Вы тут

Самыя родныя людзі


Што можа стаць прычынай сваркі самых родных і блізкіх людзей? Ды любая дробязь, калі яна вядзе да крыўды. А потым непаразуменні растуць, множацца, робяцца непераадольным бар'ерам. І нярэдка гэта адбываецца альбо пачынаецца ў сем'ях, калі прыходзіць пара даглядаць састарэлых бацькоў. Вось тады іх дзеці, былыя любячыя браты і сёстры, становяцца амаль што ворагамі...


Гэтая сям'я некалі была ледзь не ўзорам адносін. Брат і сястра, хоць і жылі за дзве тысячы кіламетраў адно ад аднаго, кожны год сустракаліся, а перапіску і тэлефанаванні мелі, можа, багацейшыя, чым бывае ў родзічаў, што пражываюць у суседніх гарадах. Як толькі ў продажы з'явіліся невялікія відэакамеры, Алег адразу ж купіў апарацік ды запісаў сваю далёкую па адлегласці радню. А вечарамі ўсёй сям'ёй праглядалі гэтыя запісы. Ён так шчыра перажываў, калі ў пляменніцы не ладзілася сямейнае жыццё. Сястра Ларыса таксама любіла братавых дзяцей. А на яе юбілеі, да гэтай пары ўсе памятаюць, так пранікнёна гаварыла пра свайго брата, як ім ганарыцца, як яго шануе. Іх рэдкія сустрэчы станавіліся сапраўдным святам.

І ўсё было добра. Але ж бацькі Алега і Ларысы састарэлі і, паколькі жылі бліжэй да дачкі, паступова перабраліся да яе. Праўда, Алег і яго жонка аднойчы прапаноўвалі забраць іх да сябе, але сваякі адрэагавалі неяк дзіўна-напружана. Потым усё пакрысе ўсталявалася, сын званіў сястры і бацькам кожны тыдзень. Першым памёр бацька. Маці, якой за дзевяноста, стала слабець.

Канфлікт пачаўся з-за аварыі. Алег з жонкай трапілі ў ДТЗ. На вялікае шчасце, самі амаль не пацярпелі, а вось машына разбілася ўшчэнт. Брат з сястрой дамовіліся маці нічога пра аварыю не казаць, каб не хваляваць. Так яно і было, пакуль праз чатыры месяцы Алег выпадкова ў размове з маці не згадаў тую аварыю. Бабуля павохкала, паплакала, але ж падзякавала богу, што жывыя і здаровыя. А вось сястра ўчыніла грандыёзны скандал па тэлефоне: маўляў, ты не мужык, слова не трымаеш. Ён апраўдваўся, казаў, што неяк выпадкова вырвалася. З той пары і пачалося пахаладанне ў адносінах, якое паступова перарастала ў варожасць.

Кожны дадумваў сваё, адстойваў уласную версію матываў другога боку і адпаведна дзейнічаў. Брат з жонкай растлумачылі такую бурную рэакцыю сястры яе падазрэннем на меркантыльнасць: сказаў маці ў спадзяванні на матэрыяльную дапамогу. У дзядулі, ветэрана вайны, з бабуляй заўсёды былі зберажэнні. А сястра яшчэ раней у іх прапанове забраць старых да сябе падазравала той самы матэрыяльны інтарэс. Далей — болей. Дачка з зяцем сталі настройваць бабулю Зою супраць сына, а яна і слухала. У 93 гады чалавек не заўсёды можа крытычна ацэньваць сітуацыю і паводзіны другіх людзей. І ў адну з чарговых непрыемных размоў у парыве эмоцый кінула: «Навошта я наогул цябе нарадзіла!» Гэтага хапіла, каб сын зусім парваў адносіны і з маці, і з сястрой. Дайшло да таго, што, заехаўшы за столькі кіламетраў на магілу бацькі, ён нават не зайшоў да самых блізкіх людзей.

У выніку ўсе перажываюць, усе пакутуюць і ніхто не здольны зрабіць той самы крок да прымірэння ці хоць пацяплення ў адносінах. Асабліва пакутуе дачка Алега, унучка бабулі Зоі. Яна тэлефануе да цёткі рэгулярна, размаўляе і з цёткай, і з бабуляй, калі той стан здароўя дазваляе пагаварыць. Але яе ўласныя бацькі аб гэтым не ведаюць, бо ў сям'і накладзена своеасаблівае табу. Яна вельмі хацела б усё перамяніць і вярнуць мір у сямейныя стасункі. Але ж не можа загадаць бацьку, хто б там ні быў вінаваты, пераступіць цераз уласную гардыню, заехаць да маці, абняць яе, сказаць, як яе любіць, як пакутаваў увесь час ад непаразуменняў і дробязных сварак. І галоўнае — паспець гэта зрабіць, пакуль маці жывая, каб потым усё астатняе жыццё не несці ў сабе цяжар уласнай віны... Яна не можа адкрыта аб гэтым сказаць бацьку, бо ён перарывае настойлівыя спробы гаворкі на гэту тэму... Яна хоча, каб з ім пагаварыў які-небудзь аўтарытэтны чалавек, скажам, пажылы святар, які мог бы накіраваць на правільны шлях, напрыклад, так: «Каб твае бацькі памерлі нашмат маладзейшымі, не было б канфлікту і варожасці паміж табой і тваёй сястрой. Дык хіба варта караць маці пагардай і крыўдай за яе доўгі век?..» Яна марыць і ўяўляе сабе, як нейкі рэжысёр здымае менавіта пра іх кіно і паказвае ім сябе збоку, і яны ўсведамляюць недарэчнасць сваіх паводзін... Яна гатовая сабраць іх, сваіх бацьку і цётку, і крычаць ім: «Што ж вы робіце? Так нельга!» Але яна жыве далёка ад абаіх, яе ніхто не чуе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...