Вы тут

Аксана Лясная: Артыст прымае і аддае эмоцыі як транслятар


У партфоліа гэтай актрысы — удзел больш чым у пяцідзесяці фільмах і тэлесерыялах, сярод якіх беларускія «Масакра» і «Ваўкі», якія некалькі гадоў таму выклікалі гарачае абмеркаванне. Яе пазнаюць гледачы ў фільмах «Спакуса», «Бумеранг», «Снайпер. Зброя помсты», «Клянёмся абараняць», «Каменская», «Правінцыялка», «Супермаркет» і інш... Але сталічныя знаўцы тэатральнага мастацтва ведаюць і любяць Аксану Лясную па пастаноўках Рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага, дзе актрыса працуе.


— Вашым галоўным педагогам у інстытуце была народная артыстка Беларусі Зінаіда Браварская, якая прысвяціла ўсё жыццё Купалаўскаму тэатру. Чаму вучыліся ў бліскучых прафесіяналаў?

— Калі Зінаіда Іванаўна пачала з намі працаваць, ёй было больш за шэсцьдзясят. Яна была жанчына эфектная: мела выдатную постаць, хадзіла ў дзіўна прыгожых строях, на высокіх абцасах або десяцісантыметровай танкетцы. Мы, юныя дзяўчынкі, захапляліся жанчынай, якая сябе так падавала, нягледзячы на ўзрост, і хацелі на яе раўняцца. На занятках па акцёрскім майстэрстве яна паказвала, як трэба стаяць на галаве, як, робячы кульбіты, правільна групавацца, каб выглядала элегантна і па-акцёрску прыгожа. Яна ўсё гэта рабіла лёгка, гуляючы. Тады мы не ўсведамлялі, якая за гэтым стаіць грандыёзная праца над сабой, а сёння я разумею, наколькі яна была дзівосная жанчына і цудоўны педагог.

«У партнёры твая сіла», — казала яна. — «Калі сцэна не лепіцца, трэба “ўчапіцца” ў партнёра мацней, а не выпінаць сябе». Калі ты яшчэ малады акцёр, не зусім разумееш значэння гэтых слоў. Але калі з’яўляецца некаторы досвед, тады рэальна ўсведамляеш, што гэтая «вальтовая дуга», якая ўзнікае паміж акцёрамі, якраз і трымае ўвагу гледачоў. Самае галоўнае, чаму яна вучыла, — не забываць аб эмацыянальнай прыродзе прафесіі. Артыст прымае і аддае эмоцыі як транслятар. Усе яго нервовыя адчуванні павінны быць дакладна настроеныя і аголеныя, каб унутранае «я» акцёра ўключылася да таго, як ён адкрые рот.

Адным з маіх першых педагогаў быў Валянцін Руды. Наш курс набіраўся для Тэатра юнага гледача, а Валянцін Леанідавіч на той момант служыў галоўным рэжысёрам ТЮГа. Потым ён паехаў у Маскву і досыць доўга працаваў у Тэатры на Таганцы, а таксама займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. А першае знаёмства з рэжысурай «звонку» адбылося падчас падрыхтоўкі дыпломнага спектакля «Жыццё Карыцына», які ставіў Мікалай Пінігін паводле беларускага драматурга Алены Паповай.

— Вы пачыналі ў мінскім ТЮГу. З якіх роляў?

— Пасля заканчэння тэатральнага інстытута мяне запрасілі на працу і ў ТЮГ, і ў «маладзёжку», але я абрала Тэатр юнага гледача, таму што там былі дасведчаныя, дарослыя акцёры, у якіх, я лічыла, змагу павучыцца. Сапраўды, мяне і астатніх маладых акцёраў сустрэлі вельмі добра. І цяпер я цёпла стаўлюся да гэтага тэатра.

