26 Верасень, серада

Вы тут

Ад педагога залежыць, як «будзе гучаць мелодыя»


Медыяпраект «Мая малая Радзіма, або Чаму я стаў педагогам?» запусцілі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Яго вынікам павінен стаць шматсерыйны фільм, прысвечаны знакавым асобам БДПУ. Мяркуецца, што кожная серыя будзе прысвечана малой радзіме героя сюжэта і яго педагагічнаму шляху. Трэба адзначыць, што гэта далёка не першы праект ва ўніверсітэце, у цэнтры якога аказваецца асоба педагога. Раней праводзіўся творчы конкурс на найлепшае сачыненне пра настаўніка сярод школьнікаў і студэнтаў, конкурс відэаролікаў аб прафесіі настаўніка, ладзіліся дэбаты па педагагічнай футуралогіі «Школа заўтрашняга дня», фарсайт-форум «Будучыя педагогі — пра тэхналогіі будучыні»... Напярэдадні прыёмнай кампаніі мы сустрэліся з рэктарам, прафесарам Аляксандрам ЖУКОМ, каб даведацца, каго будуць рады бачыць у педагагічным універсітэце...


Аляксандр Жук уручае педагагічны «Оскар» (статуэтку, якая ўяўляе сабой мініяцюрную копію скульптурнай кампазіцыі «Настаўніца першая мая») пераможцы конкурсу «Студэнт года» ў намінацыі «Навукова-даследчая дзейнасць» трэцякурсніцы спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» Алене Фендзіч.

Першы блін не камяком

— У наступным годзе БДПУ адзначыць свой 105-гадовы юбілей, і мы ўжо распачалі падрыхтоўку да яго: запускаем конкурс «БДПУ — мая малая радзіма». Накіравалі ўсім нашым вядомым выпускнікам, сярод якіх ёсць і парламентарыі, і кіраўнікі навуковых прадпрыемстваў, акадэмікі, прадстаўнікі найвышэйшага менеджменту ў адукацыі, прапанову-просьбу падзяліцца сваімі думкамі наконт таго, якую ролю адыграў педагагічны ўніверсітэт у іх прафесійным станаўленні і развіцці як асобы, расказаць пра найбольш яркія падзеі з іх студэнцкага жыцця. Усе матэрыялы будуць сабраныя ў альманах «БДПУ — мая малая радзіма», і кожны з аўтараў абавязкова атрымае экзэмпляр юбілейнага выдання.

— Аляксандр Іванавіч, не памылюся, калі скажу, што абсалютна кожная ВНУ нацэлена на прыцягненне найбольш моцных і матываваных абітурыентаў. Але ў вас ёсць свая спецыфіка...

— Усе мы добра разумеем: ад таго, які абітурыент прыйдзе сёння вучыцца да нас, залежыць, які настаўнік прыйдзе заўтра ва ўстановы адукацыі. Але як матэматык я вам скажу так: моцная падрыхтоўка — неабходная ўмова, але недастатковая. Педагогіка — прафесія не для кожнага. Нам патрэбныя маладыя людзі з педагагічнымі схільнасцямі, з жаданнем вучыць іншых, з лідарскімі якасцямі, уменнем камунікаваць і выстройваць стасункі з іншымі. Гэта не праца на канвееры, а штодзённая работа з людзьмі: вучнямі і іх бацькамі. Матывацыя да прафесіі — вось што, напэўна, самае важнае. Дзеці — розныя, а задача настаўніка — зразумець усіх, да кожнага вучня знайсці свой ключык.

— Некалькі гадоў таму вы зрабілі стаўку на развіццё сеткі педагагічных класаў. Летась адбыўся першы масавы выпуск. Ці засталіся задаволеныя якасцю падрыхтоўкі першакурснікаў, якія паступілі да вас па выніках гутаркі?

