Вы тут

На што ідзе «дэпутацкі мільён»?


Пра Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, прамыя сувязі, турызм і дзейнасць народных абраннікаў у размове з намеснікам губернатара Кастрамской вобласці Юрыем Макавым.

Размова аб неабходнасці ўмацоўваць двухбаковыя адносіны паміж Беларуссю і рэгіёнамі Расіі ішла летась падчас сустрэчы губернатара Кастрамской вобласці Сяргея Сітнікава і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску. У рамках візіту было падпісана пагадненне паміж Беларуссю і Кастрамской вобласцю аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічным і сацыяльна-культурным кірунках. Аб тым, што гэта не проста словы на паперы, сведчыў і нядаўні візіт беларускіх журналістаў у Кастрамскую вобласць. У журналістаў была магчымасць задаць пытанні намесніку губернатара па эканамічных пытаннях Юрыю Макаву. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася дзейнасцю кастрамскіх дэпутатаў і планамі па ўдзеле ў Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які будзе праходзіць сёлета ў Магілёве.


— Сёння эканамічнае супрацоўніцтва Кастрамской вобласці вядзецца ў асноўным з трыма рэгіёнамі Беларусі — Брэсцкім, Віцебскім і Магілёўскім. Мы імпартуем з Беларусі харчаванне і ўсё, што звязана з сельгаспрадукцыяй, машынамі, пад'ёмнымі механізмамі, тэкстылем і абуткам. Тавараабарот паміж Кастрамской вобласцю і Беларуссю складае каля 55 мільёнаў рублёў у год, і лічба штогод узрастае на 10—15 %. Але гэта не мяжа. І мы хочам, каб пра нас як мага больш ведалі ў Беларусі. Кастрамская вобласць аграрная, але ў нас не вельмі пладародныя глебы, і, каб дабіцца высокіх ураджаяў, трэба ўносіць шмат угнаенняў. Таму асноўны ўпор мы робім не на раслінаводства, а на развіццё малочнай жывёлагадоўлі. Ставім мэту забяспечыць сябе малаком і стаць яго экспарцёрам. Але ў нас пакуль адчуваецца малочны дэфіцыт. Асабліва на фоне росту сырнай вытворчасці. У вобласці вельмі моцныя традыцыі сыраварства. У выніку мы завозім малако з суседніх рэгіёнаў і, безумоўна, аказваем падтрымку тым прадпрымальнікам, якія займаюцца жывёлагадоўляй. Адпаведныя праграмы ёсць на федэральным і абласным узроўнях.

— Сёлета ў Магілёве праводзіцца Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, дзе будзе добрая магчымасць прадстаўнікам дзвюх краін пазнаёміцца бліжэй і абгаварыць сумесныя праекты...

— Так. Мы плануем прыняць удзел у гэтым форуме. Ад нашага рэгіёна ў Магілёў паедзе дэлегацыя з некалькіх чалавек. Вельмі хацелася б наведаць гэта мерапрыемства і на месцы паглядзець, чым мы можам быць карысныя адно аднаму.

— Наколькі адчувальна на жыццё Кастрамской вобласці ўплываюць дэпутаты? Што яны ставяць на пярэдні план у сваёй рабоце?

— Што датычыцца абласной Думы, то ў нас 35 дэпутатаў, асноўная іх дзейнасць — заканатворчасць, прыняцце нарматыўных актаў на рэгіянальным узроўні і работа з насельніцтвам у тых акругах, дзе яны былі абраныя. Усе дэпутаты працуюць на нявызваленай аснове. За зарплату працуе толькі апарат Думы. Але для асноўнага складу дэпутатаў гэта — грамадская нагрузка.

Формы работы разнастайныя. Ёсць у нас, вобразна кажучы, дэпутацкі мільён. Сродкі, якія выдзяляюцца кожнаму дэпутату, ідуць на рэалізацыю нейкіх грамадскіх ініцыятыў — добраўпарадкаванне двароў, паркаў і гэтак далей. Які праект рэалізаваць, вырашаецца народным галасаваннем. Ёсць яшчэ федэральныя праграмы, звязаныя з фарміраваннем камфортнага гарадскога асяроддзя. Там таксама выдзяляюцца пэўныя сродкі на падтрымку грамадскіх ініцыятыў. Людзі прапануюць, што яны хацелі б зрабіць, галасуюць і рэалізуюць той праект, які набраў большую колькасць галасоў. Улада зараз імкнецца ўцягнуць народ у актыўную дзейнасць. Калі ўсе разам выходзяць на суботнік, рэдка ў кагосьці ўзнікае жаданне нешта паламаць.

— Чым Кастрама цікавая турыстам і што асабліва вабіць сюды народ?

— Нас штогод наведвае каля мільёна турыстаў. Кастрама з яе амаль 1000-гадовай гісторыяй уваходзіць у «Залатое кальцо Расіі» і прысутнічае ў топ-10 патэнцыйнага турыста. Тут ёсць што паглядзець. Менавіта адсюль зараджалася Русь. Тут, у Кастрамской вобласці, ствараецца каля 50 % ювелірных вырабаў Расіі. У нас ёсць цудоўная ласяферма, дзе можна пакаштаваць ласінага малака і ўбачыць маралаў. За сорак кіламетраў ад Кастрамы знаходзіцца старадаўні горад-музей Нерахта з надзвычайнай архітэктурай. Але да нас едуць у асноўным расіяне, замежных турыстаў усяго 3-5 %. Калі мы пачалі разбірацца, чаму так мала, высветлілі, што ў нас не хапае гасцініц. Попыт на іх апераджае прапанову. Зараз у Савеце Федэрацыі фарміруецца праграма па развіцці ўязнога і ўнутранага турызму на 2020—2025 гады, рэгіёны робяць заяўкі і абараняюць свае праекты. Найлепшыя атрымліваюць федэральнае фінансаванне. Дзяржава зацікаўлена ў суфінансаванні з боку прыватнага бізнесу. Зараз мы аднаўляем у Кастраме крэмль за грошы мецэната, і пад гэтую тэму збіраемся ўвайсці ў федэральную праграму з праектам па добраўпарадкаванні набярэжнай і парка па суседстве з крамлём.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».