Вы тут

Роза Рымбаева: Мая галоўная мара збылася


Народная артыстка Казахстана ацаніла “Славянскі базар у Віцебску” вышэй за “Еўрабачанне” і “Новую хвалю”, расказала, як жанчыне-спявачцы сумяшчаць сцэну і сям’ю і атрымала прывітанне з адлегласці ў 5000 кіламетраў.


Любімая артыстка нашых матуль і бабуль, уладальніца лірычнага сапрана ў чатыры актавы Роза Рымбаева – частая госця ў Беларусі: яна не раз выступала ў межах Дзён культуры Казахстана ў Мінску, уваходзіла ў журы дарослага конкурсу “Славянскага базару”, і выступала ў канцэртах майстроў эстрады, а сёлета была адзначана спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення”.

А за некалькі гадзін да ўрачыстай падзеі, падчас традыцыйнай сольнай прэс-канферэнцыі – “Зорнага часу” – спявачка прызналася ў асаблівай любаві да віцебскага мастацкага форуму:  “У Еўропе хапае буйных міжнародных конкурсаў, ёсць і “Еўрабачанне”, і “Новая хваля”,  але толькі “Славянскі базар” праходзіць так маштабна, на вялікай сцэне, з жывым аркестрам”.

Мільёны гледачоў любяць вашу творчасць. А чым вы жывяце па-за сцэнай? – спыталі журналісты.

– Я мама дваіх сыноў, якіх выхавала адна (муж Рымбаевай памёр незадоўга да нараджэння малодшага дзіцяці). І маёй галоўнай задачай было не толькі выхаваць іх, але даць добрую адукацыю. Накірунак яны абралі самі. Абодва вывучыліся на піяністаў – уяўляеце, колькі гадоў запар з раніцы да вечара я слухала ігру кожнага; нават не ведаю, як вытрымалі нашы суседзі? Але паступіць у кансерваторыю дзяцей я ўгаварыць так і не змагла, і яны пайшлі па маім шляху: навучаюцца акцёрскаму майстэрству і вакалу. Так што, лічу, мая галоўная мара збылася: сыны сталі прафесіяналамі, і за іх будучыню я спакойная.

Між іншым, старэйшы сын Алі лічыцца не проста перспектыўным артыстам – яго неафіцыйна празвалі “казахскім Джасцінам Цімберлейкам”. Цяпер маладому чалавеку ўжо 26 гадоў (малодшаму 18) і, паводле слоў сваёй знакамітай маці, яны зайздросныя жаніхі.

– Па праўдзе, быць спявачкай і маці вельмі няпроста, -- зазначыла спявачка. – Калі ты едзеш на гастролі і пакідаеш грудное немаўля і маленькага сына-першаклашку – гэта самае цяжкае для любой жанчыны. Спяваеш песню, а з дзвюх хвілін адна – у думках пра іх, што яны робяць, ці паелі, ці добра спалі, ці не плачуць… Вось такое двайное жыццё я вяла доўгі час. Галоўнае ў маім жыцці на сёння – сям’я, дзеці. Але разам з тым выхад на сцэну – такі палёт, такое шчасце і водгук ад слухачоў, што не перадаць словамі!

Прыхільнікі, дарэчы, цалкам апраўдалі добрыя словы ў свой адрас: з дапамогай журналістаў з розных краін віншаванні любімай спявачцы, якая атрымала ў Віцебску іменную зорку, даслалі не толькі землякі з Казахстана, але і адданая слухачка з далёкага Іркутска, якая ад усёй душы запрасіла: “Прыязджайце да нас на Байкал!”

Роза Рымбаева стала папулярнай дзякуючы песням савецкіх і казахскіх кампазітараў – і гэтаму класічнаму рэпертуару, дзе можна як след паказаць голас і раскрыць эмоцыі, не здраджвае дагэтуль. “Абодва мае сыны танчаць і спяваюць у сучасным стылі, пішуць сучасную музыку, але мне не прапануюць – ведаюць, што не спраўлюся. Ды і як можна, калі я ўжо 43-і год пяю на сцэне, раптам падмануць чаканні слухачоў і кардынальна змяніць рэпертуар? Таму ўвесь гэты час я не захапляюся ні рокам, ні джаз-рокам, ні r`-n-b` ці хіп-хопам, бо народ палюбіў мяне за іншыя песні ў зусім іншай стылістыцы”, – гаворыць спявачка.

Паслухаць гэтыя песні жыхары і госці фестывальнага Віцебска змогуць у найбліжэйшы час – 15 ліпеня ў Летнім амфітэатры адбудзецца канцэрт членаў журы міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2018”. А далей? Колькі разоў будуць запрашаць у Беларусь, столькі прыядзе, абяцае спявачка.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...