Вы тут

Кацярына Ваданосава: Кожная вандроўка — як адкрыццё маленькага свету...


Культурная спадчына ад дываноў і караваяў да «каменных дзевачак»

Кожны тыдзень Кацярына Ваданосава ў эфіры канала «Беларусь 3» расказвае гледачам праграмы «Жывая культура» цікавінкі пра ўнікальныя беларускія рамёствы, абрады і культурныя традыцыі: як ткуцца дываны і вышываюцца ручнікі, як хаваюць стралу, танчаць Котчынскую кадрылю, выпякаюць знакамітыя мотальскія караваі... І гэта не проста пералік Нацыянальнага інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а захапляльныя прыгоды. Што значыць выправіцца са сталіцы ў іншы свет і як знайсці правільную танальнасць, прадстаўляючы жывую народную культуру, Кацярына расказала «Звяздзе» ў эксклюзіўным інтэрв'ю.


«Са­ма спяк­ла 14 (!) бо­ха­наў жыт­ня­га хле­ба на за­квас­цы ў рус­кай печ­цы! Пад кі­раў­ніц­твам ба­бу­лі Сце­па­ні­ды з вёс­кі Дзер­каў­шчы­на рас­чы­ня­ла хлеб на ква­се ў ста­ра­жыт­най дзя­жы, су­ткі ча­ка­ла, гля­дзе­ла, піль­на­ва­ла, по­тым пе­ра­меш­ва­ла, мя­сі­ла, мы­ла жа­лез­ныя фор­мы, ма­за­ла, ра­бі­ла на цес­це крыж, за­гладж­ва­ла дзя­жу і цес­та, па­лі­ла печ, грэб­ла ву­гол­ле, віл­ка­мі ста­ві­ла фор­мы, ка­чэр­гай вы­ма­ла, апяк­ла па­лец, і гэ­так да­лей, і гэ­так да­лей...

— Веткаўшчына, Тураўшчына, Мастоўшчына... Дзе яшчэ вы ўжо былі з вандроўкамі?

— Усе адрасы так адразу і не прыгадаю. Звычайна адна камандзіроўка — гэта дзве праграмы, а ўсяго запланавана як мінімум 69 выпускаў, бо якраз столькі аб'ектаў знаходзяцца ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, і мы мусім ахапіць іх усе. Справа ў тым, што зараз лета і добрае надвор'е, таму мы хапаем гэта лета за хвост, каб паспець зрабіць прыгожую карцінку.

— Як наогул вырашаеце, куды адправіцца наступным разам: па народным календары?

— Так, сапраўды кіруемся календаром, бо некаторыя абрады прымеркаваныя да пэўнай даты — Юр'я, напрыклад, ці калядныя Цары, і мы не займаемся ўзвядзеннем пацёмкінскіх вёсак, а здымаем насамрэч тое, як усё адбываецца. А аб'екты, не звязаныя з пэўнай датай, адсочвае наш прадзюсар і кіруецца здаровым сэнсам: пракладвае маршрут так, каб месцы здымак знаходзіліся адносна недалёка адно ад аднаго, каб зручна было зняць адразу дзве праграмы.

— Ці паўсюль ахвотна месцічы ідуць на кантакт?

— Бывае вельмі па-рознаму: бывае так, што адмаўляюцца ад здымак, хоць мы іх папярэдне тыдзень упрошвалі; бывае, што ставяць свае сустрэчныя ўмовы. Але вельмі часта здараецца, што зусім выпадкова ідзём па вуліцы, сустракаем людзей — і яны запрашаюць нас у хаты, штосьці цікавае расказваюць, гатуюць, частуюць... Так, адным разам прыехалі здымаць пра традыцыйную кухню, а нам у апошні момант адмовілі — адна бабулька толькі пагадзілася расказаць, але не паказаць, як гатаваліся тыя смачныя стравы. І вось выходзім з яе хаты, ідзём па вуліцы ў роспачы — бачым, ідзе жанчына з капустай. Павіталіся, запыталіся, куды ідзе. Аказалася, да дачкі, рыхтавацца да мясцовага фэсту. Ну і запрасіла нас з сабой, і тут жа на месцы нам прадэманстравалі, як гатуюцца тыя аўтэнтычныя стравы... Так было не раз і не два, а амаль што ў кожнай камандзіроўцы такія неспадзяванкі.

«Гэ­та Мая, ёй 8 га­доў. У ба­бу­лі­най вёс­цы Да­ні­ле­ві­чы ўсе лі­чаць яе «сва­ёй», і яна так­са­ма ве­рыць у «ка­мен­ных дзе­ва­чак», шка­дуе іх, пры­но­сіць свае цац­кі, на­зы­вае сяб­роў­ка­мі і ка­жа, што дзя­сят­кі фар­ту­хоў і хус­так на­дзя­ва­юць на іх, каб тыя ўзім­ку не мерз­лі. У мя­не Мая ўча­рэ­пі­ла­ся зран­ку, і мы ха­дзі­лі ра­зам да поз­ня­га ве­ча­ра, скрозь усе здым­кі: і гу­ля­лі, смя­я­лі­ся, пе­ра­шка­джа­лі гу­ка­апе­ра­та­ру, ка­зы­та­лі­ся, умы­ва­лі­ся, за­шы­ва­лі пан­чо­хі...

— Самае цікавае заўжды застаецца па-за кадрам. Якія сустрэчы і паездкі найбольш запалі ў памяць?

— Звычайна пасля кожнай паездкі цягам некалькіх гадзін расказваю маме і дзецям свежыя ўражанні. Напэўна, час ужо засесці за дарожныя дзённікі. Бо, як бы пафасна гэта ні прагучала, кожная вандроўка — як адкрыццё маленькага свету, абсалютна адрознага ад таго, што мы перажываем тут, у Мінску. Я сустракала людзей, якія ніколі не былі не тое што ў сталіцы, а за межамі сваёй вёскі; жанчын, якія жывуць адны ў пакінутых вёсках, калі едзеш, і навігатар паказвае, што далей — нічога, дарогі няма. І яны расказваюць уражальныя рэчы: як хадзілі ў плузе, як сіротамі выжывалі ў пасляваенны час, як сёння, калі ім страшна ўзімку, распускаюць старыя шкарпэткі і робяць вышыўкі з нітак; а ўсе хаты ў іх падобныя да музеяў. У гэта настолькі немагчыма паверыць сучаснаму жыхару — напрыклад, што ты прыязджаеш у Лельчыцкі раён, а там людзі дагэтуль пакланяюцца каменным ідалам, і гэтыя традыцыі абсалютна натуральныя, жывыя. Тая камандзіроўка, дарэчы, называлася «каменныя дзевачкі», я пачытала крыху ў інтэрнэце, але інфармацыі назбірала вельмі мала. Аказалася, што «дзевачкі» — гэта старажытныя каменныя крыжы, як на Тураўшчыне, яны стаяць у лесе або закінутым полі, у такім месцы, якое чужынец не знойдзе.

На мой суб'ектыўны погляд — а я маю пэўны досвед, бо па адукацыі рэлігіязнаўца, — калісьці на гэтым месцы, хутчэй за ўсё, было язычніцкае капішча, потым прыйшло хрысціянства і з'явіліся крыжы, а людзі як пакланяліся ідалам, так і пакланяюцца дагэтуль. Крыжы называюць «дзевачкамі», яны маюць імя Ева; кажуць, што гэта дзяўчынкі, якіх праклялі іх маці напярэдадні навальніцы. І па сёння на кожнае свята жанчыны ходзяць да гэтых крыжоў і ахвяруюць ім хусткі, фартухі, упрыгожанні розныя — выглядае даволі страшна насамрэч, як стаіць гэты маленькі, каля 60 см у вышыню, крыж, цалкам абвешаны жаночымі рэчамі. І жанчыны не разумеюць, што па сутнасці спраўляюць язычніцкія абрады, яны перамяжаюць малітвы, жагнанні і песні з абсалютна рэліктавым зместам і лічаць, што ім дапамагае і Бог, і Ева. Зусім побач стаяць іконы, крыжы, капліцы — атрымліваецца такі вінегрэт, такі мікс-фікс, што, з'язджаючы адтуль, адчуваеш сябе літаральна экскурсантам у паралельны свет...Тая містычная атмасфера, якая ёсць у творах Караткевіча, — яна нікуды не падзелася, яна існуе дагэтуль, і гэта пераварочвае тваю свядомасць дагары нагамі.

Я даволі скептычны чалавек, які не верыць у забабоны і добра разумее розніцу паміж прымхамі і нейкімі містычнымі праявамі, таму гэткіх рэчаў, пра якія можна сказаць «суцэльная містыка», на жаль ці на шчасце, з намі не здаралася. Але, з іншага боку, амаль кожная наша камандзіроўка на пэўным этапе знаходзіцца пад пагрозай зрыву — і кожны раз літаральна ніадкуль знаходзіцца выйсце. Як кажа наша прадзюсарка, «гэта нам Бог дапамагае» — мо, яно сапраўды так?

— Адна з пагрозаў знікнення нематэрыяльнай культурнай спадчыны — адсутнасць пераемнасці пакаленняў, міграцыя моладзі. Падчас вандровак як вы ўбачылі, шмат дзе гэтая пагроза стаіць ужо востра?

— Ёсць такія абрады, захавальніцамі якіх засталіся літаральна тры-чатыры бабулі. Але гэтым абрадам пашанцавала: яны ўжо знаходзяцца ў спісе наматэрыяльнай культурнай спадчыны, то-бок падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні. Прычым не магу сказаць, што падтрымліваюцца штучна. Канешне, ёсць нейкія захады з боку сельсавета, каб захаваць абрады і традыцыі — візітоўкі раёна. Дзе-нідзе ёсць пытанні ў тым, каб выхаваць новых носьбітаў культурнай традыцыі. Але многім людзям і самім цікава пераймаць іх, асабліва гэта датычыцца рамёстваў. Можа быць, я занадта аптымістычна гляджу ў будучыню, але спадзяюся, што ўсё гэта будзе існаваць надалей, а наша задача — паспрыяць захаванню традыцый.

«Гэ­ты мік­ра­аў­то­бу­сік ужо стаў як дом род­ны:  я ў ім і ела, і спа­ла, і вы­шы­ва­ла, і спя­ва­ла,  і на­ват пан­чо­хі цы­ра­ва­ла».

Дарэчы, усе рамёствы і традыцыі, пра якія расказвае «Жывая культура», тэлевядучая абавязкова выпрабоўвае і сама. Тым больш, шмат якія рэчы няўрымслівая творчая дзяўчына сама добра ведае і любіць. Кацярына, доўгі час займаючыся гістарычнай рэканструкцыяй, умее ткаць на розных прыладах, ведае розныя тэхнікі мастацкай вышыўкі, уключаючы гістарычную, іграе на шэрагу інструментаў і прафесійна спявае, мае адукацыю гісторыка-рэлігіязнаўцы, а таму разумее гісторыка-культуралагічную падаплёку абрадаў.

Гаварыць пра народныя традыцыі і культуру без залішняга пафасу, спалучаць даследчыцкія і нават навуковыя моманты з натуральнай цікавасцю і душэўнасцю размовы — справа насамрэч не такая лёгкая, як можа здавацца. «Мы ж не этнографы, якія збіраюць матэрыял падчас экспедыцыі, трэба паказаць нематэрыяльныя каштоўнасці гледачам, па-першае, цікава, па-другое, прыгожа, і па-трэцяе, не выйсці за хранаментраж і фармат праграмы, — разважае Кацярына. — Заўсёды даводзіцца балансаваць паміж тэлевізійным падыходам і чалавечым стаўленнем да таго, што мы здымаем. Мне часам бывае няёмка ад таго, што я са сваім нафарбаваным тварам лезу ў сусвет вясковай бабулькі, распытваю яе пра ўсе жыццёвыя падрабязнасці. І таму даводзіцца тлумачыць, што нікога з герояў я не хачу пакрыўдзіць, што прыехала ў спадніцы ў мясцовасць, дзе ўсе ратуюцца ад камароў кофтамі і штанамі, не таму, што я такая фіфа, а таму, што гэтага вымагае фармат. Эмацыянальна гэта вельмі цяжка, і з кожнай камандзіроўкі я прыязджаю выціснутая дашчэнту. Але, з іншага боку, мне пашанцавала весці праграму, матэрыял якой для мяне самой вельмі важны і цікавы: я люблю сваю краіну і не хачу, каб тое, чым яна адметная, знікла ў часе і прасторы».

Акрамя душэўных перажыванняў, бывае няпроста і фізічна. Напрыклад, аднойчы вядучую так моцна пакусалі камары і мошкі, што давялося тэрмінова ехаць у шпіталь і рабіць укол, каб пазбавіцца анафілактычнага шоку. Іншым разам Кацярына напрацавалася каля печы — за суткі замясіла і выпекла 14 боханаў жытняга хлеба — ажно да млоснасці. Але нягледзячы ні на якія выпрабаванні, яна захоўвае роўны прыязны настрой і асаблівае, далікатна-беражлівае стаўленне да спадчыны ды яе носьбітаў.

Сла­ва пра не­глюб­скія руч­ні­кі ра­зы­шла­ся з Вет­каў­ска­га ра­ё­на  па ўсім све­це. Як мяр­ку­юць да­след­чы­кі, гэ­тым узо­рам  ужо не­каль­кі ты­сяч га­доў.

— Праграма, па сутнасці, толькі нядаўна пачалася. І ўсё ж — задумваліся над тым, што будзе далей?

— У нас шмат прымхлівых людзей, і пакуль не абмяркоўваем, што будзе, калі скончыцца праграма — лепш думаць, што яна не скончыцца ніколі, — смяецца Кацярына. — Але пэўныя вынікі бачныя ўжо цяпер. Напрыклад, хоць мы і вымушаны крыху прафанізаваць, спрашчаць увесь матэрыял, каб ён быў цікавы нават недасведчаным людзям, я бачу па коле сваіх сяброў, якія сур'ёзна займаюцца гістарычнымі і этнаграфічнымі даследаваннямі, што праект зацікавіў і іх таксама. Прызнанне прафесіяналаў — гэта безумоўна важна. Мне ўжо тэлефануюць і пішуць (чаму мне, а не рэжысёру ці прадзюсару — загадка) з просьбай ладзіць творчыя сустрэчы і лекцыі, просяць, каб нашы праграмы ўваходзілі ў базы, якія назапашваюць мясцовыя этнаграфічныя таварыствы, навучальныя ўстановы і гэтак далей. А значыць, справа, якую мы робім, патрэбная іншым.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з асабістага архіва Кацярыны ВАДАНОСАВАЙ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...