Вы тут

На «Славянскім базары» абмеркавалі стан сучаснай культуры і мастацтва


На “Славянскім базары” абмеркавалі стан сучаснай культуры і мастацтва славянскіх краін. Удзел у круглым стале “Культура і мастацтва як крыніцца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцяў. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў”, які зладзілі міністэрства інфармацыі, міністэрства культуры Беларусі і РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, узялі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага ўпраўлення, рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, дзеячы культуры і мастацтва.


Уздымаць прафесійным колам у межах фэсту надзённыя пытанні культурнай галіны, даваць на іх адказы, прапаноўваць ідэі аб супрацоўніцтве -- гэта ўжо традыцыя, якой ідзе трэці год. Сёлета на першы план выйшла тэма культурнай разнастайнасці і адзінства славян: што робяць у гэтым накірунку дзеячы культуры і якое адлюстраванне атрымліваюць у газетных публікацыях і на інтэрнет-прасторы, у тэле- і радыёэфіры?

- Апошнім часам на тэрыторыі ўсходнеславянскіх дзяржаў чамусьці не вельмі модна стала гаварыць пра тое адзінства, якое ў нас калісьці было, пра нашы агульныя карані, гэта тэма чамусьці гучыць не так гучна, як павінна. Але ў нас найбагацейшая агульная культура, а таму ёсць, што захоўваць і развіваць, і пра што гаварыць, - адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка падкрэсліў, што лічыць вельмі важным захаваць атмасферу ўзаемаразумення, душэўнай цеплыні і блізказці, якія былі закладзеныя на “Славянскім базары” ад пачатку яго існавання. “Для творчага чалавека тое, што адбываецца на фестывалі, і складае сэнс жыцця, для чаго мы ўсе сюды прыязджаем: прадставіць гледачу новыя праекты, новыя і лепшыя песні, - дадаў Анатоль Ярмоленка. – Для мяне гэта яшчэ і асабістае свята, бо менавіта тут упершыню выйшла на прафесійную сцэну мая дачка Алеся і ўнук Анатоль”.

“Я, на жаль, на фестывалі ўпершыню, – прызналася расійскі рэжысёр і прадзюсар Ліна Арыфуліна, дзякуючы якой убачылі свет вядомыя тэлепраекты “Фабрыка зорак”, “На ўвесь голас” і шэраг іншых. – Шчыра скажу, што аб гэтым шкадую, бо разумею, колькі часу і магчымасцяў упушчана. Але я ўжо адчула дух фестывалю, у якім няма пафасу, і перад жывым гукам усе роўныя, убачыла бездакорную арганізацыю на ўсіх узроўнях, і бачу магчымасці для супрацоўніцтва”.

“Фестываль стаў брэндам, мульцікультурным праектам, які аб’ядноўвае розныя народы. І ў гэтым яго значэнне і адметнасць. Бо патрыятызм, любоў да Радзімы – з’ява выдатная, а вось замыканне ў сваёй невялікай культурнай прасторы, адмежаванне ад навакольнага свету – негатыўнаясучасная тэндэнцыя, якую трэба пераадольваць, у тым ліку і нам, журналістам”, -- падзяліўся меркаваннем дырэктар прадстаўніцтва МДТРК “Мір” у Беларусі Уладзімір Пярцоў.

Старшыня Міжнароднага фестывалю вакалу і музыкі для моладзі “Riga Symphony” Алена Швілпе (Латвія) зазначыла, што яе мерапрыемству ёсць, чаму павучыцца і што пераняць у віцебскіх арганізатараў: “Ваш фестываль – унікальная з’ява, аналагаў якой у Еўропе я не ведаю, уразлівы творчы кангламеранты у якім усё гучыць, сачыняецца і паказваецца на шматлікіх выставах. Я настолькі “загарэлася” ўбачаным, што ўжо двойчы праводзіла нацыянальны адбор на конкурс маладых выканаўцаў, а налета планую агульны прыбалтыйскі адбор для Літвы, Латвіі і Эстоніі”.

