Вы тут

Чаму агуркі важнейшыя за Манблан


Сяброўка з сям'ёй па Еўропе раз'язджае. Былі ў Авіньёне, зараз у Фландрыі на ўзбярэжжы Ла-Манша вецер ловяць. Фоткі мне ўчора прыслала: на фоне Манблана (самай вышэйшай гары Еўропы, што ў французскіх Альпах) пазіруе ды ў кусце размарыну, які — трава травой, а ў той мясцовасці: як наша ляшчына сярэдніх памераў. «Шкада, што ты не з намі», — піша так ці то скрушна, ці то здзекліва — яны мяне ў тое сваё падарожжа клікалі, але па аб'ектыўных прычынах гэтым разам не склалася...


«У думках з вамі», — адказала так, хутчэй, каб не быць няветлівай, яшчэ і смайлікаў-пацалункаў у канцы пісьма наляпіла (гэта ўжо абсалютна шчыра). А сама сяджу і думаю не пра няўбачаны Манблан, а пра тое, чым бы гэта агуркі дома падкарміць, бо нешта не растуць. Позна сёлета пасадзілі, суседка вунь кашамі носіць, а мы свае толькі пакаштавалі. Вось у «Крынічцы» нашай вычытала, што трэба настоем з хлебных скарынак паліваць, на выхадныя паспрабую...

А яшчэ трэба на Камароўцы брусніц глянуць, мо ўжо прадаюць. Купіць які літр на грушавае варэнне, бо ў нашых лясах гэтыя ягады не растуць. Грушамі ўжо ўся зямля засыпана, шкада, прападуць, а зімой варэнне як знойдзеш, тым больш нашы малыя да яго ласыя. І трэба маладой цыбулі ды яблыкаў-антонавак набраць. Яблыкі яшчэ кіслюшчыя, але на кетчуп сама тое. Хоць некалькі слоікаў трэба зрабіць. Як, вы не каштавалі самаробны кетчуп?! Магазінны, скажу я вам, і блізка не стаяў. Увесь сакрэт у карыцы, якую ў гэта дзівоснае варыва ў даволі вялікай колькасці належыць дадаваць. А яшчэ ў... Зрэшты, з якога перапуду я вам тут наш фірмовы сямейны рэцэпт выдаваць буду?..

І трэба што з парэчкамі рабіць — кусты ломяцца. Іх сёлета нават усюдыісныя дразды не ядуць: пэўна, абжэрліся клубніцамі ды вішнямі, якіх сёлета было ўдосталь. І здаць нарыхтоўшчыкам сёлета не атрымалася: прымалі па дваццаць капеек за кіло. Гэта, лічы, рубель за вядро.

А каб набраць тое вядро — колькі трэба пад сонцам у кусце пастаяць. І спіна, і ногі гудуць, авадні ды іншая кусачая брыдота ў вочы лезуць... Карацей, ніхто сёлета за такія грошы парэчкі не здаваў, прынамсі ў нашай вёсцы. Кампотаў ужо з іх наставілі, на выхадныя можа, джэм зварым. Стаяць у кладоўцы дваццацілітровыя бутлі, можна было б віна нарабіць, але дзе яго ў горадзе зімой паставіць, дый хто яго ў такой колькасці вып'е? Гэта раней яно ў склепе да вясны стаяла, а ўвесну аматары пахмяліцца зазіралі да нас у двор і хтосьці з жанчын наліваў ім «квасу» ў спецыяльна для гэтага выдзелены паўлітровы эмаліраваны кубак за тое, што, напрыклад, двор пакосяць. Цяпер двор без праблем самі косім трымерам, а зухаватыя дзецюкі, якія гукалі ад брамкі «Васілеўна, налі «квасу»!» цяпер або на клады перасяліліся, або ходзяць па вуліцы павольна, за ровар трымаючыся, і незразумела, хто каго вядзе...

Цыбуля-сямейка на градах разляглася, трэба глядзець, можа, ужо і выбіраць пара, часнок зімовы таксама сохнуць пачаў, не на гэтым тыдні, дык на наступным выкопваць трэба. Усё гэта багацце высушыць у сенцах, папарадкаваць, а градкі ўскапаць ды якой рэдзькай ці гарчыцай засеяць. Фасолю спаржавую трэба не правароніць, а то пераспее, не будзе чаго марозіць, гарох ужо налівацца пачынае... А там бульбу выкапаць, клубніцы маладыя падсадзіць, замест тых, што не вытрымалі майскай спёкі, буракі ды моркву выбраць... Да позняй восені, лічы, работы хопіць...

Перачытала зараз напісанае — і за галаву схапілася: столькі разоў слова «трэба» я ні ў адным матэрыяле, пэўна, не ўжывала. І, што характэрна, яно для поўнага сэнсу тут паўсюль неабходнае і ніякім іншым (хіба што бюракратычным сінонімам накшталт «належыць») яго не заменіш...

Хоць, калі задумацца: каму? І навошта? У сэнсе — усё гэта трэба. Калі ўсё вышэйпералічанае без аніякіх высілкаў і без ніякага «трэба» можна купіць у краме або на базары. Прычым круглы год. Сваё таннейшае? Не смяшыце мае «агародныя» галёшы! Калі палічыць, колькі аддасі за насенне, за ўгнаенне, за ўкрывачны матэрыял, за атруту ад мурашак ды іншай трасцы, за ўсялякія пальчаткі-матычкі-драпчыкі, — у лепшым выпадку тое на тое і выйдзе.

Не, людцы, тут нешта іншае. Больш складанае, на ўзроўні падсвядомасці, я б сказала. Тое самае, што прымушае вяртацца да роднай хаты і да роднай зямлі былых гараджан — і тых, што ідуць на пенсію, і маладзейшых. Што не дае многім нашым вёскам назаўжды адысці ў нябыт, бо нават у пустых і амаль закінутых увесну з'яўляюцца з горада людзі з заклапочанымі, але такімі заспакоенымі тварамі і пачынаюць ускопваць грады, садзіць бульбу і сеяць агуркі. Спытайце ў іх: навошта? І пачуеце кароткі адказ: трэба! Найперш ім самім, бо зямля не можа гуляць, бо так рабілі бацькі, бо, аднойчы ўбачыўшы, як з пасаджанага табой зярнятка вырастае той жа агурок, назаўжды далучаешся да гэтага дзіва і кожны год хочаш адчуць гэта хаця б умоўнае далучэнне да таямніцы светастварэння наноў.

Так што я на выхадныя сфатаграфую граду з кабачкамі — яны, цёмна-зялёныя, вялікія, у нас сёлета ўрадзілі — і пашлю сяброўцы на той яе Ла-Манш. Няхай яна таксама пазайздросціць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...