Вы тут

«Звярыная камасутра»


Неяк у мяне нарадзіўся жарт пра калег па цэху. Калі раптам здараецца крызіс жанру і пісаць катэгарычна няма пра што, абавязкова з'явіцца навіна пра мядзведзя са сталічнага заапарка. Вось Трыстан залёг у спячку, вось мішка прачнуўся, вось ён у спякотны поўдзень плюхаецца ў ванне, а сёлета Трыстану палепшылі жыллёвыя ўмовы... Некалькі разоў на год жывёла становіцца самым сапраўдным ньюсмейкерам, за якім сочыць уся краіна і ведае пра яго часам больш, чым пра суседа па лесвічнай пляцоўцы. («— Ты жаўрук ці сава? — Мядзведзь я... — Гэта як? — А паспрабуй зачапі мяне, калі сплю, даведаешся!») Зрэшты, чаго тут здзіўляцца? Дзеці ўрбанізацыі, адарваныя ад прыроды, мы рады хоць так далучыцца да яе. І калі кот на вясковым падворку — жывёла ўтылітарная, то ў гарадской кватэры... Ну, многія самі ведаюць. («Дзве гадзіны тыцкаў пысай ката ў дакументы на кватэру, даказваючы яму, што гаспадар жылля — я, а не ён».) І нават калі гадаванцы напракудзяць, абавязкова даруем. Яшчэ і пазайздросцім між волі. («Каты жывуць па прынцыпе: «жэрці надакучыла спаць». І цягам дня ставяць коску ў розных месцах».)


Таму цалкам зразумела, чаму часта мы надзяляем братоў нашых меншых падабенствам чалавечых рыс. Памятаеце ж гісторыю пра ўцёкі ў Польшчы каровы Рыжухі да зуброў у Белавежскую пушчу? Многім яна падалася нават рамантычнай: бяглянка і лясныя волаты-заступнікі... Так і хочацца правесці паралель з людзьмі, праўда? («Жанчын, якія патрабуюць у мужоў футра, прапаную называць нОрказалежнымі».) Хаця як там насамрэч было, хто ведае? («Келіх шампанскага ператварае Алену Прыўкрасную ў Алену Прамудрую, два келіхі — у Алену Прышпільную, а тры келіхі — у жабу-вандроўніцу».) Дарэчы, гісторыя ў тэму пра кемлівасць. З Тэхаскага інстытута біямедыцынскіх даследаванняў уцяклі чатыры павіяны. Ды як? Для гэтага яны сумеснымі (!) намаганнямі падкацілі да сцяны 200-літровую бочку і паставілі яе вертыкальна. Залезлі і пераскочылі цераз агароджу. Малпаў, канешне ж, злавілі, але такія ўцёкі здарыліся ўпершыню за 50 гадоў існавання інстытута, навукоўцы назвалі яго сапраўды ўнікальным інцыдэнтам. Відаць, пра нешта ўсё ж здагадваўся шакал Табакі з мультфільма «Маўглі», калі бясконца паўтараў: «А мы пойдзем на поўнач, а мы пойдзем на поўнач...»

А памятаеце прадказальніка вынікаў дзіцячага «Еўрабачання» васьмінога Паўля з мінскага Цэнтра акіянаграфіі? Якога потым змяніў гіганцкі краб Пятровіч, што «шаманіў» над прагнозамі гульняў чэмпіянату свету па хакеі? («Сёння на вуліцы бачыў, як мужык размаўляе са сваім сабакам. Было відаць, што той думае, быццам жывёла яго разумее. Прыйшоў дадому. Расказаў кату. Доўга смяяліся».) Часам гэтыя паралелі з паводзінамі людзей і братоў меншых даходзяць да абсурду. У Швейцарыі, напрыклад, абмяркоўвалі, як двойчы цягам трох дзён качка папалася на... парушэнні хуткаснага рэжыму, што зафіксавала дарожная камера. Маўляў, каб на месцы птушкі быў аўтамабіліст, яго б аштрафавалі і пазбавілі правоў на месяц. («— Я ляцеў да цябе на крылах кахання! — Тры дні? — Ветрам зносіла...»)

...А як жа з гэтай нагоды не ўспомніць і прыгоды знакамітай парачкі з Прыморскага сафары-парку — тыгра Амура і казла Цімура? Факт працяглага сумеснага пражывання драпежніка з патэнцыйнай ахвярай стаў адной з папулярных тэм у расійскіх (і не толькі) СМІ. Смелы Цімур, якога аддалі на з'ядзенне, здолеў даць адпор, тыгр адступіў. («Адзіны чалавек у нашым горадзе, які можа дазволіць сабе ездзіць на ягуары, гэта вартаўнік заапарка».) Атрымалася амаль што як у той прыказцы, калі палюбіць давялося і казла.

Чалавек ужо даўно ўсвядоміў, што ў сваёй дзейнасці часта перабірае меру. Таму і спрабуе ўратаваць і амурскіх тыграў, і не толькі іх. («У акіяне вакол самкі плавае кіт і з дакорам даводзіць той: «— Ва ўсім свеце мільёны людзей заклапочаныя захаваннем нашай папуляцыі. Яны стварылі сотні дабрачынных арганізацый дзеля гэтага, збіраюць ахвяраванні. А ты мне што?» «Галава баліць, галава баліць...») У Кеніі нядаўна памёр апошні самец паўночнага белага насарога Судан. Навукоўцы сабралі генетычны матэрыял жывёлы і спадзяюцца выратаваць від пры дапамозе самкі паўднёвага белага насарога. А знайсці сяброўку самцу балівійскай жабы з імем Рамэа вучоныя мужы спрабуюць праз... сайт знаёмстваў. Там арганізаваны збор сродкаў для пошуку патэнцыйнай партнёршы для кавалера з выміраючага віду. Яе збіраюцца шукаць ва ўсіх ручаях і рэках Балівіі. («Аддамся ў добрыя жаночыя рукі. У ежы непераборлівы, налева адгуляў, да туалета прывучаны, зарплату дадому. Ёсць пашпарт і прышчэпкі. Адгукаюся на коцю, пценю, сонейка і інш. Фразу «маці робіць па-іншаму!» не выкарыстоўваю. Не кастрыраваны».)

...Нядаўна ў сталіцу прыехала незвычайная расійская выстаўка. Экспазіцыя называецца «Шлюбныя паводзіны жывёл у дзікай прыродзе» і паказвае яна... Тое ж самае, чым займаюцца і людзі. («Пеця нечакана забег у спальню да бацькоў і заспеў бусла знянацку...») Толькі ўсё — на прыкладзе чучал розных жывёл: мядзведзяў, вожыкаў, дзікоў і г. д. Такая вось «звярыная камасутра». Гэта сучасны асветніцкі заалагічны праект «наяве» — на выстаўцы даюць шмат інфармацыі пра паводзіны звяроў паміж сабой і ў такой «пікантнай», але цалкам натуральнай сферы. Мы ж заўсёды цікавіліся: а як там, у братоў нашых меншых?..

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ                                   

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».