Вы тут

Як прадаць на замежны рынак тое, што нельга адчуць навобмацак?


Геаграфічная дыверсіфікацыя і развіццё рынку паслуг — сёння асноўныя задачы для айчыннага экспарту. Актыўных дзеянняў у гэтым напрамку нядаўна на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна патрабаваў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, адзначыўшы істотны патэнцыял гандлю паслугамі. Нацыянальная праграма падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на пяцігодку ўстанавіла, што ў 2018-м паслугі ў агульным аб'ёме павінны скласці не менш за 23 % (у 2017 годзе — 21,4 %). Як беларускаму рынку паслуг развярнуцца на поўную моц, каб з рангу тых, хто падае надзеі, выйсці ў шэраг лідараў экспартных пазіцый?


Паслуга за паслугу

У экспарце паслуг у параўнанні з гандлем таварамі ёсць шэраг пераваг. Па-першае, не ўдзяляецца ўвага транспартным выдаткам (ці яны ўвогуле адсутнічаюць). Па-другое, паслугі патрабуюць менш знешняга фінансавання. «Экспарт паслуг з'яўляецца менш уразлівым да знешніх шокаў. Калі ў ЗША ў 2009 годзе быў крызіс, экспарт і імпарт тавараў прасеў на 30 %, а паслуг — нават на 7 % не знізіўся. Адзначу, што паслугі менш эластычныя да знешняга попыту. Калі раптам у свеце попыт знізіцца, ВУП у краіне-партнёру ўпадзе, то экспарт тавараў значна паменшыцца ў параўнанні з паслугамі. Да таго ж экспарт паслуг расце больш дынамічна, чым экспарт тавараў. Са стратэгічнага пункту погляду спецыялізавацца на паслугах выгадна», — кажа Юлія ВАШКЕВІЧ, выкладчык кафедры сусветнай эканомікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Разумеюць і адчуваюць на ўласных даходах гэтую выгаду і прадпрыемствы. Па прамежкавых выніках (студзень — красавік) гэтага года экспарт паслуг склаў больш за $2,6 мільярда, пры тым сальда — $1,1 мільярда. Лічбы перавышаюць аб'ёмы такога ж перыяду ў 2017-м. Тады экспарт спыніўся на $2,2 мільярда пры сальда ў $934 мільёны. У лідарах ужо шмат год «класічная» тройка галін — транспарт, будаўніцтва і камп'ютарныя паслугі.

«Лічба 23 % для экспарту паслуг, якую агучылі на пасяджэнні Саўміна ў красавіку, адлюстроўвае сярэднюю структуру сусветных суадносін гандлю таварамі і паслугамі — 20 % да 80 %. Гэта рэальная лічба для нашай эканомікі. Магчыма, яна здаецца незвычайнай, таму што ў структуры нашага ВУП паслугі займаюць прыкладна 50 %. На фоне іншых краін гэта не вельмі многа. Напрыклад, у Еўрапейскім саюзе паслугі складаюць 2/3 ВУП», — падкрэслівае Юлія Вашкевіч.

На шляху з «варагаў у грэкі»

З-за свайго геапалітычнага становішча Беларусь адчувае на сабе значны ўплыў розных эканамічных, палітычных і ваенна-стратэгічных фактараў. Разам з тым геаграфічнае размяшчэнне на перасячэнні транспартных камунікацый дапамагае выгадна яго выкарыстоўваць для эканамічнага развіцця.

Асноўнымі паслугамі, якія фарміруюць паказчык экспарту, з'яўляюцца перавозка грузаў і пасажыраў, плата за праезд па дарогах, фрахтаванне транспартных сродкаў, іх тэхнічнае абслугоўванне, рамонт, складская і транспартна-лагістычная дзейнасць.

Як паведамілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый, у 2017-м экспарт транспартных паслуг прынёс даход у памеры $3,5 мільярда ЗША. Сёлета чакаецца прырост дзякуючы развіццю грамадзянскай авіяцыі, нарошчванню чыгуначных і аўтамабільных грузавых перавозак і транспартна-экспедыцыйнага абслугоўвання.

Беларусь ва ўсе часы была важным транзітным кірункам. Але сёння шлях з «варагаў у грэкі» ўжо не такі шматабяцальны. Лагістыка гандлю зрабіла значны ўхіл на Усход. Беларусь цяпер з'яўляецца пунктам, якія звязвае не толькі Балтыйскае і Чорнае моры, але і Еўрапейскі саюз з Кітаем.

За пяць месяцаў 2018 года ў чыгуначных зносінах Кітай — ЕС — Кітай транзітам па тэрыторыі Беларусі перавезена 108,5 тысячы кантэйнераў у дваццаціфутавым эквіваленце (умоўная адзінка вымярэння ўмяшчальнасці грузавых транспартных сродкаў, роўная аб'ёму стандартнага металічнага кантэйнера даўжынёй 6,1 м, шырынёй 2,4 м і вышынёй 2,6 м). Гэта на 23 % больш за ўзровень аналагічнага перыяду 2017 года.

