Вы тут

З успамінаў франтавога журналіста-звяздоўца


Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны: глыбока даследаваная і ў той жа час шмат у чым невядомая. Гэта акіян трагічных і гераічных лёсаў, сусвет слёз і перажыванняў, гора і пакут, страт і сустрэч... Дзённікаў звычайна не вялі на вайне: нельга было дапусціць, каб сакрэтныя альбо іншыя важныя звесткі трапілі ў баі да саперніка або ў рукі шпіёна. Таму знайсці франтавы дзённік — вялікая ўдача.


Ліпень 1944 г. Рэдакцыя і тыпаграфія газеты «Защитник Родины»  (трэці ў ніжнім радзе Дзмітрый Малевіч).

Яго маглі весці нямногія, напрыклад франтавыя журналісты, паколькі запісы станавіліся каштоўнай падмогай у іх прафесійнай дзейнасці.

Ці можна апісаць маю радасць, калі я, Аляксандр Сявенка, — гродзенскі краязнавец і калекцыянер, па прафесіі — ваенны журналіст — стаў шчаслівым уладальнікам такога дзённіка, набыўшы яго на мясцовай барахолцы. Стары дзённік аказаўся сапраўдным парталам у часе, з шэптам старонак, які пераносіць чытача ў грозны час вайны. Я не змог заплюшчыць вачэй у тую ноч, пакуль не дачытаў яго да канца ад вокладкі да вокладкі. Неўзабаве я зразумеў, што трэба падзяліцца гэтай інфармацыяй з іншымі, апублікаваць каштоўныя матэрыялы. Аўтарам франтавога дзённіка аказаўся мінчанін Дзмітрый Малевіч. Дзмітрый Паўлавіч да вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда». Вось найбольш цікавыя фрагменты з дзённіка франтавога журналіста, якія публікуюцца ўпершыню.

1941 год.

22 чэрвеня. Нядзеля. Знаходжуся з жонкай у Цітве. У паветры з'явіліся самалёты дзіўнай формы і з непрыемным гукам. Нейкае нядобрае прадчуванне, трывожна. Апоўдні атрымаў паведамленне ад мясцовых калгаснікаў, якія прыбылі з Мінска, што ў горадзе пажары, вораг робіць налёты. Не веру.

А 17-й гадзіне каля Цітвянскай школы праходзіць кароткі мітынг. Прадстаўнік райкама партыі аб'яўляе, што Германія напала на СССР. Настрой цяжкі. Адправіўся на станцыю, каб ехаць у Мінск. Там упершыню пачуў разрывы нямецкіх бомбаў...

23 чэрвеня. У Мінск прыехаў а 9-й гадзіне раніцы. Над станцыяй разрывы, кружаць нямецкія самалёты. Насельніцтва з чамаданамі і звязкамі кідаецца па пероне, вуліцы неяк незвычайна шматлюдныя... Заходжу ў «Звязду». Заспеў Шляфера (намеснік галоўнага рэдактара газеты. — Аўт.). Ад бяссонных начэй у яго запалі вочы, ускудлачаныя валасы. Каля стала сядзяць Грыша Клябанаў, Павел Кавалёў. Ва ўсіх стомлены выгляд. Газету выпусцілі на дзвюх палосах. Аб эвакуацыі ніхто не думае...

А 10-й гадзіне з захаду пачуўся страшны гул матораў, якія зліліся ў адзін гук. З боку пасажырскага вакзала на гарызонце паказалася чорная паласа. Вось ужо відаць самалёты... Я ўпаў каля трохтонкі і моцна ўчапіўся ў траву. І проста на мяне ляцяць бомбы. Ад разрыву адной з іх машына, пад якой я ляжаў, захісталася, яе адкінула ў бок. Бомбы разрываліся вакол мяне, стагнала зямля. Калі я падняўся, каля галавы ўбачыў варонку, у якой схавалася б тая трохтонка, пад якой я знаходзіў сховішча ад смерці. Каля яе валяліся чыесьці ногі, шматкі штаноў... Горад ахутаны гарам і пылам, штохвілінна паветра прарэзваецца нямецкімі кулямі з самалётаў...

Жыхары са звязкамі хатніх рэчаў мітусіліся па агародах, хаваліся ў падвалах. Пачалося нешта страшнае...

24 чэрвеня. Начаваў у склепе... Горад апусцеў. Для таго каб перайсці на другі бок вуліцы, трэба пераступаць цераз трупы, горы цэглы...

