Вы тут

«Жыццё закон нязломны мае...»


Усё як ва ўсіх (ці многіх): вечар, пятніца і... Трохразовае ўра: мы едзем на лецішча! Вечарам нядзелі, праз двое сутак — таксама ўра, але адно і ціхае, бо мы, змораныя і шчаслівыя, вяртаемся ў Мінск. Ён (і здалёк яшчэ) аж зіхаціць агнямі! Тут проста безліч машын, дамоў, ліхтароў, тут ва ўсю віруе жыццё: людзі гуляюць, катаюцца на роварах, спяшаюцца — а ўжо ж прыбраныя, нафарбаваныя (гэта пра жанчын) — на спатканні, у кіно і тэатры, сядзяць у рэстаранах... Карацей, не тое, што мы...

— Даўно нідзе не былі, — вінавата кажу свайму чалавеку.

— Ну чаму гэта раптам «даўно» і «нідзе»? — спакойна пярэчыць ён. — Ты на работу хадзіла, я ў паліклініку...

І сапраўды — усюды людзі, усюды жыццё.


Эстафета

Калі топішся — за брытву хопішся, калі спазняешся — пабяжыш даганяць аўтобус.

Кіроўца — чалавек, трошкі пачакаў.

Дзверы яго кабіны былі адчынены, бо гарачыня, цукеркі ў маёй сумцы ляжалі зверху — грэх, здалося, не скарыстацца момантам — не выцягнуць жменьку, не пакласці на панэль.

Мужчына здзівіўся (мякка кажучы). Падзякаваў. З усмешкай паехаў далей.

Можа, яшчэ каго падвязе?


Што страшней?

Дзяўчаты баяцца...

Пералічваць, чаго — можна бясконца: цемры, жаб, мышэй, павукоў, кажаноў, прусакоў...

Знаёмай надоечы сон прысніўся, што па столі над галавой поўзаюць вялікія белыя жукі, што яна хапае тэлефон, «забівае» ў інтэрнэце: «Як змагацца з белымі жукамі?», а там... пуста.

— Як? Не можа быць! — жахнулася дзяўчына і... прачнулася.

Жабы, мышы ды жукі, як аказалася, палохаюць менш, чым адсутнасць інфармацыі.


Усё і... нічога

Як на першы погляд, дык у Алесі з Наташай агульнага шмат: абедзве яны маладыя, па-свойму прыгожыя, абедзве незамужнія (пасля разводаў...), у адным горадзе нарадзіліся, у адным каледжы вучыліся, разам працуюць.

Гэтага, як здавалася, ужо дастаткова, каб разам махнуць на цёплае мора, адпачыць...

Непаразуменні ўзніклі адразу ж, у дзень прылёту. Высветлілася, па-першае, што снедаць, палуднаваць і нават вячэраць (калі «ўсё ўключана» — у кошт пуцёўкі) Алеся хацела б... двойчы. І з сабой яшчэ нешта браць з тога шведскага стала, што для Наташы азначала ўкрасці.

Па-другое, загараць-купацца яны таксама збіраліся па-рознаму: Наташа — на пляжы, на моры, з гульнёй у валейбол, з кніжкай. Алеся — у двары атэля, на тапчане ля басейна — з цыгарэтай і фужэрам віна, пажадана — у кампаніі мужчыны, якога яшчэ трэба было знайсці (у атэлі, як аказалася, усе «вартыя ўвагі» былі з жонкамі-дзецьмі). Таму Алеся ледзь не штодня цягнула сяброўку ў горад — каб пасядзець там у нейкай кавярні. А заадно — купіць марозіва, прысмакаў, сувеніраў...

Плаціла за іх Наташа, бо Алеся ўвесь час «забывалася» кашалёк. Дробныя расходы за доўг яна не лічыла і аддаваць не збіралася...

Аднак гэта ды іншае — яшчэ палова бяды: найбольш Наташу ўразіла (каб не казаць дабіла...) вяртанне дамоў, калі Алеся, каб неяк прывабіць суседа па купэ, стала называць яе Наталляй Раманаўнай, клапаціцца пра... яе хворыя суставы ды згадваць сына — амаль падлетка.

Карацей, як на першы погляд, дык агульнага ў іх было шмат. На другі — нічога!


Горкае віно

«Дараваць можна ўсё, без выключэння», — лічыць досыць аўтарытэтны беларускі пісьменнік.

Гутарку з ім прачытала зранку, а вечарам на вочы трапіла інфармацыя — што называецца, у тэму: як сведчаць гісторыкі, маршал Жукаў у сваёй кампаніі не-не ды і ўспамінаў, як у ліхія часіны ўсе адвярнуліся, як кінулі яго сам-насам, як здрадзілі...

— Але ж пры гэтым, — працягваў ён, падымаючы келіх, — вы і толькі вы — мае баявыя сябры: іншых ужо не будзе. І таму — за ваша здароўе!


Каб зразумець...

Старэйшыя калегі вучылі: калі не ведаеш, як скончыць артыкул, смела пішы, што герой — стомлены, але шчаслівы — вяртаўся дадому; калі не ведаеш, як пачаць, глыбакадумна заўваж: «Па-рознаму складаюцца людскія лёсы». Бо яно ж і сапраўды — па-рознаму: у залежнасці ад таго, куды патрапіў, хто выхоўваў, за што ганіў, хваліў...

У Леначкі любімай цацкай змалку быў... венік. Ім яна «падмятала» пакой у камунальнай кватэры, потым і там жа — доўгі калідор, ганак, вуліцу, прычым штодня: ёй не надакучвала! «Во малайчына! — дзівіліся суседзі. — Во дзе гаспадынька будзе!»

Пад гэтыя кампліменты дзіця пакрысе «асвойвала» анучку, швабру, іголку, нож і нажніцы, пруткі... А далей — болей, яно ўсё паспявала: на выдатна вучыцца, прыбіраць, гатаваць, мыць, вязаць, вышываць — для родных, сяброў, для кватэрнай гаспадыні, для мужа ўрэшце: ён жыў і не ведаў, як!

Надоечы на два тыдні адзін застаўся: жонка ў бальніцы ляжала. А вярнулася і — хай паціху, не могучы — зноў за сваё, заўсёднае. Муж з работы прыйшоў, а дома — усё як раней: кватэра прыбраная, вячэра — на стале, нават з каньячком.

Яны пакрысе глынулі — за здароўе (гэта ж святое), смачна паелі; жонка пра ўсё і ўсіх распытала, нешта расказала сама, насмяшыла бальнічнымі анекдотамі...

Потым ён, здаецца, сказаў ёй, што кахае.

І патрэбныя словы знайшоў:

— Як добра з табою жыць!

Нібы ордэн выдаў.


Выснова

Усіх сваіх дзяцей маці любіла аднолькава, таму і хату — за 30 кіламетраў ад Мінска, з 30 соткамі зямлі — апісала на чацвярых: трох сыноў і дачку.

Яны, усе нашчадкі, туды і прыязджалі (то разам, а часцей па чарзе): мужчыны арганізоўвалі лазеньку, шашлычкі, «музон» — «культурна адпачывалі».

Назаўтра і недзе пад абед маглі «павыпаўзаць» на двор, «як бы» ўзяцца за нейкую работу — прыбіраць, касіць, рамантаваць... Але хутка кінуць, бо «дурное», бо чаму, уласна, я? Хай іншы хто — ён жа таксама сюды прыязджае.

Карацей, не было ў нашчадкаў згоды, а значыць і толку: парахнела пакрысе хата, бур'яном зарастала зямля.

— Здуравала баба, — шкадуючы сялібу, кажуць цяпер суседзі. — На дачку ўсё апісваць трэба было, бо яна ж даглядала... Глядзіш, і сыны сюды прыязджалі б, а так... Не апраўдалі сябе калгасы.


Назаві... Хоць гаршчком?

Мацвееўна, можна сказаць, бізнес-лэдзі, бо на яе працуюць мільёны — пчол, у прыватнасці.

Днямі гаспадыня першы вясновы мядок «здабыла»: пакаштавала сама, пачаставала знаёмую дачніцу. Яна ледзь з лыжкай яго не глынула!.. І тут жа «званок сябру»: табе, маўляў, мёд патрэбен? Тут адна бабка...

— Не, я прадаваць не буду, — адрэзала Мацвееўна.

Пакрыўдзілася — за «бабку».


Мяняюцца часы...

Лета, лецішча, госці і з гэтай нагоды — якое-ніякое застолле, размовы...

Перапыняе іх стук у дзверы. Гэта сусед:

— Смачна есці! — гукае з парога.

— Дзякуй!.. Заходзь!.. Далучайся! — запрашаем мы наперабой.

— Няправільны адказ, — крытыкуе ён. — Сёння ўжо так не кажуць.

— А як?

— «Не тваё дзела!»

Век жыві, век вучыся і ўсё роўна дурнем памрэш!


Дзеля чаго

Дзень як дзень і прыпынак як прыпынак. Людзі стаяць, чакаюць патрэбны транспарт...

Цётка хіба мітусіцца: выходзіць насустрач ці не кожнаму тралейбусу, жмурыцца — узіраецца ў нумары маршрутаў. Недзе бачыць іх, недзе пытае: «Гэта які?»

— За паўгода зрок сеў, — прызнаецца ў «паўзе», — і я ведаю з-за чаго: дачка свой мабільны аддала — з інтэрнэтам. Я давай там кніжкі чытаць. Дома на гэта часу няма, дык я на хаду, у транспарце.

— А што хоць чытаеце? — спыталі мы (бо ехаць прыйшлося разам).

Кабета назвала некалькі амаль незнаёмых аўтараў, пахвалілася, што прачытала ўсе іх творы.

Аб густах, звычайна, не спрачаюцца, хоць тут і хацелася, бо калі маладыя трацяць сваё здароўе на абы што, гэта хоць крыху зразумела. Калі ж дарослыя...

Без каментарыяў, як той казаў.


Дыялогі

З успамінаў сяброўкі: «Званю, каб выклікаць на дом доктара. У мяне пытаюць:

— Што з вамі?

Кажу:

— Мне кепска...

— А колькі вам гадоў?

— 88.

— І вы хочаце, каб вам было добра?

Прыходзіць доктар, цікавіцца, што са мной? Кажу сваё:

— Мне кепска.

— А каму цяпер добра? — адказвае ён.

З той жа «серыі» і ў працяг. Доктар прыязджае на выклік, заходзіць у пакой да хворай, «адвешвае» ёй камплімент:

— О, вы, бабуля, мусіць, Леніна бачылі!

— Не, дзетачка, Леніна я не бачыла, — адказвае тая. — А вось Сталіна — тога чула. Ён казаў, што ўсіх дрэнных дактароў трэба на Салаўкі адпраўляць.

...Дзе тыя астравы? І дзе адпраўшчык?

Ад многіх дактароў яны ўга як далёка — і па часе, і па адлегласці.

Як і ўласная старасць — з уласцівымі ёй хваробамі.


«...Ніколі праўда не ўмірае!»

...Верш, знаёмы са школы:

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара...

Гэта — Панчанка з яго пранікнёным, умольным: «Толькі месяцаў назвы пакіньце...».

І гэта ён жа (?) з фінальным:

...Ці плачу я, ці пяю,

Ці размаўляю з матуляю —

Песню сваю, мову сваю

Я да грудзей прытульваю.

Вось гэтыя, апошнія радкі, заўжды здаваліся... нейкімі неарганічнымі, чужымі. Здавалася, што такі верш і так Панчанка завяршыць не мог.

І сапраўды: першапачаткова ён напісаў (пачуйце розніцу!):

Ці плачу я, ці пяю?..

Восень. На вуліцы цёмна...

Пакіньце мне мову маю,

Пакіньце жыццё мне!

Гэтыя радкі нехта палічыў дужа змрочнымі: іх замянілі...

Каб урэшце замяніць яшчэ раз: праўда выжыла, яна перамагла!

Але і хлусня нікуды не дзелася.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.