19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Беларусь і Кітай дамовіліся аб устанаўленні бязвізавага рэжыму


Статус назіральніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — гэта магчымасць не толькі заявіць пра сваю пазіцыю ў ёй, але і, скарыстаўшыся нагодай, пабачыцца сам-насам з сябрамі. Так, на палях саміту ШАС адбылася двухбаковая сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Па яе выніках Беларусь і Кітай дамовіліся аб устанаўленні бязвізавага рэжыму паміж краінамі.


Адпаведнае міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў падпісана 10 чэрвеня ў Цындаа. Дакумент заключаны па выніках перагавораў кіраўнікоў краін. Ад беларускага боку подпіс пад пагадненнем паставіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Бакі таксама падпісалі дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў іншых сферах. У прыватнасці, заключана міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, рамачнае пагадненне аб выдзяленні Беларусі льготнага крэдыту для рэалізацыі заключнага этапу арганізацыі высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла, мемарандум паміж Міністэрствам эканомікі Беларусі і Дзяржаўным агенцтвам міжнароднага развіцця і супрацоўніцтва Кітая аб супрацоўніцтве па развіцці чалавечага патэнцыялу.

«Нас вельмі радуе, што мы безагаворачна падтрымліваем адзін аднаго ў любой сітуацыі. Ніколі не аглядваемся на рэакцыю і меркаванні іншых, калі размова ідзе аб незалежнасці і суверэнітэце дзяржаў. Упэўнены, што з моцным Кітаем будзе моцнай і Беларусь, якая з'яўляецца вашым верным саюзнікам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы.

У сваю чаргу Сі Цзіньпін адзначыў актыўны ўдзел Беларусі ў самітах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Ён падкрэсліў гатоўнасць Кітая заўсёды быць надзейным сябрам і партнёрам Беларусі. «Мы гатовы спалучыць наша развіццё з развіццём Беларусі», — сказаў Старшыня КНР.

Сі Цзіньпін таксама ўспомніў сваю першую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. «Мы з першага моманту знаёмства, як даўнія сябры. Мы ўвесь час звяраем гадзіннікі па пытаннях развіцця адносін, тэматыцы, якая ўяўляе ўзаемны інтарэс, пастаянна надаём новы імпульс развіццю двухбаковых адносін. Я гатовы і ў далейшым падтрымліваць такія цесныя кантакты», — заявіў лідар Кітая.

Наша пазіцыя ў ШАС

Кіраўнік беларускай дзяржавы выступіў і падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь бачыць у ШАС арганізацыю, якая павінна ўнесці свой важкі ўклад у перамогу разважлівасці ў міждзяржаўных адносінах.

«Варожасць і канфрантацыя вядуць да росту напружанасці, узнікае небяспека сур'ёзных канфліктаў з непрадказальнымі вынікамі. У гэтых абставінах Беларусь бачыць у ШАС арганізацыю, якая павінна ўнесці свой важкі ўклад у забеспячэнне шматбаковай бяспекі, абарону міжнародных нормаў і правілаў, перамогу разважлівасці ў міждзяржаўных адносінах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што на фоне новых хваль пратэкцыянізму ў сусветным гандлі, якія прама ці ўскосна закранаюць практычна ўсе дзяржавы, што ўдзельнічаюць у саміце, узнікае прамая пагроза ўцягвання ў гандлёвыя войны. «Таму для ўсіх нас вельмі актуальным з'яўляецца прыняцце сумесных мер, накіраваных на ўмацаванне сусветнай гандлёвай сістэмы шляхам выкарыстання магчымасцяў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы», — лічыць беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў стварыць ІТ-экасістэму ШАС. «Прапаную ўсім нам сумесна падумаць над стварэннем агульнай электроннай платформы, скажам, «ІТ-экасістэмы ШАС», якая аб'яднае ў сабе магчымасці электронных СМІ, сацыяльных сетак, электроннага гандлю і шмат іншага», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць узмацніць кааперацыю, павысіць канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік ва ўмовах глабальнага свету. «А таксама дапаможа нам гарантаваць бяспеку нашых краін», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама варта задзейнічаць магчымасці Беларусі для ўмацавання харчовай бяспекі краін — удзельніц арганізацыі. «Беларусь — краіна з традыцыйна моцным і эфектыўным аграрным сектарам, высокатэхналагічнымі вытворчасцю і сельскагаспадарчым машынабудаваннем. Прапануем задзейнічаць магчымасці нашай дзяржавы па пастаўках прадукцыі ўсіх гэтых галін для ўмацавання харчовай бяспекі ШАС», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што пасля ўступлення ў 2017 годзе Індыі і Пакістана ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва яе прастора пашырылася практычна да чвэрці тэрыторыі зямной сушы, на якой пражывае амаль палова насельніцтва свету. У гэтых умовах паўнацэнная забяспечанасць прадуктамі харчавання з'яўляецца найважнейшым фактарам далейшага працвітання ШАС і ўмацавання бяспекі ў гэтым вялікім рэгіёне, падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў стварыць спецыялізаваную экспазіцыю «АграШАС» на міжнародным форуме аграрыяў «Белагра», які штогод праходзіць у Мінску. Ён запрасіў паўдзельнічаць у ёй у 2019 годзе ўсіх сяброў і партнёраў па арганізацыі.

***

На палях саміту адбылася сустрэча кіраўніка беларускай дзяржавы з Прэзідэнтам Манголіі Халтмагійнам Батулгам. Падчас яе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова ствараць у Манголіі высокапрадукцыйныя прадпрыемствы і вытворчасці беларускай тэхнікі. Бакі абмеркавалі магчымае супрацоўніцтва ў стварэнні малочнай вытворчасці, а таксама ў сферы аўтамабільнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, сельскагаспадарчай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка запрасіў Халтмагійна Батулгу наведаць Беларусь.

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся і з Прэзідэнтам Ірана Хасанам Раўхані, з якім абмеркаваў праблемныя пункты супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.

Паводле БелТА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Новы імпульс развіццю адносін

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.