Рухаемся на Магілёў... Гэтая магістраль ніколі не бачыла столькі людзей, як у той дзень. Ішлі старыя, цягнучы на спінах свой скарб, які гадамі здабывалі мірнай працай... Бывай, родны мой горад. Мы хутка вернемся. Абавязкова вернемся.

30 чэрвеня. Прыехалі ў Рослаў. Начаваў у кузаве. Змучаны, брудны і стомлены, я раніцай пайшоў у рэдакцыю гарадской газеты. Дамаўляюся аб рабоце сакратаром рэдакцыі. На другі дзень прыезду прыпісаўся ў ваенкамаце, а 9 ліпеня атрымаў павестку аб прызыве.

Скалечаны вятрак на Смаленшчыне.

14 ліпеня. Самы памятны дзень у маім жыцці. На 38-м годзе жыцця ўпершыню надзеў салдацкую гімнасцёрку. Вінтоўкі не атрымаў. Увечары накіравалі ў Крычаў. Туды прарываўся вораг. Мяне залічылі радавым 1-га ўзвода, 1-й роты, 2-га рабочага батальёна. Пачалося ваеннае жыццё...

Жонка не плакала, толькі па-дзіцячы ўглядалася ў рысы майго твару, імкнучыся запомніць іх. У гэтым таямнічым поглядзе я зразумеў тое, чаго не мог зразумець усе пражытыя разам 13 гадоў. Мы развіталіся, жонка спытала:

— Што рабіць далей, куды табе пісаць?

Адраса я яшчэ не меў, але адказаў:

— Пішы куды-небудзь.

Сляза пакацілася па яе твары. Яна выцерла яе батыставай насоўкай і перадала яе мне:

— Вазьмі, спатрэбіцца.

Гэтую насоўку я пранёс праз усе гады вайны...

«Месершмітт»,  збіты ў Будапеште,  1945 год.  Фота з альбома  Дзмітрыя Малевіча.

8—27 жніўня. Размясціліся за 5 кіламетраў ад станцыі Бялынкавічы Магілёўскай вобласці. Немцы знаходзяцца за лесам. А 21-й гадзіне атрымалі загад эвакуіравацца. Усе працавалі на пагрузцы боепрыпасаў... 12 дзён эшалон стаяў у Старадубе... Немец займаў Унечу, і ўсе шляхі для эвакуацыі былі адрэзаныя. Я сеў на адкрытую платформу, адкрыў скрыню з гранатамі і падрыхтаваўся да сустрэчы з немцамі... Сем кіламетраў наш эшалон суправаджалі нямецкія танкі, якія імкнуліся ў Старадуб. Відаць, немцы вырашылі, што гэта быў іх эшалон. На станцыі Хутар-Міхайлаўскі трапілі пад моцную бамбёжку...

5 лістапада. Прыбылі на станцыю Атрошкі Варонежскай вобласці. Тут упершыню за ўвесь час памыўся ў лазні. Ад доўгіх паходаў на ступні адбалела так шмат скуры, што ў лазні ад яе адставалі цэлыя пласты.

17 снежня. Ліпецк — выдатны курортны гарадок. Тут сустрэў Рабіновіча, Гурскага, Крапіву і іншых мінчан...

1942 год.

З 8 сакавіка да 20 чэрвеня... Хутка год, як не атрымліваю пісьмаў ад жонкі. Пасылаю ва ўсе ваенкаматы краіны пісьмы з просьбай паведаміць адрас маёй жонцы. Паслаў ужо 310 паштовак. Атрымаў 150 адказаў: «Не значыцца». 151-ы адказ у сакавіку 1942 года быў самы радасны — атрымаў паштоўку ад жонкі. Яна паведамляла, што знаходзіцца на Урале...

1943 год.

18 лютага. Пачалося наступленне... У вёску Жыткова Арлоўскай вобласці прыйшлі на світанні.

Пасярэдзіне вёскі вялікая плошча, абнесеная калючым дротам. За ёй — баракі, халодныя, брудныя і сырыя. Тут штодня ад голаду і холаду памірала па некалькі дзясяткаў чырвонаармейцаў. Кармілі салдат баландай раз на дзень, а працавалі па 18—20 гадзін
у суткі.

5 ліпеня. Пачалася Курская бітва. У паветры ўвесь дзень і ноч вісіць зарыва агню.

