Вы тут

Сіноптык: прагноз надвор’я – гэта суб’ектыўная велічыня


Як складаецца прагноз надвор’я, ці варта давяраць сайтам, якія яго размяшчаюць, і чаму неспрыяльныя і небяспечныя з’явы прыроды можа прадбачыць толькі чалавек, а не камп’ютар – пра гэта даведаўся наш карэспандэнт, назіраючы за працай дзяжурнай змены сіноптыкаў Белгідрамету.

– На тэрыторыі нашай краіны 51 метэастанцыя, на якiх працуюць назіральнікі, амаль 30 з іх аўтаматызаваны, – распавёў начальнік службы метэапрагнозаў Белгідрамету Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі. – Назіральнікі перадаюць нам інфармацыю пра надвор’е  кожныя тры гадзіны, а аўтаматычныя станцыі – у рэжыме рэальнага часу. А яшчэ даныя з касмічных спадарожнікаў, лакатараў, аэралагічнага зандзіравання – усё гэта паступае сіноптыку. Асноўная змена – два спецыялісты ў аддзеле кароткатэрміновых прагнозаў, таксама працуе 2-3 спецыялісты ў аддзеле доўгатэрміновых прагнозаў.

Інфармацыя са спадарожніка.

– З якіх станцый паступае больш дакладная інфармацыя – аўтаматычных ці з тых, дзе працуюць назіральнікі?

– На аўтаматычных станцыях спецыяльныя датчыкі фіксуюць тыя ж параметы, што і назіральнікі, за выключэннем небяспечных з’яў, напрыклад, воблачнасці і інш. Але каб скласці прагноз надвор’я, трэба ведаць, што адбываецца на тэрыторыі амаль усёй Еўропы. Таму вельмі важна, як усю гэту інфармацыю прааналізуе сіноптык. Даныя з метэастанцый паступаюць у цэнтр, дзе наносяцца на сінаптычныя карты. А сіноптык апрацоўвае іх, праводзіць франты, выдзяляе паветраныя масы, робіць аналіз разлікаў лічбавых мадэляў. Маё асабістае меркаванне – без удзелу чалавека добры прагноз скласці немагчыма! Камп’ютар дапамагае, але калі сітуацыя кардынальна змяняецца за кароткі прамежак часу, машына не можа хутка перабудаваць свае алгарытмы, а чалавек – можа. Ці возьмем тыя ж аўтаматычныя станцыі: яны не здольныя “бачыць” навальніцу, якая набліжаецца. Або вось сённяшняя сітуацыя. Камп’ютар паказвае, што снег з Валожына прыйдзе ў Мінск праз тры гадзіны. А назіральнік даслаў тэлеграму па спецыяльных каналах сувязі, і сіноптык зрабіў выснову, што ўжо праз гадзіну ў сталіцы будуць ападкі ў выглядзе снегу. (Так і адбылося – заўв.аўт.)

Але не падумайце, што я супраць аўтаматызацыі і камп’ютарызацыі. Разлікі камп’ютара падчас дапамагаюць чалавеку не ўпусціць важныя моманты. Таму добра, калі ў спецыяліста як мага больш інфармацыі, прафесійных ведаў, якія ён умее прымяніць. Пры такіх умовах атрымліваецца якасны прагноз.

– Колькі разоў на дзень складаецца прагноз надвор’я?

– Гэта робіцца два разы на суткі. Асноўны прагноз гатовы ў 10 гадзін раніцы, але трэба мець на ўвазе, што ён складаецца сёння на заўтра. А шостай гадзіне раніцы прагноз на бягучыя суткі карэктуецца. Ён абавязкова ўключае наступныя паказчыкі: воблачнасць, ападкі, мінімальная-максімальная тэмпература, накірунак і хуткасць ветру, а таксама верагоднасць узнікнення складаных і небяспечных з’яў.

Прагнастычная інфармацыя.

– Нас усіх цікавіць, якім будзе надвор’е заўтра ці ў бліжэйшы час. А для каго вы складаеце адмысловыя прагнозы?

– Спецпрагнозы рыхтуюцца для некалькіх галін, у прыватнасці, будаўнічай, энергетычнай, транспартнай і сельскагаспадарчай. Вайскоўцы і авіяцыя маюць свае метэаслужбы, у нас з імі добрыя рабочыя стасункі.

Органы дзяржкіравання патрабуюць загадзя даваць прагноз небяспечных з’яў, каб гарадскія і спецслужбы мелі магчымасць падрыхтавацца. Дарэчы, у кожнай з іх, напрыклад, Дзяржаўтаінспекцыі ці камунальнікаў, ёсць выпрацаваны алгартым дзеянняў у той ці іншай сітуацыі. Існуе добра адладжаная сістэма, але пры ўсім гэтым для дворнікаў снег 1 лютага чамусьці аказваецца вялікай нечаканасцю...

– Наколькі высокая верагоднасць прадказання небяспечных з’яў?

– Магчыма, вас гэта здзівіць, але менавіта складаныя і небяспечныя з’явы часцей за ўсё перадаюцца загадзя і маюць высокую ступень дакладнасці. Пра “Хаўер” мы папярэдзілі за пяць дзён. Зноў нагадаю, што ніводная лічбавая мадэль не прагназуе небяспечныя з’явы. Камп’ютар кажа, што будзе снег. А вось колькі гадзін і з якой інтэнсіўнасцю ён будзе ісці, машына пакуль вызначыць не можа. Так адбываецца не таму, што нашы айцішнікі не могуць стварыць праграму для сіноптыкаў, ва ўсім свеце пакуль што ні ў кога гэта не атрымалася. Дарэчы, у ЗША лічыцца добрым прагноз, калі за 15 хвілін папярэджваюць пра тарнада.

