Вы тут

Страты і набыткі Валянціна Волкава


Упершыню грандыёзнае палатно Валянціна Волкава «Мінск 3 ліпеня 1944 года» гледачы ўбачылі ў 1953 годзе на Рэспубліканскай выстаўцы ў Мінску. Карціна была замоўлена для фае залы пасяджэнняў Дома Саветаў. Волкаў заключыў дамову ў сакавіку 1945 года. Інтэр’ер шмат у чым абумовіў памеры і фармат твора — больш за 5 метраў у даўжыню і каля 3 метраў у вышыню. Над карцінай мастак працаваў амаль 9 гадоў у сваёй майстэрні на вул. Усходняй. Карціне папярэднічалі 11 вялікіх эскізаў кампазіцыі, больш за 220 падрыхтоўчых малюнкаў, каля 50 эцюдаў.


Чаму гэты адказны дзяржаўны заказ быў даручаны менавіта Валянціну Волкаву?

Пасля акупацыі

Па-першае, ён быў самым прафесійным жывапісцам у нешматлікім тады (40 чалавек) Саюзе мастакоў у Мінску. Волкаў, сын іканапісца, скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча, у 1915 годзе — Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, дзе яго настаўнікам быў У. Я. Савінскі, майстар кампазіцыйнай карціны. Па-другое, Волкаў стаў вядомым мастаком яшчэ да пачатку вайны як аўтар малюнка герба БССР 1926 і 1938 гадоў. Па-трэцяе, ён быў сведкам тых падзей: не паспеў эвакуявацца з акупаванага Мінска, бачыў, як жыхары горада сустракалі войскі Чырвонай Арміі.

Ужо праз месяц пасля вызвалення Мінска ў 1944 годзе Волкаў і яго старэйшы сын Анатоль, таксама мастак, прайшоўшы праверку-фільтраванне, былі прыцягнутыя для выканання велічэзных пано для Дома ўрада. На іх былі намаляваныя партызан і партызанка. Гэтае пано было выканана Волкавымі літаральна за тыдзень.

Але падчас працы над карцінай Волкаў сарваў усе мажлівыя тэрміны. На яго паступалі скаргі. У яго майстэрню ў канцы 1940-х прыйшоў першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка: убачыў карціну, ацаніў размах і загадаў працягнуць дамову з мастаком.

Ад Волкава чакалі пафаснай «карціны-трыумфу пераможцаў», паказу яднання Чырвонай Арміі — вызваліцельніцы і народа. Мастак паставіў задачу стварыць гістарычную шматфігурную карціну «вялікага стылю», каб паказаць трагедыю горада і канкрэтных людзей. Складанасць была ў тым, што жыхары горада добра памяталі дзень 3 ліпеня, што накладвала на жывапісца асаблівую адказнасць.

 Да канчатковага варыянта кампазіцыі Волкаў прыйшоў не адразу: захавалася 25 варыянтаў невялікіх эскізаў карціны з зусім іншым кампазіцыйным рашэннем, не падобным на канчатковы варыянт. Адмысловую сэнсавую нагрузку нясе гарадскі пейзаж, канкрэтызуючы час і месца дзеяння, — раён сучаснай вуліцы Леніна (тады Ленінскай) і плошчы Свабоды. Мастаку было вядома, што савецкія войскі ўваходзілі ў горад з паўночнага ўсходу і поўдня, аднак дзеянне на карціне мастак перанёс у іншы раён. Гэта рашэнне было прынята, каб паказаць вядомы гістарычны цэнтр Мінска. Цікава, што карціна захавала аблічча званіцы, ацалелай у гады вайны, разбіваючы міф, што Мінск быў цалкам разбураны фашыстамі. (Званіцу знеслі ўжо ў савецкія гады, у 1950-х.)

Майстар разумеў, што кожная дэталь карціны павінна быць дакладная. Для большай праўдзівасці Волкаву былі прадастаўлены трафейны нямецкі матацыкл і пражэктар, з дапамогай якога аўтар імітаваў ранішняе святло. Унук Волкава мастак Сяргей Волкаў успамінаў: «...Я пастаянна бегаў да яго ў майстэрню. Як жа было не бегаць, калі ён пісаў карціну “Менск 3 ліпеня 1944 года”, у яго былі вінтоўкі, аўтаматы, кулямёт, каскі!..».

