Вы тут

Каледж мастацтваў шукае таленты


Новы праект дапаможа знайсці найлепшых навучэнцаў музыкальных і мастацкіх класаў.

Выкладчыкі Гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка наведалі ўжо каля дваццаці гарадоў і вёсак у межах праекта «Мы — для дзяцей!». Яны праводзяць майстар-класы для настаўнікаў, бацькоў і ў прыватнасці для адораных школьнікаў, што займаюцца музыкай і выяўленчым мастацтвам. Вынікам вандровак становяцца банк даных таленавітых дзяцей, выстаўкі і канцэрты. Ініцыятарам праекта стаў дырэктар каледжа, кандыдат педагагічных навук Міхаіл Пазднікаў, а калектыў — вядомыя музыканты, мастакі, выдатныя педагогі — яго падтрымаў.


У творчым дыялогу з дзецьмі выяўляюць тых, хто мог бы ўдасканаліць свае навыкі і паступіць у Гімназію-каледж мастацтваў, дзе ўжо сёння вучацца музыканты (з 2 класа) і мастакі (з 5 класа) з розных куткоў краіны. У выніку на карту арганізатараў трапілі Лагойск, Слуцк, Светлагорск, Астрашыцкі Гарадок і яшчэ шэраг гарадоў і мястэчак. На месцы праходзяць таксама сустрэчы з гарадскім і раённым кіраўніцтвам, заключаюцца дагаворы аб творчым супрацоўніцтве.

У канцы мая, напрыклад, выкладчыкі наведалі Узду. Старшыня Уздзенскага райвыканкама Сяргей Савіцкі ацаніў вынікі творчых сустрэч і майстар-класаў, якія выкладчыкі правялі па фартэпіяна, духавых інструментах, сальфеджыа, хоры, скульптуры і жывапісе. А Міхаіл Пазднікаў падкрэсліў: каб уславіць малую радзіму, трэба стаць сапраўдным прафесіяналам. Такім, як, напрыклад, нядаўні выхаванец заслужанага настаўніка Беларусі Таццяны Сергіеўскай, пераможца міжнародных конкурсаў, добра вядомы ў Еўропе піяніст Дзяніс Ліннік. Альбо лаўрэаты Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва Рыгор Сітніца, які ў свой час прыехаў вучыцца ў Мінск з Петрыкаўскага раёна, Глеб Отчык з Гомеля, Паліна Пірагова і Васіль Цімашоў з Наваполацка.

За апошнія гады больш за сто навучэнцаў каледжа сталі стыпендыятамі, лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Навучальная ўстанова ператвараецца ў метадычны актыў, дзе распрацоўваюцца вучэбныя праграмы, а выкладчыкі дапамагаюць дзецям засвойваць не толькі спецыяльныя прадметы, але і агульнаадукацыйныя.

Тым часам у нашай сталіцы і іншых гарадах з'яўляюцца новыя адрасы, дзе можна ўбачыць творы выпускнікоў Гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Каля Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь — помнік Францыску Скарыну Алеся Дранца. Мазаіку Храма Усіх Святых, інтэр'ераў Савета Рэспублікі рабіла група выпускнікоў пад кіраўніцтвам Дзяніса Чубукова і Юрыя Пеўнева... Сюды ж трэба ўключыць работы Рыгора Сітніцы, Уладзіміра Вішнеўскага, Уладзіміра Савіча, Святланы Гарбуновай, Паліны Піраговай і Васіля Цімашова ў Палацы Рэспублікі.

Магчыма, не менш выдатных твораў з'явіцца, калі свой талент рэалізуюць тыя дзяўчаты і хлопцы, якіх падчас праекта «Мы — для дзяцей!» падахвоцілі атрымаць прафесійную адукацыю ў Гімназіі-каледжы мастацтваў.

Галіна БАГДАНАВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».