Вы тут

Голад па малой радзіме


Не ведаю, чаму так склалася, але мы прызвычаіліся не вельмі любіць сябе. Маўляў, няма нічога такога цікавага ў Беларусі — нікуды асабліва не сходзіш, нічога не паглядзіш. Аднак мне, як чалавеку, які даволі часта ездзіць па Беларусі, часам даводзіцца назіраць вельмі цікавыя формы любові да сваёй краіны...


Надарылася неяк завітаць у адзін даволі аддалены раённы цэнтр з камандзіроўкай-вандроўкай. Сустрэлі мяне вельмі добра, засялілі ў невялічкую каларытную прыбудову — люблю такія месцы, у якіх адчуваецца душа. З аднаго боку відаць, што ўсё даволі проста, — многае рабілася сваімі рукамі, а з іншага акурат прыемна тое, што шмат аб чым паклапаціліся для таго, каб госцю было зручна. У такіх месцах хочацца спыніцца і застацца даўжэй.

Прачнуўшыся даволі рана ў такой прыемнай атмасферы, я сабралася, падсілкавалася і адразу выправілася працаваць. У першай палове дня адбыліся дзве сустрэчы з мясцовымі героямі. Паабедалі мы з краязнаўцай, якая ўсё мне тут распланавала. А пасля пайшлі глядзець горад. Па маіх (нават самых грубых) падліках у 17 гадзін я ўжо дакладна павінна была вызваліцца — вярнуцца ў свой пакойчык, а пасля зноў выбрацца ў горад, па ўласным інтарэсе. Аднак дзе там! Мы хадзілі па розных вуліцах і завулках, доўга стаялі каля вельмі многіх будынкаў. Я пачула пра гэты горад надзвычай шмат, — падавалася, што пра яго я ведаю больш, чым пра родны горад і сталіцу, дзе цяпер жыву, разам узятыя! А экскурсія ўсё працягвалася... Ведаеце, добрага павінна быць таксама ў меру. А 19-й гадзіне я пачала адчуваць, што пара ладзіць уцёкі. Аднак гэта аказалася не так проста: горад даволі заблытаны, і адпускаць мая «гаспадыня» мяне ну ніяк не хацела. У 20 гадзін я, ужо не хаваючы раздражнення, запытвала толькі адно: «у якім баку маё жыллё?», каб самой дабрацца туды. Ды на гэта пытанне праважатая мне... схлусіла. І павяла ў супрацьлеглы бок. Каб паказаць месца, дзе адзін беларускі мастак, праязджаючы тут, стварыў сваю вядомую карціну... Ні слухаць, ні бачыць нічога я ўжо не магла. Калі падман раскрыўся, раззлавалася. Падумала, што лепш сама пайду ў нікуды і буду шукаць патрэбны дом. У 21 гадзіну на вуліцы панавала цемра (было гэта не летам), а мы сядзелі на прыпынку, чакаючы аўтобуса. І толькі бліжэй да дзясятай я нарэшце здолела вярнуцца ў пакойчык...

Гісторыя гэтая не адзінкавая ў маёй працы (што праўда, я добры, зацікаўлены слухач, таму часам суразмоўнікаў, не распешчаных увагай, даводзіцца спыняць). Неяк даводзілася вяртацца з паездкі ў яшчэ адзін раённы цэнтр. Да адпраўлення аўтобуса заставалася 45 хвілін. Ужо іншая мясцовая краязнаўца, якая суправаджала мяне, прапанавала паглядзець на іх славутасць, да якой, быццам бы, рукой падаць! Я пагадзілася... Мы ішлі і ішлі, колькі разоў я прапаноўвала вярнуцца, аднак чула ў адказ, што мы шмат адолелі шляху, а засталося мала... Абутак быў не вельмі зручны, я крыху нацёрла ногі. Як дайшлі да месца, палюбаваліся літаральна хвіліны тры — і пакрочылі назад. Натуральна, на запланаваны транспарт я ўжо не паспела.

Калі раптам героі, апісаныя вышэй, пазнаюць сябе, вельмі б не хацелася, каб яны пакрыўдзіліся. Я прыгадваю гэтыя выпадкі хутчэй з усмешкай і нават з удзячнасцю за тое, што гэта было, — і за тую гасціннасць, з якой мяне сустракалі.

Аднак вось якая напрошваецца выснова. Мы любім сваю малую радзіму, мы шмат ведаем пра яе — і вельмі хочам каму-небудзь расказаць. Пры гэтым любаванне прыгажосцю сваіх гарадоў неяк не закладзена ў нашу культуру. Не надта прынята камусьці паказваць штосьці не вядомае ў межах усяго свету, але пры гэтым вельмі асаблівае і цікавае на мясцовай карце (заўсёды з радасцю дзеляцца ведамі хіба гісторыкі). Ды падсвядома мы адчуваем, што паказаць ёсць што! Ёсць што расказаць і чым ганарыцца.

Мы «галодныя» па сваёй малой радзіме. Мы хочам аддаць ёй даніну павагі, у пэўным сэнсе праславіць, толькі не заўсёды ведаем, як. Адчуваем, што, нягледзячы нават на знешнюю прастату, за ёй хаваецца штосьці вялікае і прыгожае. Гэта як прызнанне ў любові. Якога так не хапае.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.