6 ліпеня. Моцны масіраваны налёт нашых самалётаў на пярэдні нямецкі край. Гэтая ноч была падобная на парк з мільёнамі рознакаляровых агнёў.

27 ліпеня. Пераехалі ў вёску Гнілуша. Увесь вечар немцы кідалі на вёску снарады. Каб рабіць газету, прыйшлося перайсці ў бліндаж.

6 жніўня. Рэдакцыя пераехала ў пасёлак Надзежда. У пасёлку — ніводнага дома. Немцы ўсё спалілі за тое, што пчолы пакусалі салдат і іх коней.

8 жніўня. Я прадстаўлены да ўзнагароды — ордэна Айчыннай вайны 2-й ступені.

12 жніўня. Злучэнне перайшло да баявых спраў. Я пайшоў на пярэдні край па матэрыял. Па дарозе да КП усе вёскі спаленыя. Насельніцтва туліцца каля куч абгарэлага бярвення і цэглы. Ад вёсак Халодная Вада, Папартнае нічога не засталося, усюды груды попелу, трупы мірных жыхароў.

28 верасня. Пераправіўся цераз Днепр. Каб трапіць на КП, прыйшлося віхляць, як зайцу па скошаным лузе. Апошні прастрэльваўся немцамі штохвілінна. У адной з коп сена я знайшоў штаб палка і яго камандзіра — тав. Печанюка. Нягледзячы на абстаноўку (немец знаходзіўся за 150 метраў), камандзір, па ваеннай завядзёнцы, спытаў, ці еў я, і загадаў ад'ютанту прыгатаваць свежай рыбы. Яе тут было багата — за некалькі метраў працякаў сівы Дняпро.

Сабраўшы матэрыял, я адправіўся ў сваю часць. Ішоў тым жа лугам, толькі ўжо ноччу. Ішоў 28 кіламетраў. У вёсцы Сапонава Гута няма ні аднаго дома. Яшчэ дымяцца хаты, а ўжо чуваць стук сякер. Калгаснікі ўзводзяць новыя дамы.

14 кастрычніка. Дзень спакойны, пішу перадавіцу і збіраюся ў камандзіроўку. 17-га нашы войскі вызвалілі Лоеў. На поўдзень ад Лоева паспяхова фарсіравалі Дняпро і прарвалі абарону па фронце на 20 кіламетраў.

27 кастрычніка. У вёсцы Красілаўцы адбылася незвычайная сустрэча. Заходжу ў кватэру намесніка начальніка палітупраўлення фронту і замест таго, каб дакладваць аб прыбыцці, я, пераступіўшы парог хаты, прамовіў:

— Таварыш палкоўнік, вы не з Беларусі?

У адказ пачуў:

— А ты адкуль ведаеш?

— Мяркую па вашым сняданку. Бульбу ў мундзірах і салёныя агуркі ядуць толькі ў Беларусі.

— Ну, тады падсаджвайся да стала, — адказаў мне палкоўнік. Ён павярнуўся, і я пазнаю ў ім Лукашэвіча (пазней — сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР).

14 снежня. Еду ў 17-ы стралковы корпус. У вёсцы Стаўроўка сустрэў Аўдзюшына і Іофе — супрацоўнікаў «Советской Белоруссии»...

31 снежня. Новы год сустракаў у Аўдзюшына. Сабраліся ў адным ацалелым доміку. Ён быў настолькі маленькі, што прыйшлося сустракаць у дзве чаргі.

1944 год.

24 студзеня. Падпалкоўнік Чарняхоўскі выклікаў да сябе. Ён прама паставіў пытанне:

— Ведаеш танкі?

— Бачыў, таварыш падпалкоўнік.

— Нічога. Калі не ведаеш, то будзеш ведаць...

З гэтага дня я — літаратурны супрацоўнік газеты «Защитник Родины» 6-й танкавай арміі...

Паехаў да Сцяпана Фёдаравіча Шутава — земляка. Арыгінальны камандзір, смелы і адважны танкіст. Немцы ўвесь дзень бамбяць вёску Рыжанаўку. Калі ўзнікла яўная пагроза акружэння нямецкімі танкамі, Шутаў нацягвае зімовую шапку і кажа кіроўцу:

— Пайшлі, няма чаго тут сядзець.

