24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Беларускае радыё запускае "зваротны адлік" да ІІ Еўрапейскіх гульняў


Роўна праз год, 21 чэрвеня 2019, на мінскім стадыёне "Дынама" запаліцца алімпійскі агонь. На працягу ўсяго эфірнага дня Першы нацыянальны канал Беларускага радыё будзе расказваць, як Беларусь рыхтуецца прыняць важную спартыўную падзею кантынента.


Якіх дасягненняў і рэкордаў варта чакаць на беларускіх Еўрагульнях, якія сюрпрызы рыхтуюць для ўдзельнікаў і гасцей арганізатары, што будуць уяўляць сабою шматлікія спартыўныя аб'екты, на якіх разыграюць каля 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту, - гэтыя і іншыя тэмы будуць асвятляцца падчас тэматычнага радыёдня.

Слухачы з дапамогай спецыяльных карэспандэнтаў радыё стануць непасрэднымі ўдзельнікамі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця рэканструяванага стадыёна "Дынама", старту эстафеты 4/100 метраў, які дадуць прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьян Коэ і алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка.

У выпусках навін запланаваны прамыя ўключэнні з рэгіёнаў краіны: спартыўных пляцовак, спецыялізаваных секцый, школ алімпійскага рэзерву, летніх профільных лагераў. Менавіта там ужо сёння фарміруецца новая генерацыя спартсменаў-алімпійцаў.

Спорт высокіх дасягненняў, здаровы лад жыцця, дзяржаўная палітыка ў сферы падтрымкі і развіцця масавых відаў спорту, а таксама падрыхтоўка інфраструктуры мультыспартыўнага форуму, каманды валанцёраў і сэрвіснай службы - усе гэтыя тэмы будуць абмяркоўвацца з экспертамі ў інфармацыйна-аналітычным праекце "Радыёфакт" у 07.00.

Ранішняя інфармацыйна-музычная праграма "Раніца з Беларускім радыё" ў 08:00 парадуе бадзёрымі песнямі на спартыўную тэматыку, распавядзе аб тытулаваных беларускіх атлетах і запросіць знакамітасцяў у госці. А спецыяльны праект "Еўрагульні-2019" у 9.30 распавядзе аб гатоўнасці спартыўных аб'ектаў да гульняў.

"Сямейная праграма" ў 11.10 і 17.05 падкажа, як выгадаваць алімпійскага чэмпіёна, з якога ўзросту і ў якія секцыі варта аддаваць дзяцей, як падтрымліваць будучыя таленты.

Перадача "Будзьце здаровыя!" ў 11.35 азнаёміць з дасягненнямі айчыннай спартыўнай медыцыны.

Гасцямі аналітычнай праграмы "Актуальны мікрафон" у 12.05 стануць прадстаўнікі фонду "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года", якія распавядуць аб праграме гульняў, прыадкрыюць некаторыя сакрэты цырымоній іх адкрыцця і закрыцця.

Музычна-забаўная праграма "Настрой!" у 13.10 арганізуе сустрэчу з беларускімі музыкантамі і выканаўцамі, якія сябруюць са спортам і гатовыя падчас гульняў падтрымаць сваёй творчасцю беларускіх атлетаў і гасцей форуму.

Спартыўныя каментатары канала ў выпусках праграмы "Спорт" (6.10, 8.10, 11.05, 15.05, 19.25, 23.10) распавядуць аб падрыхтоўцы нацыянальнай каманды да гульняў, працы трэнерскага штаба, запросяць да мікрафона саміх удзельнікаў будучых спаборніцтваў і, вядома, арганізуюць прамыя ўключэнні са стадыёна "Дынама", дзе ў гэты дзень пройдзе футбольны матч, а на 22 чэрвеня запланаваны парад удзельнікаў сустрэчы па лёгкай атлетыцы паміж зборнымі Беларусі, Украіны, балканскіх краін і краін Балтыі.

Падрабязнасці акцыі "Год да старту" - на афіцыйных старонках канала ў сацыяльных сетках Facebook, Twitter, “ВКонтакте”, "Аднакласнікі" і месенджары Viber.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё можна слухаць па ўсёй краіне на ўльтракароткіх хвалях, у FM-дыяпазоне, а таксама ў рэжыме рэальнага часу ў сетцы Інтэрнэт на сайце radio1.by і ў лічбавым стандарце DVB-T.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.