Вы тут

У Мінску ладзяць экспрэс-спатканні для пажылых


Фармат хуткіх спатканняў папулярны ў моладзі. А як такі спосаб знаёмстваў успрымуць пажылыя? Гэта вырашылі праверыць у сталічным Цэнтры актыўнага даўгалецця.


Хуткія спатканні арганізавалі, бо з боку аўдыторыі быў запыт на падобныя мерапрыемствы.

— Нам спадарыні званілі і казалі: давайце ладзіць вечары сустрэч, — успамінае намеснік дырэктара цэнтра Алена МАРЫГЕРОЎСКАЯ. — Для іх гэта важна, бо з узростам адзінота асабліва «душыць».

На першае мерапрыемства быў адкрыты папярэдні запіс. Ліміт — 20 чалавек. А запісалася ажно 60 ахвотных! Праўда, мужчын з іх было ўсяго чатыры. Таму ў выніку на сустрэчу запрасілі 12 чалавек, каб кожнай жанчыне хапіла ўвагі ад дужага полу. Узрост удзельнікаў быў ад 55 да 75 гадоў. У анкетах трэба было пазначыць чаканні ад мерапрыемства. Жанчыны ў асноўным пісалі, што хочуць знайсці пару, а мужчыны — цікава правесці час.

— Калі б вы бачылі, якія жанчыны прыгожыя прыйшлі! Яны з раніцы збіраліся, макіяж зрабілі, на прычоску ў цырульню запісаліся, прынеслі шпількі. А мужчыны былі ў касцюмах, — расказвае Алена Марыгероўская.

Сустрэча праходзіла вось у якім фармаце. Спачатку ўдзельнікі прэзентавалі сябе. Потым малявалі: ім прапанавалі адлюстраваць, як яны ўяўляюць тэму кахання. Была запланавана таксама музычная паўза: адзін з мужчын аказаўся музыкантам і захацеў сыграць на гітары і выканаць бардаўскую песню. І вядома, самай цікавай часткай сталі непасрэдна хуткія спатканні: пажылыя садзіліся за столікі адно насупраць аднаго і за пару хвілін стараліся як мага больш даведацца пра свайго суразмоўніка. Атмасфера спрыяла рамантыцы: свечкі, кветкі, музыка...

— Бліскучыя, радасныя вочы — самы лепшы вынік, — упэўнена намеснік дырэктара цэнтра. — Увогуле, хацелася паглядзець, як старэйшая аўдыторыя ўспрыме эксперымент. Аказалася, яны вельмі адкрытыя для новага. Людзі сярэдняга ўзросту, мне здаецца, нават больш закрытыя.

У цэнтры запэўніваюць: хуткія спатканні будуць ладзіць рэгулярна. Толькі трэба прыдумаць, як прыцягнуць да ўдзелу ў іх мужчын. Бо так атрымліваецца, што прадстаўнікі дужай паловы больш пасіўныя за жанчын. «Мы нават робім міні-даследаванне: дзе ёсць мужчыны? — усміхаецца суразмоўніца. — У спісе танцавальныя пляцоўкі, паркі адпачынку, дзе пенсіянеры гуляюць у даміно і шахматы, рыбалоўныя месцы. Вось куды трэба ехаць».

А яшчэ пазнаёміцца можна на занятках цэнтра: там якраз збіраюцца людзі з падобнымі інтарэсамі. Жанчыны, увага: мужчыны часцей запісваюцца на курсы па прамоўніцкім майстэрстве, камп'ютарнай адукаванасці і гімнастыцы «Белаяр».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Дзе вы, мужчыны?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.