Вы тут

У сям'і больш магчымасцяў дапамагчы асабліваму дзіцяці, чым у прафесіяналаў


Нараджэнне дзіцяці — заўсёды велізарная радасць. Нават калі яно нарадзілася не зусім здаровае. А такое, на жаль, здараецца ўсё часцей. Першасная інваліднасць сярод дзяцей да 18 гадоў у Беларусі за апошнія 10 гадоў вырасла на 25 % і летась склала 21,06 на 10 тысяч дзяцей. Спецыялісты кажуць, што першыя тры гады ў жыцці дзіцяці — самыя важныя. Асабліва гэта датычыцца дзяцей з асаблівасцямі развіцця: калі выявіць інваліднасць у першыя 1000 дзён, можна значна паменшыць яе негатыўныя наступствы.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Аб тым, як палепшыць жыццё дзяцей з інваліднасцю, ішла размова падчас рэгіянальнай канферэнцыі краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі «Ранняе ўмяшанне для дзяцей: умацаванне сістэм і пашырэнне правоў і магчымасцяў сем'яў», якая праходзіла ў Мінску 5-6 чэрвеня.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла інфармацыю, паводле якой штогод у паслугах ранняга ўмяшання ў нас маюць патрэбу каля 15 тысяч дзяцей малодшага ўзросту. У нейкім сэнсе прычынай колькаснага росту стала ўдасканаленне ўзроўню аказання дапамогі маці і дзецям — пры родах сёння выжывае больш немаўлят. Але, натуральна, яны застаюцца з праблемамі, таму і маем прырост дзіцячай інваліднасці. Хоць, як кажуць медыкі, на гэтыя праблемы са здароўем можна рэальна паўплываць, з імі можна і трэба працаваць. На такіх малых і арыентавана мадэль ранняга ўмяшання — каб вырасціць здаровых і паўнавартасных членаў грамадства.

У Беларусі на 1 мая 2018 года зарэгістравана 31 471 дзіця з асаблівасцямі ў развіцці. Дзеці з асаблівасцямі ў развіцці складаюць 48 % ад тых, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах.

Адно з ключавых пытанняў — гэта правядзенне скрынінгу і як мага больш ранняе выяўленне дзяцей з парушэннямі ў развіцці. У цэнтры абмеркавання спецыялістаў знаходзілася таксама праблема забеспячэння паўнавартаснай падтрымкі ад прафесійна падрыхтаваных спецыялістаў усім без выключэння сем'ям, якія маюць дзяцей з інваліднасцю. Эксперты з розных краін гаварылі і пра тое, як забяспечыць дзяцей малодшага ўзросту, у якіх ёсць парушэнні ў развіцці, неабходнай падтрымкай да і падчас іх знаходжання ў дашкольных установах, а таксама падтрымкай пры пераходзе да базавай адукацыі, каб прадухіліць іх змяшчэнне ў інтэрнатныя ўстановы.

— Існуе шмат розных падыходаў да аказання паслуг па раннім умяшанні, — гаворыць доктар Ганна-Марыя Серана, прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі ранняга ўмяшання для дзяцей, член праўлення Нацыянальнай асацыяцыі ранняга ўмяшання Партугаліі. — Але ёсць агульныя прынцыпы, якія мы адстойваем. Яны могуць быць ужытыя ў любой краіне, у тым ліку і ў Беларусі. Вельмі важна праводзіць скрынінг і як мага раней выяўляць малых з асаблівасцямі. Таксама ўсе дзеці, у тым ліку і з праблемамі развіцця, павінны знаходзіцца ў натуральным асяроддзі, іх нельга аддзяляць ад сваіх бацькоў і сем'яў, змяшчаць у дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы. І самае галоўнае — у цэнтры ўсёй работы павінна быць сям'я. Трэба паважаць яе патрэбы, яе спецыфіку, лад жыцця і жаданне бацькоў выхоўваць дзіця тым або іншым чынам.

Як заявіў галоўны спецыяліст па дзіцячай рэабілітацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандр Якаўлеў, у нас сістэма ранняга ўмяшання пачала развівацца ў 2001 годзе. У нашай краіне выкарыстоўваюцца традыцыйныя класічныя падыходы да гэтай праблемы. Пры гэтым, па словах Аляксандра Якаўлева, часта сям'я знаходзіцца ў ролі пабочнага назіральніка і толькі ацэньвае дзеянні спецыялістаў у адносінах да іх дзіцяці. Але толькі пры актыўным удзеле сям'і можа эфектыўна ажыццяўляцца дапамога, упэўнены беларускі рэабілітолаг.

З ім згодны доктар Манфрэд Прэціс, прафесар па міждысцыплінарным раннім умяшанні пры медуніверсітэце Гамбурга. «Мы гаворым аб комплексным падыходзе, каардынаванай сістэме падтрымкі дзіцяці, якая пачынаецца яшчэ з радзільнага аддзялення, працягваецца праз педыятраў і заканчваецца сацыяльнай інклюзіяй. Сацыяльны сектар мае найважнейшую ролю», — кажа Манфрэд Прэціс. — Але ў сям'і нашмат больш магчымасцяў, чым у прафесіяналаў. Таму вельмі важна стымуляваць развіццё дзяцей на ўзроўні сям'і. Бацькам у першую чаргу патрэбна інфармацыя, для таго каб яны адчувалі сябе здольнымі нешта зрабіць дома для свайго дзіцяці. Калі сям'я ўцягнутая ў гэтую працу, калі маюцца надомныя праграмы развіцця дзіцяці, у якіх удзельнічаюць бацькі, бабулі-дзядулі, браты і сёстры, у такім выпадку эфект працы будзе нашмат вышэйшы». Таксама і Дзіпа Гровер, старшы рэгіянальны саветнік па раннім развіцці дзяцей Рэгіянальнага аддзялення ЮНІСЕФ для Еўропы і Цэнтральнай Азіі, адзначыла, што прыйшла пара змяніць пункт гледжання і адысці ад тэмы недахопаў і абмежаванняў, каб паставіць у цэнтр увагі сям'ю і яе моцныя бакі.

Рэгіянальная канферэнцыя «Ранняе ўмяшанне для дзяцей: умацаванне сістэм і пашырэнне правоў і магчымасцяў сем'яў» прайшла пад эгідай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у партнёрстве з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ). У ёй прынялі ўдзел выдатныя міжнародныя эксперты, спецыялісты па раннім умяшанні з больш чым 15 краін, у тым ліку з Аўстрыі, Партугаліі, Грузіі, Украіны, Балгарыі, Беларусі і Расіі, а таксама бацькі і прадстаўнікі зацікаўленых арганізацый.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Ранняе ўмяшанне паляпшае прагнозы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.