19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дзед Янук і Мурчуня

У суседняй з намі вёсцы, паблізу, жыве, а дакладней сказаць, дажывае свой век дзед Янук. Дзеці яго даўно павырасталі і ўцяклі ў горад, жонка гадоў шэсць таму памерла, пасля чаго досыць спраўная раней дзедава гаспадарка паступова стала скарачацца і нарэшце скарацілася да аднаго ката, што таксама памёр ад старасці. «Значыць, і мне пара», — вырашыў гаспадар.

Развітальны настрой яго яшчэ больш абвастрыўся, калі сёлета напрадвесні ён трапіў у бальніцу.

Пасля яе дзеці хацелі забраць дзеда ў горад, але той рашуча запярэчыў: маўляў, дома і труна гатовая (сам зрабіў пасля раптоўнай смерці жонкі), і на могілкі блізка: можна заехаць на знаёмай падводзе і бясплатна, а не на «бусе» за шалёныя грошы...

Была і яшчэ адна прычына, дзеля якой ён імкнуўся дахаты і пра якую, вядома ж, змаўчаў, каб дзеці не падумалі, што бацька здзяцінеў.

Справа ў тым, што напярэдадні ў яго з'явіўся новы каток, прычым з вельмі пакручастым лёсам. Нарадзіўся ён недзе ў горадзе, і першыя гаспадары, відаць, любілі яго — прывучылі да латка, — але ж потым па нейкай прычыне выгналі...

І ці толькі яны, бо Таня, унучка Януковай суседкі Любы, падабрала кацянятка зусім схуднелым і замурзаным: прынесла дамоў, пакарміла, «пасяліла» ў прыгожай скрынцы.
А вечарам прыйшлі з работы бацькі і ўчынілі грандыёзны скандал: знерваваная маці пагражала нават выкінуць прыблуду, але Таня заплакала так, што гаротніка ў выхадныя бацька павёз у вёску, дзе каты, вядома ж, болей патрэбныя.

Такім чынам кацяня зноў змяніла «прапіску», прычым не ў апошні раз, бо, калі сын паехаў, баба Люба, ведаючы, як смуткуе Янук па старым каце, вырашыла зрабіць добрую справу — прынесці яму новага, маладога.

Так і зажылі яны ўдваіх — дзед Янук і Мурчуня (бо стары дужа ж добра засынаў пад муркатанне ката), які рос пакрысе на прывезеных дзецьмі малаку ды ліверцы. Калі ж нейкая з кілбас была не даспадобы, дзед у аўталаўцы купляў сухі каціны корм, а Мурчуня за гэта прыносіў у хату злоўленую мыш і з удзячнасцю клаў яе да дзедавых ног.

Трэба сказаць, што ногі гэтыя ў дзеда балелі, і варта было старому прылегчы ды выпрастаць іх, як кот укладваўся зверху, і дзед праз якую гадзіну як быццам адчуваў палёгку.

Але ж гэта — калі Мур быў дома, бо на згоне зімы ён усё-ткі знік. «Мусіць, загуляў», — падумаў быў дзед, якога якраз тады ж «схапіў апендыцыт», ён загрымеў у бальніцу — першы раз у жыцці... Цудам выжыў, без апендыкса, з новым словам «перытаніт» вярнуўся ў родную хату, сеў на лаўку і тут жа на калені яму ўскочыў кот: учапіўся кіпцюрамі ў куртку, стаў лізаць нябрыты дзедаў твар ды біць галавою ў нос...

Радасць ката была вельмі вялікая! Ды і дзед расчуліўся ледзь не да слёз. Пасля гэтага ён калі-нікалі стаў частаваць Мурчуню смятанай, а то і кавалачкам мяса, не праганяў больш са стала і з ложка, ад чаго кот пачуваў сябе сапраўдным гаспадаром — гэта найменей.

...На пачатку мая дзедаў сусед Юзік у аўталаўцы ўзяў пляшку гарэлкі, запрасіў Янука адзначыць нараджэнне ўнука.

