Вы тут

Фотадзённiк фестывалю «Берагiня»


Імпрэзы Х Рэспублiканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагiня» праходзяць у гарадскiм пасёлку Акцябрскi Гомельскай вобласцi. 


Апошнi дзень фестывалю па традыцыi адводзiцца на знаёмства з народнымi умельцамi.  Пад шатамi старых дрэў цэнтральнага скверу займаюць месцы майстры ткацтва, саломапляцення, разьбяры, самадзейныя мастакi, вышывальшчыцы. Усе яны сваёй творчасцю працягваюць традыцыi папярэднiкаў i гэта з'яўляецца натуральным складнiкам фестывалю "Берагiня». 


I паплыў купальскi вянок... Праўду кажучы, паплыў ён не па цёмнай вадзе начнога возера (як гэта планавалася ў сцэнарыi Рудабельскага купалля), а па ручаiнкам шчодрага дажджу на цэнтральнай плошчы пасёлка Акцябрскi. Працяглы дождж прымусiў перанесцi фэст з набрынялай лугавiны на асфальт, але святочны настрой з-за гэтага не знiк.

Упершыню ў двадцацiгадовай гiсторыi фестывалю «Берагiня» мiстэрыя начнога  Купалля прайшла на ажыўленай плошчы i, на агульную думку, удалася не горш за iншыя. Было заплятанне вянкоў, карагоды са спевамi, выступалi музычныя гурты, здзiўлялi агнi феерверку.  А вогнiшча замянiў ззяючы таямнiчым святлом шматмятровы вянок. Яго мясцовыя майстры зрабiлi, каб у купальскую ноч пусцiць па возеры, але арганiзатары сваечасова перанеслi цуда-выраб на залiтую дажджом плошчу. I атрымалася выдатна! 


Рэспублiканскi конкурс апавядальнiкаў беларускай народнай прозы «Несцерка» - адзiн з самых цiкавых у праграме фестывалю. Канкурсанты павiнны ўвайсцi ў вобраз народнага расказчыка, дасканала перадаць мясцовыя дыялекты, па-майстэрску iмправiзаваць.

З розных рэгiёнаў Беларусi удзельнiкi фестывалю прывезлi мясцовыя байкi, легенды, жартаўлiвыя лiчылкi i хуткамоўкi. Iх выступленнi уважлiва слухала журы - вядомыя спецыялiсты з Нацыянальнай акадэмii навук i вядучых ВНУ.

Шчыра вiтала фестывальная аўдыторыя фальклорны гурт з Расii. Госцi прывезлi на беларускую сцэну рускiя абрадавыя песнi прысвечаныя хлебаробам. 

У файе раённага Цэнтру вольнага часу увагу гасцей «Берагiнi» прыцягвае выстаўка здымкаў, героi якiх - удзельнiкi фестывальнага руху з розных гарадоў i вёсак. Гэтыя здымкi ў мiнулыя гады былi змешчаны на старонках газеты «Звязда». Найстарэйшая беларуская газета «Звязда» была i застаецца верным сябрам Рэспублiканскага фестывалю фальклорнага мастацтва. 

Аматарам паэтычнай творчасцi цiкава было сустрэцца з удзельнiцай фальклорнага калектыва Софьей Мароз. Акрамя удзелу у агульнай праграме яна прывезла на фестываль свой новы зборнiк вершаў «Лёс, асвечаны сонцам». 


Дзясяты па лiку фестываль «Берагiня» праходзiць на гiстарычнай рудабельскай зямлi ў час стогадовага юбiлею так званай Рудабельскай рэспублiкi. Стагоддзе таму (падчас Першай сусветнай вайны) на зямлi, дзе цяпер знаходзiцца Акцябрскi раён, заставалася непакораная акупантамi тэрыторыя. Тут захоўвалася савецкая ўлада.

Аб жыццi вяскоўцаў, iх барацьбе за незалежнасць i мiрнай працы, расказваецца ў дакументальнай аповесцi Сяргея Грахоўскага «Рудабельская рэспублiка», зняты мастацкi кiнафiльм, напiсана п'еса. Пра iх подзвiг нагадвае велiчны манумент на цэнтральнай плошчы пасёлка Акцябрскi.

Падзеi стогадовай даўнiны ляглi ў падмурак сёняшняга жыцця Рудабельскага краю, назаўжды засталiся у яго слаўнай гiсторыi. Iмя арганiзатара непакаронай рэспублiкi прысвоена мясцовай школе, вулiцы раённага цэнтра. Удзельнiкi  фестывалю «Берагiня» наведалi мясцовы музей, з цiкавасцю пазнаёмiлiся з экспанатамi экспазiцыi.


«Берагiня» - гэта брэнд! Так лiчаць жыхары пасёлку Акцябрскi i ўсе, хто спрычынiлiся да фальклорнага фестывалю ў гэтых маляўнiчых мясцiнах. Прыгажосць народных строяў удзельнiкаў i месцiчаў сугучна з запаведным хараством наваколля. Гэта адзiнства жывiць творчасць майстроў, якiя услаўляюць iмя «Берагiнi» у творах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


На фестывальнай сцэне - «Лявонiха» i «Барыня». Так называюцца рэспублiканскiя конкурсы выканаўцаў побытавых танцаў i майстроў харэаграфiчнай iмправiзацыi. Журы i гледачы конкурсаў убачаць не толькi папулярныя танцы, але i малавядомыя (так, напрыклад, выканаўцы танца «Мiкiта» павiнны спрытна танчыць над перакрыжаванымi хварасцiнамi, або двума пячнымi чапяламi). 

Сярод канкурсантаў можна ўбачыць i малодшых школьнiкаў, i танцораў, якiя ўжо даўно на пенсii. Гэта сведчыць пра арыентаванасць фестывалю на захаванне самабытнай народнай творчасцi праз перадачу моладзi ведаў аб беларускiм фальклоры. 

Кампетэнтнае журы улiчвае усё: майстэрства выканання, этнаграфiчную дакладнасць вопраткi, артыстызм. Адзнаку даюць вядомыя беларускiя знаўцы народнага танца. 


Усяго ж больш за 800 удзельнiкаў рознага ўзросту з усiх рэгiёнаў Беларусi пазнаёмяць гледачоў з лепшымi узорамi фальклорнага мастацтва.

Сёлета адбудуцца больш за 30 фестывальных iмпрэз. Самыя відовiшчныя - свята «Рудабельскае Купалле», выступленнi беларускiх i замежных калектываў. Навукоўцы-практыкi абмяняюцца думкамi на рэспублiканскай навукова-практычнай канференцыi «Традыцыйная культура i дзецi: праблемы этнавыхавання».

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...