Запомнілася праца з Ганнай Каменскай, якая ставіла спектакль «Петэр Мунк і яго каменнае сэрца» Гаўфа, у якім я выканала ролю Лізбет. Там жа я пазнаёмілася і з Мадэстам Абрамавым, які працаваў над спектаклем «Нечаканыя госці». А рэжысёрам па пластыцы ў гэтым праекце быў запрошаны Валянцін Гнеўшаў, сёння вядомы расійскі цыркавы рэжысёр і харэограф. Я была ў поўным захапленні ад працы з такім віртуозам, які ставіў у нашым спектаклі танцы і пластычныя бойкі. З ім прыехаў таксама малады танцор, які вучыў нас некаторым рухам брэйк-дансу, які ўваходзіў тады ў моду. Ён так крута гэта рабіў, а я думала: «Вось гэта жыццё вакол! Кіпіць!..» Усё толькі пачынаецца, паспявай хапаць, вучыцца... Гарбачоў, адкрыліся межы, і ў думках таксама была поўная перабудова....

Як сапраўдны малады артыст ТЮГа, я іграла цяжкага падлетка па мянушцы Жырафа з іракезам на галаве ў вельмі сацыяльным спектаклі «Уся надзея» паводле Міхаіла Рошчына і маладую гераіню ў спектаклі «Кабанчык» Віктара Розава, і самага высокага матылькамахаона ў казцы «Цалёвачка».

— Вы працавалі і з Аляксеем Баталавым?

— Не, проста была знаёмая. Падчас вучобы ў інстытуце пасябравала з курсам Аляксея Баталава: ён набіраў у Беларусі навучэнцаў для ВГІКа. Сярод іх былі Андрэй Бубашкін, Дзіма Іосіфаў. Яны мяне і пазнаёмілі з Аляксеем Уладзіміравічам. Мне здавалася, гэта нейкая касмічная асоба... Ён запрасіў сваіх студэнтаў на дачу, хлопцы паклікалі мяне. Мы размаўлялі, нешта чыталі ўголас, і я ў тым ліку. Баталаў мяне пахваліў і прапанаваў праслухацца ў Маскве. Але я не адважылася паехаць з Мінска тады, у канцы 1980-х.

— Галоўным тэатрам у вашым жыцці стаў горкаўскі...

— З ТЮГу я сышла ў дэкрэт, а праз некаторы час Барыс Луцэнка паклікаў у Рускі тэатр, куды збіраўся пераходзіць з Тэатра-студыі кінаакцёра. Некаторы час разважала, перажываючы, што ў мяне мала досведу. Але ўсё-такі рашылася, таму што не ўяўляла, што буду рабіць у Тэатры юнага гледача праз некалькі гадоў з маёй фактурай і высокім ростам: пасталею, скончацца ролі маладых дзяўчат, і што потым? Цяпер рэпертуарная палітыка ТЮГа стала шырэйшая, і сёння там прадстаўлена розная драматургія, а ў тыя гады мы часцяком ігралі па тры казкі ў дзень.

Барыс Луцэнка тады рабіў вельмі цікавыя праекты. Я даігрывала спектаклі ў Тэатры юнага гледача і адначасова ўдзельнічала ў рэпетыцыях прэм’ернага спектакля «Прасцячкі з нечаканых вастравоў», які ставіў Луцэнка ў тэатры імя Горкага. У лютым 1991 года цалкам перайшла ў Рускі тэатр. Тут я сустрэла народных артыстаў Савецкага Саюза Аляксандру Клімаву і Расціслава Янкоўскага, народнага артыста Беларусі Юрыя Сідарава. Якія імёны! Яны зрабілі цэлую эпоху ў тэатры.

Аляксандра Іванаўна і Расціслаў Іванавіч былі выдатнай парай на сцэне. У тэатры да гэтага часу памятаюць іх знакамітага «Макбета». А як яны ігралі ў спектаклі «Двое на арэлях»! Уся зала аблівалася слязьмі... Ці спектакль «На залатым возеры», дзе яны былі пажылой парай, якіх накрывае старасць. Аднойчы муж выходзіць прагуляцца вакол дома і забывае дарогу назад... Ён вельмі беражліва да яе ставіўся, нейкія асаблівыя жарты ў іх былі, добрыя кпіны адзін з аднаго. На камернай сцэне акцёры знаходзяцца вельмі блізка да гледачоў. Хацелася выскачыць, дакрануцца да іх і сказаць: «Гэта вы, такія выдатныя, побач з намі, за паўтара метра, ствараеце цуд!..»

— Што вам запомнілася з сумеснай працы з Расціславам Янкоўскім?

— Я іграла з ім досыць шмат. Ён быў заўсёды вельмі прафесійны, ведаў свой тэкст з самага пачатку рэпетыцый і хацеў, каб партнёры таксама ведалі ўсё. Мог зрабіць важныя, выразныя заўвагі, быў вельмі чулым партнёрам.

Асабліва запомніўся выдатны спектакль «Хрыстос і Антыхрыст», які паставіў Барыс Луцэнка па Меражкоўскім. Галоўныя ролі — Пятра Першага і яго сына, царэвіча Аляксея, — выканалі Расціслаў Іванавіч і Аляксей Шадзько. Я іграла прынцэсу Шарлоту, а Ганна Маланкіна — жонку Аляксея...

Цікавай была праца ў спектаклі «Ваўкі і авечкі» па Астроўскім, які паставіў у нас маскоўскі рэжысёр Аркадзь Кац. Я іграла Яўлампію, Расціслаў Іванавіч — халасцяка Лыняева. Рабіў ён гэта вельмі гарэзліва: класічны геройпалюбоўнік, прыгажун, ён не саромеўся накладваць жывот з паралона, выходзіў на сцэну гэткім непаваротнем, які ляжыць на баку і гарбату папівае. Як ён ужыўся ў гэты вобраз, як абыгрываў яго, як садзіўся, як хадзіў... Ён смакаваў усе гэтыя сцэны. А я думала: вось яна — чароўная сіла мастацтва!

У спектаклі рэжысёра Аляксандра Карпава «Метэор» у суправаджэнні «Аркестра» (заснаванага на дзвюх п’есах — «Метэор» Дзюрэнмата і «Аркестр» Ануя) Расціслаў Янкоўскі іграў пісьменніка, разбітага дэпрэсіяй старога, які спаліў свае рукапісы. Мяне ён тады ўразіў глыбокай шчырасцю, ігрой не пафаснай, сапраўднай.

— З кім з партнёраў праца запомнілася асабліва?

— Добры партнёр — чалавек, з якім ты сугучны не толькі на сцэне, але і ў жыцці, і па адчуванні прафесіі. Мая любімая партнёрка — Вольга Клебановіч, мы з ёй ігралі ў спектаклі «Васа» Горкага, «Дзядзькаў сон» паводле аднайменнай аповесці Дастаеўскага. У 1990-х у тэатры доўга ішла выдатная камедыя «Амфітрыён», зала была поўная, нягледзячы на няпростыя часы. Я выканала вострахарактарную ролю царыцы Леды. У Вольгі Міхайлаўны была вялікая і вельмі смешная роля служанкі Харыты, а яе мужа іграў Саша Суцкавер. Амфітрыёна ўвасабляў Юрый Казючыц, Юпітэра — Алег Бажанаў, які працуе цяпер у Расіі. Галоўную гераіню Алкмену іграла Ганна Маланкіна. Выдатная каманда.

