Вы тут

Гарадная — ганчарная сталіца


У старажытнай палескай вёсцы Гарадной прайшоў кірмаш, на якім галоўным і хадавым таварам быў гліняны посуд, а цэнтральнай фігурай свята стаў... ганчар. У нядзельную раніцу на кірмашовым пляцы сабраліся і маладыя, і ўжо сталыя — вядомыя гаршкалепы і керамісты з Беларусі і нават з-за мяжы. Адным з удзельнікаў гэтага кірмашу быў патомны ганчар з Гарадной Рыгор КАВАЛЬКА (на галоўным фота). Сваё ўмельства гэты майстар не толькі ўкладвае ва ўласныя вырабы, але і перадае яго маладому пакаленню гараднянцаў.


У Беларусі шмат вёсак з рамесніцкім назовам Ганчары, Ганчароўка, Ганчарова, але сапраўдныя ганчары і па сёння жывуць і працягваюць свой спрадвечны промысел толькі ў адной беларускай вёсцы — Гарадная Столінскага раёна. Глінабітнае і гаршкалепнае майстэрства гараднянцы перадаюць з пакалення ў пакаленне. Ляпіць гладышы і збаночкі, гаршкі і бульні, паліваць, абпальваць, вазіць і прадаваць па ўсёй акрузе — заўсёдная справа гараднянцаў. Вядома, цяпер у Гарадной не той размах, які быў некалі, але яшчэ з дзясятак майстроў працуе над ганчарнымі кругамі, пыхцяць дымамі іхнія горны для абпальвання глінянага посуду.

Каб падтрымаць самабытную рамесніцкую традыцыю, і быў створаны ганчарны кірмаш у самой Гарадной. Ён праводзіцца адзін раз у два гады, як правіла, у апошную нядзелю ліпеня. Напярэдадні кірмашу на базе Цэнтра ганчарства адбываецца міжнародны пленэр ганчароў і керамістаў (мы раскажам пра гэты форум асобна). Удзельнікі пленэру на свяце выстаўляюць свае творы і гандлююць імі поруч з мясцовымі ганчарамі. Сёлета кірмаш прайшоў ужо шосты раз. Да яго быў прымеркаваны і юбілей вёскі — Гарадной стукнула 570 гадоў!

Ганчарны кірмаш — брэнд не толькі самой Гарадной і Столінскага раёна, наогул, усёй Брэсцкай вобласці. Можа быць, яшчэ не такі раскручаны, як іншыя рэспубліканскія кірмашы-фестывалі, але і па змесце, і па задуме ён сапраўды ўнікальны, бо адраджае традыцыю і вяртае былую славу аднаму з найстаражытнейшых рамёстваў.

Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.