкі пра Пакацігарошка, пра З рога ўсяго многа, калі ўсё гэта не тое што нафталін — моллю з'едзеная ў пыл субстанцыя, якая ніяк не стасуецца з тым, што вакол. Лепш няхай гуляюць у супергерояў, якія гавораць на звыклыя тэмы і робяць звыклыя рэчы... З-за гэткіх ну вельмі лагічных разважанняў мы не расказваем сваім дзецям казак (за выключэннем, можа, «Курачкі Рабы» ды «Рэпкі»), пры ўсім багацці выдадзеных дзіцячых кніг аддаём перавагу коміксам на аснове мульцікаў, дзе галоўныя героі — робаты ды машынкі... Вось скажыце шчыра: у вашай сям'і, дзе гадуюцца дзеці (унукі, праўнукі) ёсць кніга беларускіх народных казак? Ды яшчэ і на беларускай мове?.. Карацей, вы разумееце, пра што я.

Магчыма, і праўда бяды ў тым вялікай няма: час ідзе, мяняецца ўклад жыцця, мяняецца грамадства, штосьці — непатрэбнае (ці незапатрабаванае) — адыходзіць, адмірае, адпадае само па сабе. Можа, менавіта гэта адбываецца сёння з нашай чарадзейнай, міфічнай вуснай спадчынай — старанна занатаваная рупліўцамі, яна ціха сканае ў нікому не патрэбных ужо кнігах. Бо рэкламная гульня ў супермаркетах — справа часовая, праз пару месяцаў там будуць новыя героі, з новымі, зусім не датычнымі да нашых казак і легендаў героямі. І што вырасце з нашага пакалення Z-плюс, нам застаецца толькі назіраць і здагадвацца, бо гэта будзе фактычна першае пакаленне, якое ў сваёй большасці не будзе нават паняцця мець пра казкава-міфічную спадчыну свайго народа. (Не аб прачытанай у кніжках у свядомым узросце я тут кажу, а менавіта аб пачутай ад бацькоў, ад дзядуль-бабуль, калі чароўны свет здаецца сапраўдным, а прыгоды герояў — дзівоснай рэальнасцю.)

Па сутнасці, забраўшы ў нашых дзяцей народныя казкі і легенды, мы пазбаўляем іх таго першапачатковага геннага кода, які, закладзены з самага маленства, дазваляе чалавеку спакойна і трывала пачувацца на сваёй зямлі, — кода Гонару. Нездарма навукоўцы ва ўсім свеце кажуць пра тое, што казкі і легенды народа — самая старажытная яго спадчына, якая захавалася да нашых дзён, — нават у сённяшні тэхналагічны час і ёсць адзін з галоўных паказчыкаў яго, народа, самавызначэння і самадастатковасці.

Зрэшты, усё гэта ўжо з разраду філасофствавання. А калі датычна дзяцей... «Што ж, адабраць у дзяцей беларускія легенды, адабраць Пакацілу, вужыную каралеву, Яна Прыгожага. Хто з іх вырасце? Голыя практыкі без фантазіі. Я не ведаю, але я ўпэўнены, што Эйнштэйн чытаў казкі Андэрсена...»

Асабіста я спрачацца з Караткевічам не буду.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.