20 Жнівень, панядзелак

Вы тут

Вясковы мундзіяль


Не ведаю, як вы, а я люблю футбол. Ёсць у гэтай гульні нейкая прыцягальная сіла, нейкая магія, што прымушае мільёны людзей кідаць усе справы і зачаравана глядзець, як дваццаць два здаровыя дзецюкі качаюць па полі мяч. Але не толькі ў гэтым справа. Да таго, як у маім свядомым жыцці з'явіўся футбол высокага ўзроўню (які паказваюць па тэлевізары, у які гуляюць мільянеры), там ужо аднойчы і назаўжды пасяліўся футбол вясковы — з дзяцінства не менш прыцягальны і магічны.


Тады тэлевізары былі спрэс чорна-белыя, з пукатым экранам, з механічным пераключэннем каналаў (пластмасавы пераключальнік хутка адломваўся, і замест яго выкарыстоўваліся абцугі). Да таго ж на экране ўвесь час мяцеліла: лакатары вайсковай часці, што знаходзілася непадалёк, стваралі слабенькім вясковым антэнам непераадольныя перашкоды. Так што футбол высокага ўзроўню глядзець было не тое што нецікава — практычна немагчыма. І «рука бога» Марадоны ў тым 86-м прайшла міма і не выклікала ў нашых аматараў гульні эмоцый і бурных спрэчак. Ну і што з таго? У нас быў свой ФУТБОЛ!

Гэта слова пачынала лунаць у паветры надвячоркам, калі стомленае сонца павісала над хмызамі, прабіваючы негарачымі ўжо промнямі пыл, які ўзняў на вуліцы сыты статак, ідучы з поля дадому. Кабеты і бабулі, што сядзелі паўсюль на лаўках, разыходзіліся даіць кароў, над вёскай павісала шчыльная цішыня, толькі зрэдку рыпеў запознены воз сена, якое гаспадары везлі з далёкай дзялянкі. І раптам у гэтай цішыні раздавалася пазнавальнае, ні з чым не параўнальнае «гуп!» — стук футбольнага мяча аб высушаную сонцам, утаптаную калёсамі, нагамі, капытамі незаасфальтаваную вуліцу. Гэта быў своеасаблівы сігнал. Той, у каго ў руках быў мяч, ішоў па вёсцы і раз-пораз стукаў ім аб зямлю. На гэта «гуп» ці не з кожнага двара выходзілі гульцы — дзецюкі і хлопцы-старшакласнікі, і заўзятары — у асноўным малеча і падлеткі, але здаралася, шпарылі на высокіх абцасах і гарадскія ўнучкі вяскоўцаў, прыбраныя, нафарбаваныя — зразумела, не з-за футбола, а з-за футбалістаў. Па дарозе да футбольнага поля — «балота», куды і вяла адзіная доўгая вясковая вуліца, назбірвалася ўжо цэлая стракатая працэсія — большая хадзіла хіба што ў сярэдзіне жніўня на святога Роха, калі, нягледзячы на забароны атэістычнага начальства, абраз мясцовага заступніка штогод абносілі вакол вёскі.

Гулялі ў футбол сапраўды на балоце, праўда, на высахлым. З уласна футбольнага антуражу там былі толькі вароты — збітыя з жэрдак прамавугольнікі. Усё астатняе нібыта мелася на ўвазе. Заўзятары размяшчаліся хто дзе хацеў, кіруючыся выключна адчуваннем уласнай бяспекі — атрымаць цяжкім і не вельмі чыстым мячом па галаве можна было вельмі проста. Праўда, асабліва цікаўных малых ды дзевак на абцасах гэткая рызыка не спыняла, і яны лезлі ледзь не ў самыя вароты, за што футбалісты ў запале гульні на іх лаяліся, не асабліва выбіраючы словы...

Калі шчыра, футбол той быў без ніякіх правіл. Гульцоў на полі было столькі, колькі прыходзіла — проста дзяліліся пароўну на дзве каманды. Суддзя як паняцце адсутнічаў увогуле. Адпаведна не было ні штрафных, ні пенальці, ні фіксацыі па-за гульнёй. Не было фіксаванага часу — здаралася, гулялі да першых зорак, калі мяч ужо ледзь праглядваўся ў лёгкім тумане, што падымаўся ад недалёкай рэчкі. Па сутнасці, па тым балоце проста бегаў натоўп хлопцаў, якія, забіраючы адзін у аднаго мяч, стараліся загнаць яго ў адны ці другія вароты. (Хоць, напэўна, тут можна паразумнічаць і сказаць, што ў такім вось выглядзе футбол быў надзвычай блізка да сваёй першакрыніцы.)

Але была ў той немудрагелістай вясковай гульні нейкая сапраўдная магія. Хлопцам, якія ганялі ўвечары мяч, заставалася паспаць некалькі гадзін: большасць з іх працавалі механізатарамі ў саўгасе і ўжо з усходам сонца сядзелі за рулём камбайна, трактара, «немца»-сенакасілкі. Што цягнула іх, напрацаваных, стомленых, на тое вечаровае балота? Чаму для малых — і мясцовых, і тых, што прыязджалі з горада да бабуль на лета, гэты нехлямяжы вясковы футбол быў сапраўдным святам, далучыцца да якога нават у якасці гледача лічылася за шчасце? Нават праз шмат гадоў, калі з'яўляецца здольнасць аб'ектыўна ацэньваць успаміны, на гэтыя простыя пытанні немагчыма знайсці які-кольвек абгрунтаваны адказ.

Даўно ўжо няма на тым балоце футбольных «варот» — жэрдкі пагнілі, пападалі і зраўняліся з зямлёй. Балота ўсё больш адпавядае сваёй назве — ніхто не абкошвае берагі блізкай рэчкі, няма ў вёсцы скаціны, якая пасвілася тут, выскубаючы і вытоптваючы траву. Футбалісты ўжо на пенсіі ці вельмі блізка да яе, гадуюць унукаў ці заліваюць цягучую вясковую самоту пладова-ягадным. У кожнай хаце — каляровы тэлевізар, на якім праз лічбавую прыстаўку можна глядзець і футбол, і серыялы ў найлепшай якасці. Кабеты-дачніцы сядзяць на вясковых лаўках, як калісьці сядзелі іх маці і бабулі, і, пэўна, гэта генная памяць прымушае іх углядацца ў засмужаную вуліцу, на якой, здаецца, вось-вось пакажацца ў касых няяркіх промнях сыты павольны статак. Гойсаюць на веласіпедах, самакатах ды скутарах па роўнай заасфальтаванай дарозе іх унукі. У якіх ёсць усё, чаго не было ў нас.

Затое ў нас быў і застаўся ў жыцці наш ФУТБОЛ. Наша ўласнае свята, якое заўжды з намі. Нават тады, калі французы забіваюць у фінале чацвёрты гол.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.