Вы тут

Уладзімір Цвірка. Станькава


Нядаўна давялося размаўляць са сваім сябрам, які час ад часу таксама падарожнічае. Пачуўшы, што ў мяне геаграфія вандровак па ўсёй Беларусі, ён распавёў, што ніколі не ад’язджае далёка ад Мінска. «І што найбольш спадабалася?» — пытаюся, ведаючы, наколькі непадобныя і цікавыя мясціны можна знайсці і непадалёк ад сталіцы. «Ды ўсё захапляльна, — адказаў ён. — Асабліва Станькава, непадалёк ад Дзяржынска».


Падзяліўся ўспамінамі пра Станькава з сябрам і я. Размова атрымалася на дзіва павучальная і карысная, таму што бачылі мы адно і тое ж, а ўспрынялі, як выявілася, зусім не аднолькава. І гэта не супярэчыла поглядам кожнага, а, наадварот, узбагаціла, дапоўніла нашы ўспаміны, зрабіла больш дасканалымі і рознабаковымі.

Так атрымалася, што ў Станькаве я быў неаднойчы. Вандруючы па Міншчыне, не мог утрымацца, каб не заехаць, не прайсціся яшчэ раз па старым парку, не зрабіць здымкі тутэйшых архітэктурных цудаў. І зараз прагартаю для вас гэты цікавы альбом, пры-свечаны былой сядзібе Чапскіх.

З пачатку XV стагоддзя тут гаспадарыў шляхецкі род Дарагастойскіх, затым — магнацкі род Радзівілаў. І вось з паловы ХVІІІ стагоддзя гэтыя землі сталі маёмасцю Гутэн-Чапскіх, прадстаўнікоў аднаго з найстаражытнейшых родаў Вялікага Княства Літоўскага. Каб не марнаваць час на розныя лічбы і імёны, пачну расповед з Эмерыка Чапскага, які пасля сваёй адстаўкі ў 1879 годзе пераехаў з жонкай Альжбэтай на пастаяннае жыхарства ў Станькава. Цікава, што іх сын, Караль Чапскі, з 1890 па 1901 год займаў у Мінску пасаду гарадскога галавы.

Пры Каралі Чапскім у Мінску з’явілася конка, жаночая гімназія, у 1890 годзе пачаў працаваць гарадскі тэатр, які мы сёння ведаем як тэатр Янкі Купалы. Адначасова Караль актыўна ўдзельнічаў у гаспадарчых справах на сядзібе бацькоў у Станькаве, дапамагаючы бацьку Эмерыку ў пашырэнні, апрацоўцы і сістэматызацыі вялізнай музейнай калекцыі, якая складалася з нумізматычных збораў, мастацкіх палотнаў, посуду, зброі, старажытных ікон, вырабаў са шкла, крышталю, фаянсу ды срэбра... Была сабрана бібліятэка прыблізна ў 20 000 розных выданняў. Атрымаўся вялізны і разнастайны палацавы музей, які займеў ганаровы статус найбуйнейшага прыватнага музея ў Беларусі.

Калекцыя каштоўнасцей пашыралася, і спатрэбіліся новыя плошчы для музейных экспазіцый. Чапскія знайшлі выхад у пабудове новага памяшкання. Так з’явіўся самы цікавы і незвычайны, а таму неацэнны помнік нашай архітэктурнай спадчыны — «Скарбчык» Чапскіх. Пабудавалі яго ў 1880 годзе побач з тагачасным палацам. Як відаць на здымку, атрымаўся амаль сярэдневяковы мініяцюрны двухпавярховы замак з чатырма вежамі па кутах, якія ў сваю чаргу завершаны маленькімі вежачкамі пад шатровымі дахамі. Над уваходным парталам — маленькі балкон.

Вярнуся ж да калекцыі Чапскіх. Яна была настолькі вялікая, што калі Эмерык з жонкай у 1895 годзе вырашылі пераехаць жыць у Польшчу, то спатрэбілася шэсць чыгуначных вагонаў, каб перавезці толькі частку музейных багаццяў у палац каля Вавеля. Другая ж частка калекцыі ў 1916 годзе была перавезена ў Маскву. Добра, што музейная калекцыя Чапскіх захавалася, хай сабе і ў суседніх краінах. Сёння без перашкод можна пазнаёміцца з тым, што некалі належала нам.

Пад разлапістымі вершалінамі старога парку стаіць «Скарбчык», пусты, але не ў адзіноце. Непадалёк захаваўся флігель, трохі далей — каменны свіран, які і цяпер выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах. У глыбіні парку — яшчэ адна пабудова, а за ёй стаяць маляўнічыя руіны сядзібнай брамы. Каля сажалкі можна знайсці адрэстаўрыраваную альтанку, а на беразе насупраць — адноўленую царкву, якую ў савецкі час узарвалі.

Па дарозе да брамы справа — прасторныя паляны. Тут некалі былі гадавальнікі, аранжарэі, цяпліцы Чапскіх, з якіх (сёння нават цяжка ўявіць) паступалі на сельскагаспадарчыя кірмашы ў Мінску ананасы. Толькі па гэтым невялічкім факце можна ўявіць, на якім узроўні знаходзілася гаспадарка Чапскіх, як апрацоўвалася глеба і наколькі прафесійна падрыхтаваны працаўнікі. Разумныя і таленавітыя былі нашы продкі — гаспадары з вялікай літары.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дастаўку шафы, пасажыра вярхом на памідоры і канцэрт Віктара Вуячыча.