23 Ліпень, панядзелак

Вы тут

Прэтэндэнты на Залатую пальмавую галіну з'яўляюцца ў пракаце


На паўднёвакарэйскі фільм Лі Чхан Дона «Палаючы», які ў гэтыя дні паказваецца на мінскім вялікім экране, варта звярнуць увагу з некалькіх важкіх прычын. Па-першае, кінематаграфія Паўднёвай Карэі — сёння адна з самых цікавых і фенаменальных. Па-другое, на апошнім Канскім кінафестывалі «Палаючы» атрымаў прыз FІPRESCІ, а мы ведаем, што ўзнагарода кінакрытыкаў — калі не самая надзейная, то адна з самых надзейных. І па-трэцяе, карціна прадставіла дзіўную, да сёння невядомую, гульню ў рэальнасць / ірэальнасць. Будзьце ўважлівыя, у «прастаце» і ўяўнай відавочнасці фільма лёгка памыліцца.


Такога падвоху ў сціплай выяве я яшчэ не бачыла. Дваістасць сюжэта выплятаецца тонкай сеткай дэталяў, пакуль глядач упэўнена ідзе за галоўным героем і глядзіць на свет яго вачыма. Пісьменнік-пачатковец Джон Су і Хэ Мі, былыя аднакласнікі з адной вёскі, выпадкова сустракаюцца ў горадзе. Вечарам яны ідуць у кафэ, дзе дзяўчына паказвае пантаміму з неіснуючым мандарынам і просіць Джон Су карміць ката падчас яе падарожжа ў Афрыку. Ужо хутка яны прыходзяць у яе кватэру-студыю — кот на вочы не паказваецца, затое парачка нязграбна кахаецца, а ў сцэне паўтараюцца словы, маўляў, трэба ўявіць, што тое, чаго няма, — ёсць.

Нейкі час галоўны герой гэтым і займаецца, пакуль корміць ката і марыць пра Хэ Мі, але на яго жаль з Афрыкі дзяўчына вяртаецца разам з Бэнам, прадстаўніком залатой моладзі, карэйскім Гэтсбі, у якога нібыта павінна быць нейкая таямніца. Так пачынаюцца іх адносіны — «не такая, як усе» Хэ Мі, галантны Бэн і Джон Су, што ўвесь час адчувае сябе не ў сваёй талерцы з-за сацыяльнай і маральнай перавагі новага знаёмага.

Палатно працягласцю ў дзве з паловай гадзіны ў вельмі стрыманай манеры паказвае сустрэчы маладых людзей. Вось яны прыходзяць у прасторную кватэру Бэна, дзе гаспадар гатуе для сваіх гасцей пасту; вось сустракаюцца з сябрамі Бэна ў кафэ, дзе Хэ Мі са сваім расповедам пра танец малога і вялікага голаду бушменаў становіцца цэнтрам увагі; вось Хэ Мі з Бэнам раптоўна прыязджаюць у вясковы дом Джон Су.

Мы ідзём за логікай галоўнага героя, таму спрабуем разгадаць загадку Бэна — што ў ім не так, адкуль грошы, чаму ён камунікуе з прасцячкай Хэ Мі? Усё складваецца ў відавочны пазл, калі дзяўчына знікае і Джон Су крок за крокам прыходзіць да ўпэўненасці, што яна забітая. Знакі, якія дазваляюць зрабіць такую выснову, хоць і не прамалінейныя, але быццам бы відавочныя, і глядач можа без аглядкі ісці за галоўным героем і яго судом Лінча.

Аж да апошняй сцэны, якая раптам адраджае і падсвятляе раскіданыя па фільме намёкі на іншыя прычынна-выніковыя сувязі, — і тут мы ўбачым куды больш цікавага, чым у сюжэце пра помсту за смерць каханай.

А ў альтэрнатыўным прачытанні адкрываецца вечная тэма класавай розніцы, вар'яцтва і сучасная Карэя. Лі Чхан Дон выказаў такую магутную, калі разгледзець сюжэт бліжэй, сатыру, што стрыманыя страсці герояў можна параўнаць нават з Шэкспірам з яго высокім стылем. Іранізуе ён над дробнымі памкненнямі небагатых маладых людзей: Хэ Мі зрабіла пластыку на твары, аказалася ў даўгах, працуе актрысай на PR-акцыях; Джон Су зайздросціць Бэну і таму падспудна пачынае шукаць у ім падвох, ажно да апантанасці. Цікава, што маленькія пачуцці прыводзяць галоўнага героя да аб'ёмных паняццяў, такіх, як вар'яцтва (ён любіць Фолкнера і атаясамлівае сябе з яго героямі). Таму Джон Су так і не можа да канца разабрацца ў сваіх загадках — ці быў калодзеж, у які ўпала Хэ Мі, ці існуе кот Бойлер і колькі цяпліц у акрузе, што зноў паказвае на варыятыўнасць рэальнасці.

Сацыяльная розніца паміж маладымі людзьмі паказваецца, але вельмі ненадакучліва. Джон Су атрымаў літаратурную адукацыю, але вымушаны вярнуцца ў вясковы бацькоўскі дом з каровай, таму што эмацыянальнага бацьку асудзілі за напад на чыноўніка. Рэжысёр не можа дазволіць класавым адрозненням заняць галаву гледача, таму што на першы план разумна выводзіць той варыянт рэальнасці, у якой жыве апантаны галоўны герой. Тут усё лагічна і нават прыгожа — хлопец помсціць за дзяўчыну, якую кахаў. Толькі паглядзець глыбей, і ў аснове трагедыі акажуцца зайздрасць, падазронасць і рэўнасць.

Нездарма глядач трапляе на суды над бацькам Джон Су: паміж імі праводзіцца ўяўная паралель, што выкрывае злосць і незадаволенасць сваім становішчам. Тады і бацька, што напаў на чыноўніка, і сын, што быццам выкрыў забойства, перастаюць быць ахвярамі несправядлівага жыцця, а наадварот — несправядлівасць гэтую нараджаюць.

Што не кажы, а Лі Чхан Дон стварыў проста-такі выкшталцоную карціну: прастата і безэмацыянальнасць хаваюць дзіўнай вытанчанасці сцэны, загадкі граюць на нервах, а адсылкі, сімвалы і невыпадковыя дэталі складваюцца ў нечаканыя значэнні.

Фільм будзе ісці ў кінатэатрах да 18 ліпеня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Уявіць, што тое, чаго няма, — ёсць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Як гродзенская прыгажуня стала чэмпіёнкай свету.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Сустрэча з каралевай, пад нумарам адзін і правіла ды выключэнне.

Грамадства

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы.