Вы тут

Пытанні, што стаяць на парадку дня, педагогі разгледзелі на форуме


Ці можа колькасць школьных медалістаў, уладальнікаў стабальных сертыфікатаў ЦТ або пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных школьных алімпіяд быць аб'ектыўным крытэрыем ацэнкі якасці школьнай адукацыі? Калі зыходзіць з гэтых пазіцый, то сталічная сістэма адукацыі па-ранейшаму трымае сваю высокую марку. Але на жнівеньскім педагагічным форуме, што адбыўся ў Нацыянальнай бібліятэцы напярэдадні новага навучальнага года, размова ішла не толькі аб дасягненнях, а найперш аб праблемах і планах сістэмы адукацыі сталіцы на найбліжэйшую перспектыву.


Фота: БЕЛТА

У першы клас ці зноў у садок?

«Задача сённяшняга форуму — аб'ектыўна ацаніць існуючыя магчымасці і рэсурсы для ўдасканалення адукацыйнага працэсу», — падкрэсліла ў сваім выступленні старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыя КІНДЗІРЭНКА.

Сёння ў Мінску функцыянуе больш як 755 устаноў адукацыі ўсіх тыпаў. Іх сетка працягвае прырастаць разам з развіццём горада. У 2017 годзе ў сталіцы былі адкрыты чатыры дзіцячыя садкі і адна сярэдняя школа. Сёлета запланаваны ўвод яшчэ пяці дашкольных устаноў і адной школы на 1020 месцаў. Але тэмпы жыллёвага будаўніцтва па-ранейшаму апераджаюць развіццё адукацыйнай інфраструктуры.

— Некалькі гадоў таму мы прапаноўвалі вырашаць праблему забеспячэння месцамі ў садках «крокавай даступнасці» за кошт павелічэння праектнай магутнасці ўстаноў, якія будуюцца. На жаль, у Мінску гэтая ідэя пакуль не знайшла ўвасаблення, нягледзячы на тое, што была праведзена вялізная арганізацыйная работа, — канстатавала Марыя Кіндзірэнка. — Затое яна была рэалізаваная ў адным з рэгіёнаў, і ўжо ў верасні бягучага года ў Брэсце будзе адкрыты дзіцячы садок, разлічаны на 350 месцаў.

За кошт мабілізацыі ўнутраных рэзерваў — вываду першых класаў у школы і аднаўлення функцыянальнага прызначэння групавых памяшканняў — у мінулым навучальным годзе ў дзіцячых садках Мінска былі забяспечаны месцамі дадаткова 1220 дзяцей. З пэўнай доляй асцярожнасці можна казаць аб тым, што вастрыня праблемы забеспячэння месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі паступова пачала змяншацца. Акрамя таго, упершыню за апошнія тры гады сярэдняя ўкамплектаванасць дзіцячых садкоў перастала павялічвацца.

Сур'ёзнай праблемай для горада з'яўляецца і вялікая колькасць дзяцей шасцігадовага ўзросту, якія яшчэ на адзін год застаюцца ў дзіцячым садку. «Гаворка ідзе пра бацькоў, якія пажадалі падоўжыць камфортнае знаходжанне свайго дзіцяці ў дашкольнай установе замест таго, каб прывесці яго ў першы клас, — удакладніла старшыня камітэта па адукацыі. — На пачатак мінулага навучальнага года не прыступілі да заняткаў 5184 дзіцяці, якім на 1 верасня ўжо споўнілася шэсць гадоў, а гэта на 526 больш, чым у папярэднім годзе. З іх па медыцынскіх паказаннях — толькі 6 %, а па рашэнні бацькоў — 72 %. На жаль, інтарэсы бацькоў аказваюцца мацнейшыя за нашы пераканаўчыя словы і аргументы. Праўда, над тым, наколькі яны пераканаўчыя, яшчэ трэба паразважаць...»

Хачу быць гімназістам...

У сувязі з новымі правіламі камплектавання пятых класаў гімназій Мінск сёння адчувае найбольшае напружанне ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі, бо кожная пятая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі ў горадзе — гімназія, якая цяпер напаўняецца дзецьмі з замацаваных за гэтай установай дамоў.

З вясны ў сталіцы распачаўся, так бы мовіць, працэс перадзелу адукацыйнай прасторы. «Для кіраўнікоў гэта стала адначасова і кіраўніцкай задачай, і праблемай. Але горад спраўляецца... У нас атрымліваецца прадухіляць канфліктныя сітуацыі і папярэджваць сацыяльную напружанасць сярод бацькоў, — запэўніла Марыя Кіндзірэнка. — Наша задача ў гэтай сітуацыі — па-першае, захаваць якасць гімназічнай адукацыі за кошт магчымасцяў вучэбнага плана, а па-другое, не дапусціць парушэнняў пры прыёме і залічэнні ў гімназіі. Дакладны алгарытм нашых дзеянняў вызначаны».

