19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

З «пластыкам» за мяжу: як вярнуць няправільна спісаныя там грошы


Хутка сезон адпачынкаў, многія паедуць за мяжу і возьмуць з сабой банкаўскія карткі. Вядома, з імі зручней, чым з наяўнымі. Але трэба дзейнічаць разумна, каб не сутыкнуцца з цяжкасцямі і не застацца ў чужой краіне без грошай.


«Казкі ўсё гэта», — скажа дасведчаны карыстальнік карткі. На самай справе не. Такіх гісторый маса. Самая распаўсюджаная праблема — вы паспрабавалі нешта аплаціць па картцы, але транзакцыя не прайшла. Потым высвятляецца, што «пластык» быў заблакаваны. Ці яшчэ адна складанасць: у некаторых краінах (напрыклад, Кітаі ці Японіі) банкаматы не прымаюць чатырохзначны пін-код, а патрабуюць шасцізначны. Альбо не счытваюць карткі самых распаўсюджаных плацежных сістэм — Vіsа і MаstеrСаrd. Што рабіць?

Якую картку выбраць?

Наш эксперт безнаяўных плацяжоў, рэгіянальны менеджар Vіsа ў Беларусі, Азербайджане і Малдове Ігар Кавалёў лічыць, што выбар залежыць ад краіны, у якую вы збіраецеся. Напрыклад, у ЗША ці Японіі шмат старых тэрміналаў, дзе счытваецца толькі картка з магнітнай палоскай. А вось у Вялікабрытаніі ўсё наадварот — касіры з цяжкасцю спраўляюцца з карткамі без чыпаў, ім гэта нязвыкла.

У цэлым самы зручны варыянт — бескантактавы «пластык». У некаторых гарадах ён дазволіць беспраблемна карыстацца грамадскім транспартам, дзе не трэба будзе без неабходнасці ўнікаць у схему куплі талонаў і праязных. Гэта даступна ў гарадах ЗША, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі і іншых краін.

Спецыяліст лічыць, што менавіта чыпавая або бескантактавая картка дапаможа засцерагчы сябе ад махлярства. Бо вы не выпускаеце яе з рук для невялікіх пакупак. Украсці грошы з сучаснай плацежнай карткі значна цяжэй: перашкодзяць адразу некалькі ўзроўняў абароны. Гэта нашмат камфортней і бяспечней, бо наяўныя з кашалька могуць выцягнуць, пры гэтым шанцы вярнуць украдзенае роўныя нулю.

Ёсць краіны, дзе «кэш» не бяруць

Не ўсе ведаюць пра існаванне шасцізначных пін-кодаў. Гэта ў першую чаргу датычыцца Кітая. У краіне проста велізарны аб'ём эмісіі картак, таму чатырох лічбаў недастаткова па меркаваннях бяспекі. Сустракаюцца тэрміналы і банкаматы з шасцізначным пін-кодам і ў Еўропе, напрыклад у Італіі і Партугаліі. Калі вы апынуліся ў сітуацыі, дзе трэба ўвесці шэсць лічбаў, прасунутыя карыстальнікі рэкамендуюць паспрабаваць перад сваім кодам паставіць два нулі. Але гэта не афіцыйнае рашэнне, а хутчэй лайфхакі.

У Азіі, напрыклад у Кітаі і Японіі, далёка не ўсе банкаматы абслугоўваюць карткі міжнародных плацежных сістэм. «Затое ў Паўднёвай Карэі, Сінгапуры і Тайландзе безнаяўны разлік пракраўся практычна ўсюды, таму абменьваць трэба толькі невялікія сумы на дробныя затраты. У краінах Афрыкі вельмі папулярныя мабільныя плацяжы з дапамогай QR-кода. У большасці краін ЕС і Скандынавіі з дапамогай бескантактавай карткі вы зможаце аплаціць праезд і пакупкі на касе самаабслугоўвання, а вось у маленькіх крамках Швецыі могуць і не прымаць наяўныя», — дзеліцца Ігар Кавалёў.

Пэўныя асаблівасці здзяйснення аплат ёсць практычна ў кожнай краіне, таму перад паездкай лепш пачытаць у інтэрнэце водгукі па канкрэтнай краіне, каб пазбегнуць непрыемных сюрпрызаў. Плюс у некаторых краінах, напрыклад у тым жа Кітаі, карты Vіsа і MаstеrСаrd прымаюць далёка не ўсюды.

Уся справа ў валюце

Ці можна за мяжой карыстацца сваёй зарплатнай карткай? Многія эксперты адназначна рэкамендуюць мець для замежных паездак асобную картку. Яе можна блакаваць пасля кожнай паездкі і «ўключаць» зноў напярэдадні наступнай. Сваю зарплатную картку можна выкарыстоўваць толькі тады, калі ўпэўненыя ў тым месцы, дзе збіраецеся расплачвацца ёю. Акрамя таго, спецыялісты раяць не выпускаць другую картку ў сваім банку або ў банку, у якога такі ж працэсінг — у выпадку тэхнічных збояў вы пазбавіцеся адразу абодвух «кашалькоў».

У якой валюце лепш браць картку? У цэлым плацежныя сістэмы ўстанаўліваюць добрыя курсы абмену валют па картках. Акрамя таго, у Беларусі банкі прытрымліваюцца рэкамендацый Нацыянальнага банка аб тым, каб курсы па картцы былі не горшыя, чым у абменных пунктах. Калі ў вас картка ў беларускіх рублях, то пры стабільнай сітуацыі на валютна-абменным рынку сэнсу турбавацца аб курсах няма.

