Вы тут

Як папярэдзіць няшчасныя выпадкі з дзецьмі?


Няшчасце можа напаткаць у любы час, але асабліва шмат усяго непрыемнага здараецца, калі дзеці выходзяць на вуліцу, выязджаюць на адпачынак да вадаёмаў, у вёску да бабуль-дзядуль альбо проста падыходзяць да вокнаў, якія адчынены для праветрывання. І вось ужо сёлета ў траўматолага-артапедычным аддзяленні Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы лячыўся пацыент, які выпаў з акна трэцяга паверха. На шчасце, траўмы былі не вельмі цяжкія, найбольш пацярпела сківіца. Хлопчык ужо пераведзены ў аддзяленне сківічна-тваравай хірургіі. Прагнозы, як кажуць медыкі, добрыя.


Вокны тояць небяспеку

Загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення названай бальніцы Андрэй БРАЗОЎСКІ зноў нагадвае бацькам пра іх абавязак пільна сачыць за малымі ў пакоі, дзе лёгка адчыняюцца вокны: «Кожны спадзяецца, што з яго дзіцем гэтага не здарыцца. Але ж дзеці, асабліва ў тры-чатыры гады, не ўсведамляюць небяспеку. Яны становяцца на падаконнік, смела глядзяць уніз. Адна секунда — і маленькі чалавек ужо там. І тады — альбо яго больш няма, альбо — цяжкае працяглае лячэнне, рэабілітацыя і ўсе наступствы».

Андрэй Мікалаевіч згадвае леташнія выпадкі. З аднаго брэсцкага мікрараёна, амаль з аднаго квартала, да іх прывезлі двое пацыентаў, што выпалі з вокнаў. Маленькае дзіця, пасля падзення з восьмага паверха, на жаль, выратаваць не змаглі. Другі хлопчык, што выпаў з балкона, пасля лячэння пайшоў з бальніцы сваімі нагамі.

Яшчэ пагрозай для бяспекі хлопчыкаў і дзяўчынак школьнага ўзросту становіцца папулярная цяпер забаўка — гіраскутар. Гэтыя прылады для катання прадаюцца ў кожным супермаркеце, дзецям яны падабаюцца. Быццам нядрэнная рэч, але з гіраскутара часцяком падаюць і трапляюць з пераломамі ў бальніцу рэгулярна, папярэджвае траўматолаг і зноў просіць бацькоў тлумачыць дзецям асноўныя правілы бяспекі, а лепш катацца пад наглядам дарослых. Бо варта добра разагнацца — і да бяды, зноў жа,  — адна секунда.

Грошы павінны быць у кашальку

Здаецца, усе ведаюць, што малое дзіця ўсё цягне ў рот, і трэба ўважліва глядзець за ім, калі гуляе з маленькімі цацкамі, складвае кампазіцыі з невялікіх дэталяў альбо цягнецца да дробных прадметаў. А на справе кожны тыдзень у хірургічнае аддзяленне трапляе чатыры—пяць пацыентаў, якія праглынулі іншароднае цела.

— Гэта няпраўда, што дэнамінацыя стала асноўным цяжарам для банкаўскіх работнікаў і касіраў, — гаворыць загадчык хірургічнага аддзялення Сяргей ГАЛУБІЦКІ. — Для нас яна была сапраўдным кашмарам. З першага дня з'яўлення манет у аддзяленне патокам павезлі дзяцей, якія іх наглыталіся. І, галоўнае, мы не мелі на гэты конт дастатковага досведу. Цяпер маем, і ў тым выпадку, калі металічныя грошы ўжо ў страўніку, мы проста назіраем пацыента і чакаем іх натуральнага выхаду.

— Капейкі — яшчэ адносна бяскрыўднае іншароднае цела. Самае небяспечнае, — расказвае хірург Галубіцкі, — калі дзеці глытаюць батарэйкі альбо магнітныя ланцужкі. Глытанне батарэек страшнае тым, што спачатку змены ў арганізме амаль нябачныя. Дзіця пачынае пакашліваць, падымаецца тэмпература, яго могуць пачаць лячыць як ад прастуды, а калі справа даходзіць да здымка, то ўжо, як правіла, пашкоджаны кішэчнік альбо іншыя органы. У нас былі дзеці, якія моцна пацярпелі ад батарэек, аднаму дзіцяці давялося рабіць некалькі аперацый.

Лан­цу­жок маг­ні­ці­каў са страў­ні­ка.

Да гэтай пары ў продажы ёсць канструктары, у якіх з маленькіх металічных шарыкаў фарміруецца кампазіцыя з дапамогай ланцужка магніцікаў. Вось гэтыя ланцужкі мне давялося не адзін раз даставаць са страўнікаў, — працягвае Сяргей Барысавіч. — Адзін з ланцужкоў налічваў 18 магнітаў. Я нават сфатаграфаваў пасля аперацыі гэтую рэч. Адзін магніцік асаблівай шкоды не прынясе, а цэлы ланцужок выклікае перытаніт з усімі наступствамі. І самы ўжо экзатычны выпадак, калі са страўніка немаўляці давялося даставаць даволі вялікую жаночую заколку для валасоў. У рот груднічку яе запіхнула двухгадовая сястра, небараку нічога не заставалася, як праглынуць прадмет. У выніку маленькаму чалавеку давялося перажыць складаную аперацыю. Вось тут ужо класічны недагляд бацькоў, калі такіх малых дзяцей пакідаюць адных нават на нейкі час.