Між іншым, у сталіцы 9718 бацькоў першакласнікаў падалі заявы ва ўстанову адукацыі, за якой іх дом не замацаваны, і 14 463 сям'і — па месцы жыхарства. Пасяджэнне камісій, якія будуць вырашаць лёс будучых першакласнікаў, запланавана на 29 жніўня.

У сувязі з гэтым актуальнасць набывае яшчэ адно пытанне — улік дзяцей у мікрараёнах вакол устаноў адукацыі або, як прызвычаіліся казаць, «усенавуч».

— У гэтым пытанні адсутнічае разуменне з боку нашых сацыяльных партнёраў, у першую чаргу жыллёва-эксплуатацыйных службаў, — канстатавала старшыня камітэта па адукацыі. — Мы звярталі ўвагу на тое, што патрабуецца падключэнне адміністрацыйнага рэсурсу, разлічвалі на садзейнічанне ў гэтым пытанні адміністрацый раёнаў, таму што дакладны ўлік дзяцей, якія павінны навучацца, — гэта не толькі планаванне кантынгенту, а ў першую чаргу планаванне аб'ёмаў бюджэтнага фінансавання. Але праз пару тыдняў настаўнікі зноў пойдуць па дамах і кватэрах са славутымі сшыткамі па «ўсенавучы», прычым сабраную імі інфармацыю нельга лічыць абсалютна праўдзівай і аб'ектыўнай, таму што яе атрымліваюць толькі са слоў апытаных жыхароў. Паўгода назад камітэт па адукацыі прасіў раённыя ўпраўленні адукацыі прааналізаваць і пры неабходнасці пераразмеркаваць мікрараёны, замацаваныя за ўстановамі адукацыі, каб пазбегнуць у гэтай рабоце фармалізму. Аднак за летнія месяцы былі выяўлены і праблемныя мікрараёны, і факты лабіравання інтарэсаў асобных устаноў адукацыі, а некаторыя дамы і ўвогуле «згубіліся».

У дашкольнай адукацыі, у адпаведнасці з запытамі бацькоў, пашыраюцца формы яе арганізацыі і спектр дадатковых адукацыйных паслуг. "У 2017 годзе было адкрыта 420 груп кароткачасовага знаходжання. Аднак у маштабах горада гэтага відавочна недастаткова. Як паказвае практыка, бацькі гатовыя плаціць за якасныя дадатковыя паслугі, асабліва на ўзроўні дашкольнай адукацыі. Але каб гэтая праца насіла сістэмны характар, у раёнах павінен быць план развіцця новых формаў арганізацыі дашкольнай адукацыі, заснаваны на вывучэнні попыту і наяўнасці рэсурсаў, у тым ліку кадравых, — падзялілася бачаннем сітуацыі старшыня камітэта па адукацыі. — Акрамя таго, патрэбны рэклама і прасоўванне сваіх магчымасцяў".

Фота Надзеі БУЖАН

Ідэя не спрацавала...

Яшчэ адзін важны напрамак — захаванне пераемнасці ў навучанні. Арганізацыя адукацыйнага працэсу з дашкольнікамі будуецца на прынцыпах кампетэнтаснага навучання, закладзеных у дзяржаўнай праграме. Аднак школьныя настаўнікі не заўсёды ведаюць, якімі кампетэнцыямі валодаюць дзеці, што пераходзяць на больш высокую ступень навучання, і, на жаль, не ўлічваюць гэта пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Практыка паказвае, што ў камандзе настаўнікаў-прадметнікаў, якія працуюць у адной паралелі ці ў адным класе, часта адсутнічае ўзгодненасць у пытаннях фарміравання ў школьнікаў асноўных кампетэнцый. А ўдзел навучэнцаў у алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях толькі пацвярджае гэта: нярэдка праблемы з выкананнем алімпіядных заданняў абумоўлены недастаткова сфарміраванымі кампетэнцыямі, такімі як камунікатыўныя, даследчыя, аналітычныя і іншыя.

Марыя Кіндзірэнка нагадала, што з новага навучальнага года выхаванцы школ і гімназій будуць мець роўныя магчымасці для вывучэння замежнай мовы і асобных прадметаў на павышаным узроўні, пачынаючы з другой ступені навучання. Акрамя таго, у навучальных планах закладзены гадзіны для арганізацыі працоўнага навучання, дапрофільнай, дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў.