Калі турыст плануе збіраць грошы на паездку за мяжу, то ў гэтым выпадку лепш рабіць так. Адкрывайце рахунак у еўра для разлікаў у Еўропе, а ў доларах — для разлікаў у ЗША. Калі плануецца паездка ў іншыя краіны, звярніцеся ў свой банк па кансультацыю або паглядзіце ў сваім дагаворы карт-рахунку, па якой схеме адбываецца канвертацыя пры разліках за мяжой.

Каб не было блакіроўкі

Калі збіраецеся ў паездку, пажадана патэлефанаваць у свой банк і папярэдзіць аб выездзе. Таксама варта загадзя пацікавіцца, што рабіць, калі картка будзе заблакаваная не па вашай ініцыятыве.

Алгарытмы блакавання карткі пры выездзе за мяжу або пры нестандартных для вас дзеяннях ва ўсіх банкаў розныя. У некаторых банках пералік запланаваных да наведвання краін можна дадаць у інтэрнэт-кабінеце кліента. Тады, калі купіце піцу ў рэстаране ў Берліне, гэта не падасца банку падазронай актыўнасцю па карце. Самі плацежныя сістэмы дзеляцца з банкамі статыстыкай па махлярскіх аперацыях, і, калі ў нейкай краіне іх узровень перавышае разумныя межы, банк абавязкова пастараецца засцерагчы сваіх кліентаў.

У гэтых выпадках банкі імкнуцца блакаваць не само выкарыстанне карткі ў канкрэтнай краіне, а асобныя аперацыі. У 90 % выпадкаў гэта менавіта зняцце наяўных па магнітнай паласе. Асабліва часта можна сустрэць блакаванне аперацый па рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі. Там распаўсюджаны і скімеры-накладкі на картапрыёмніку банкамата, якія счытваюць і перадаюць злачынцам даныя карткі, і проста зняцце наяўных грошай па выкрадзеных у іншай краіне рэквізітах.

Калі ўжо сітуацыя патрабуе менавіта наяўных грошай, лепш здымаць іх у банкаматах унутры аддзяленняў банкаў. І, вядома, браць з сабой у паездку трохі наяўных на непрадбачаныя выпадкі.

Канвертацыя па мінімуме

Грошы звычайна блакуюцца да таго моманту, пакуль не пройдзе пацвярджэнне аперацыі паміж прадаўцом, плацежнай сістэмай і банкам.

Калі валюта куплі і валюта карткі аднолькавыя, то вы гэтага нават не заўважыце. А вось калі валюты розныя, напрыклад, вы за мяжой расплачваецеся рублёвай картай, то ў дзень куплі сродкі блакуюцца па бягучым абменным курсе, а спісваюцца канчаткова праз некалькі дзён па актуальным курсе. Тут сума можа змяніцца.

Таму для пакупак за мяжой рэкамендуецца адкрыць валютную картку ў доларах або еўра. Вядома, многія краіны маюць сваю валюту — у такіх выпадках трэба звяртаць увагу прадаўца пры афармленні пакупак на выбар валюты спісання — звычайна ёсць выбар паміж мясцовай валютай, доларам і еўра. Рэкамендуецца расплачвацца валютай краіны, у якой здзяйсняецца купля, — так вы мінімізуеце выдаткі пры канвертацыі.

Вашу картку не прымаюць

Калі збіраецеся ў любую краіну, нават блізкую, то вам рэкамендуецца зайсці на сайт адпаведнага пасольства і пачытаць інфармацыю аб мясцовых плацежных сістэмах. Праблемы могуць паўстаць на некаторых аддаленых тэрыторыях, у закрытых дзяржавах (напрыклад, у Паўночнай Карэі ці Іране), краінах, якія знаходзяцца ў стане ваеннага канфлікту.

Таксама можна сутыкнуцца з сітуацыяй, калі не прымаюць канкрэтны від карткі, хутчэй за ўсё, гэта будуць Vіsа Еlесtrоn ці Mаеstrо. У Кітаі ёсць свая плацежная сістэма Unіоn Рау — пакуль беларускія банкі такія карткі не выпускаюць.

Падыходзячы да крамы або рэстарана, звярніце ўвагу на наклейку з лагатыпамі плацежных сістэм на дзвярах і пераканайцеся, што адзін з іх намаляваны і на вашай картцы. Калі не ўбачылі такую, не саромейцеся ўдакладніць у работніка гандлёвага аб'екта, ці прымаюць яны да аплаты вашу картку. Каб мінімізаваць рызыкі па адмове ў абслугоўванні «пластыку» адной плацежнай сістэмы, можна выпусціць дадатковую картку да рахунку іншай плацежнай сістэмы і атрымаць яшчэ адзін сродак плацяжу.

Копіі чэкаў — абавязкова

Ці рэальна вярнуць няправільна спісаныя грошы пасля паездкі? Так, можна, і для гэтага трэба звярнуцца ў банк. Як правіла, для вяртання няправільна спісанай сумы неабходна ініцыяваць працэдуру апратэставання плацяжу — таму перад зваротам у банк варта падрыхтаваць копіі чэкаў, якія з'яўляюцца аргументамі абгрунтаванасці аперацыі.

Аднак сама працэдура аспрэчвання плацяжу займае доўгі час (да 90 дзён), таму варта запасціся цярпеннем і быць гатовым да таго, што банк можа запытаць дадатковую інфармацыю. Каб мінімізаваць выпадкі некарэктнага спісання, падключыце SMS-інфармаванне да картак. Так вы зможаце кантраляваць усе аперацыі ў момант іх здзяйснення. Калі нешта пайшло не так, паспрабуйце аператыўна звязацца з банкам для атрымання кансультацыі.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: З «пластыкам» за мяжу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.