У пошуку мадэляў

Па эцюдах відаць, як Волкаў паступова прыходзіў да канчатковага рашэння кампазіцыі. Яна пабудавана на аснове прынцыпу класічнага трыкутніка, у які ўпісваецца цэнтральная група карціны, разбітай на шматлікія мізансцэны. Вянчае вяршыню фігура маладога танкіста з аўтаматам. Іншы раз у групах падспудна адгадваюцца плакатныя вобразы (сцэна поціску рукі салдата і падпольшчыка адсылае да вядомага плаката 1939 года ўз’яднання БССР з Заходняй Беларуссю).

Працяглы тэрмін працы над палатном адчуваецца ў дэталях: кветкі ў руках мінчан рознасезонныя: бэз адкрасаваў у ліпені, півоні адцвітаюць да сярэдзіны чэрвеня. Уважлівае вока заўважыць і неадпаведнасць абутку: ёсць босыя жыхары, але на жанчыне ў паласатай спадніцы басаножкі сярэдзіны 1950-х гадоў.

Для твора пазіравалі рэальныя мінчане — суседзі майстра, салдаты Беларускай ваеннай акругі, сваякі, у тым ліку трэцяя жонка Валянціна Волкава, дачка ад другога шлюбу Ірына (бландзінка ў ружовым каптане і блакітнай спадніцы) і сын мастака ад першага шлюбу Анатоль (мужчына ў белай кашулі, што працягвае руку танкісту), жонка Анатоля і іх сын Сяргей (хлопчык, што бяжыць), які таксама стаў мастаком...

Волкаў жадаў адлюстраваць рэальных людзей розных узростаў, мінчан таго часу. Ён літаральна хадзіў па вуліцах, шукаў патрэбныя тыпажы, прасіў пазіраваць. Не ўсе, але большасць пагаджалася. Вядома, што мадэлямі Волкава былі і мастакі — Мікалай Назаранка, Уладзімір Хрусталёў, Міхаіл Даўгяла са сваёй дачкой Зояй (дзяўчынка з кветкамі ў карычневай школьнай сукенцы з піянерскім гальштукам у левым куце карціны). Усяго ў карціне каля 90 персанажаў, кожны з якіх так ці інакш пазіраваў мастаку. Тут ёсць усе тыпажы: падпольшчык, маці, жонка, сястра, дзеці-піянеры, мудры стары, удзельнік Першай сусветнай войны.

Для цэнтральнай фігуры танкіста пазіраваў 19-гадовы танкіст-сібірак Комлеў, які служыў ва Уруччы. Волкаў пісаў яго на паветры, у двары майстэрні. Калі ён у 1952 годзе закончыў службу, яго змяніў сын сястры першай жонкі мастака літовец Альберт Бейнарт, які гадзінамі стаяў на перавернутай вялікай бочцы з паднятай з аўтаматам рукой, трымаючыся для раўнавагі рукой за вадасцёкавую трубу.

Ганарар на «Пабеду»

Карціна была цёпла прынята публікай, адзначалі, што ніхто так старанна не працаваў над стварэннем гістарычнага твора. Але сам мастак, убачыўшы палатно на выстаўцы, застаўся незадаволены, перапісваў карціну зноў і зноў.

Апошні варыянт быў прадстаўлены на Другой дэкадзе беларускай літаратуры і мастацтва, якая прайшла ў Маскве ў лютым 1955 года. Гэта карціна заняла ганаровае цэнтральнае месца ў экспазіцыі беларускага жывапісу ў Акадэміі мастацтваў СССР. Адразу пасля дэкады 30 лютага 1955 года В. Волкаву было прысвоена званне народнага мастака БССР. Карціну як лепшы ўзор беларускага савецкага гістарычнага жывапісу хацела набыць Траццякоўская галерэя, але дырэктар Дзяржаўнай карціннай галерэі Алена Васільеўна Аладава зрабіла ўсё, каб гэтага не здарылася і палатно засталося на радзіме.

Карціну набылі ў 1955 годзе за рэкордную на той час суму ў 150 тысяч рублёў (гэта перавышала ў паўтара разу памер адмененай у 1954 годзе Сталінскай прэміі). Большую частку ганарару майстар аддаў на даўгі за электрычнасць і плату мадэлям, якім ён абяцаў пагадзіннае ўзнагароджанне (у яго на сцяне вісеў ліст уліку іх працоўнага часу). Сабе мастак купіў толькі аўтамабіль «Пабеда М 16» і жалезны гараж, а астатнія грошы сышлі, як казаў унук, «скрозь пальцы», на дапамогу шматлікай радні.

