Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Не ныццём дык... бунтам

Цяпер у вёсках мала хто трымае кароў. І пасвіць іх, і нарыхтоўваць сена, і даіць-даглядаць людзям сталага веку цяжка, моладзі — не ахвота. А вось некалі рагуля (а то і не адна) была на кожным падворку, бо як жа без малака? У крайнім выпадку — казінага. Памятаю, у нашай вёсцы была гаспадыня, якой, мусіць, вельмі балела спіна і якая для таго, каб падаіць сваю козачку, для большай зручнасці ставіла яе на стол, як ручную швейную машынку...

У нас жа была карова. Мне нават давялося за цэлым статкам пахадзіць, хоць і ў якасці падпаска. Даіць жа карову, як і ўсе нашы хлопцы, я не вучыўся з прынцыпу, бо не мужчынская гэта справа. А вось малако любіў, асабліва ў дзяцінстве.

Аднойчы (мне было гадоў з пяць) ускараскаўся я на стол, як тая каза, і ўжо адтуль пазіраў на вялікі вэрхал, які называўся «рамонт у хаце». Рабілі яго мае бацькі, а я трымаў у руках сваю любімую цацку — флакон з-пад адэкалону, напоўнены вадой, і праз яе разглядаў газету (можа, нават «Звязду»). Праўда, не моўчкі, бо з раніцы (а ўжо пад абед) быў галодны і прасіў, ды што там — нават патрабаваў есці. Аднак бацькі, захапіўшыся справай, не звярталі ўвагі ні на мяне, ні на маё ныццё, што выглядала прыкладна так:

— Мы будзем абедаць? — канькаў я.

— Хацелася б ведаць! — адгукалася маці.

— Мне трэба пад'есці!

— Адкуль тыя весці? — гэта ўжо тата.

— Дайце хоць малака! — ішоў на кампраміс я.

— Падаі быка, — раіла мама.

Вось гэтага, апошняга, я ўжо не сцярпеў: пакрыўдзіўся, адвёў руку са сваёй любімай цацкай і з ўсёй сілы шпурнуў яе ў дзверы.

Флакон са звонам разбіўся, шкло, як здалося, разляцелася па ўсёй хаце...

Я не на жарт спалохаўся і з жахам чакаў рэакцыі бацькоў.

На шчасце, яны хіба рассмяяліся ды, магчыма, успомнілі крылатае: галоднаму хлеба, халоднаму цяпла, а сытаму — музыкі.

Я, ва ўсякім разе, атрымаў не толькі малака, але і нешта «зверху» — не ныццём дык бунтам.

Яўген Шастакоў, г. Гомель


Ведай, каток, свой куток

Сённяшнія дзеткі, што называецца, прападаюць — сіднямі сядзяць пры сваіх камп'ютарах, планшэтах, углядаюцца ў экраны мабільнікаў.

У час майго дзяцінства такіх цудаў тэхнікі, вядома ж, не было — хіба правадное радыё ды адзін-два тэлевізары на ўсю вёску (у чужой хаце, згадзіцеся, не дужа нешта паглядзіш). Вось і гойсалі мы па вуліцы, вось і займаліся чым хацелі і як хацелі.

Помню, неяк летам апынуліся каля фермы. Кароў там не было — выгналі на пашу. А сам кароўнік, расчыніўшы дзверы, нібы адпачываў — «дыхаў» свежым паветрам, вабіў зайсці.

Мы, узброеныя самаробнымі рагаткамі, пісталетамі, вінтоўкамі ды лукамі, вядома ж, зазірнулі і, агледзеўшыся, распачалі «вайну». Прычым мне ў ёй яўна не пашчасціла: з нейкай «зброі» і незнарок я выбіў шыбу — невялічкую, не столькі тога шкла, колькі звону... І потым страху.

Я з плачам паімчаў дахаты:

— Тоня, мяне пасадзяць у турму! — з адчаем аб'явіў любімай бабулі.

— Гэта ж за якое злачынства, дзіцятка? — здзівілася яна.

І потым, выслухаўшы, караць не стала: суцешыла, папрасіла суседа зашкліць тое акенца. А нарэшце строга прыказала, каб на ферму больш — ні нагой, ніколі.

Я паабяцаў і досыць доўга трымаўся — не хадзіў, хоць і хацелася. Але ж неяк, ужо ў школьныя гады, чэрці занеслі: замучыла нас з хлопцамі смага, нехта сказаў, што вады там — хоць заліся, і мы пайшлі.

У кароўніку высока пад столлю была вялікая ёмістасць. Вада ў яе набіралася з блізкай рэчкі і ўжо адтуль паступала да паілак і кранаў.

Адзін з іх мы адкрылі і напіліся (рачной).

Але гэтага здалося мала: у кароўніку былі падвясныя ваганеткі, на якіх з памяшкання вывозіўся гной. Яны гучна перамяшчаліся ўздоўж прахода, і на іх, моцна ўхапіўшыся ды падціснуўшы ногі (а да таго адшукаўшы чысцейшае месца), можна было метраў колькі праехаць — на сваю рызыку...