— Трэба разумець, што гэта базавыя магчымасці, на аснове якіх у кожнай школе распрацоўваюцца свае мадэлі працоўнага навучання і падрыхтоўкі вучняў да выбару прафесіі, — звярнула ўвагу удзельнікаў форуму старшыня камітэта. — Асабліва актуальна гэта ў сувязі з увядзеннем у навучальныя планы базавых 10-х класаў абавязковых шасці гадзін прафесійнай падрыхтоўкі. Забяспечыць умовы для іх правядзення — няпростая задача для кіраўнікоў.

Базай для правядзення ўрокаў працы ў 5—9 класах застаюцца пераважна школьныя майстэрні. Вельмі важна, што з новага навучальнага года ў настаўнікаў працы з'явілася магчымасць выбіраць, акрамя базавых, і іншыя тэмы для вывучэння з пераліку, прапанаванага міністэрствам, больш за тое, яны могуць прапаноўваць свае тэмы ў залежнасці ад запытаў бацькоў, пажаданняў дзяцей і наяўнасці рэсурсаў. Вучні 10-х базавых класаў шэсць гадзін у тыдзень будуць займацца ў аддзяленнях прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў на базе прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Сёння ў сталіцы функцыянуе шэсць такіх аддзяленняў. У 2017/2018 навучальным годзе там навучалася 8262 вучня 8—11 класаў з 133 школ горада. Дапрафесійную падрыхтоўку атрымалі 737 школьнікаў, прафесійную — 5388 навучэнцаў па 40 прафесіях, сярод іх і вельмі запатрабаваныя моладдзю. Вытворчае навучанне і практыку навучэнцы праходзілі на базе 250 прадпрыемстваў горада. Амаль 80 % выпускнікоў атрымалі пасведчанні аб прысваенні разраду па абранай прафесіі.

Актыўна развіваецца ва ўстановах адукацыі і сетка профільных класаў. У 2018/2019 навучальным годзе будуць дзейнічаць 387 дзясятых класаў, з іх 241 — профільны. Педагагічныя класы і групы былі створаны ў 23 установах адукацыі (там навучаліся 240 падлеткаў). Аднак толькі кожнаму пятаму іх выпускніку была дадзена рэкамендацыя для паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, а паступілі туды ўсяго 16 % ад агульнай колькасці выпускнікоў педкласаў, прычым большая частка з іх з'яўляецца выхаванцамі адной мінскай гімназіі.

— Як бачым, падрыхтоўка навучэнцаў у класах профільнай накіраванасці пры паступленні ў педагагічныя ВНУ, на жаль, не спрацоўвае, а ўвогуле кажучы, не выконваецца пастаўленымі намі задача — па аднаўленні працоўнага рэсурсу для сістэмы адукацыі горада, — канстатавала Марыя Кіндзірэнка. — Скажу, што толькі адзін гэты прыклад прымушае паразважаць пра пэўную дэвальвацыю ідэі профільнага навучання.

Экзамен, які горад праваліў

Высокі клас прадэманстравалі сёлета прадстаўнікі сталічнай сістэмы адукацыі на конкурсе прафесійнага майстэрства «WоrldSkіlls Беларусь»: мінчане заваявалі ў розных кваліфікацыях 19 медалёў. Да таго ж 10 прызёраў увайшлі ў склад нацыянальнай зборнай па падрыхтоўцы да сусветнага чэмпіянату 2019 года ў Казані.

Марыя Кіндзірэнка падкрэсліла, што ўдзел у такіх конкурсах патрабуе сур'ёзнага фінансавання. «Але на самым сучасным абсталяванні трэба рыхтаваць не толькі да ўдзелу ў конкурсах — на ім трэба масава навучаць усіх, хто прыйшоў атрымліваць прафесію. Працэсу абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў прафесійнай адукацыі будзе дадзены новы імпульс. Пры гэтым не варта спадзявацца толькі на бюджэтнае фінансаванне, неабходна пераарыентавацца на працу з заказчыкамі кадраў, выкарыстоўваць у поўным аб'ёме рэсурсныя цэнтры, створаныя на базе прафесійна-тэхнічных устаноў...»

