20 Жнівень, панядзелак

Вы тут

«У паветры я адчуваю сябе дома»


Трыста гадзін сам-насам з небам: дзяўчына-пілот расказвае пра верталётны спорт і ваенную авіяцыю.

На мінулых выхадных пад Мінскам прайшоў чэмпіянат свету па верталётным спорце. 34 экіпажы з 7 краін спаборнічалі ў выкананні чатырох практыкаванняў: «Навігацыя», «Паралельны палёт на дакладнасць», «Паралельная развозка грузаў» і «Паралельны слалам». Выступалі там, вядома, і беларускія верталётчыкі, у тым ліку жаночыя экіпажы. Мы сустрэліся з камандзірам аднаго з іх — Сафіяй Куршубадзэ, каб даведацца пра гэты від спорту больш і зразумець, як дзяўчаты ўлюбляюцца ў неба.


— Сафія, колькі гадоў вы за штурвалам?

— У паветры стаж вылічаецца лётнымі гадзінамі. Бывае, чалавек шмат гадоў у авіяцыі, а налёт у яго параўнальна невялікі. Я дзяржаўны лётчык-спартсмен, таму мой налёт залежыць ад фінансавання, якое дае дзяржава, і ад магчымасцяў аэраклуба, у якім я лятаю. Калі лічыць у гадах, то за штурвалам я 9-ы год, а калі ў лётных гадзінах, то ў мяне больш за 300 гадзін. Сярэдні налёт — гэта 30 гадзін у год, прыкладна так лётаюць ваенныя лётчыкі. Хацелася б, вядома, больш, але калі ўлічыць, што лятаем мы не круглы год, а толькі з вясны па восень, гэта добрыя лічбы.

— Адкуль узнікла захапленне авіяцыяй?

— Я вучылася ў кадэцкім корпусе, на адным з пастраенняў камандзір давёў інфармацыю, што мінскі аэраклуб ДТСААФ праводзіць набор лётчыкаў-спартсменаў у верталётнае і самалётнае звенні. Патрабаванні адбору былі простыя — добрая паспяховасць і здароўе, таму што медыцынскую камісію любы пілот праходзіць кожныя паўгода. Мэтай гэтага набору было падрыхтаваць юнакоў і дзяўчат для паступлення ў Ваенную акадэмію. На месцы прэтэндавалі каля 100 чалавек, у верталётнае звяно ўзялі толькі 5, у тым ліку і мяне.

Потым усё змянілася, з нашай лётнай групы толькі адзін хлопец (самы малодшы) паступіў у акадэмію. У мой год не было набору, таму працягнула лятаць як спартсмен ДТСААФ. А калі вайсковая акадэмія аднавіла набор дзяўчат, мой узрост ужо перавысіў дапушчальны для паступлення. Была вельмі засмучаная, таму што заўсёды хацела, каб мая праца была лётнай. Зараз я працую ў Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту, гэта блізка, але яна ўсё ж такі наземная.

— Калі б адвучыліся ў акадэміі, трапілі б у ваенную авіяцыю. Сёння ў Беларусі там ёсць дзяўчаты?

— Так, адна — Наталля Лазько. Ёй у свой час пашанцавала: яна на адзін год старэйшая за мяне, і ў год яе паступлення якраз быў набор у Ваенную акадэмію. Калі Наташа, будучы яшчэ курсантам, прыйшла на практыку да нас у аэраклуб, я ўжо на той момант лятала. Памятаю, як гаварыла з ёй пра першы самастойны вылет, як расказвала пра выдатных інструктараў і запэўнівала, што ёй няма чаго баяцца і ўсё атрымаецца! Наташа стала лятаць са мной аператарам, разам выканалі першы спартыўны разрад. Сёння яна — старшы лейтэнант, дыпламаваны спецыяліст з запісам «Пілот верталёта».

— Ведаю, што ад сваёй мары вы проста так не адмовіліся...