Не ведаю, колькі б мы каталіся, калі б за гэтым заняткам нас не заспеў адзін, мякка кажучы, п'янаваты дзядзька, не закрычаў, што мы — асталопы: знайшлі дзе гуляць. Тут, маўляў, хіба скалечыцца ці пава...

Слова гэтае дзядзька не дагаварыў: ён... аступіўся і ледзь не па калені ўваліўся ў рудую жыжу.

Не ведаю, як бы ён з яе выбіраўся...

Мы, як маглі, памаглі, потым падвялі да крана — абмылі штаны, абутак.

Дзядзька з той удзячнасці выдаў нам па дваццаць капеек: для малых і па тым часе — грошы, але ж... не кампенсацыя.

Ва ўсякім разе, пасля гэтага здарэння мы на ферму больш не хадзілі.

Аляксандр Матошка, г. п. Расоны


Іншы бок медаля

...З чаго пачалося: ідзе неяк па вуліцы мая суседка і — рот да вушэй — сама сабе ўсміхаецца. Пытаюся:

— Нешта смешнае з'ела?

— Вой, не кажыце! — усклікае тая. — На юбілеі была — каляжанка запрасіла. І накарміла, і напаіла, а ўжо з кім за стол пасадзіла, вы не паверыце: з самім Кабзонам!

— ?!

— Значыць, прыходжу, — здалёк пачынае жанчына, — юбілярка з гасцямі знаёміць, са сваёй стрыечнай сястрой. Жанчына — скажу вам — якіх пашукаць: прывабная ва ўсіх адносінах. А ўжо прыбраная... І сукенка на ёй, і туфлі, і прычоска валасок да валаска, і завушніц, пярсцёнкаў, ланцужкоў, як на ёлцы: дзе толькі месца вольнае, там і ёсць...

Я ўсё разгледзела, бо насупраць сядзела. А яна ж адразу рэй павяла. Відаць, прывыкла выступаць ды камандаваць, быць навідавоку. Ну і пачала: верш-прысвячэнне — ад яе, тост — яе, анекдот ды песня — таксама...

Голас у запевалы і праўда, прыгожы — не падкапаешся. Вось яна і зацягвае, а ўжо мы — то ўсе падпяваем, то маўчым, калі знак падасць, бо яна тады сола вядзе.

Карацей, цэнтр увагі, галоўная госця — на юбілярку ніхто не зважае: усе гэту артыстку слухаюць.

Муж яе, бачу, да такога прывык, жонцы не пярэчыць (відаць, звычкі не мае), але ж час ад часу далікатненька просіць: маўляў, Кабзон ты мой, можа, досыць? Можа, памаўчыш, адпачнеш крыху?

Жонка, што называецца, і не думае: гне сваё — што нікога не здзіўляе. Але ж пры чым тут Кабзон? Ён, як быццам, ніколі не спяваў ні пра ваду, што ў ярок цячэ, ні пра сівага каня, ні пра чарку на пасашок?

Дарэчы, нават пасля яе салістка не перастала выступаць: новыя песні стала заводзіць — ужо ўласнай, мусіць, «вытворчасці», бо ніхто з гасцей іх не чуў, слоў не ведаў. Ды і песні, мякка кажучы, былі так сабе — слухаць не хацелася.

Госці сталі перамаўляцца, шумець, але аўтарка ні на што не зважала, яна — з апошніх сіл, можна сказаць, — спявала, несла песню ў народ, аж да сёмага поту.

Ён спачатку выступіў на лбе ды на пераноссі (жанчына выцерла), потым «зацурчэў» па скронях (яна ўсё мацала: адкуль?), па шыі пацёк — у «лагчынку», што ў дэкальтэ: ведама, гарачыня — і ў хаце градусаў 30, і ўнутры за 40 (жанчына піла гарэлку).

Карацей, яна зусім змаглася і...

Сцягнула з галавы парык, сказала «Як жа ты мне збрыдзеў!» і пляснула ім аб стол.

Цішыня вакол наступіла — проста мёртвая: ніхто ні слоўка, ні паўслоўка...

— Во з якім Кабзонам я за сталом сядзела, — завяршыла расказ суседка.

А потым яшчэ дадала, што яно і зразумела: спевакам-аматарам да сапраўдных артыстаў — як ад зямлі да сонца. Тыя, вядома ж, умеюць трымацца, прычым да канца...

А зрэшты, хто яго ведае? Можа, яны таксама калі «зрываюцца», і мы проста не бачым?

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж чарговы напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з першым намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Наталляй Карпенкай — працуе, гісторыі пошта прыносіць...

Дарэчы, у «прадмове» да іх многія паведамляюць, што даўно чытаюць газету і што гэтак жа даўно збіраліся напісаць...

То не збірайцеся — пішыце! І вядома ж, выпісвайце — адзіную (са штодзённых) беларускамоўную газету, «Звязда», якая больш за сто гадоў з вамі, вашымі бацькамі і дзядамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.