Вы тут

Не пакідайце... нацыянальнай песні


Любоў да сваёй радзімы мае розныя праявы. Можна адшукаць яе ў песнях, вершах, гістарычных раманах. Нездарма такой папулярнасцю карысталіся ў свой час (і сёння таксама) творы Уладзіміра Караткевіча. Ён адзін уласнай літаратурнай дзейнасцю абудзіў любоў некалькіх пакаленняў да спадчыны. Сапраўдная творчасць не страчвае сваёй сілы і актуальнасці і сёння: калі маўчаць усе астатнія галасы, могуць загаварыць музы. І тады даўняя застаялая неруш расквечваецца новымі фарбамі. 8 і 9 чэрвеня ў Маладзечне пройдзе ХVІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Ён адзін такі, скіраваны менавіта на роднае слова.


Кампазіцыя «Папараць-кветка» Уладзіміра Жбанава ў Маладзечне ў свой час выклікала вялікі рэзананс.

Можа быць, так добра ўсё склалася ў мяне з беларускай мовай і культурай, бо я сама родам з Маладзечна і гэты фестываль ніколі не прамінала. Калі сябры былі схільныя адседзецца дзесьці дома ці ў двары падчас гарадскіх гулянняў, мяне нейкім дзіўным магнітам прыцягвала да сцэнічных пляцовак. І хоць набываць білеты на фестываль атрымлівалася не заўсёды, з кімсьці мы папросту ўладкоўваліся на выгодным месцы каля агароджы — і не толькі чулі, але і бачылі ўсё, што адбывалася на сцэне. Памятаю, як з трох бакоў шчыльна «аблеплівалі» ўсе ярусы пастамента помніка Леніну, што стаіць на Цэнтральнай плошчы, дзе акурат праходзіў фестываль, — адтуль назіраць было калі не надта зручна, то хоць бы прыемна, бо з вышыні. Кожны раз беларуская песня здзіўляла ў добрым сэнсе, пранікала ў самае сэрца. Там, як бы пафасна гэта ні гучала, рос мой патрыятызм, закладваўся непарушны фундамент веры ў беларускую Беларусь. Але што я ўсё пра сябе ды пра сябе...

Сёлета асноўная тэма фестывалю — Малая радзіма. Хтосьці можа падумаць, а каму яны патрэбны, песні пра малую радзіму? Аднак падаецца, што акурат песні, звязаныя з канкрэтнымі населенымі пунктамі, самыя патрыятычныя. Бо ты дакладна раздзяляеш пачуцці аўтара, ведаючы, пра што канкрэтна ён гаворыць, што мае на ўвазе. Гімн нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна будзе вечна», падаецца, ведаюць усе, не толькі жыхары Маладзечаншчыны. У сугуччы з думкамі аўтара ў галаве паўтараецца працяжны, велічны напеў «...бе-ла-рус-ка-я зям-ля!» У той час калі песню пару гадоў не выконвалі, бо дамаўляліся са спадчыннікамі творцы наконт аўтарскіх правоў, слухачы шчыра непакоіліся і запытваліся, чаму не гучыць гэты твор?..

Сёлета на свяце адбудзецца канцэрт, прысвечаны без перабольшання вялікаму беларускаму кампазітару Ігару Лучанку. Два гады таму тут ладзіўся незабыўны канцэрт песняроўскага кампазітара Алега Молчана. У розныя часы фестывальныя пляцоўкі аддаваліся і іншым яскравым аўтарам.

Хочацца сказаць, што гэта так патрэбна нам! Увага да беларускага паэтычнага слова, да музычнага ўвасаблення найлепшых радкоў класікаў і сучаснікаў. «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», — казаў у свой час Багушэвіч. Таму думка, што часта прыходзіць да мяне ў сувязі з нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне — «Чаму ў нас толькі адзін такі фестываль?!» У мінулым годзе дасканальна вывучала праграму «Славянскага базару ў Віцебску» і зразумела, што на ім надзвычай сціпла прадстаўлены... беларускія выканаўцы — толькі адзінкавыя артысты. Беларуская мова там гучыць нячаста. Вядома, ёсць і шмат іншых фестываляў, асабліва ў рэгіёнах найчасцей звяртаюцца да роднага слова. Але хацелася б бачыць больш шырокую падтрымку нашай мовы і творчасці. Павінна быць больш такіх нацыянальных фестываляў, як у Маладзечне.

І гэта не проста словы аб патрыятызме. Вядома, што кругазварот (пераезд) людзей адбываецца па ўсім свеце. Таму і важна выбудоўваць імідж сваёй краіны. Каб хацелася ў ёй жыць найперш суайчыннікам. Каб не было думак, куды б з'ехаць вучыцца ці працаваць. Кожны чалавек падсвядома мае патрэбу ў тым, каб штосьці яго трымала — каханы чалавек, родныя людзі, ды хоць бы свая зямля! Не стамлюся паўтараць, што, калі асоба разумее і адчувае сваю знітаванасць з радзімай, ёй прасцей крочыць па свеце. Гэта той фундамент, які надае трываласць таму, што выбудуецца ў будучыні.

«У сваім краю, як у раю» — так гучыць народная прыказка. Толькі трэба спыніцца, агледзецца навокал, адчуць хараство роднай зямлі, убачыць прыгажосць, дабрыню людзей і паслухаць неверагодную мілагучнасць песень.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Грамадства

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

Мы з Аленай Варановіч пазнаёміліся выпадкова, на вуліцы. Адразу разгаварыліся і знайшлі агульную мову. Тады за кубкам кавы яна сказала мне важныя словы: «Ніколі не губляй мару дзяцінства».

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.