Вы тут

Пяршэнне ў горле, насмарк, слёзацячэнне. Прастуда ці алергія?


Далёка не для ўсіх нас надыход цёплай пары года нясе прыемныя ўражанні. Кагосьці сонца, першыя лістота на дрэвах і веснавая зеляніна толькі радуюць, а нехта ў гэты час пачынае пакутлівае змаганне з палінозам, або сезоннай алергіяй. Пагадзіцеся, кожны з нас чуў праклёны ў адрас тапалінага пуху або кветкавага пылку ад знаёмых ці калег.


Зрэшты, адразу заўважым, што людзей з алергіяй «на вясну» не вельмі шмат. Як адзначае галоўны пазаштатны алерголаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі з курсам алергалогіі і прафілактыкі БелМАПА Таццяна БАРАНОЎСКАЯ, урачы-алерголагі не адчуваюць сезоннасці — пацыенты звяртаюцца з рознымі праблемамі круглы год. Сярод іх толькі невялікая частка тых, у каго захворванні носяць сезонны характар. І іх прычына — у цвіценні раслін.

Важна памятаць, што гэта праблема — хранічная і пазбавіцца ад яе цалкам не ўдасца. А вось папярэдзіць, падрыхтавацца загадзя, пачаўшы прымаць антыгістамінныя прэпараты, можна. Праўда, ёсць шэраг людзей, якія не звяртаюць увагі на такія дробязі, як насмарк, і тым больш не лічаць яго лячэнне нечым неабходным. У той жа час спецыялісты раяць імкнуцца своечасова распазнаць немач і прымаць меры, каб хвароба ніяк сябе не праяўляла ці праходзіла ў лёгкай форме, якая ніяк не адаб'ецца на якасці жыцця.

Такім чынам, сімптомы сезоннай алергіі вельмі падобныя на прастудныя. Гэта насмарк, закладзены нос, пяршэнне ў горле, слёзацячэнне, раздражнёнасць, кашаль, хуткая стамляльнасць, агульнае адчуванне нездароўя, нягледзячы на адсутнасць павышанай тэмпературы цела. Здаецца, банальная прастуда, з кім не здараецца па вясне? Але калі вы заўважылі, што гэтыя сімптомы з'яўляюцца раптоўна, без усялякай прычыны, узмацняюцца пры выхадзе на вуліцу і асабліва падчас выездаў на прыроду, вяртаюцца з пэўнай перыядычнасцю, доўга не праходзяць ці носяць хранічны характар, нягледзячы на супрацьвіруснае лячэнне, то, хутчэй за ўсё, гэта алергія.

Пра гэтыя факты трэба абавязкова паведаміць участковаму тэрапеўту, які або прызначыць лячэнне, або накіруе да вузкага спецыяліста. Дыягназ «паліноз», дарэчы, можа паставіць толькі ўрач-алерголаг. Калі вам прызначылі адпаведнае лячэнне, важна выконваць яго рэгулярнасць і прымаць лекі пры першых сімптомах хваробы.

— Усялякі перажыты алергічны эпізод уключае вялікую запаленчую буру ўнутры арганізма, якая можа мець цяжкія наступствы, а сама хвароба будзе толькі ўзмацняцца. І лічыць, што «як-небудзь ператрываю гэты насмарк без таблетак» — значыць, свядома падводзіць свой арганізм пад удар, — нагадвае Таццяна Бараноўская.

Калі сезонная алергія — ваш дыягназ, важна памятаць, што, акрамя прымання прапісаных прэпаратаў, якія заўсёды павінны быць пад рукой, трэба выконваць яшчэ некалькі няхітрых правілаў, якія аблегчаць жыццё. Менш выязджаць за горад і на прыроду, бо менавіта там вы сутыкаецеся з алергенам «твар у твар». Насіць акуляры, якія абараняюць слізістую вачэй, часцей умывацца, мяняць адзенне, на якім асядаюць алергены, выкарыстоўваць хатнія фільтры, пры неабходнасці — марлевыя павязкі.

Будзьце ўважлівыя да сябе і пры неабходнасці не імкніцеся справіцца з хваробай самастойна — звярніцеся да ўрача.

Алена КРАВЕЦ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.

Грамадства

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

У лістападзе ў Мінску пройдзе Беларускі тыдзень моды.