Выпівалі яны ўдвух, няспешна, з маленькіх кілішкаў — успаміналі даўніну. Потым Янук прыплёўся дадому спаць.

Кот, здалося, нагрэў яму месца?.. Але ж як толькі дзед нахіліўся, каб дастаць з-пад яго коўдру, Мур грозна ашчэрыўся.

— Ты што — з глузду з'ехаў: не хочаш, каб я тут лёг? — не зразумеў гаспадар і зноў пацягнуўся па коўдру.

Кот грозна зашыпеў, кінуўся на дзеда і нават падрапаў яму руку.

— Во, ліха, — падумаў Янук, — п'яных нават кот не любіць.

Прыйшлося паслаць сабе на канапе ў зале.

Назаўтра раніцай дзед устаў, напіўся халоднай вады, наліў кату малака (таго чамусьці не было, хоць дагэтуль кожны ранак цёрся аб ногі), паставіў на пліту чайнік, адрэзаў ліверкі... Нават паклікаў...

Мурчуня не ішоў.

Прыйшлося самому прыклыпаць у спальню.

На ягоным ложку, ля сцяны, «кот»... карміў чацвярых кацянят.

А. Полаз, Вілейскі раён


Такое Кіно

Карцінка гэта недзе з васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, з тых самых часоў, калі шэфы актыўна дапамагалі вёсцы.

Значыць, група жанчын з нашага райцэнтра, прыбраўшыся ў курткі-плашчы-гумовікі і пабраўшы з сабою нажы, а то і спецыяльныя секачы (невялікія такія сякеркі, каб адсякаць бацвінне), на заказным аўтобусе выехала ў калгас на ўборку буракоў. Праца гэта, вядома ж, не з прыемных, а тут яшчэ і надвор'е... Не, дождж не ліў, ён нават не ішоў, ён — імжэў і тым самым з ранку мачыў зямлю, тыя буракі і — адпаведна — жаночыя рукі, боты, вопратку...

Але ж вось нарэшце працоўны дзень скончаны: стомленыя, змерзлыя жанчыны едуць у горад, дамоў — спяць ды бачаць, як зараз паскідаюць з сябе ўсё мокрае- бруднае, як адзенуцца ў чыстае, хатняе, як будуць адагравацца, але...

Праўду кажуць, не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца: заказны аўтобус з жанкамі, праехаўшы некалькі вёрстаў, спыніўся. «Аварыя наперадзе», — сказаў кіроўца, ды і самі пасажыркі бачылі, што дарогу ім перакрыў вялізны аўтамабіль MАN з замежнымі нумарамі. Кіроўца, як выглядала, хацеў абмінуць чарговае месца рамонту і нешта там не разлічыў, бо заднія колы фуры занесла ў кювет.

Выбрацца адтуль «сваімі сіламі» ў замежніка не атрымалася.

Не ўдавалася гэта і трактарысту, які ўзяў машыну на буксір: трос яго аж трашчаў ад натугі, пярэднія колы «Беларуса», можна сказаць, адрываліся ад зямлі, але фура заставалася, дзе была.

— Мы тут да вечара будзем стаяць, — прызнала адна з жанчын.

— Трэба дапамагчы, — прапанавала другая.

— Чым? — прастагнаў аўтобус.

— Ды галля насекчы, пад колы накідаць. Мы з мужам заўжды так робім, калі «сядзем» на сваім «жыгулі»... Айда, дзяўчаты!

Двойчы іх заклікаць, дзякуй богу, не прыйшлося: пабраўшы свае секачы-нажы, яны смела выйшлі з аўтобуса — рушылі ў бок кіроўцы.

Замежнік, убачыўшы з дзясятак перапэцканых і «ўзброеных» нажамі жанчын, спалатнеў ад страху (палічыў, мусіць, што фуру ідуць рабаваць... А можа, і яго прыкончаць)...

— Не! Калі ласка, не! Толькі не гэта! — стаў прасіцца ён па-англійску.

