Вы тут

Купальскія агні ля Тракая


У чарговы, 21-ы раз Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы падтрымала даўнюю традыцыю: разам з гасцямі святкавалі мы Купалле


Прыгожае Купалле святкуюць ля Тракая. Прыгожыя і самі купальцы!

Пабывалі мы на прыгожым Купаллі, што ладзілася ў маляўнічым кутку пры возеры непадалёк ад Тракая (раней тое месца называлася па-беларуску: Трокі. — Рэд). Шаноўныя, таленавітыя людзі на свята сабраліся. Купальцаў там вітаў Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Літве Аляксандр Міхайлавіч Кароль. А шматгадовыя вядучыя свята Сяргей ды Вольга Шабадалавы запрасілі на сцэну таксама й ганаровых гасцей з Даўгаўпілса: дырэктарку Цэнтра беларускай культуры й старшыню таварыства “Уздым” Жанну Раманоўскую, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзьку. Госці шчыра дзякавалі сябрам за плённую супрацу ды выказалі спадзяванне, што добрыя стасункі будуць мець працяг. А Станіслаў прачытаў яшчэ й свой верш “Ты мая Купалінка”.

Затым на свяце выступалі вакальны гурт “Раніца” з Салечнікаў (мастацкі кіраўнік Францішак Міцкевіч), ансамбль беларускай песні “Світанак” (мастацкая кіраўніца Алена Пішчыкене) і фальклорны гурт “Сузор’ е” (мастацкая кіраўніца Ніна Мельнікава) з Вісагінаса, саліст Сяргей Шабадалаў і вакальны гурт з Мінска “Беларускі гасцінец” (мастацкая кіраўніца Ларыса Красна). Сярод многіх беларускіх народных і аўтарскіх песен гучалі й “Зязюля”, “Касцёр для дваіх” і “Беларускі дом” — кампазітараў Аляксандра Рудзя і Альберта Белуся на словы Станіслава Валодзькі.

Весяліліся мы ўсе ў народных гульнях і карагодах. Такія імпрэзы, безумоўна, вельмі спрыяюць пашырэнню беларускіх народных традыцый па свеце. Заслугоўвае вялікай павагі творчая, у добрых талакоўскіх традыцыях праца сяброўбеларусаў з Літвы. Мяркуем, варта каштоўны досвед пераймаць і беларусам з іншых краін. Бо Купалле на ўлонні прыроды — гэта непаўторна, незабыўна. Гэта ўмацоўвае і дух, і здароўе цела, і стасункі між аднадумцамі, што паважаюць беларускія традыцыі, культуру, мову.

У Купаллі пад Тракаем‑2018 паўдзельнічалі дэлегацыі ад розных беларускіх суполак Літвы ды іх кіраўнікі: каардынатар Беларускага культурнага цэнтра “Крок” (Вісагінас) Алег Давідзюк, дырэктарка Беларускага культурнага цэнтра “Раніца” (Салечнікі) Рэгіна Дзьмухаўская, старшыня Пабрадскай філіі клуба “Сябрына” Марыя Рабовіч, старшыня Таварыства беларусаў Швянчонскага раёна Алег Сусвіла, старшыня Беларускай суполкі “Надзея” Варэнскага раёна Іван Саковіч, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны Дыяна Стахновіч.

Пасля заходу сонца ўсе мы любаваліся цудоўным феерверкам пасярод возера: у гонар беларускага Купалля.

Вольга Відзовіч, Літва

Фота Жанна Раманоўскай

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».