Болевай кропкай для горада застаецца сацыялізацыя маладых людзей з асаблівасцямі развіцця, якія атрымалі прафесійную адукацыю. Атрымліваецца, што права на атрыманне той ці іншай спецыяльнасці яны маюць, але не маюць права на працаўладкаванне, а калі і маюць, то з вялікімі абмежаваннямі. «Экзамен на канструктыўнае міжведамаснае ўзаемадзеянне ў пытаннях працаўладкавання такіх маладых людзей у горадзе не вытрымліваецца, — звяртае ўвагу Марыя Кіндзірэнка. — Адукацыя сваю місію выконвае цалкам. А вось да сістэмы аховы здароўя і да заказчыкаў кадраў пытанні ёсць. Апошнія робяць усё, каб не прыняць на працу маладога спецыяліста з асаблівасцямі. Гэтай сітуацыі можна даць тры ацэнкі. Эканамічную: штогод мы «закопваем» бюджэтныя грошы, рыхтуючы спецыяліста, які нідзе не будзе запатрабаваны. Маральную: малады чалавек і яго бацькі, атрымаўшы надзею на паўнавартаснае жыццё ў грамадстве, потым яе пазбаўляюцца. І грамадскую: пры такім падыходзе мы дыскрэдытуем дзяржаўную задачу па пабудове інклюзіўнага грамадства».

Закранаючы пытанні правядзення ў горадзе выхаваўчай работы, кіраўнік сталічнай сістэмы адукацыі прызнала, што казаць пра кіравальнасць выхаваўчай прасторы пакуль рана. Колькасць праведзеных выхаваўчых мерапрыемстваў не суадносіцца з эфектам ад іх. За 2017 год да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнутыя ў сталіцы 826 навучэнцаў. Да крымінальнай — 136 непаўналетніх, амаль палова з іх — школьнікі, астатнія з'яўляюцца навучэнцамі сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У падлеткавым асяроддзі прысутнічаюць і алкаголь, і наркотыкі, і псіхатропы. Трывожыць і тая акалічнасць, што больш як 70 працэнтаў злачынстваў былі здзейсненыя падлеткамі, якія раней ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваліся.

Закранула старшыня камітэта па адукацыі і праблему ратацыі кіраўніцкіх кадраў:

— Сёлета практычна ў кожнай 10-й школе змяніўся дырэктар. Канешне, ёсць прычыны аб'ектыўныя, і іх большасць, але ўсім нам вядомыя і іншыя прычыны, у тым ліку з катэгорыі маральных. З трыбуны форуму скажу толькі адно: паважаныя калегі, беражыце набыты за гады працы ў адукацыі аўтарытэт і павагу з боку дзяцей, іх бацкоў, калег і кіраўніцтва! Даражыце сваім статусам і рэпутацыяй, не дапускайце, каб з-за хвіліннай слабасці вы аказаліся па-за прафесійнай супольнасцю. Гэта вельмі балюча не толькі для чалавека і яго блізкага акружэння, але і для ўсёй сістэмы адукацыі.

Марыя Кіндзірэнка запэўніла, што пра ўсе праблемныя моманты ў камітэце па адукацыі ведаюць: «У прыватнасці, ёсць падстава для разважання па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, міжнародных алімпіяд, выпускных экзаменаў. У самы бліжэйшы час гэта стане прадметам крытычнага асэнсавання і абмеркавання. Акрамя таго, з улікам сучасных тэндэнцый будуць карэктавацца і стратэгіі кіравання якасцю адукацыі».

Дасягненні сталічнай сістэмы адукацыі:

  • У 2018 годзе залаты медаль атрымалі 457 выпускнікоў сярэдняй школы, а сярэбраны —54 выпускнікі. Уладальнікамі пасведчанняў аб базавай адукацыі з адзнакай сталі 745 чалавек.
  • Па выніках дзяржаўнай атэстацыі за курс базавай і сярэдняй школы адзнакі высокага і дастатковага узроўняў атрымалі 54,5 працэнта навучэнцаў 9-х класаў і больш як 70 працэнтаў адзінаццацікласнікаў .
  • 88 выпускнікоў набралі па розных прадметах на цэнтралізаваным тэсціраванні 100 балаў, а па шасці прадметах мінскія школьнікі паказалі найвышэйшы сярэдні бал у краіне.
  • На заключным этапе прадметных алімпіяд школьнікаў і на конкурсе работ даследчага характару каманда Мінска зноў была найлепшай у рэспубліцы.
  • Годна выступілі мінчане і на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах: у 2018 годзе годзе імі заваявана 26 медалёў рознай вартасці.
  • Агульны ахоп дзяцей і моладзі дадатковай адукацыяй складае ў сталіцы больш за 77 працэнтаў. У цяперашні час кожны юны мінчанін можа наведваць 2-3 гурткі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Ці заўсёды колькасць пераходзіць у якасць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

Мінздароўя зацвердзіла канцэпцыю маніторынгу псіхалагічных рызык медработнікаў.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.