Новыя магчымасці для транспартнай сістэмы нашай краіны адкрывае праект «Адзін пояс — адзін шлях». Урады Беларусі і Кітая падпісалі пагадненне аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху. «Узаемадзеянне з кітайскім бокам і іншымі дзяржавамі, удзел у развіцці перавозак у напрамку Усход — Захад — Усход ужо сёння дазваляюць знізіць кошт перавозак у пазначаным напрамку і павысіць канкурэнтаздольнасць чыгуначнага транспарту ў Еўразійскіх транспартных патоках», — запэўнілі ў міністэрстве.

Фо­та Анатоля Клешчука.

«Квадраты» на экспарт

Рашэннем працаваць на замежных рынках нашы будаўнікі забілі двух зайцаў. Па-першае, развіваюць экспарт, а па-другое — такім чынам сталічныя прадпрыемствы кампенсуюць спад попыту на ўнутраным рынку.

Больш паспяховаму прасоўванню на замежжа перашкаджаюць канкурэнцыя як сярод мясцовых кампаній, так і з боку іншых экспарцёраў. Сярод «жалезабетонных» пераваг нашых будаўнікоў — якасць і хуткасць.

Мінулы год быў няпросты для нашых будаўнікоў, але з пачатку 2018-га галіна пачынае ажываць. Замацаваць уздым павінны новыя тэхналогіі і экспарт не толькі матэрыялаў, але і праектных, будаўнічых паслуг.

Беларускіх спецыялістаў ведаюць у Венесуэле, Туркменістане, Азербайджане. Цаглінка да цаглінкі складваецца супрацоўніцтва з расіянамі. Беларусы ўзводзілі дамы і сацыяльныя аб'екты ў Пскоўскай, Калінінградскай абласцях і Рэспубліцы Комі. Геаграфія пашыраецца — партнёрства ў будаўніцтве «пад ключ» прапанавалі губернатару Валагодчыны, які завітаў на выстаўку «Белагра-2018». Паслугі ў праектаванні і ўзвядзенні жылля, інфраструктурных, інжынерных і сацыяльных аб'ектаў месяц таму абмяркоўваў беларускі пасол Ігар Петрышэнка з кіраўніцтвам Уладзімірскай вобласці. Асаблівыя адносіны ў айчынных будаўнікоў з Калугай. У расійскім горадзе ўжо ёсць свая «Малінаўка», дый не адна. А ў горадзе Обнінск, што за 70 кіламетраў ад абласнога цэнтра, узведзены камфартабельны «Беларускі квартал».

Паціху крочаць нашы будаўнікі і ў Еўрапейскі саюз. Сёння сталічныя спецыялісты ўзводзяць жылы комплекс у Літве. Некаторыя ідэі і тэхналогіі плануюць у будучыні прымяніць і на радзіме.

Код доступу

Пры класіфікацыі экспарту паслуг можна вылучыць дзве групы — традыцыйныя і «новыя». Першыя патрабуюць непасрэднага кантакту прадаўца з пакупніком. Тут застаюцца выдаткі на транспарт, залежнасць ад цаны на нафту і інш. Да іх адносяцца транспартныя, будаўнічыя і медыцынскія паслугі.

Другую групу складаюць паслугі, якія звязаны з развіццём новых тэхналогій. Знікаюць неабходнасць непасрэдных зносін з прадаўцом і выдаткі на дастаўку. Такія паслугі маюць магчымасць матэрыялізавацца.

«Калі мы пішам софт, ён становіцца часткай пэўнага прадукту: тэлевізара, тэлефона. Гэта значыць, што паслугі захоўваюцца. Звычайна яны не маюць гэтай уласцівасці. Растуць «новыя» паслугі шалёнымі тэмпамі. Калі трапіш на гэтую хвалю, будзеш развівацца разам. Гэта дасягненне для эканомікі любой краіны. Звычайна складваецца меркаванне, што гандаль паслугамі — прывілей развітых краін. Але сёння многія дзяржавы пераскокваюць этап развіцця прамысловасці і адразу інвестуюць у паслугі. І як паказваюць апошнія даследаванні, выйграюць ад гандлю паслугамі якраз эканомікі, якія развіваюцца», — заўважае Юлія Вашкевіч.

Вялікія магчымасці для нашага ІT-сектара адкрыў дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі і Парк высокіх тэхналогій. Пра гэта ўжо напісана і сказана многа. «Важна адно: звыклая нам індустрыяльная эканоміка на нашых вачах адыходзіць у мінулае», — адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль МАЦЮШЭЎСКІ некалькі тыдняў таму ў Палаце прадстаўнікоў, абмяркоўваючы з дэпутатамі Дэкрэт № 8.