Палатно дэманстравалася ў экспазіцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР 20 гадоў. У 1975 годзе з’явілася на выстаўцы ў гонар 30-годдзя Перамогі ў нядаўна адкрытым Палацы мастацтваў. Потым, каля 15 гадоў, экспазіцыя сучаснага беларускага мастацтва была згорнута. Знятая з падрамніку, карціна праляжала скручаная ў фондах музея больш за 30 гадоў, але захавалася ідэальна: Волкаў, як мастак старой фармацыі, цудоўна ведаў тэхналогію жывапісу. У яго на падрамніках эцюдаў да карціны былі запісаныя рэцэпты грунтаў, лакаў.

Толькі ў 2005 годзе, да 60-гадовага юбілею Перамогі, карціна зноў была прадстаўлена гледачу ў асобнай зале разам са шматлікімі эцюдамі і дакументальнымі фатаграфіямі. А ў 2008 годзе яна заняла месца ў экспазіцыі пасляваеннага мастацтва ў прасторнай зале з 5-метровымі столямі новага корпуса музея.

Па-за рэпрэсіямі

Волкаў быў жыццялюбам: перажыў трох жонак, да старасці катаўся на каньках, паказваючы розныя фігуры, гуляў у більярд у Доме пісьменнікаў, цаніў добрае марачнае грузінскае віно, быў сталым наведвальнікам мінскай оперы і ведаў на памяць усе арыі тэнараў. Многія яму зайздросцілі, лічылі «панам ад мастацтва», якому сышлі з рук партрэты нямецкіх чыноўнікаў, якія ён пісаў у акупацыі. Верагодна, з-за гэтага быў распушчаны слух, які пераследваў мастака апошнія гады, маўляў, што карціну ён пачаў пісаць у 1942 годзе ў Мінску па замове нямецкіх акупацыйных уладаў, а потым перапісаў, калі змянілася сітуацыя. Доказаў гэтаму няма.

Здавалася, што мастаку даравалі ваенныя гады, праведзеныя ў акупаваным Мінску. Пасля вайны многіх мастакоў, якія засталіся ў акупацыі, саслалі, рэпрэсіравалі за калабарацыянізм — арганізацыю выставак у занятым немцамі Мінску. Волкава і яго дарослага сына Анатоля такі лёс абышоў. Але ён таксама апынуўся заложнікам уладаў: рэпрэсіі закранулі і яго сям’ю ўжо ў пасляваенныя гады, калі мастак працаваў над сваёй галоўнай карцінай. Пасля вызвалення Мінска на дачок ад другога шлюбу быў зроблены данос, у якім гаварылася, што дзяўчаты, якія выдатна ведалі нямецкую мову, супрацоўнічалі з немцамі. І Ніну, і Ірыну саслалі ў лагер. Ніна, старэйшая дачка, там загінула. Волкаву дазволілі паехаць у Сібір на пахаванне. Ірына ў пачатку 50-х гадоў вярнулася ў родны горад, адседзеўшы каля 7 гадоў. Мастак увёў яе ў карціну.

Па значэнні для беларускага савецкага жывапісу ХХ стагоддзя карціна «Мінск 3 ліпеня 1944 года» параўнальная з шэдэўрамі ХІХ стагоддзя — «Апошнім днём Пампеі» Карла Брулова альбо «З’яўленнем Хрыста народу» Аляксандра Іванова. Карціна Волкава стала ўзорам для пераймання. У 2008 годзе амерыканскі мастак Сэндоу Бірк напісаў «Вызваленне Багдада. 1991 год», што па кампазіцыі вельмі нагадвае работу Валянціна Волкава. Але гэты своеасаблівы рымэйк яшчэ больш павялічвае значнасць арыгінала.

Карціна «Мінск 3 ліпеня 1944 года» — адно з самых дасканалых тварэнняў Валянціна Волкава і ўзор савецкага «трыумфальнага стылю» эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму, а таксама сімвал Перамогі ў беларускім жывапісе пасляваеннай эпохі.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Як гродзенская прыгажуня стала чэмпіёнкай свету.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Сустрэча з каралевай, пад нумарам адзін і правіла ды выключэнне.

Грамадства

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы.