20 Чэрвень, серада

Вы тут

Пацыенты з трансплантаванымі органамі прадэманстравалі: жыццё працягваецца


Палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы ў мінулую суботу стаў месцам збору не проста турыстаў і аматараў гісторыі, а ўдзельнікаў незвычайнай акцыі — «Ад усяго сэрца».


Яе гасцямі сталі пацыенты з хранічнай сардэчнай недастатковасцю (ХСН) пасля розных відаў хірургічнага лячэння, у тым ліку пасля перасадкі сэрца, нырак і печані, а таксама кардыяхірургі і трансплантолагі, кардыёлагі і блізкія пацыентаў. Мерапрыемства прымеркавана да 10-годдзя транспланталогіі ў Беларусі.

Гасцей сустракалі рыцары і дзяўчаты ў гістарычных касцюмах, па паркавай алеі іх суправаджала калона з двух дзясяткаў байкераў, якія затым размясціліся на спецыяльнай пляцоўцы перад палацам і фатаграфаваліся з ахвотнымі. Каля варот палаца гасцей свята сустракалі народны ансамбль «Зараніца» Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў і заслужаны аматарскі калектыў Беларусі «Тэатр імя Уршулі Радзівіл». Пасля афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства, выступленняў урачоў і пацыентаў дырэктар клуба байкераў «Харлей Дэвідсан» Аляксей Адаранка ўручыў усім пацыентам майкі з лагатыпам акцыі «Ад усяго сэрца». Перад удзельнікамі выступілі дзіцячы тэатр песні «Хвілінка» ў суправаджэнні «Этнабалета» (Мінск), а затым гледачоў чакалі захапляльныя выступленні спартыўных гімнастаў, акрабатаў, фехтавальшчыкаў, прадстаўнікоў баявых майстэрстваў, рыцарскія баі і выступленні самадзейных калектываў Нясвіжа.

Паралельна ўсе ахвотныя атрымлівалі кансультацыі ўрачоў-кардыёлагаў, вымяралі артэрыяльны ціск, узровень глікеміі, ліпідны спектр, маглі памерыць абхват таліі і вызначыць індэкс масы цела. Пасля ўдзельнікаў чакаў майстар-клас па здаровым харчаванні і кулінарны майстар-клас для пацыентаў з ХСН. Падчас гутаркі хворым і іх блізкім расказалі пра рацыянальнае і збалансаванае харчаванне, важнасць пітнога рэжыму, неабходнасць кантролю балансу вадкасці ў арганізме і карэкцыі масы цела. А на кулінарным семінары ўсе ахвотныя маглі прыгатаваць цікавыя стравы пад кіраўніцтвам шэф-повара і дыетолага з даступных і простых прадуктаў. Усім жадаючым дапамаглі скласці меню на тыдзень з улікам індывідуальных асаблівасцяў, абумоўленых ХСН.

А тых, у каго засталіся сілы, чакала дыхальная гімнастыка і аэробіка. Пад кіраўніцтвам спецыяліста пацыенты з хранічнай сардэчнай недастатковасцю ІІ і ІІІ класаў сумесна з супрацоўнікамі лабараторыі ХСН і кардыяхірургамі вучыліся правільна выконваць зарадку. Пасля ўдзельнікам расказалі пра неабходнасць фізічнай актыўнасці з улікам індывідуальных асаблівасцяў і распрацавалі спецыяльныя праграмы, накіраваныя на развіццё фізічнага рэзерву і паляпшэнне кардыялагічнага профілю.

Згодна са статыстыкай, толькі 3 % жыхароў Еўропы ведаюць і могуць правільна вызначыць асноўныя сімптомы сардэчнай недастатковасці, астатнія прымаюць іх за прыкметы старэння арганізму. Такія акцыі прыцягваюць увагу да праблемы ХСН і транспланталогіі, павышаюць дасведчанасць урачоў аб асноўных і новых кірунках у эфектыўным лячэнні, важнасці выяўлення ХСН на ранніх этапах, паляпшэнні якасці жыцця і зніжэнні смяротнасці ад гэтай паталогіі. Пацыенты ж усведамляюць, што ў нашай краіне наладжана аказанне высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі на любым этапе хваробы, важна толькі своечасова звяртацца да ўрача.

Сацыяльна-адукацыйная акцыя «Ад усяго сэрца» прайшла пад эгідай РНПЦ «Кардыялогія» і РНПЦ «Транспланталогіі органаў і тканак».

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ад сэрца да сэрца

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Падарожжа на расійскі Далёкі Усход

Падарожжа на расійскі Далёкі Усход

Аўтар матэрыялу раней працаваў у «Звяздзе». Але і цяпер не забывае родную газету.