Вы тут

Пра што расказала “Дзянніца”


100 гадоў таму ў Маскве адкрыўся Беларускі Народны Універсітэт. Па сутнасці, тая падзея абумовіла далейшае развіццё вышэйшай адукацыі ў Беларусі.


Мяркую, не ўсе ведаюць гэтую цікавую старонку нашай гісторыі: што адкрыццё Беларускага ўніверсітэта адбылося 11 ліпеня 1918 года у Маскве. Чаму так? Бо на той трывожны час Мінск, як і амаль уся тэрыторыя Беларусі, знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй: людзі старэйшага веку гаварыліўспаміналі тое гора як “першыя немцы”. А былі й другія, на пачатку 40‑х. Дык вось, 11 ліпеня ў памяшканні Маскоўскага Педагагічнага інстытута імя Паўла Шалапуціна адбыўся не толькі ўрачысты сход з нагоды адкрыцця Універсітэта, на якім выступаў загадчык культурнаасветнага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята Фёдар Турук, але й першыя лекцыі. Прычым вядома, што былі гэта лекцыі па раннім перыядзе гісторыі Беларусі, прачытаныя прафесарам Уладзімірам Пічэтам. Пра тое й цяпер можна прачытаць на старонках газеты “Дзянніца”, што была на той час афіцыйным органам Беларускага нацыянальнага камісарыята.

Варта згадаць, што пытанне аб стварэнні Беларускага ўніверсітэта востра паўстала напрыканцы 1917 года, пасля І Усебеларускага З’езду. Бо на тым з’ездзе знакаміты беларускі навуковец Яўхім Карскі выказаўся за неабходнасць яго стварэння. Тым пытаннем, як сведчаць дакументы, у далейшым актыўна займаўся нават ва ўмовах ваенных дзеянняў Кабінет Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. А Народны сакратар асветы Аркадзь Смоліч сабраў рабочую групу, што занялася стварэннем Беларускага ўніверсітэта. Камісія працавала ўсю вясну і лета 1918 года ў Мінску, ды завяршыць працу, атрымаць хоць які вынік не здолела.

Тым часам больш паспяхова рухаўся альтэрнатыўны праект: адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Маскве. Справа ў тым, што Масква была на той момант цэнтрам палітычнага, культурнаасветніцкага жыцця, туды эмігравалі многія вядомыя навукоўцы, у тым ліку й беларускія. Там жа, у Маскве, быў тады сфармаваны Беларускі Нацыянальны Камісарыят (Белнацкам), а пры ім — культурнаасветніцкі аддзел.

Яшчэ вясной 1918‑га на старонках “Дзянніцы” былі змешчаны заклікі да стварэння ўніверсітэта. Скажам, у № 16 газеты ад 22 чэрвеня можна прачытаць: “Культурнаасветніцкі аддзел Беларускага Нацыянальнага Камісарыята адкрывае ў горадзе Маскве 1 ліпеня н. с. беларускі народны ўніверсітэт. На летнім семестры (з 1 ліпеня па 1 верасня) будуць прачытаныя цыклы лекцый па пытаннях: 1) беларусазнаўства (мова і літаратура беларусаў, гісторыя беларускага народа, бел. этнаграфія і геаграфія, народная гаспадарка Бел., гісторыя нацыянальнага і рэвалюцыйнага руху ў Бел. і т. п.). 2) Сацыяльнапалітычных… 3) Агульнапедагагічных… 4) Прыродазнаўчых (філасофія, прыродазнаўства, асновы астраноміі, геалогіі, біялогіі і інш.). У лік студэнтаў прымаюцца: 1) Настаўнікі і настаўніцы народнай і сярэдняй школы Беларусі. 2) Прадстаўнікі ад аддзелаў народнай адукацыі пры саветах Р. і С. Дэпутатаў Беларусі. 3) Члены беларускіх культурнаасветных арганізацый, а таксама ўсе асобы, якія цікавяцца беларускай народнасцю і культурай. Заняткі будуць праходзіць штодня, у вячэрнія гадзіны (не менш за 4 гадзіны ў дзень). Слуханне лекцый бясплатнае”.

Яўхім Карскі

Універсітэт быў адкрыты з невялікім спазненнем: 11 ліпеня. Аднак навучальны працэс цалкам паспяхова пачаўся. Хоць гэты ўніверсітэт не меў уласнага будынка, паўнавартаснага кадравага й метадычнага забеспячэння, тым не менш сваю дзейнасць ён распачаў. З падобных лакальна прачытаных, але пры тым сістэмна зладжаных курсаў і пачыналася, дарэчы, праца большасці еўрапейскіх універсітэтаў. Аднак тая дата сёння афіцыйна не лічыцца датай заснавання БДУ. Хоць у гэты ж дзень, але праз тры гады — 11 ліпеня 1921 года — у Клубе Карла Маркса (сёння — Купалаўскі тэатр) было праведзена “ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае адкрыццю Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта”.

Пасля абвяшчэння ССРБ 1 студзеня 1919 года цалкам відавочным было меркаваць, што Беларускі ўніверсітэт павінен сваю дзейнасць праводзіць у Мінску — сталіцы адпаведнай рэспублікі. Адным з першых дэкрэтаў рабочасялянскіх і салдацкіх дэпутатаў БССР было прынята рашэнне ад 25 лютага 1919 года аб стварэнні Беларускага ўніверсітэта. І ў 1919‑м універсітэт сапраўды распачаў сваю дзейнасць у Мінску: былі вылучаныя грошы, будынак, пачалі функцыянаваць курсы. Аднак чамусьці й гэтая дата сёння не лічыцца днём заснавання ўніверсітэта…

Першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта

Паўнавартасныя заняткі першага курса ва ўніверсітэце пачаліся толькі 31 кастрычніка 1921 года. Менавіта гэты (і папярэдні яму) дзень сёння прынята лічыць днём нараджэння БДУ. Для нас жа некалькі дзіўна, што пры тым забываецца або зусім не ўспамінаецца больш ранні перыяд дзейнасці ўніверсітэта. Пры тым лёгка ўбачыць самую непасрэдную ўзаемасувязь Беларускага Народнага Універсітэта і БДУ. Заснавальнікамі гэтай установы былі беларускія бальшавікі, якія ў 1918‑м канцэнтраваліся ў Маскве, а пасля сваёй сталіцай абралі Мінск.

Як у 1918, так і ў 1919 і 1921 гадах стварэнне ўніверсітэта цалкам праходзіла пад кантролем уладаў з Масквы. І большасць выкладчыкаў БДУ першых гадоў яго дзейнасці пераехалі ў Мінск з Масквы. Прафесар Уладзімір Пічэта, які чытаў лекцыі ў першы дзень працы ўніверсітэта ў Маскве, у далейшым стаў першым рэктарам БДУ, а Фёдар Турук стаў членам першага Праўлення БДУ.

Народны сакратар асветы Аркадзь Смоліч

Такім чынам, 100 гадоў таму быў зроблены важны крок у гісторыі вышэйшай адукацыі Беларусі: заснаваны Беларускі Народны Універсітэт. Ён у далейшым трансфармаваўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — галоўны ўніверсітэт нашай краіны.

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».