Вы тут

B:N: расхістаў “Пешаходку”


B:N: расхістаў “Пешаходку”

Карэтны дворык у Мінску не сумуе па суботах. Штотыдзень там праходзіць “Пешаходка”. Гэты летні праект ужо які год збірае ўсіх аматараў беларускай музыкі. Сёмае ліпеня не стала выключэннем. Вялікі электрычны сэт зайграў гурт “Бяз назвы”.

Год таму я не змагла трапіць на выступ любімых выканаўцаў у тым жа месцы, бо проста не знайшла. Таму гэтым разам падрыхтавалася: пашукала ў гугл-мэпс адрас, прыйшла загадзя. Не паверыце, але зноў-такі не туды! На шчасце, здолела вылічыць сапраўдную лакацыю: пайшла за людзьмі, што спяшаліся кудысь на Зыбіцкай.

Не спазнілася. Давялося чакаць, пакуль музыкі наладзяць інструменты. За гэты час агледзелася: тут сталыя і падлеткі, сем’і з дзеткамі і закаханыя пары, нават хлопцы, ужо гатовыя танчыць — натоўп запоўніў усю плошчу.

Варта было зайграць першыя ноты — і слухачы ажылі. Пачалі спяваць і рухацца. Спачатку крыху, амаль што нячутна і незаўважна. А пасля так гучна, хутка, эмацыйна, што не саступалі выканаўцам на сцэне. Праўда, тыя так шчыра ўсміхаліся ды запальна скакалі, што немагчыма было не далучыцца. Гэта зрабілі і дзеці, што бегалі, адрываліся напоўніцу, і нават фатографы, нягледзячы на грувасткія камеры ў руках.

Але ўсе жывыя людзі. Каб імі застацца, музыкі вырашылі адпачыць. Пакуль гітарысты і бубнач пераводзілі дух, саліст заспяваў спакойную “Свой сцяг” на словы Лявона Вольскага. Але заспяваў не адзін — разам з натоўпам. Неўзабаве гурт вярнуўся і зрабіў сэлфі на памяць з фанатамі.

Амаль усе песні, што гучалі ў суботні вечар, былі з новага альбома “Код жыцця”. Ён выйшаў у красавіку, і за тры месяцы прыхільнікі вывучылі на памяць усе словы. Адкуль я ведаю? Па гучным спевам вакол, нават у хвіліны, калі саліст Алесь Лютыч маўчаў, лёгка здагадацца.

Выканаўцы вырашылі не сыходзіць са сцэны, бо па-за ёй холадна. Сціпла запрасілі самі сябе на біс і зайгралі самы палымяны твор ўласнага рэпертуару – “Канюшня”. Словы народнай песні хутка вывучылі нават тыя, хто раней яе не чуў. І вось ужо натоўп хістаўся пад рытмічную мелодыю, а спявак выконваў свой фірмовы танец.

Музыкаў прасілі застацца доўга і ўпарта, але яны настолькі стаміліся фізічна, што наўрад ці змаглі б вытрымаць яшчэ адзін трэк. Яны хутка сышлі са сцэны, слухачы накіраваліся ў бок метро. І ў натоўпе былі чутныя не размовы і захопленыя воклічы, а словы песень гурта B:N:.

Паліна ЗАБЕЛА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...