Вы тут

Андрэй Дзяркоў: Я не люблю смех дзеля смеху


Пэўны час таму іхнія імёны былі ва ўсіх на слыху, а сёння прыхільнікі хіба раз-пораз здзіўляюцца: куды падзеліся ўчарашнія куміры — акцёры, спартсмены, музыканты і выканаўцы? Што яны робяць зараз, чым жывуць? У новай рубрыцы "Звязда" пачынае шчыры расказ пра тое, як ідуць справы ў людзей, якія нікуды не зніклі, проста выбралі не публічнасць, а іншыя  рэчы ў жыцці.

Андрэй Дзяркоў запісаў некалькі музычных альбомаў, як сцэнарыст стварыў любімыя гледачамі серыялы, мае вялікі вопыт працы тэлевядучым. Але па-ранейшаму часцей за ўсё пра яго захоплена кажуць: "Ён з чэмпіёнскай каманды КВЗ"! Амаль 20 гадоў таму зборная БДУ па КВЗ двойчы перамагала ў Вышэйшай лізе. Серыялы, да якіх потым  Андрэй Дзяркоў прыклаў свой талент у саставе мінскай сцэнарнай групы, могуць паспрачацца ў папулярнасці і з КВЗ — “Бацькавы дочкі”, “Апошні з Магікян”,  “Светлафор”, “Мамачкі”, “Івановы-Івановы”. А для самога творцы больш каштоўныя іншыя рэчы. Радасць нясе праца з групай “Майтай”, якая запісвае ўжо трэці альбом. Радасць нясуць філасофія і паэзія, вывучэнне кітайскай мовы і роздум над сэнсам жыцця. Гумарыст? Гэта толькі прафесія.


— Ваша асноўная праца — у саставе сцэнарнай групы, што працуе над серыяламі. І мне здаецца, вас можна павіншаваць — фільмы атрымліваюцца папулярныя!

— Прадукт атрымліваецца сапраўды неблагі. Але я скажу  так: прафесія сцэнарыста серыялаў -- гэта не тое, чым я хацеў бы займацца ў жыцці. Серыяламі я займаюся выключна дзеля фінансавага дабрабыту маёй сям’і, дзяцей, бо я даволі крытычна стаўлюся да такога кшталту “кіно”. Апошнім часам усё больш паглыбляюся ў вывучэнне пытанняў,  што такое  творчасць, мастацтва, свабода ў творчасці? І таму разумею, што ўсё гэта жахліва, дрэнна, аднамерна. Час зараз такі ў мастацтве — плоскі і прымітыўны, эпоха нават не постмадэрнізму, а пост-постмадэрнізму. Веру, што рана ці позна мы пачнём вяртацца да класікі і нейкіх глыбокіх рэчаў. Увогуле, гэта трагедыя для многіх творчых людзей, калі ім даводзіцца займацца не тым, да чаго іх вядзе душа.

— Калі пачыналі займацца сцэнарнай працай, бадай што, думалі іначай?

— Несумненна. Гэта быў 2006 год, у мяне яшчэ не было дзяцей. Я на той момант толькі развітаўся з працай на беларускім тэлебачанні, бо расчараваўся. І новая творчая справа ўспрымалася як крок наперад, я быў ёй захоплены. Аднак потым у маім жыцці адбылося нямала і трагічных, і радасных падзей, шмат чаго змянілася. Я тагачасны і я цяперашні — гэта абсалютна розныя людзі. Не кажучы ўжо пра часы КВЗ.

— Вы стаміліся ад гумару?

— Не так катэгарычна. Гумар, несумненна, прысутнічае ў маім жыцці. Я не люблю натужнага гумару, смеху дзеля смеху, калі людзі ўжо настолькі зацыкленыя на ім, што не могуць гаварыць і думаць пра сапраўды сур’ёзныя і значныя рэчы.Тое, што здарылася са мной – гэта менавіта мой жыццёвы шлях, я не кажу пра ўсіх прафесійных гумарыстаў ці КВЗшнікаў.  Многія застаюцца веселунамі.