Выканаўчы віцэ-прэзідэнт Сусветнай Асацыяцыі фестываляў (WAF), дырэктар фэстаў “Ezerski Biseri” і “Asterisks” у Македоніі Мар’ян Катароскі звярнуў увагу на нарастаючую праблему сучаснага фестывальнага руху: “Сёння такія мерапрыемствы часта ладзіць, прабачце, і жук і жаба, і якасць далёка не заўжды адпавядае заяўленаму ўзроўню. Таму, я лічу, надзвычай важна, што “Славянскі базар” падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні і дэманструе той міжнародны ўзровень, да якога трэба імкнуцца. Не саромейцеся гучней заяўляць аб сабе, а мы ў іншых краінах вас падтрымаем”.

Неабходнасць падтрымліваць адзін аднаго і больш цікавіцца культурнымі суседзяў стала цэнтральнай тэмай прамовы культуролага, аўтара музычных тэле- і радыёпраграм Мікалая Тэкеліева, які ўжо не першы год узначальвае творчую дэлегацыю Балгарыі. “Каго вы ведаеце з балгарскіх артыстаў? – звярнуўся ён да прысутных. – У лепшым выпадку Кіркорава, нават Лілі Іванаву не згадаеце? Тое самае будзе і ў Балгарыі, калі спытаць, каго ведаюць з беларускіх артыстаў. На сёння наша міжкультурнае супрацоўніцтва вельмі слабае. І гэта, я лічу, праблема, у якой вінаватыя і мы, калегі-журналісты: мы мала гаворым пра іншыя славянскія народы, пра іншыя культуры. Трэба зноў рабіць крокі насустрач адзін аднаму”.

Унесла пэўныя заўвагі і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка. На яе думку, варта шырэй прадстаўляць і ў культурнай прасторы наогул, і на фестывалі ў прыватнасці, літаратуру: “Фестывалі і конкурсы, якія праходзяць у нашай краіне, у асноўным музычныя. Але ж раней паэтычныя канцэрты збіралі мноства слухачоў, цэлыя стадыёны. Сёлета ў Маладзечне з поспехам прайшоў асобны канцэрт паэзіі – значыць, патрэба ў гэтым ёсць. І вельмі хацелася б, каб на “Славянскім базары” таксама з’явіліся пляцоўкі для літаратуры”.

А вось рэдактар газеты “Культура” Ілья Свірын звярнуў увагу калег на такі аспект, як падача матэрыялу: “Многія творчыя асобы, сярод якіх нават жывыя класікі, скардзяцца ў размовах на недахват увагі. Прычым гэта датычыцца не дыфірамбаў, яны краз гучаць вельмі часта, а крытыкі – у сэнсе сапраўднай цікавасці да творчасці, глыбокага і ўдумлівага яе аналізу”.

“Вялікая заслуга нашых дзяржаў і нашых СМІ у тым, што “Славянскі базар” выжыў у крызіс. Але мала захаваць фестываль, яго трэба развіваць і зрабіць такі прадукт, які будзе цікавы ўсяму свету, незалежна ад геаграфіі, -- лічыць папулярны артыст і тэлевядучы Іван Вабішчэвіч. – Маё пажаданне – каб “Славянскі базар” захаваў культурныя традыцыі, але пры гэтым стаў больш модным і “фірменным”.

Генеральны дырэктар расійскага інфармацыйнага агенцтва InterMedia Яўген Сафронаў адзначыў, што сусветны трэнд – паскоранае развіццё культуры і медыя, якія зрабіліся літаральна інфармацыйнай зброяй у барацьбе за грамадскую думку. “Даныя найноўшых даследаванняў у гэтай галіне паказваюць, што самы ўплывовы кантэнт утвараюць замежныя карпарацыі, прычым далёка не айчынныя. І адзіны спосаб перамагчы іх і захаваць нацыянальную культуру – нарошчваць дзяржаўную прысутнасць, рэалізацыя ў сферы культуры і медыя дзяржаўных рашэнняў і нават кантролю, які неабходна ўзмацніць у дзясяткі разоў”.

- Падводзячы вынікі нашай вялікай размовы, асабіста я прыходжу да высновы, што трэба не толькі разумець сучасныя культурныя і інфармацыйныя тэндэнцыі, але і ўкладваць усю душу і розум у тое, што робіш – будзе гэта мастацкая творчасць альбо матэрыял пра яе ў СМІ, - рэзюмаваў мадэратар круглага стала – дырэктар—галоўны рэдактар РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” Павел Сухарукаў. – Калегі, давайце працаваць разам, бо культура і медыя ідуць побач.

Нездарма існуе жарт, што калі пра цябе не напісалі ў стужцы навінаў, то цябе не існуе ў прыродзе.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.