Вы тут

Якім будзе адпачынак-2018?


Надакучылі заезджаныя маршруты? Чаму б не пашукаць новы турпрадукт, які цалкам зменіць вашы ўяўленні пра адпачынак? З кожным годам з'яўляецца ўсё больш прапаноў, калі кліент можа спалучыць «мора і пясок» з «экскурсіёнкай». Уласна, і чыста пазнавальныя падарожжы таксама прывабліваюць нашых грамадзян, прычым можна набываць як гатовы пакет паслуг, так і самастойна распрацоўваць праграму. Беларусы становяцца больш мабільнымі, актыўна асвойваюць свет, не баяцца лятаць у экзатычныя краіны — сёння нават нашых бабуль можна сустрэць у Індыі ці на палубе круізнага лайнера.


Домік на дрэвах у сядзібе «Зарачаны».

Наноў мы пачынаем адкрываць для сябе і прызабытыя (але папулярныя ў савецкі час) краіны. Так, Грузія сёння — адзін з самых запатрабаваных кірункаў (і нашых турыстаў там чакаюць не толькі летам). Кулінарныя і танцавальныя майстар-класы, вінныя скляпы, якія працуюць круглыя суткі, баржомі, горы, пляжы з магнітным пяском, серныя лазні
і, вядома ж, знаёмства з багатай культурнай спадчынай гэтай краіны — вось чым можа быць напоўнены ваш адпачынак.

У гэтым турыстычным сезоне беларусы будуць асвойваць яшчэ адну каларытную краіну — «вогненны» Азербайджан. І сёлета да гасцей з Беларусі асаблівы падыход — іх чакаюць зніжкі і прыемныя сюрпрызы (напрыклад, у кошт пуцёўкі ўваходзяць білеты на знакаміты фестываль «Гарачыня»). Як абяцаюць тураператары, у Азербайджане самыя лепшыя на постсавецкай прасторы атэлі высокага класа (з рэстаранамі, басейнамі, саўнамі, фітнес-цэнтрамі), многія з'явіліся зусім нядаўна. Між іншым, з іх вы можаце любавацца не толькі на прыгожыя мясціны горада. Напрыклад, госці, якія размесцяцца ў атэлі старога горада ў Баку, з балкона могуць назіраць за «Формулай-1»: машыны праязджаюць проста пад вокнамі. Вас уразяць багатая культура і шыкоўныя архітэктурныя помнікі (7000 аб'ектаў пад аховай ЮНЕСКА). Але не будзем забывацца, што Азербайджан называюць краінай агнёў і кантрастаў, тут старажытныя элементы ўдала спалучаюцца з сучаснымі пабудовамі. Абавязкова завітайце ў так званую бакінскую Венецыю — прагулачныя водныя каналы размяшчаюцца ў сталіцы. А дзе яшчэ можна ўбачыць вогненную зямлю? Прыродны агонь на тэрыторыі 10 метраў ужо некалькі стагоддзяў гарыць на схіле гары Янардаг. Пра старажытны храм вечнага агню Атэшгях ведаюць ва ўсім свеце. Паглядзець на ўнікальны прыродны феномен і на гразевыя вулканы штогод прыязджаюць мільёны людзей. У Азербайджан можна завітаць і па лячэнне. Санаторыі тут размяшчаюцца пры атэлях, а значыць, маюць усю забаўляльную інфраструктуру з дыскатэкамі і барамі. Калі ў Нафталане лячэнне белай нафтай могуць сабе дазволіць толькі багатыя людзі (дзень каштуе каля тысячы долараў), то за адну ванну з чорнай нафтай можна выкласці каля пяці долараў. Увогуле пражыванне ў двухмесным нумары з харчаваннем, абследаваннем і лячэннем на працягу тыдня абыдзецца ў 450 долараў з чалавека.

Разнастайныя пазнавальныя маршруты прапануе Расійская Федэрацыя. Напрыклад, у Тульскай вобласці чакаюць гасцей, якіх цікавіць зброевы турызм (тут і знаёмства з ваеннымі крэпасцямі, і магчымасць прайсці курсы па абыходжанні са зброяй). Тульскі пернік, бялёўская пасціла, вузельчыкавае печыва з Узлавой, стравы па сямейных рэцэптах Талстых і многія іншыя прысмакі давядзецца пакаштаваць тым, хто выправіцца ў гастранамічныя туры па Тулаўшчыне.