— Я стукалася ва ўсе дзверы: і ў авіяцыю МНС прасілася, і ў войска, гатовая была кінуць другі раз інстытут. Першы раз я паступіла на авіядыспетчара, думала, як добра, прафесія блізкая да лётнай, але, калі стала вучыцца, зразумела, што гэта проста мазахізм. Я не магу сядзець і глядзець, як іншыя лятаюць. Так, ты імі кіруеш, але ты сядзіш на зямлі. У мяне проста сэрца разрывалася. У канцы першага курса з бюджэту дзённага аддзялення сышла. Знаёмыя казалі, што вар'ятка, але я разумела, што так не змагу. Другі раз паступіла на юрыдычную спецыяльнасць у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце, гэтая сфера мне таксама заўсёды была цікавая.

Калі спрабавала перавесціся ў Ваенную акадэмію, нічога не выйшла зноў з-за ўзросту, хоць я гатовая была ўсё пачаць спачатку, з першага курса і разумела, што пяць з паловай гадоў мне давядзецца быць «закрытай» у акадэміі: гэта ўсё ж такі армія. На жаль, нават вялікія ваенныя начальнікі не змаглі мне дапамагчы, справа дайшла да міністра абароны.

— Чым можна растлумачыць такое імкненне ў ваенную сферу, у тым ліку і кадэцкі корпус?

— У дзяцінстве я марыла, як тады казалі, аб «міры ва ўсім свеце». Марыла працаваць у міліцыі, мне хацелася, каб у турме сядзелі толькі тыя, хто гэтага сапраўды заслугоўвае, а абранне падобнай меры стрымання для невінаватых было маім сапраўдным болем. Думала, вось я прыйду — і ўсё зменіцца. Калі трапіла ў кадэцкі корпус, зразумела, што свет уладкаваны інакш, пасталела за кошт гэтага таксама раней, бо «кадэтка» гэта не школа, дзе заўсёды знаходзішся пад мамчыным крылом. Акрамя ўсяго іншага, знаходзячыся ў корпусе, для сябе я знайшла авіяцыю і, прыйшоўшы сюды, зразумела, што гэта маё. У паветры мне спакойна, камфортна, я адчуваю сябе дома, у мяне няма клопатаў, праблем, гэта ўсё застаецца на зямлі. Калі ляціш, табе проста няма калі думаць пра гэтыя рэчы, ты застаешся сам-насам з небам, атрымліваеш задавальненне, атрымліваеш асалоду ад прыгажосці і пачуццё супакаення.

— Як праходзіла знаёмства з авіяцыяй?

— Тэарэтычнае навучанне доўжылася паўтара года. Толькі потым нас пасадзілі ў верталёт, інструктар даў патрымацца за ручку кіравання, тады я наогул не разумела, што адбываецца, што за прыборы, куды глядзець, мне кажуць: «Трымай курс!» — а я не разумею, што з гэтага курс. Знаходзілася ў такой прастрацыі, але гэта было выдатна. У нас было вельмі шмат дысцыплін і тэхнічных, і вывучэння дакументацыі. Дарэчы, залікі мы здаём і цяпер кожны год, толькі пасля гэтага дапускаюць да палётаў.

— Чула, што многія пілоты лічаць верталёт адушаўлёным.

— Так і ёсць, я шчыра ў гэтым пераканана. Мы лятаем на адным і тым жа тыпе, але кожная машына мае свой характар, яны розныя ў кіраванні, па-рознаму табе падпарадкоўваюцца і рэагуюць пры ўздзеянні на органы кіравання. Калі ты не знойдзеш з верталётам агульную мову да палёту, то ўсё выйдзе не так гладка і чыста. Мне падабаецца, калі мы ў тандэме з машынай, калі становімся адзіным арганізмам, тады тэхніка цябе слухаецца, атрымліваецца прыгожы палёт. Ты мякка, акуратна пілатуеш, не даводзіцца яго «ламаць». Мы заўсёды стараемся пагладзіць верталёт ручкай, павітацца, пагаварыць, агледзець, гэта нават не традыцыя, а, хутчэй, неабходнасць.

— Як ацэніце чэмпіянат свету, які завяршыўся напярэдадні?

