24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Жывы голас гісторыі


Ёсць людзі, месцы, падзеі, здольныя паўплываць на наша жыццё. Змяніць светабачанне, падкарэктаваць арыенціры і зрабіць пераацэнку жыццёвых каштоўнасцяў. Таму тым, хто хоча паўней адкрыць для сябе наша мінулае, глыбей зразумець яго і ў пэўным сэнсе перажыць самому, дапаможа гэта зрабіць валанцёрскі летнік у гістарычным месцы. І свет ужо не будзе ранейшым. Як той казаў, аднойчы расшыраная свядомасць ужо ніколі не звузіцца.


Летнікі бываюць розныя. Хтосьці праводзіць іх у старажытным замку, як, напрыклад, дабрачынныя фонды «Любчанскі замак» і «Крэўскі замак». Тады ўдзельнікі могуць у самым прамым сэнсе дакрануцца да старажытнага мура. Пад наглядам прафесійных рэстаўратараў часам надараецца магчымасць папрацаваць, напрыклад з часткамі сцен, якія дабудоўваюць, патынкаваць адноўлены камін, пакрыць спецыяльным растворам дошкі ў фахверкавай пабудове. Хтосьці ладзіць талаку — усе ўдзельнікі разам наводзяць парадак каля пэўнай гістарычнай пабудовы. Зусім нядаўна адбылася такая ў палацы ў Шчорсах. А некалькі гадоў таму, калі яшчэ толькі распачыналіся аднаўленчыя работы ў сядзібе Агінскіх у Залессі, валанцёры першымі дапамагалі добраўпарадкоўваць тэрыторыю.

Заўсёды прыемна прычыніцца да тых змен, якія адбываюцца на важным гістарычным аб'екце. І такім чынам падбаць пра яго дабрабыт не толькі словамі, але і справай.

Падчас такой дапамогі адбываецца поўнае паглыбленне ў гісторыю і таямніцы гэтых мясцін. Ты вывучаеш усё знутры, знаходзячыся на месцы важных падзей, больш поўна ўсведамляеш іх невыпадковасць — і тое, як яны паўплывалі на дзень сённяшні.

Аднак работы — гэта толькі адзін бок медаля. Зазвычай арганізатары летнікаў імкнуцца падрыхтаваць і якую-небудзь культурную праграму — запрасіць музыкаў, зладзіць паездку ў навакольныя адметныя месцы. Калі побач рака ці возера, то ў дзённы час (калі вельмі спякотна, каб працаваць) можна пакупацца, паплаваць ці нават сплавіцца ўніз на надзіманым матрацы. А пасля спыніцца каля самага прыгожага пясчанага схілу, узабрацца на яго, крыху адпачыць там і глядзець, як прыгожа адтуль глядзіцца замак ці сядзіба: на такой адлегласці яны падаюцца ўжо зусім невялікімі. Выцягваеш гарызантальна далонь — і гістарычны цуд ужо амаль змяшчаецца на ёй...

Валанцёр — гэта не турыст. Той, хто працуе, душой, сэрцам і розумам спрычыняецца да гістарычнага помніка. І ўжо пэўна ўсё сваё жыццё будзе адчуваць адказнасць за яго. Жаданне дапамагчы яшчэ чым-небудзь. Прыехаць і паглядзець, ці ўсё там у парадку, проста адчуць знаёмую, без перабольшання чароўную атмасферу. І зноў задаць тое ж пытанне: «Чым я магу дапамагчы?..»

Даводзілася мне быць валанцёрам і на археалагічных раскопках. І гэта яшчэ адзін цуд. Спачатку з трымценнем чакаеш, ці аддасць зямля свае скарбы, ці прыадкрые таямніцу?.. Акуратна, прытрымліваючыся тэхналогіі раскопак, слой за слоем здымаеш зямлю. Напачатку можаш адчуваць лёгкае расчараванне — замест жаданых рэчаў трапляецца адно смецце. Аднак нават невялічкія кавалкі кафлі ці збаночкаў мінулых часоў — гэта ўжо радасць, жывы голас гісторыі, які пачынае да цябе прамаўляць. І ты ўжо ведаеш гісторыю знаёмых месцаў не па кнігах, не з тых шаблонаў, якія сфарміраваліся даўно і невядома кім. Ты бачыш мінулае на свае вочы. І, прыслухоўваючыся да тлумачэння спецыялістаў, ведаеш, што, як і чаму было раней на гэтай зямлі, — хто б і што б ні казаў пазней.

Да таго ж валанцёрскі выезд — гэта заўсёды жыццё ў пэўным цікавым месцы. Ці то прыбудова да замка, ці дом мясцовага жыхара, які гасцінна пагадзіўся адчыніць яго для гасцей, што прыехалі вывучаць мінулае і працаваць з ім.

Памятаю, што падчас раскопак каля Белавежскай пушчы побач з намі хадзіла маленькае зубраня, прыручанае мясцовымі жыхарамі. Яго можна было карміць проста з рук, гладзіць. А ў мястэчку Любча, што пад Навагрудкам, надзвычай шмат буслянак. Аднойчы на велізарным дрэве каля замка ўдалося налічыць адразу 30 буслоў! Іх сапраўды шмат у гэтай мясцовасці. Пагадзіцеся, такога не ўбачыш, застаючыся дома ў чатырох сценах.

Гэта лета таксама вабіць тых, хто гатовы збочыць са звыклых сцяжын і папрацаваць на карысць спадчыны. Упэўнена, што ў кожнай вобласці, калі пашукаць, параспытваць мясцовых актывістаў, знойдзецца па летніку, да якога можна далучыцца і папрацаваць. Аднак ёсць два археалагічныя выезды, якія ўжо набіраюць аматараў даследаваць спадчыну.

Bіляйчане запрашаюць ахвотных прыняць удзел у археалагічным летніку «Нясцёркі-2018». Археалагічныя даследаванні па вывучэнні крывіцкіх курганоў канца І — пачатку ІІ тысячагоддзя нашай эры будуць праводзіцца ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці з 16 па 30 ліпеня 2018 года. Навуковым кіраўніком летніка будзе кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Плавінскі, свае пытанні можна накіроўваць на яго электронную скрыню plavіnskі.arc@gmaіl.com. Побач з месцам даследаванняў знаходзіцца Вілейскае вадасховішча, дзе можна будзе прабавіць крыху вольнага часу. Таксама арганізатары абяцаюць, што на летніку адбудуцца выступленні музыкаў, гісторыкаў, краязнаўцаў.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры запрашае прыняць удзел у археалагічным летніку «Наўры-2018». У Мядзельскім раёне Мінскай вобласці з 1 па 15 жніўня адбудуцца археалагічныя даследаванні па вывучэнні пахаванняў крывічоў. Група маладых аматараў гісторыі і археалогіі правядзе раскопкі крывіцкіх курганоў Х — пачатку ХІІ стагоддзя. На летніку чакаецца таксама шмат музыкі, сяброўскай камунікацыі і сюрпрызаў. Каардынуе правядзенне летніка намеснік старшыні таварыства аховы помнікаў Юрый Меляшкевіч, з якім можна звязацца праз электронную скрыню melіashkevіch@gmaіl.com.

Наперадзе яшчэ больш як два летнія месяцы. Не прапусціце сваю магчымасць жыць цікавым, насычаным і шчаслівым жыццём!.. Углядзіцеся ў твар гісторыі. Ён вам дакладна спадабаецца.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.