Адным з самых любімых партнёраў быў Сярожа Журавель. Яго ўжо няма, але не магу з гэтай думкай змірыцца, застаецца такое адчуванне, што ён паехаў некуды на працяглыя гастролі. Мы ігралі з ім у антрэпрызных спектаклях Мікалая Пінігіна «Дакрананне», «Вячэра з дурнем», а таксама «Жанчына і яе мужчыны» рэжысёра Алега Кірэева. З яго лёгкай рукі я досыць часта гучала на радыё. Спачатку адмаўлялася, але ён угаварыў, і з таго часу на мяне пасыпалася рэклама, агучкі, потым і радыёспектаклі. Адзін з іх пра Ефрасінню Полацкую, ставіла Настасся Пташук паводле п’есы Аляксея Дударава. З радыё я працягваю супрацоўнічаць і цяпер. Зімой мы скончылі спектакль «Сёстры Дастаеўскія», які паставіў Алег Вінярскі па п’есе беларускага пісьменніка Ягора Конева. Гэта гістарычны дэтэктыў, дзеянне якога разгортваецца ў ВКЛ у XVI стагоддзі. У мяне ў гэтым праекце вельмі добрыя партнёры: Уладзімір Мішчанчук, Андрэй Душачкін, Андрэй Кавальчук, Ігар Сідорчык, Аляксандр Шароў, Кацярына Яворская, Арнольд Памазан. Запіс праходзіў у шыкоўнай, прафесійнай студыі, дзе голас гучыць выдатна. А сам спектакль ідзе па-беларуску.

— Якія з сучасных работ самыя любімыя?

— Мне падабаецца ўсё мае ролі: і маленькія, і вялікія. Люблю характэрныя ролі, люблю камедыі, якія вельмі складана ставіць. Для працы над камедыйным спектаклем неабходна мець добрае пачуццё гумару, лёгкі розум, здольны лунаць над жыццём без сур’ёзнага паглыблення, а таксама пэўны перыяд у жыцці, каб табе хацелася гэта рабіць. Камедыі трэба смакаваць.

Адзін з маіх любімых спектакляў — «Ідэальны муж», які паставіў Аркадзь Кац па п’есе Оскара Уайльда. Гэта і шэкспіраўская «Дванаццатая ноч» у пастаноўцы Сяргея Кавальчыка, дзе я выконваю ролю Алівіі, і вельмі вясёлы спектакль гэтага ж рэжысёра — «Хітрыкі Ханумы». Падабаюцца дзве камедыі паводле твораў Алега Данілава «Лэдзі на дзень» і «Чацвёртая планета» Дзмітрыя Астрахана. З задавальненнем працую ў выдатным спектаклі «Зойкіна кватэра» па п’есе Міхаіла Булгакава, які паставіў малады рэжысёр з Масквы Павел Пронін.

У тэатры сёння ёсць выдатная сусветная класіка, амерыканскія і еўрапейскія творы ХХ стагоддзя, але было б добра, каб з’яўлялася больш п’ес сучасных рускамоўных аўтараў: сучасная драматургія на альтэрнатыўных пляцоўках вельмі запатрабаваная.

— Верагодна, сучаснай тэмы ў вас шмат у кіно?

— У кіно ў мяне склалася, на жаль, пэўнае амплуа: жалезная бізнес-лэдзі, фрау, пагардлівая арыстакратка і г. д. Мабыць, кінарэжысёры выбіраюць мой твар з досыць вострымі рысамі. Але, мне здаецца, цікавей іграць адваротную гісторыю.

Адны з першых работ былі ў расійскіх серыялах: «Паскораная дапамога» і «Цёмны конік». У Аляксандра Велядзінскага, рэжысёра, які пазней зняў фільм «Географ глобус прапіў», працавала ў серыяле «Закон». Маргарыта Касымава адкрыла мяне для беларускага кіно. Запрасіла на пробы фільма «Спакуса» паводле сцэнарыя Алены Паповай, і я прайшла. Пазней з’явіліся ролі, якія мне вельмі падабаліся і запомніліся, у беларускіх фільмах «Масакра» Андрэя Кудзіненкі і «Ваўкі» Аляксандра Колбышава. Прыцягвае, калі рэжысёр разам з табой шукае на здымачнай пляцоўцы, як сцэнарый зрабіць захапляльным, каб усё было жыццёвым, каб глядач бачыў, як персанаж мяняецца на працягу спектакля або фільма, пераадольваючы перашкоды, унутраныя і знешнія, імкнучыся зрабіць наш свет лепшым. Здаецца, у гэтым сэнс, што дадзены нашай акцёрскай прафесіі.

Вольга САВІЦКАЯ

Фота з асабістага архіва Аксаны Лясной. Аўтар - Дар'я Каляда. 

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.