На шчасце, сярод «уборшчыц» буракоў знайшлася адна, якая добра ведала гэтую мову. Яна і растлумачыла кіроўцу (той з Галандыі быў), што — канкрэтна — яны збіраюцца рабіць... А потым — яшчэ і паказала: гэта значыць, разам з сяброўкамі стала ссякаць ды падносіць жэрдкі, галлё, якое трактарыст падкладваў пад колы фуры.

Прапаноўвалі жанкі і, што называецца, плечы падставіць — падштурхнуць тую фуру, але кіроўца зноў залапатаў сваё «Nо! Nо!.. Сіnеmа... Сіnеmа».

— І сапраўды — кіно, хоць і без немцаў, — зарагаталі жанкі. — Паперліся, бач, на беднага хлопца — гуртам, з нажамі...

— Дык мы ж хацелі як лепей.

— Так, хацелі... А чалавек — ледзь ад страху не памёр.

...З трэцяй ці чацвёртай спробы той замежны аўтамабіль ускараскаўся на дарогу. Кіроўца павёў яго ў адзін бок, жанчыны ў аўтобусе паехалі ў другі. Ні стомы, ні дрэннага настрою ў «экіпажах» як не было.

Аляксандр Матошка, в. Янкавічы, Расонскі раён


Гасцінец для ўнука

...Баба Тома зранку поркалася ў гародзе, калі туды ж завітаў яе ўнучак Санёк. Жыў ён зусім непаводдаль, у сваёй вясковай бабулі, а да вось гэтай, гарадской (сядзіба ёй ад свекрыві дасталася), прыходзіў хіба пагасціць.

— Ну вось і ў цябе пустазелля нарасло, — з сумам заўважыў тады, — ты таксама праполкай занятая. А я хацеў у шашкі згуляць...

«Значыць, няма з кім дзіцяці, калі да мяне прыйшло», — зашкадавала мальца бабуля, разгінаючы спіну. І ўжо ўголас дадала:

— Ну дык пойдзем, згуляем, я якраз адпачыць збіралася...

І ў гэты час, па праўдзе кажучы, нешта сабраць сабе на абед, хуценька з'есці ды зноў у грады, але...

Што ты будзеш рабіць: села з Сашкам гуляць у шашкі, «размовы размаўляць».

— Ты любіш сасіскі? — спытаў у бабулі ўнук і, не чакаючы адказу, прызнаўся: — А я дык вельмі... Еў бы і еў іх! Хоць кожную хвіліну.

— Я адвару табе, — падахвоцілася бабуля.

— А навошта? — не зразумеў хлапчук. — Мне і так смачна будзе.

Гаспадыня крутнулася да халадзільніка, прынесла сасіску: для пачатку — адну (хлопчык з'еў), потым яшчэ адну, але, перастаўляючы шашкі, тэму не змяніў: па-ранейшаму гаварыў пра сасіскі. Баба Тома прынесла яму яшчэ дзве, а затым сканцэнтравалася на гульні: выгляд зрабіла, што размоў не чуе.

Не, скнарай яна не была. Але ж на гэты раз прыехала ў вёску на чатыры дні і, каб не траціць час на гатаванне абедаў, узяла з сабой тых самых сасісак. Разлічвала, што сёння, у першы дзень, дзве штукі адварыць з бульбай, у другі — падсмажыць з яйкамі, на трэці — згатуе супчык...

Паловы сасісак ужо не было, крамы ў вёсцы таксама...

З гадзіну прагуляўшы з унукам у шашкі, баба Тома паднялася з канапы, прыўстаў і Санька, пры гэтым з кішэні ў яго на падлогу выпала сасіска.

— Гэта я з сабой, — прызнаўся хлопчык і стаў расказваць, як яны з сябрам любяць пікнікі: набіраюць хлеба, вараных яек, сасісак і потым ядуць — на прыродзе, па-даросламу...

«А яно ж і праўда, падрос мой унук, — прызнала бабуля, — а я ўсё цукеркі, усё прысмакі яму... Як малому... Наступны раз трэба шмат сасісак купіць. І ўнук будзе рады, і мне пасціць не прыйдзецца.

Таццяна Чэкед, г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.