І ўсё ж я не назваў бы сябе сумным чалавекам. Хутчэй, я спакойна сузіраю.  Хаця ад суму таксама нікуды не падзенешся. Гады ідуць, любімыя дарагія людзі сыходзяць. Жыццё само па сабе радасная рэч, але да гэтай радасці трэба прыйсці.

— Згадваеце сваю каманду КВЗ?

— Каманда БДУ складалася  з неверагодна таленавітых людзей. І гэта, мабыць, адна з нашых самых вялікіх жыццёвых удач — што мы сустрэліся і сталі камандай. Я да гэтай гісторыі стаўлюся з вялікай пяшчотай. З некаторымі мы працуем разам, з кімсьці бачымся перыядычна, але так разам сабрацца выпадае нячаста. Практычна ўсе зараз так ці інакш звязаныя з творчымі справамі. Многія працуюць у кіно, як  Віталь Шляпо, Аляксей Трацюк, я, іншыя. Кірыл Папакуль скончыў ВГІК як рэжысёр, здымае кіно і іншыя праекты. Арцём Баранецкі арганізуе мерапрыемствы, звязаныя з шоў-бізнэсам. Ганначка, што іграла за каманду ў 99-м, у Ізралі працуе на тэлебачанні – Ганна Розіна, яна там практычна тэлезорка. Многія іншыя навідавоку – Вадзім Галыгін, Марына Грыцук і іншыя. Вялікая трагедыя нашай каманды — Віктар Толкач пакінуў свет маладым. Для мяне гэта адна з самых вялікіх стратаў у жыцці.

— Можна сказаць, што зараз вы на нейкім перакрыжаванні, плануеце мяняць сваё жыццё?

— Я на гэтым перакрыжаванні знаходжуся ўжо гадоў 5. Былі і перыяды дэпрэсіі, якую я досыць складана перажываў. Каб выбрацца, пачаў прымаць кардынальныя рашэнні, напрыклад, весці выключна здаровы лад жыцця. Пачаў аздараўляцца на фізічным узроўні і на духоўным, пачаў вызваляцца ад напалеонаўскіх планаў і кінуў цешыць сваё эга. І гэтак далей. Вось так  малымі крокамі, але бяру жыццё і радасць ад яго ў свае рукі. Трэба вучыцца танцаваць разам з жыццём.

— Вас сёння яшчэ пазнаюць на вуліцах?

— Пазнаюць, але рэдка. Калісьці немагчыма было прайсці па Мінску, быў перыяд шалёнай папулярнасці. Шкадавання, што такая слава мяне пакінула, не маю, бо зразумеў, што гэта мыльны пузыр, і я сам праткнуў яго. Могуць скласціся такія абставіны, што нейкая новая хваля пойдзе, больш заўважнай для масавай публікі стане група “Майтай”. Гэта звязана з новым серыялам “Былыя”, дзе гучаць песні “Майтай”, і адна кампазіцыя, напісаная ажно 10 гадоў таму, стала папулярнай  — “Курыць кідаем разам”. Але мяне цікавіць толькі творчасць, ад якой я атрымліваю задавальненне. Нават не так – працую над новымі песнямі, і ўжо адчуваю сябе не проста аўтарам, які выказвае суб’ектыўныя пачуцці, а  кімсьці кшталту правадніка. Я заўсёды любіў паэзію, ў апошнія гады яшчэ больш у яе паглыбіўся. Да Арсенія Таркоўскага прыйшоў праз творчасць Андрэя Таркоўскага. І вось бачу ў вершах Арсенія, што ён пра гэта заўсёды казаў — аднойчы, калі ты сапраўды маеш нейкі паэтычны дар,  разумееш, што павінны адставіць сваё "Я" і стаць правадніком для чагосьці большага. Толькі тады твая дзейнасць мае сэнс. І я паступова да гэтага прыходжу.

— І Віктар Цой, які ў вашым жыцці займае асаблівае месца, быў правадніком?