Зімой складаць прагнозы значна прасцей, бо няма вялікага роскіду з’яў. У гэты час самае складанае для прагназавання – галалёд і галаледзіца. А ўлетку – навальніца і ўсе з’явы, якія звязаны з ёй, бо вельмі няпроста даць прагноз па тым месцы, дзе будуць адзначацца моцныя ліўні, град ці шквалісты вецер. Гэта дакладна можна прадказаць толькі за 3-4 гадзіны.

– Чаму доўгатэрміновы прагноз, напрыклад, на тыдзень, часцей за ўсё недакладны?

– Прагноз, які мае навуковае абгрунтаванне і высокую ступень дакладнасці, – гэта прагноз на 3 дні. Такога стандарту прытрымліваецца і Сусветная метэаралагічная арганізацыя. Сённяшні ўзровень навукі, тэхналогій і кампетэнцыі спецыялістаў дазваляюць рабіць дакладны прагноз толькі на такі тэрмін. Уся праблема ў тым, што людзі не разумеюць: прагноз – гэта суб’ектыўная велічыня, бо ніхто не ведае, як будзе развівацца тое, чаго яшчэ няма. Просты прыклад: мы зрабілі прагноз на тыдзень, але ў перыяд з панядзелка да суботы некалькі разоў надвор’е мянялася, і ўсё гэта, безумоўна, паўплывае на тое, якім яно будзе ў нядзелю.

Віды фактычнай інфармацыі (лакатары, аўтаматычная станцыя "Мінск", тэлеграмы аб небяспечных з'явах).

– Як журналіст я здагадваюся, што многія сайты нярэдка друкуюць прагноз, невядома дзе і калі ўзяты. А што рабіць абывацелю, які прагледзеў пяць сайтаў, і прагноз на кожным розны?

– Балючую тэму вы закранулі. Усе гэтыя абывацелі тэлефануюць, пішуць скаргі. Маўляў, вы далі недакладны прагноз. Насамрэч, наш прагноз – на сайце belgidromet.by і на сайце pogoda.by у раздзеле “Прагноз сіноптыка”, а таксама на асноўных тэлеканалах. Замаўляюць яго ў нас для друку і перыядычныя выданні, а для выпускаў навінаў на нацыянальным радыё рыхтуем зводку амаль кожную гадзіну. На жаль, шмат якія FM-станцыі невядома чый прагноз даюць у эфір, а слухачы прад’яўляюць прэтэнзіі нам.

У нашай размове давялося зрабіць перапынак, бо памяшканне змены дзяжурных сіноптыкаў наведалі... экскурсанты. Вырашыла далучыцца да іх. Аляксандр Бяганскі імгненна перакваліфікаваўся ў гіда.

Праслухаўшы, так бы мовіць, тэарэтычную частку, госці сталі цікавіцца маніторамі розных памераў. Аляксандр патлумачыў, што на адным з іх адлюстроўваюцца здымкі з касмічнага спадарожніка:

– Напрыклад, над Італіяй знаходзіцца шчыльная воблачнасць, а над нашай краінай аблокаў амаль няма. Па нашых прагнозах, напрыканцы зімы ў Беларусь прыйдуць моцныя маразы.

Вельмі зацікавіла гасцей і карта штармавых з’яў, у прыватнасці, чаму там міргае толькі адна блакітная лямпачка.

– Яна паказвае, што ў літоўскім Ладзіняі галалёд, – адказаў Аляксандр. – Калі ў нас былі цыклоны ці той жа “Хаўер”, дык тут многа што міргала. Але мы гэтую "ілюмінацыю" не вельмі любім…

Экскурсанты пайшлі глядзець аўтаматычную метэастанцыю, паказчыкі з якой ужо бачылі на маніторы ў памяшканні дзяжурных сіноптыкаў. А мы працягнулі гаворку.

– Якія краіны з’яўляюцца прызнанымі лідарамі ў вашай галіне? І які міжнародны рэйтынг у беларускага Гідрамета?

– Вядучымі сусветнымі цэнтрамі ў фарміраванні прагнозаў надвор’я з’яўляюцца Вялікабрытанія і Германія. Іх навуковы патэнцыял вельмі высокі. Вялікі тэарэтычны ўнёсак належыць ЗША, але для нас іх методыка не падыходзіць – нам патрэбен больш дэталізаваны прагноз, а яны рыхтуюць прагноз для ўсяго зямнога шара.

Наш рэйтынг знаходзіцца прыкладна на адным узроўні з многімі развітымі дзяржавамі, у прыватнасці, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Расіяй і інш. Але з кожным годам патрабаванні да прагнозаў павялічваюцца.

– Вы адзначылі, што для дакладнага прагнозу патрэбна інфармацыя пра надвор’е амаль па ўсёй Еўропе. Ці добра наладжана супрацоўніцтва, абмен данымі?

– У нас добыя стасункі з усімі суседзямі – Літвой, Латвіяй, Украінай, Польшчай. Шмат інфармацыі ёсць у адкрытым доступе на спецыялізаваных сайтах. А наш асноўны партнёр – Расгідрамет. Акрамя аператыўнай работы, то бок атрымання неабходнай інфармацыі, мы займаемся і сумеснымі распрацоўкамі па праграмах Саюзнай дзяржавы.

Дарэчы, каб замовіць экскурсію ў Белгідрамет, трэба адправіць запыт на адрас: kanc@hmc.by. Экскурсіі праводзяцца бясплатна.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара

 

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.