Адбылася дзіўная карцінка. Немцы збіраліся акружыць савецкіх танкістаў, а атрымалася наадварот — Шутаў акружыў немцаў і задаў ім лазню. Аперацыя доўжылася не больш за гадзіну. Ён вярнуўся стомлены і брудны. Пераступаючы парог, звяртаючыся да мяне, сказаў:

— Паехалі. Ну іх к чорту, яшчэ заб'юць.

2 ліпеня. Войскі Ракасоўскага вызвалілі Вілейку, Смалявічы, Стоўбцы, Гарадзею, Нясвіж, перарэзалі дарогу Мінск — Вільня і чыгунку Мінск — Баранавічы.

3 ліпеня. Нашы войскі вызвалілі Мінск. Яго вызваленне, якое прадказвала хуткае вызваленне ўсёй Беларусі, — гэта вялікае, светлае свята беларускага народа...

У Лельчыцкім раёне немцы забілі 8 тысяч і сагналі ў Германію 3800 чалавек. З 7562 дамоў засталося толькі 32.

У Жлобіне, разбураным ушчэнт, жыхароў няма зусім.

У Мінску закатавана 120 тысяч жыхароў, у Бабруйску — 19 тысяч.

17 ліпеня. Немцы ў колькасці 57 600 убачылі Маскву. Толькі не тую Маскву, пра якую марылі гітлераўцы. Яны прайшлі па вуліцах як палонныя.

20 ліпеня. Замах на Гітлера. Абышлося апёкамі і ўдарамі. Яго не забілі, заб'ём мы.

22 ліпеня. 16 нямецкіх генералаў, якія здаліся ў палон, звярнуліся да генералаў і афіцэраў германскіх узброеных сіл: «Нашы апошнія баі і, асабліва, паражэнне цэнтральнай групы, якое канчаткова прадвызначыла зыход вайны, прывялі нас да поўнага пераканання ў безнадзейнасці далейшай барацьбы і тым схілілі нас выступіць з гэтым заклікам»...

Немцы назвалі Нёман «Лініяй катастрофы». Трэба меркаваць, для нас. Але выйшла, што тысячы абаронцаў «Лініі катастрофы» — салдаты ў халодных шэрых кіцелях, пайшлі на дно Нёмана, склалі галовы на беразе слаўнай гэтай ракі або пасля беспаспяховага супраціўлення паднялі рукі са словамі «капут».

4 жніўня... На новым паказальніку дарог «На Каўнас» нецярплівай рукой унізе напісана крэйдай: «І на Кёнігсберг, і на Берлін»...

8 лістапада. Слухаў сёння па радыё родны Мінск. Хочацца ў Беларусь. Надакучыла гэта «цывілізаваная» Еўропа.

23 лістапада. Загінуў брат Алесь. Абарвалася на 37-м годзе жыццё воіна, афіцэра, журналіста — актыўнага і бясстрашнага абаронцы Радзімы, адданага камуніста. Загінуў прамы, чысты і высакароднай душы чалавек, незабыўны брат.

31 снежня. А 22-й гадзіне гвардыі маёр Іван Цімафеевіч Казлоў уручыў мне ордэн Чырвонай Зоркі за № 943482.

1945 год.

13 лютага. Нашы войскі, пасля паўтарамесячнай аблогі, скончылі ачышчэнне ад немцаў Будапешта.

17 сакавіка. Перайшоў блакітны Дунай. Стаў ён не блакітны. Кавалкі дошак, бярвёны плывуць па паверхні яго водаў... Зноў пачуў песню «кацюшы», гудзенне самалётаў.

22 красавіка. Знаходжуся ў Бернгардсталі. З вёскі толькі што сышлі немцы. Яны расказалі жыхарам, што бальшавікі з рагамі. І калі я ўвайшоў у дом, гаспадыня спытала:

— А біць нас будзеце?

30 красавіка. Загад аб узнагароджанні мяне ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

12 мая. Пры ўездзе ў Прагу жыхары выкочвалі на вуліцы бочкі з віном, півам, частавалі рускіх воінаў. Вуліцы ў гэты дзень былі чыста падмеценыя і палітыя вадой — гэта ў знак удзячнасці жыхароў воінам Савецкай арміі. «Нех жые Руда Армада!» — чулася з усіх бакоў...

Падрыхтаваў Аляксандр Сявенка, «Ваяр»

Поўная версія матэрыяла

Загаловак у газеце: Партал у часе

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».