Вы тут

Прэзентаваны дзіцячы зборнік «Ад калыханкі да забаўлянкі»


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя дзіцячага зборніка «Ад калыханкі да забаўлянкі».

Пад вокладкай калектыўнага выдання Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі сабраныя творы 25 розных аўтараў: тут не толькі згаданыя калыханкі ды забаўлянкі, але таксама вершы і апавяданні, казкі ды загадкі.


Зрэшты, як адзначае ўкладальнік зборніка, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Ірына Карнаухава, усё гэта літаратурнае багацце разлічана не толькі на дзяцей малодшага школьнага ўзросту: «Гэта кніга для сямейнага чытання. Бо нараджаецца дзіця — мама, тата ці бабуля пяюць яму калыханкі, дзіця расце і чуе простыя вершыкі, казкі; потым само вучыцца чытаць, сталее разам з літаратурнымі героямі і знаёміцца з новымі вершамі і апавяданнямі — а там, дасць Бог, кніга пяройдзе ўжо да наступнага пакалення, з сям'і ў сям'ю... А акрамя дзяцей і іх бацькоў, спадзяюся, зборнік будзе запатрабаваны ў выхавацеляў дзіцячых садкоў, настаўнікаў малодшых класаў і бібліятэкараў».

Да сустрэчы з чытачамі зборнік ішоў амаль тры гады, але чаканне было вартым таго. Дзякуючы Выдавецкаму дому «Звязда» кніга атрымалася, з аднаго боку, важкай і аб'ёмнай, а з другога — лёгкай для ўспрымання: захапляльныя сюжэты, прывабныя маляўнічыя ілюстрацыі мастачкі Алены Лось, вялікі шрыфт, зручны нават для маленькіх дзяцей. А яшчэ, што асобна адзначае Ірына Карнаухава, — зборнік ва ўсіх сэнсах сучасны. Многія з яго аўтараў прысвяцілі творы ўласным дзецям і ўнукам, а таму арыентаваліся не на ўяўленні старэйшага пакалення пра тое, якімі мусяць быць дзеці, а на інтарэсы і захапленні саміх дзяцей. Сучасныя гаджэты, папулярныя інтэрнэт-рэсурсы, навамодныя слэнгавыя слоўцы, якімі карыстаюцца сённяшнія дзеці і падлеткі, — усё гэта ёсць у прадстаўленых апавяданнях і вершах, і гэта пры тым, што найстарэйшаму з аўтараў зборніка ўжо 92 гады.

...Хто такі Шубуршун і чым заняты кот Гаўруша, пакуль гаспадары не бачаць? У якія прыгоды трапіў Сонечны зайчык і калі бывае лагоднай Снежная Каралева? Якія яшчэ героі жывуць на 280 старонках у вершах, загадках, казках і апавяданнях? Пачытайце — дзецям і разам з дзецьмі. Невялікія па памеры, розныя па стылях і жанрах, гэтыя творы аднолькава добра падыходзяць для сумеснага чытання і для таго, каб вучыцца новаму, развівацца ды проста добра бавіць час.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Шубуршун, кот Гаўруша і ўсе, усе, усе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.