— Наша ідэя стварэння педкласаў была падтрымана на самым высокім узроўні і сёння мы бачым, што гэта было правільнае рашэнне. У бягучым навучальным годзе на першым курсе ў нас навучаюцца 130 выпускнікоў педкласаў, і мы ўважліва сочым за імі: хто ж да нас прыйшоў, ці не было гэта памылкай? Пры паступленні ва ўніверсітэт іх сярэдні бал быў каля дзевяці — гэта вельмі высокі паказчык. Падчас першай зімовай сесіі, калі сярэдні бал першакурснікаў па ўніверсітэце быў недзе каля сямі балаў, у выпускнікоў педкласаў ён быў каля васьмі — як і ў медалістаў, якія таксама паступаюць ва ўніверсітэт без экзаменаў. Значыць, па падрыхтоўцы яны ім не саступаюць.

Што нас вельмі радуе, дык гэта сацыяльная актыўнасць выхаванцаў педкласаў, іх лідарскія якасці, гатоўнасць браць на сябе адказнасць. Яны задзейнічаны ва ўсіх нашых найважнейшых мерапрыемствах і праектах: далучаюцца да прафсаюзных спраў, валанцёрскага руху, працуюць у студатрадах, удзельнічаюць у творчым і спартыўным жыцці ўніверсітэта. Сярод іх 13 старастаў толькі на першым курсе. А студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі стварылі ва ўніверсітэце клуб выпускнікоў педагагічных класаў. У іх ёсць агульная платформа, што аб'ядноўвае, яны пачынаюць групавацца ў своеасаблівае братэрства, чаму мы вельмі рады.

Таксама ў нас праводзілася ананімнае анкетаванне выпускнікоў педкласаў, якія сталі нашымі студэнтамі, з мэтай даведацца, як яны самі ацэньваюць вынікі сваёй першай сесіі, ці апраўдаліся іх чаканні ад вучобы ва ўніверсітэце, ці не расчараваліся яны ў выбары? Першакурснікі канстатавалі, што сесія была для іх няпростая. Калі на гуманітарных факультэтах сярэдні бал быў 9, то на фізіка-матэматычным — каля 7. На іх думку, яны яшчэ не зусім адаптаваліся да ўніверсітэцкіх патрабаванняў, не былі гатовыя да таго, што ў вышэйшай школе трэба сістэматычна працаваць, але яны сталі больш вопытныя, таму ўпэўнены ў тым, што другая сесія будзе для іх больш паспяховай. Мы таксама з нецярплівасцю чакаем вынікаў летняй сесіі... А на пытанне: «Калі б у вас была магчымасць зноў паступаць ва ўніверсітэт, ці выбралі б вы БДПУ?» абсалютная большасць дала станоўчы адказ.

Першы досвед

— Вам не крыўдна, калі льготу для медалістаў пры паступленні ў ваш універсітэт называюць «пралазам для лянівых»? Маўляў, яны нават ЦТ на прыстойны бал здаць не могуць...

— Тут я з вамі паспрачаюся: «медаліст» і «лянівы» — гэта паняцці з розных сістэм каардынат! Каб вучыцца на выдатна па ўсіх прадметах, патрабуюцца не толькі акадэмічныя здольнасці, але і такія якасці характару, як сіла волі, мэтанакіраванасць, працавітасць, вынослівасць, уменне размяркоўваць нагрузку, высокая ступень адказнасці і іншыя. Летась у БДПУ былі залічаны 175 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў ССНУ з адзнакай. З кожным годам усё большая колькасць медалістаў выбірае БДПУ! Заўважу, што з 32 спецыяльнасцяў дзённай формы навучання выдатнікі могуць паступаць без экзаменаў толькі на 12. На найбольш запатрабаваныя абітурыентамі спецыяльнасці накшталт «Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка», «Руская мова і літаратура. Замежная мова» такой ільготы няма. Але калі паглядзець на спісы першакурснікаў, то на кожную з гэтых спецыяльнасцяў залічаны медалісты. Гэта значыць, што ўсе яны паспяхова здалі цэнтралізаванае тэсціраванне і ўдзельнічалі ў конкурсе на агульных падставах.

— У красавіку — маі сёлета праводзілася анкетаванне сярод выпускнікоў педагагічных класаў. Ці можаце вы падзяліцца яго вынікамі?

— Каб мець зваротную сувязь (наколькі навучэнцы педагагічных класаў задаволены праграмай факультатыву «Уводзіны ў педагагічную прафесію», якія рэкамендацыі яны фармулююць і г. д.), Цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі заўсёды маніторыць сітуацыю. Больш за палову выпускнікоў педкласаў гэтага года (56 %) адзначылі, што ім спадабалася навучацца ў педагагічным класе, 42 % не шкадуюць аб тым, што прайшлі такую профільную падрыхтоўку. І каля 80 % выпускнікоў лічаць факультатыўныя заняткі «Уводзіны ў педагагічную прафесію» карыснымі для развіцця асобы ўвогуле. Вось што кажуць яны самі. «Дзякуючы гэтым заняткам я стаў больш упэўненым». «Асабліва каштоўнымі для мяне былі веды і ўменні ў галіне кіравання канфліктамі і міжасабовага ўзаемадзеяння. Упэўнены, што гэтыя тэмы спатрэбяцца ў маёй будучай прафесійнай дзейнасці». «Педагагічныя спробы былі новым і цяжкім для мяне досведам. Не думала, што настаўнік павінен так шмат зрабіць, каб правесці ўрок». «Педагагічны клас — ідэальная знаходка для навучэнцаў, якія мараць аб паступленні ў педагагічны ўніверсітэт».

У праграме факультатыву шмат часу адводзіцца на педагагічныя спробы. І, як вынікае з адказаў вучняў, ім па душы такая форма знаёмства з прафесіяй: педагагічныя спробы былі адзначаны большасцю ўдзельнікаў анкетавання як найбольш карысны вопыт, атрыманы ў ходзе навучання.

Традыцыйна кожную вясну ў БДПУ праходзіць дзень адкрытых дзвярэй.

Анкетаванне таксама паказала, што ў гэтым годзе выпускнікоў педкласаў у набольшай ступені цікавяць такія спецыяльнасці як "лагапедыя", "гісторыя", "псіхалогія", "пачатковая адукацыя", "філалогія", "дашкольная адукацыя" і "хімія і біялогія".

— На гутарцы выпускнікі педагагічных класаў прадстаўляюць сваё партфоліа «Я — педагог». Скажыце, гэта фармальнасць ці першыя педагагічныя спробы школьнікаў насамрэч вартыя ўвагі? Увогуле, ці варта баяцца гутаркі?

— Партфоліа — вынік двухгадовай працы вучня. Спачатку мы прапанавалі комплекснае партфоліа, якое складалася з трох раздзелаў: «Мой партрэт», «Асабістыя дасягненні» і «Партфоліа работ». Потым прапанавалі ўключыць у яго структуру рэфлексіўны раздзел, у які можна змяшчаць рэфлексіўныя і ацэначныя каментарыі педагогаў, аднакласнікаў, бацькоў, вынікі рэфлексіі і самаацэнкі самога навучэнца.

На гутарках, якія праходзілі летась, у нас была магчымасць пазнаёміцца са створанымі партфоліа, і мы пераканаліся ў тым, што работа над імі дапамагае адрэфлексаваць сваю педагагічную дзейнасць, правесці самадыягностыку ўласных педагагічных здольнасцяў і зрабіць усвядомлены выбар прафесіі. Хлопцы і дзяўчаты адзначалі, што работа па якасным напаўненні партфоліа была не з простых, але гэта быў вельмі карысны досвед і важнае асабістае дасягненне. Таму я раю ўсім нашым абітурыентам: не трэба саромецца дэманстраваць свае дасягненні! Баяцца гутаркі таксама не варта. Але трэба быць гатовым растлумачыць, чаму вы выбіраеце дадзеную педагагічную спецыяльнасць, прадэманстраваць валоданне паняццямі, засвоенымі на факультатыўных занятках, і падмацаваць усё ўласнымі педагагічнымі спробамі. На сайце «Педагагічныя класы» ў раздзеле «Пытанні, што часта задаюць» можна прачытаць пра тое, як праходзіць гутарка і якія дзейнічаюць крытэрыі ацэньвання яе вынікаў.