Калі гэта так, то трэба збіраць сілы і рыхтаваць рэсурсы, каб ускочыць у цягнік, які на поўным ходзе накіроўваецца да постіндустрыяльнага грамадства. Яго аснова — вытворчасць паслуг, над якой плённа працуюць спецыялісты Парка высокіх тэхналогій. Больш за 90 % праграмнага забеспячэння, створанага ў беларускай сіліконавай даліне, ідзе на экспарт у ЗША, Германію, Вялікабрытанію, Швейцарыю, Ірландыю і іншыя краіны.

Валютная выручка рэзідэнтаў галоўнага ІT-кластара краіны за пяць месяцаў 2018-га вырасла на 30 % у параўнанні з мінулым годам. І гэта стала магчыма пасля рэкорднага 2017-га, калі даход усіх рэзідэнтаў установы склаў 1,3 млрд долараў.

Прыкладна за паўгода колькасць членаў ПВТ вырасла больш чым на 100 кампаній. Калі такія тэмпы захаваюцца, то ў 2018-м у парк уступіць больш рэзідэнтаў, чым за ўсе папярэднія гады.

Сёння ў склад ПВТ уваходзяць амаль 300 кампаній. Некаторыя з іх — даччыныя юрыдычныя асобы, якія належаць замежным прадпрыемствам і ствараюць кантэнт менавіта для сваіх уладальнікаў. Прадукцыя такіх рэзідэнтаў адносіцца да ліку экспарту. Засноўваюць прадпрымальнікі такія даччыныя фірмы, каб прыцягнуць да працы беларускіх інжынераў.

Пункты росту

Асноўныя сферы, якія сёння асабліва перспектыўныя для экспарту паслуг, — адукацыя, медыцына і турызм.

Напрыклад, сёння ў вядучым эканамічным універсітэце краіны, БДЭУ, атрымліваюць адукацыю на розных ступенях больш за 700 замежных студэнтаў з 26 краін свету. Прыцягненне замежных студэнтаў — адзін з прыярытэтаў дзейнасці ўніверсітэта. Як адзначаюць супрацоўнікі, попыт ёсць — гэта радуе, але ўсё роўна маем магчымасці рабіць больш. Адна з апошніх тэндэнцый для БДЭУ: кітайскія студэнты, якія плануюць працаваць у індустрыяльным парку «Вялікі камень».

Большасць замежных студэнтаў у беларускіх ВНУ — з постсавецкіх краін. Гэта і зразумела: адсутнічае моўны бар'ер і ўзровень адукацыі зарэкамендаваў сябе яшчэ з часоў СССР. Але зусім іншы геаграфічны патэнцыял адкрыецца, калі выкладчыкі будуць размаўляць з замежнымі студэнтамі на адной мове — у прамым сэнсе. Для гэтага трэба развіваць адукацыю на замежных мовах, ствараць адпаведныя праграмы. Многія ВНУ краіны ўжо актывізуюць сваю дзейнасць у гэтым кірунку.

Часта беларусы ствараюць выдатныя паслугі і тавары, а інфармуюць пра іх недастаткова. Гэта актуальна і для сферы турызму. Ёсць бязвізавы рэжым праз сталічны аэрапорт, ініцыятыву пераймаюць рэгіёны, а турыстычныя паслугі не дацягваюць да жаданага ўзроўню. Эканаміст бачыць карані праблемы ў нашым менталітэце: «Можна адкрыць мяжу, а як і чым будзем прыцягваць? Нам трэба навучыцца прыбіраць характэрны беларускі скепсіс да саміх сябе і глядзець на краіну вачыма замежніка».

Спецыялісты ў сферы медыцынскага турызму заўважаюць, што для курса аздараўленчых працэдур мала бязвізавых пяці дзён. «Але пашырэнне калідора бязвізу актуальнае толькі для нізкацанавой катэгорыі паслуг. Для тых, хто едзе па высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу, кошт візы не будзе мець значэння. І ўсё роўна недастаткова ведаюць пра нас, як вынік — недастаткова давяраюць. Пры ўсіх іншых плюсах выбар зробяць на карысць таго ж Ірана, які славіцца сваёй медыцынай», — лічыць эканаміст.

Паслугі становяцца лакаматывам экспарту. У Беларусі ёсць ужо напрацоўкі ў гэтым напрамку. Прадукцыйна развіваюцца сферы-лідары, але здабыткаў чакаюць і ад іншых галін. Адно са слабых месцаў тут — маркетынг. Нашым паслугам не хапае прасоўвання на знешнім рынку. «Маркетынг па міжнародных правілах складаецца з валодання замежнымі мовамі, знаёмства з асаблівасцямі культуры. Трэба ведаць, каму ты прапаноўваеш тавар і на чым факусаваць увагу. Гэта, на мой погляд, асноўныя праблемы», — адзначае эксперт Юлія Вашкевіч.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Індустрыя паслуг па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.