Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра імклівае падняцце Арыны Сабаленкі ў сусветным рэйтынгу, яе перамогу на прэстыжным турніры і іншыя прыкметныя падзеі ў свеце спорту.


1. Арына Сабаленка перад стартам адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе ўпершыню ў кар'еры ўвайшла ў топ-20 сусветнага рэйтынга. На мінулым тыдні яна займала 25-е месца, а пасля выйгрышу турніру катэгорыі «Прэм'ер» у амерыканскім Нью-Хейвене паднялася на 5 пазіцый. У фінальным матчы Арына перамагла ў двух сэтах іспанку Карлу Суарэс Навара — 6:1, 6:4.

Аляксандра Сасновіч займае цяпер 34-ы радок у сусветным рэйтынгу, Вера Лапко знаходзіцца на 72-й пазіцыі, у Вікторыі Азаранкі 79-е месца.

Чацвёрка беларусак выступіць у адзіночным разрадзе US Open у Нью-Ёрку: Арына Сабаленка сустрэнецца з амерыканкай Даніэль Колінс, Аляксандра Сасновіч згуляе са швейцарскай тэнісісткай Беліндай Бенчыч, Вера Лапко паспрачаецца з украінкай Кацярынай Бандарэнкай, Вікторыя Азаранка будзе сапернічаць са славачкай Вікторыяй Кужмавай.


2. Беларускія спартсмены заваявалі восем узнагарод на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ ў партугальскім Мантэмор-у-Велью.

У скарбонцы нашай каманды тры залатыя медалі. Чэмпіёнамі свету стаў дуэт Глеб Саладуха і Дзяніс Махлай на дыстанцыі 200 м. Каміла Бобр і Алена Наздрова фінішавалі першымі ў каноэ-двойцы на 200 м. Падняўся на верхнюю прыступку п'едэстала і Арцём Козыр, перамогшы трэці раз запар на сусветных форумах у каноэ на 200 м.

Сярэбраныя ўзнагароды заваявала ў байдарцы на 5000 м Марына Літвінчук, а таксама Алена Наздрова ў каноэ на 500 м.

Бронзавыя медалі на рахунку Вольгі Худзенкі, якая выступіла ў байдарцы на 500 м, Алены Наздровай у каноэ на 200 м, якая сабрала поўны камплект узнагарод чэмпіянату. На трэцяй пазіцыі фінішавалі ў каноэ-двойцы на 500 м Надзея Макарчанка і Вольга Клімава.

У медальным заліку зборная Беларусі заняла чацвёртае месца. Першае — у каманды Германіі (сем залатых, чатыры сярэбраныя і два бронзавыя медалі), другія венгры, на трэцяй пазіцыі расійскія весляры.


3. Дзяніс Мазур заняў трэцяе месца на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па веласпорце на трэку, які праходзіць у швейцарскім Эгле. Ва ўзроставай катэгорыі да 18 гадоў у гонцы па ачках беларус зарабіў 47 балаў.

У адной з самых складаных дысцыплін велатрэка — омніуме — беларус Яўген Каралёк, які выступаў ва ўзроставай катэгорыі да 23 гадоў, заняў пятае месца. У скарбонцы беларускай каманды на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы чатыры ўзнагароды. Дзяніс Мазур акрамя бронзавага медаля ў гонцы па ачках мае ў сваім актыве «серабро» ў гонцы на выбыванне. Аксана Салаўёва заняла другое месца ў гонцы па ачках, Яўген Каралёк стаў бронзавым прызёрам у гонцы на выбыванне сярод атлетаў да 23 гадоў.


4. Завяршыліся матчы 19-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Мінскае «Дынама» згуляла ў нічыю з «Гомелем» — 0:0, не змаглі выявіць пераможцу і ў пары БАТЭ — «Віцебск» — 1:1. «Смалявічы» перайгралі «Дынама» (Брэст) — 1:0, «Шахцёр» (Салігорск) быў мацнейшы за «Дняпро» (Магілёў) — 3:1, «Нёман» (Гродна) атрымаў перамогу над «Тарпеда» (Мінск) — 1:0, матч «Гарадзеі» і «Іслачы» завяршыўся з вынікам 2:0, а ў гульні «Мінска» супраць «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) гледачы забітых мячоў так і не ўбачылі — 0:0. У панядзелак увечары завяршылася яшчэ адна сустрэча «Слуцка» і «Праменя».

Становішча ў групе лідараў: БАТЭ — 45 ачкоў (18 матчаў), «Віцебск» — 38 (18), «Дынама» (Мінск) — 38 (18), «Шахцёр» — 38 (18).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Кожны тыдзень усё вышэй

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Грамадства

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. 

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.