— Я часта вяртаюся да Цоя, пераслухоўваю, даведваюся і пра сябе і пра яго нешта новае. Маё падлеткавае захапленне перарасло ў дарослае разуменне. Мне ўжо 42 гады, а яму было толькі 28, калі ён загінуў. Як ён мог пісаць такія глыбокія тэксты, асабліва ў апошнія свае гады? Глыбокія і простыя – вось у чым геніяльнасць. Таму што ён стаў правадніком. У мяне нават такая тэорыя існуе, што Цоя ўжо пачынала зацягваць уся гэтая слава, грошы, шоу-бізнес, яго рвалі на часткі. Сам ён раздвойваўся, стамляўся. І нейкія вышэйшыя сілы вырашылі спыніць жыццё гэтага цела, каб яно не пайшло ў такім кірунку. Дарэчы, у Цоя вельмі многа будызму ў тэкстах.

— Як даўно вы пачалі цікавіцца ўсходняй культурай, асабліва філасофіяй будызму?

— Пачыналася ўсё даволі традыцыйна для чалавека, чыё дзяцінства прыпала на 80-я гады. Альманах “Вакол свету”, урыўкі з фільма “Манастыр Шаалінь”. Потым з’явіліся фільмы з Брусам Лі і Джэкі Чанам. Цікавасць да баявых мастацтваў абавязкова вяла да вывучэння філасофіі. Зразумела, спачатку была такая дзіцячая цікавасць, інфармацыі мала было, тым больш у родных для мяне Баранавічах. Калі паступіў на гістарычны факультэт, то была ўжо Ленінская бібліятэка, і я нават дыплом пісаў па тыбецкім будызме. Цікавасць стала светаўспрыманнем і светабачаннем, я пастаянна вучуся гэтаму. Дарэчы, гэта падаецца мне вялікай перамогай у жыцці — я навучыўся вучыцца. І дзецям стараюся тлумачыць, што трэба быць вечным вучнем,  захаваць у сабе “розум пачаткоўца” – ёсць такі будысцкі тэрмін. У той жа час я паглыбляўся і ў вывучэнне багатага свету хрысціянства. Магу сказаць, што гэтыя два вялікія вобразы — Хрыста і Буды — для мяне падчас пачынаюць злівацца, як два бакі аднаго медаля. У нейкія моманты жыцця я звяртаўся да вобразу Хрыста, у нейкія – да вобразу Буды.

— Нядаўна вы вярнуліся з Кітая, і вярнуліся моцна натхнёным…

— У мяне была мара вывучыць кітайскую мову, паехаць у Кітай. Ізноў жа ў адзін складаны перыяд я вырашыў, што хопіць займацца глупствам, а трэба пачынаць здзяйсняць свае мары!  Хопіць шкадаваць, трэба дзейнічаць. Кітай быў маёй марай.  Вывучэнне іерогліфаў -- гэта магія, калі ты глядзіш на іерогліф, то быццам зазіраеш у глыбіню вякоў. Гэта іншы спосаб мыслення, мыслення вобразамі. Нарэшце я сур’ёзна ўзяўся, пайшоў у Інстытут Канфуцыя ў БДУ, потым перайшоў да заняткаў з выкладчыкам. Першы раз летась з’ездзіў у Кітай з інстытутам —  Далянь, Пекін, Хэньшань. А сёлета ў маі з сябрамі, што маюць чайную краму ў Мінску, мы паехалі ў У І Шань. У І Шань —  такое намоленае месца, дзе вырошчваюць чай. Манастыры, архітэктура, даўніна, прырода.  І гэта была самая крутая паездка ў маім жыцці! Я там размаўляў па-кітайску, і кітайцы мяне разумелі. Са жніўня ў нас адмяняюць візы,  цяпер і сам магу туды ехаць — не прападу.  Я адчуваю, што Кітай для мяне — месца Сілы.

Надзея КУДРЭЙКА

Фота з сацыяльных сетак.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM?