20 Жнівень, панядзелак

Вы тут

Лукашэнка ацаніў развіццё Мёршчыны і Віцебскай вобласці ў цэлым


Асноўнымі тэмамі паездкі Прэзідэнта сталі ўборачная кампанія і медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Акрамя таго, быў закрануты шэраг сацыяльна-эканамічных пытанняў, у тым ліку стратныя прадпрыемствы і праблема адзінокіх старых.


У новым копрусе Мёрскай бальніцы сёлета ўжо нарадзілася 27 дзетак. Фота БелТА

Спярша, прыляцеўшы на поле ААТ «Туркова», Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся са станам уборачнай кампаніі на Віцебшчыне. У структуры землекарыстання Мёрскага раёна сельскагаспадарчыя ўгоддзі гэтай установы займаюць 6 %. Яна з'яўляецца адным з лідараў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка адзначыў пэўныя праблемы ў Віцебскай вобласці. У тым ліку звярнуў увагу на кадры і правал з унясеннем мінеральных угнаенняў. А ад гэтага непасрэдна залежыць ураджайнасць.

Тым не менш спікер сказаў, што ёсць і вельмі добрыя палі. У цэлым прагназуецца, што вобласць дасягне паказчыка мінулага года. Пакуль што арыентуюцца намалаціць 1 млн тон збожжа

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што не трэба разлічваць на бюджэтную дапамогу для закупкі мінеральных угнаенняў, неабходна шукаць выхад у севазвароце і выкарыстанні арганікі. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Сеяць неабходна ўсе культуры ў раёне. Але асноўныя — працэнтаў 85—90 — так, як нам прырода падказвае». Кожны раён, на думку Прэзідэнта, павінен вызначыцца, сыходзячы з кліматычных умоў і чалавечага вопыту. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліў, што самае галоўнае — дысцыпліна, працоўная і тэхналагічная: «Людзі павінны выконваць свае абавязкі».

На сёння ў вобласці ўбралі каля 30 % збожжа. Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага аблвыканкама, пракаментаваў для журналістаў, што не так даўно аблятаў вобласць і месцамі ёсць некаторыя праблемы з пераўвільгатненнем. Ён адзначыў, што палі на ўсходзе больш перспектыўныя.

Кіраўніку дзяржавы было даложана пра нарыхтоўку кармоў. Прэзідэнт пацікавіўся вытворчасцю прэсаў і сказаў, што зімой праверыць гэты кірунак. Ён акцэнтаваў увагу, што неабходна вырабляць айчынныя.

Што датычыцца эканамічнага развіцця рэгіёна, за першую палову 2018-га тут скарацілася колькасць стратных арганізацый. Пад увагай знаходзіцца і структура даўгоў у АПК. Рабочая група выпрацавала адзінае рашэнне, якое прадугледжвае стварэнне холдынга і рэвізію даўгоў прадпрыемстваў.

Ацаніўшы работу на палях, Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Мёрскую цэнтральную раённую бальніцу. На пачатку мая гэтага года быў уведзены ў работу яе новы корпус. У ім і нарадзілася ўжо 27 дзетак. Прэзідэнту паказалі акушэрскае аддзяленне і палаты, дзе ляжаць жанчыны. Прыезд у медустанову стаў нагодай абмеркаваць і больш шырокае кола пытанняў, у тым ліку медабслугоўванне людзей на вёсцы і дапамогу адзінокім пажылым людзям.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што ў Мёрах збіраюцца пабудаваць міжраённы медыцынскі цэнтр. Плануецца, што ён будзе абслугоўваць жыхароў шасці раёнаў Віцебскай вобласці, а таксама працаваць на экспарт паслуг. Ён будзе функцыянаваць па прынцыпе дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэта камерцыйны праект, ім займаюцца інвестары, якія будуюць завод металапракату ў горадзе. То-бок у тым ліку забяспечваецца падрыхтоўка інфраструктуры для супрацоўнікаў, якія пераедуць у Мёры.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што дзяржава зможа аплачваць у гэтай установе пэўныя паслугі насельніцтву, але неабходна, каб кошт адпавядаў сярэдняму па краіне. Больш канкрэтна можна будзе размаўляць, калі з'явяцца прапановы.

Каментарый у тэму

Міністр аховы здароўя Валерый Малашка:

— Адкрыццё гэтага лячэбнага корпуса — падзея і для Мёрскага раёна, і для жыхароў Віцебскай вобласці. І, вядома, гэта новы вызначаны стандарт аказання медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву. Таму што на гэтым узроўні мы сканцэнтравалі ўсё неабходнае дыягнастычнае, лячэбнае абсталяванне і медыцынскія кадры для таго, каб можна было аказаць медыцынскую дапамогу пры любым клінічным стане, не чакаючы брыгады з Віцебска ці Мінска, рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Дапамога патрэбна ў неадкладных станах тут і зараз, таму мы і гаворым пра новы стандарт. Ён у многім забяспечаны абсталяваннем, якое зроблена прадпрыемствамі нашай краіны.

Мы шмат у чым павінны мяняць твар пярвічнай дапамогі. І сёння Прэзідэнт узгадніў змяненне ў сацыяльным стандарце ў плане ўкаранення інстытута ўрача агульнай практыкі. Ён будзе прадугледжваць не толькі змяненне наймення ўрача-спецыяліста. У першую чаргу гэта датычыцца нагрузкі на доктара. Гэта зменіць яго каманду: медсястра з новымі кампетэнцыямі, памочнік, які зможа вызваліць урачу час не толькі для хворага пацыента, але і для здаровага.

Таксама сёння мы гаворым пра тое, што змяняем стандарты хуткай медыцынскай дапамогі на сяле. У той частцы, што раней прадугледжвалася адна брыгада на 12 тысяч насельніцтва.

Надзея АНІСОВІЧ

Мёрскі раён

Загаловак у газеце: Як справы на Поўначы?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.