Мы ўжо задумваемся над тым, каб стварыць своеасаблівую галерэю з самых цікавых партфоліа, каб з імі маглі азнаёміцца цяперашнія навучэнцы педкласаў. Але для гэтага нам спатрэбіцца дазвол іх аўтараў. Спадзяюся, што яны нашу ідэю падтрымаюць.

Увогуле падчас гутаркі стала зразумела, што да нас прыйшла асаблівая катэгорыя абітурыентаў. Яны не толькі ведаюць спецыфіку педагагічнай працы, яе плюсы і мінусы, але ўжо маюць і першы педагагічны досвед, таму разглядаюць пытанні адначасова і з пазіцыі настаўніка, і з пазіцыі вучня, умеюць весці дыялог, аргументаваць сваю думку.

Хочацца падзякаваць і кіраўнікам школ, што яны вельмі адказна ставяцца да выдачы рэкамендацый. Далёка не кожны выпускнік можа разлічваць на гэты дакумент, а толькі самыя дастойныя.

На крок наперадзе

— Магчыма, выхаванне будучых педагогаў трэба распачынаць не ў старшых класах, а крыху раней?

— Вы маеце рацыю. Два гады таму мы прааналізавалі першыя вынікі дзейнасці педагагічных класаў і для нас стала відавочна, што работу па прыцягненні навучэнцаў у педкласы трэба распачынаць раней, ужо на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, каб арыентаваць на ўсвядомлены выбар педагагічнага профілю ў старшых класах. Гэту ідэю падтрымалі і кіраўнікі школ і гімназій, і педагогі, якія працуюць у педкласах. Таму мы распрацавалі мадэль дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі і запусцілі рэспубліканскі эксперыментальны праект па апрабацыі гэтай мадэлі. Яго ўдзельнікамі сталі 15 устаноў з пяці абласцей і сталіцы, у тым ліку 8 школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара неперарыўнай педагагічнай адукацыі.

Для навучэнцаў эксперыментальных груп былі распрацаваны праграмы факультатыўных заняткаў "Вучыся вучыцца" (5 клас), "Пазнай сабе" (6 клас), "Сямейная педагогіка" (7 клас), "Педагагічныя ролі настаўніка" (8 клас) і "Майстэрства практычнага чалавеказнаўства" (9 клас). Эксперымент яшчэ на завершаны (ён разлічаны на 2016—2019 гады), але ўжо зараз можна з упэўненасцю казаць, што педагагічная прафілізацыя адукацыйнага працэсу стварае асяроддзе, дзе ўсе і ўсё працуюць на папулярызацыю педагагічнай працы і павагу да педагагічнай прафесіі.

У міжвузаўскім конкурсе грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна Беларусі — 2018» студэнтка факультэта дашкольнай адукацыі Кацярына Дзябёлая стала пераможцай у намінацыі «Абаянне». На сцэне яна «намалявала» партрэт вядомага рэжысёра Леаніда Гайдая ў тэхніцы «зорны пыл».

— Ці падзяляеце вы наступную думку: імідж настаўніка залежыць ад таго, наколькі ён адпавядае патрэбам часу?

— Сучасны настаўнік павінен быць гнуткім, мабільным, таму што з кожным годам рытм нашага жыцця паскараецца, паток інфармацыі расце... Калі бацькі кажуць, што адзін педагог — добры, а другі — дрэнны, думаю, што кожны з іх мае на ўвазе штосьці сваё. Для кагосьці ідэальны настаўнік — той, хто добра ведае свой прадмет, для іншага — той, хто любіць дзяцей. Некаму хочацца, каб настаўнік быў строгім і патрабавальным.

Быць настаўнікам сёння няпроста. Інтэрнэт па сіле ўплыву на маладых людзей істотна перасягае магчымасці сучаснага настаўніка, а падручнік перастаў быць галоўным сродкам навучання. Таму настаўнік не можа быць проста транслятарам ведаў, ён павінен быць кансультантам, памочнікам, сябрам дзяцей. Яго задача — даць аснову, абудзіць цікавасць да свайго прадмета і навучання ўвогуле, навучыць вучня самастойна здабываць веды, аналізаваць і, магчыма, самае важнае, — сфарміраваць стрыжань асобы дзіцяці. Настаўнік ХХІ стагоддзя — гэта цікавы, харызматычны, адукаваны чалавек, нераўнадушны, поўны творчай энергіі, які выхоўвае такіх жа актыўных, неабыякавых і мыслячых людзей. Пра ІТ-кампетэнцыі я нават не кажу — з дзецьмі трэба размаўляць на адной мове... Настаўнік павінен не проста ісці ў нагу з часам, а быць на крок наперадзе.

Дарэчы, у факультатыве «Уводзіны ў педагагічную прафесію» іміджу настаўніка прысвечаны асобны раздзел. І, па словах вучняў профільных педагагічных класаў, гэтая тэма для іх адна з самых цікавых.

— А ці адпавядае патрэбам часу педагагічны ўніверсітэт? Ці паспяваеце вы за ўсімі адукацыйнымі трэндамі? Ці ўдалося пераадолець разрыў паміж тэорыяй і практыкай, бо ад педагога патрабуецца ўменне прымяніць свае веды ў любой сітуацыі, а не толькі ў стандартнай...

— Лічу, што мы не проста паспяваем за трэндамі, а апярэджваем іх. Менавіта наша каманда стварыла прафесійны стандарт педагога, у якім знайшлі адлюстраванне самыя актуальныя патрабаванні. На падставе гэтага дакумента абнаўляюцца адукацыйныя стандарты па ўсіх педагагічных спецыяльнасцях, мадэрнізуюцца структура і змест тыпавых вучэбных планаў і праграм педагагічнай адукацыі на ўсіх узроўнях. Іх адметнасць — наяўнасць прафілізацыі, якая дае магчымасць аператыўна адкрываць новыя запатрабаваныя педагагічныя спецыяльнасці (цьютар, медыятар, праекціроўшчык адукацыйных рэсурсаў). Практыкаарыентаванасць навучання — галоўная ўмова выхавання будучага педагога. Мы ўвялі абавязковую валанцёрскую практыку на першым курсе і практыку з выдзяленнем аднаго поўнага дня ў школе кожны тыдзень на другім курсе. Студэнты наведваюць і аналізуюць урокі настаўнікаў, знаёмяцца з вядзеннем школьнай дакументацыі, відамі планавання, формамі арганізацыі вучэбнага працэсу, зместам падручнікаў і праграмы. На трэцім курсе іх чакае ўжо вучэбная практыка з самастойным правядзеннем урокаў, практыка ў летнім аздараўленчым лагеры і пераддыпломная практыка — на выпускным курсе.

— Любы выбар зрабіць складана, а тым больш выбар прафесіі. На якія пытанні павінен шчыра адказаць сам сабе выпускнік, які задумваецца аб прафесіі педагога?

— Быць настаўнікам — адна з найскладанейшых задач, таму што адзін чалавек павінен быць адначасова псіхолагам, прамоўцам, акцёрам, арганізатарам, выдатным імправізатарам. Сутнасць прафесіі педагога не проста ў трансляцыі ведаў. Гэта высокая місія і гатоўнасць вучыцца ўсё жыццё разам з дзецьмі і ў дзяцей. Адна з вучаніц напісала пра педагога ў сваім сачыненні: «...Гэта музыкант, які віртуозна грае на тонкіх струнах дзіцячай душы. І ад майстэрства педагога-музыканта залежыць, як будзе гучаць мелодыя». Зрабіць з чалавека добрага настаўніка можа толькі неабыякавасць: калі ў цябе ёсць імкненне змяніць свет да лепшага, то гэтая прафесія для цябе!

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Прафесія не для кожнага

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.