— Мы выступалі ў чатырох практыкаваннях. Першае не атрымалася, таму што я была вельмі загружаная па працы, гэта цалкам мая віна, не змагла своечасова выключыцца і настроіцца на палёт. А калі казаць увогуле, то ацэньваю наша выступленне добра, зрабілі гэта бяспечна і прыгожа, не падвялі каманду, паказалі не максімум, але блізка да гэтага. Пасля практыкаванняў падыходзілі суддзі і казалі: «Так прыгожа зайшлі на дах, мы спачатку думалі, што гэта хлопцы прыляцелі, а аказалася вы. Такія малайцы!»

— Верталётны спорт — гэта заўсёды дуэт, экіпаж, вы выступаеце з аператарам Настассяй Караткевіч.

— Мы лятаем разам чацвёрты сезон. Гэта не шмат, тым больш улічваючы той факт, што мы абедзве пачыналі з нуля і, калі садзіліся ў пару, былі маладымі спартсменкамі (я пачала лятаць па спорце на два гады раней за Насцю). Хаця ў нашым відзе прынята, каб нехта адзін у экіпажы быў ужо дасведчаным.

У першы наш агульны сезон у 2015 годзе на чэмпіянаце Беларусі занялі 4-е месца ў навігацыі, у 2016-м у жаночым мнагабор'і выйгралі «серабро», гэта добрыя вынікі.

— Як можна размеркаваць вашы ролі?

— У экіпажы павінна быць адзінства, размовы аб тым, хто важнейшы і галоўнейшы, выключаны. Насця — мае вочы і вушы, я мозг, які збірае разам усе каманды, што яна дае, і пасылае імпульс нашаму целу — верталёту. Інакш кажучы, я кірую верталётам праз тыя сігналы, якія яна бачыць і перадае. Напрыклад, 2 метры ўгору, 20 см наперад, налева. Я павінна выконваць гэта дакладна. Калі яна мяне нясвоечасова спыніла ці я пачынаю займацца самадзейнасцю, тады нічога не атрымліваецца.

— Гэта значыць паміж людзьмі павінен быць высокі ўзровень даверу?

— Па сутнасці, яна давярае мне сваё жыццё, я гэтую адказнасць адчуваю. Разумею, што ў паветры адказваю не толькі за сябе і тэхніку, але і за Насцю, у тым ліку перад яе блізкімі.

— Небяспечныя сітуацыі ў вас у небе былі?

— Звычайна пілоты пра гэта не любяць казаць, і я не выключэнне. У нас з Насцяй былі сітуацыі, калі ты прылятаеш, садзішся і проста маўчыш, таму што разумееш, што зараз мы ёсць, а яшчэ секунды таму ўсё магло скончыцца па-іншаму. У кожным палёце трэба заставацца з халоднай галавой. Сэрца гарачае, таму што ты любіш гэтую справу, а мозг усё ж такі трэба пастаянна трымаць у тонусе. Ты павінен дакладна ведаць, як рэагаваць у небяспечнай сітуацыі.

— Дзе вы адчуваеце сябе больш упэўнена: на зямлі або ў паветры?

— Камфортней у любым выпадку ў паветры. А празмерная ўпэўненасць там — гэта лішняе, таму што, калі ты будзеш лічыць сябе шыкоўным пілотам, які ўсё можа, абавязкова што-небудзь здарыцца. Гэта проста закон жыцця.

— Калі незнаёмыя людзі даведваюцца, што вы пілот, дзівяцца?

— Усе па-рознаму рэагуюць, некаторыя не разумеюць, пра што я наогул кажу, як дзяўчына можа кіраваць верталётам. Некаторыя захапляюцца. Я не спрабую камусьці штосьці даказаць. Спачатку, калі выкідвала фатаграфіі ў сацыяльныя сеткі, нават незнаёмыя людзі асуджалі мяне, я перажывала, а потым навучылася не рэагаваць на меркаванні збоку. Наогул, сёння ў Беларусі не так шмат жанчын, якія лятаюць, я думаю, недзе каля 15 чалавек.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.