Ленінградская вобласць запрашае ў 10 тэматычных маршрутаў, сярод якіх ёсць ваенна-патрыятычныя (напрыклад, «Дарога жыцця» расказвае пра блакаду Ленінграда ў час Вялікай Айчыннай вайны) і гісторыка-культурныя. Тут вы можаце даведацца пра мясціны, звязаныя з царскай сям'ёй, атрымаць уяўленне пра сярэднявечныя гарады (захавалася багата архітэктурных аб'етаў), пазнаёміцца з побытам і традыцыямі малых народнасцяў.

Каб спланаваць свой адпачынак, варта зазірнуць на старонкі інфармацыйна-турысцкіх цэнтраў. Тут вам дапамогуць падабраць маршрут, падкажуць, дзе можна заказаць атэль, пад'есці, а таксама выбраць, якім чынам вы будзеце падарожнічаць — на ўласным аўто, веласіпедзе, грамадскім транспарце. Такія інфармацыйныя цэнтры дзейнічаюць не толькі ў Расіі, актыўна яны развіваюцца ў Літве і Латвіі. Не забывайцеся і пра календары падзей, каб не прапусціць цікавыя мерапрыемствы, што праводзяцца ў тых мясцінах, дзе вы будзеце адпачываць.

Магчыма, вас цікавіць зусім іншы адпачынак — горныя вяршыні, альпійскія лугі, ледавіковыя азёры, знаёмства з побытам гуцулаў, дэгустацыя брынзы. Такія ўзыходжанні з вопытнымі інструктарамі прапануюць ва ўкраінскіх Карпатах.

Але і ў Беларусі турысту не дадуць сумаваць нават у вёсках. Напрыклад, на тэрыторыі аграсядзібы «Зарачаны» (Пухавіцкі раён) вы сустрэнеце паласу перашкод, домікі на дрэвах, музей сям'і, аквазону, аўталазню. Гаспадары ведаюць, як заняць турыстаў, і актыўна супрацоўнічаюць з арганізатарамі забаўляльных мерапрыемстваў. Тут праводзіліся інтэлектуальныя квэсты, танцавальна-забаўляльныя праграмы, майстар-класы па народных танцах. Можна таксама выправіцца на авіяранча і палятаць на самалётах.

Алег Рулько запрашае на спатканні на байдарках.

Унікальны турыстычны прадукт распрацаваў Алег Рулько (аграсядзіба «Грэбублікі», Іўеўскі раён). Ён прапануе падарожжы-знаёмствы. «Праз латарэю фарміруюцца экіпажы, у кожным — капітан-хлопец і адзін матросдзяўчына. Байдаркі аказаліся ідэальным інструментам для таго, каб людзі пачалі кантактаваць. Магчыма, такі экіпаж і не ператворыцца ў рэальную пару (хоць вяселлі пасля гэтых падарожжаў ужо адбываліся). Лічыце гэта выпрабавальным палігонам: са сваім партнёрам па байдарцы вы вучыцеся наладжваць адносіны, пазбаўляецеся ад комплексаў. Такім чынам можна зрушыць справу з мёртвага пункта, і чалавеку пасля прасцей будзе заводзіць знаёмствы з іншымі прадстаўнікамі супрацьлеглага полу», — расказвае Алег Георгіевіч.

Ён сам піша тэматычныя сцэнарыі для ўсіх падарожжаў, праводзіць конкурсы, трэнінгі. Яшчэ адна тэма яго экскурсій — «Мамы дома», калі ў падарожжы на байдарках выпраўляюцца таты з сынамі і дочкамі. Звычайна ўсе хатнія клопаты ляжаць на жанчынах, а мужчынам працы ў сям'і не знаходзіцца. А падчас водных выпрабаванняў малыя бачаць, як многа, аказваецца, можа рабіць тата, і гэта вельмі мяняе адносіны паміж бацькамі і дзецьмі.

Дарэчы, у байдарачных паходах вы можаце адкрыць такую Беларусь, якой яшчэ яе не бачылі. Зблізу паназіраеце за дзікай прыродай (байдарка ідзе хутка і ціха, і, калі яна выскоквае з-за павароту, часам птушкі, што расселіся на паваленых у ваду дрэвах, не паспяваюць зрэагаваць і адляцець), пазнаеце сваю краіну з іншых ракурсаў (ваш плывучы сродак апускаецца ў ваду, і вы назіраеце за краявідамі знізу), трапіце ў мясціны, дзе не станавілася нага чалавека (прычаліце там, куды не дабрацца пешшу).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».