17 Ліпень, аўторак

Вы тут

Суджанага канём не аб'едзеш


Сёння згадала цікавую размову, сведкай якой я была ўжо даволі шмат гадоў таму. Тагачасны прарэктар Брэсцкага ўніверсітэта Станіслаў Рачэўскі даваў нейкую параду сваёй аспірантцы, відаць, па будучай дысертацыі. Пагартаў работу, паказаў на адну са старонак і спытаў, з якой крыніцы яна ўзяла такія цікавыя звесткі. Тая адказала шчыра і проста: «Муж знайшоў». Тады выкладчык з усмешкай параіў дзяўчыне: «Любіце мужа — крыніцу ведаў!» Як для той аспіранткі, якая ўжо, спадзяюся, сама стала дацэнтам, муж — крыніца інфармацыі, так і для мяне — дача.


Дачай мы ў сваёй сям'і называем вясковы дом, які набылі пяць гадоў таму. Дык вось у выхадныя ўдалося туды з'ездзіць. Ну хоць бы для таго, каб яшчэ раз з суседкамі, такімі ж дачніцамі, парадавацца, што краму пакуль не закрылі, бо ўжо два гады абяцаюць гэта зрабіць. У краме я перамовілася з Нінай, якую раней тут сустракала вельмі рэдка. У яе бацькоўскі дом у гэтай вёсцы, але яна тут бывае раз ці два на год. Каля горада ёсць дачны ўчастак з домікам, там садзіць агарод, там бывае кожныя выхадныя, бо блізка і зручна. Але ж і сваю хату наведвае, каб наняць каго з мужчын абкасіць участак ды праветрыць, памыць падлогу. Праветрывае найбольш матчыны вышыванкі, тканыя абрусы і пакрывалы, якія засталіся ў шафе. З часам плануе перадаць іх сваім дзецям. Запрасіла паглядзець тую прыгажосць: «Вось гэтыя вышытыя прасціны адабрала дачцэ ў Англію». «Так далёка жыве дачка?» — спыталі мы ледзь не ў адзін голас з маёй суседкай-сяброўкай.

У гэты час мы ўжо сядзелі за гарбатай, а Ніна расказвала. Гараджанкай яна стала не так даўно, калі пасля смерці свёкра і свекрыві засталася кватэра. А раней жыла ў вёсцы, у іншым раёне. Туды мужа накіравалі працаваць пасля тэхнікума. Калі было ўжо двое дзяцей, ён загінуў у аварыі. Зразумела, што на зарплату бібліятэкара дзяцей не падніме, пайшла на ферму кароў даіць. І ўсё роўна ў дзевяностых гадах ледзьве выжывалі. Дзеці дапамагалі ёй з малых гадоў, выхоўваліся ў разуменні, што толькі працай і вучобай могуць дабіцца нечага ў жыцці. Бацькі з абодвух бакоў дапамагчы амаль не маглі, у яе была адна маці, а свякроў доўга і цяжка хварэла, большая частка іх пенсій ішла на лекі. Так і жылі: свой агарод, свая няхітрая гаспадарка былі асноўнымі крыніцамі харчавання. Адна радасць, што дзеці добра вучыліся, падавалі надзеі. Дачка, амаль выдатніца, з лёгкасцю паступіла ў сталічную ВНУ. На выпускны са скуры вылезла, але справіла прыгожыя сукенку, туфлі. Думала, вечна эканомілі, хай хоць тут адчуе сябе каралевай балю...

«Так толькі ў кіно бывае, вы не паверыце, — працягвала Ніна. — З пачатку вучобы мая Лена прыехала раз-другі, а потым зусім перастала прыязджаць, гаварыла, што занятая, што ў яе вельмі адказная грамадская работа, вучоба цяжкая. Я і верыла, што на канікулах яна падпрацоўвала, бо прывыкла ёй верыць. Адным словам, вясной мая Аленка нарадзіла хлопчыка, а я да лета не ведала. Яна баялася сказаць, баялася мяне падвесці, баялася ў вёсцы паказацца. Я стала падазраваць нешта, калі яна зусім пачала прапускаць міма вушэй мае пытанні. Ну і аднойчы сабралася і прыехала. А ў інтэрнаце сядзіць мая дачка... з унукам. Я зрабіла тое, што павінна была зрабіць: падтрымала яе. Хоць у душы, вядома, аплаквала яе няшчасную долю, ведала ж, як гэта — адной дзяцей гадаваць. Можа, гадоў праз пяць, калі ўжо скончыла вучобу, яна расказала пра аднакласніка, які прызнаўся ў каханні на выпускным вечары. Тады ўсё і здарылася. О, лепш бы я не купляла тую злашчасную сукенку!»

Алена стала добрым спецыялістам, работу ёй прапанавалі на сталічным прадпрыемстве, выдзелілі пакой у інтэрнаце, дзе яна і жыла з сынам. Працавала там амаль пяць гадоў, атрымлівала павышэнне па службе. Аднойчы падмяніла намесніцу дырэктара завода, якая захварэла, і правяла экскурсію для замежнай дэлегацыі. Тады яны і сустрэліся з Томам. Ён прылятаў у Мінск яшчэ некалькі разоў, а потым забраў іх з сынам. Цяпер у іх нарадзіўся яшчэ адзін сынок. Кожнае лета яны прыязджаюць да маці і цешчы, і яна любуецца іх сям'ёй. «Лена нават крыху дапамагае малодшаму брату, хоць яны з нявесткай не зломкі, самі зарабляюць, — працягвала Ніна. — А калі будавалі дом, місіс і містар Ш. (так я іх жартам называю) на сямейным савеце пастанавілі дапамагчы сваякам. Яны ўсё вырашаюць разам. А я, дурніца, на яе сямейным жыцці ўжо амаль крыж паставіла. Цяпер успамінаю, як на выпускным казала настаўніца Лены: «Свой лёс абавязкова сустрэнеце: што не ваша, яно адляціць, адарвецца, а што ваша — тое вас знойдзе». Відаць, і праўда.

Дарэчы, нядаўна ён да мяне прыходзіў, аднакласнік даччын, пра сына свайго пытаў. Я сказала: «Цябе не вінавачу, ты ж сам дзіця горкае быў. А пра сына забудзь, ён расце, вучыцца, усё, што трэба, мае». Хоць шкада мне яго, развёўся нядаўна, дзяцей няма. І відны, і не дурны, і вывучыўся, а шчасця няма. Мусіць, лёс такі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Красноярск — город с денежной купюры

Красноярск — город с денежной купюры

Он находится почти в сердце Сибири. 

Спорт

Дзяніс Валынцаў: Польшча стала для мяне добрым трамплінам

Дзяніс Валынцаў: Польшча стала для мяне добрым трамплінам

Пра лёс і гандбол за 40 хвілін ад беларускай мяжы.

Грамадства

Як працуюць нарыхтоўшчыкі чарніц у сезон

Як працуюць нарыхтоўшчыкі чарніц у сезон

«За два тыдні зарабіў 1400 рублёў».