Яшчэ загадчык хірургічнага аддзялення пры кожным зручным выпадку нагадвае бацькам, што трэба больш уважліва ставіцца да любых праяў нездароўя дзяцей. Калі баліць жывот, не варта доўга чакаць альбо займацца самалячэннем. Апошнім часам назіраецца дзіўная тэндэнцыя: часцей даводзіцца аперыраваць апендыцыты, калі дзяцей прывозяць даволі позна. Своечасова звяртацца па дапамогу — гэта таксама прамы абавязак бацькоў.

Атручэнні лекамі і бытавой хіміяй

Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Андрэй ВАЛУЕВІЧ згадаў трох пацыентаў, якіх давялося ратаваць у красавіку пасля іх падзення ў вадаёмы. Толькі сышоў лёд і пацяплела, дзеці пайшлі да вадаёмаў. У кожным з трох выпадкаў бацькоў не аказалася побач, малыя з прыгарадных населеных пунктах амаль у адзін час апынуліся ў вадзе. Праўда, усё скончылася добра. Адзін з траіх паступіў у цяжкім стане, даволі доўга давялося за яго змагацца, потым яго перавялі ў аддзяленне, адкуль ён выпісаўся дадому. Але не заўсёды бывае такі фінал, здараюцца і сумныя гісторыі. Як з падлеткавым суіцыдам.

— Да нас нядаўна прывезлі дзяўчынку, якая наглыталася таблетак, — расказвае загадчык рэанімацыі. — Прычына — няшчаснае каханне. Здаецца, у нас яна ўжо ўсвядоміла, што жыццё больш каштоўнае, чым хвіліна роспачы і магчымасць выказаць пратэст грамадству. І тут таксама праглядваецца праблема даверу, разумення паміж бацькамі і дзецьмі. Дзяцей трэба вучыць не толькі школьным прадметам, але і жыццю, таму, як пераадольваць цяжкасці і выпрабаванні.

А яшчэ ў рэанімацыю штогод трапляюць дзеці, якія выпадкова атруціліся бытавой хіміяй, якія з'ядаюць месячныя запасы бабуліных сардэчных прэпаратаў. Што тут можна сказаць, акрамя таго, што трэба дарослым праяўляць большую пільнасць. І лекі, і бытавая хімія могуць стаць атрутай, да іх захоўвання трэба ставіцца адпаведна, калі ў сям'і ёсць дзеці.

Замест пасляслоўя

У Брэсце ва ўсіх яшчэ на слыху трагедыя, што здарылася ў парку 9 мая. На дзіця ўпала дрэва, пасля двух тыдняў у бальніцы школьніца памерла. Аўтару гэтых радкоў нядаўна давялося быць сведкай дыскусіі жанчын у тралейбусе пра адказнасць яе бацькоў. Адна лічыла нармальным, што 10-гадовая школьніца гуляла ў парку з сяброўкамі. Другая была катэгарычна не згодная, казала, што пускаць дзіця ў святочны дзень, калі ў парку поўна розных, у тым ліку, не зусім цвярозых людзей, недапушчальна. Вядома, не факт, што пры суправаджэнні бацькоў дзяўчынка не аказалася б у той момант у тым жа месцы. Але факт, што ў гэтым выпадку не было б прычыны грызці сябе ўсё астатняе жыццё, што не аказаліся побач, не захінулі сабой, не абаранілі...

Не так даўно аб праблемах бацькоўскага недагляду давялося гутарыць з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Леанідам ЦУПРЫКАМ. Леанід Аляксандравіч лічыць, што адказнасць бацькоў, напрыклад, за выпадзенне з вокнаў, іншыя выпадкі траўмавання дзяцей, трэба ўстанаўліваць у заканадаўчым парадку. На мой погляд, гэта вельмі цяжка зрабіць, бо надта ж тонкая мяжа паміж няшчасным выпадкам, ракавой выпадковасцю і прамой віной, значыць, недаглядам. Тут важна задзейнічаць усе прапагандысцкія сродкі, каб выхоўваць адказнасць, асабліва ў маладых бацькоў. Не раз даводзілася бачыць, калі маладыя мамкі літаральна не вылазяць з гаджэтаў, пакуль дзеці коўзаюцца ў пясочніцы. А калі малы гуляе каля акна, а мамка — у інтэрнэце? Вось вам і тая самая секунда, пра якую гаварыў траўматолаг. Варта ўзмацніць пільнасць летам, калі небяспека большая. Нават кляшчы вельмі небяспечныя для малых дзяцей, прасілі нагадаць медыкі, а сродкі абароны прадаюцца ў найбліжэйшай аптэцы. А яшчэ прасілі берагчы дзяцей, як бы гэта банальна ні гучала.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Адна секунда да бяды

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Грамадства

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

Мы з Аленай Варановіч пазнаёміліся выпадкова, на вуліцы. Адразу разгаварыліся і знайшлі агульную мову. Тады за кубкам кавы яна сказала мне важныя словы: «Ніколі не губляй мару дзяцінства».

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.