22 Май, аўторак

Вы тут

Хто ўзыдзе на прафесійны Алімп?


22—23 мая ў Футбольным манежы пройдзе ІІІ Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «WorldSkіlls Belarus 2018», удзел у якім возьмуць больш як 320 навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых з усіх рэгіёнаў краіны. Спаборніцтвы праводзяцца раз у два гады і даюць магчымасць адабраць самых перспектыўных удзельнікаў для іх далейшага выступлення на міжнародным узроўні. Між іншым, каб трапіць у фінал, трэба было пераадолець адборачныя рэгіянальныя спаборніцтвы. Чым жа трэці нацыянальны чэмпіянат адрозніваецца ад папярэдніх і каму, акрамя школьнікаў, якія яшчэ толькі задумваюцца над выбарам прафесіі, яго трэба наведаць? Пра ўсё гэта мы гутарым з рэктарам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Валерыем ГАЛУБОЎСКІМ:


Фота Кастуся ДРОБАВА.

Новыя кампетэнцыі

— Па-першае, рэспубліканскі конкурс істотна пашырыў свае маштабы: у Футбольным манежы нам ужо цесна, і мы «захапілі» яшчэ і пляцоўку ў спартыўна-забаўляльным комплексе Falcon Club, куды выносім шэраг кампетэнцый, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Пашыраецца і пляцоўка конкурсу па прафесійнай падрыхтоўцы сярод школьнікаў JunіorSkіlls.

Па-другое, спаборніцтвы пройдуць гэтым разам па 37 кампетэнцыях у такіх прафесійных сферах, як будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі, вытворчасць і інжынерныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі, творчыя прафесіі і мода. Для параўнання: на апошнім чэмпіянаце два гады таму было прадстаўлена 33 кампетэнцыі. Адна з новых — «дашкольная адукацыя». Мы цудоўна разумеем, што гэты кірунак падрыхтоўкі трэба сярод моладзі папулярызаваць.

Безумоўна, вялікае значэнне для павышэння прэстыжу той ці іншай прафесіі мае ўзровень заробкаў яе прадстаўнікоў, але аплата працы педагогаў дашкольнай адукацыі — сфера дзейнасці ўрада, а не наша. Разам з тым мы можам зрабіць тое, што ў нашых сілах — паказаць крэатыўнасць педагагічнай працы, яе выключную важнасць, магчымасць непасрэдна ўплываць на будучае пакаленне. Вы думаеце, гэта лёгка — быць заўсёды цікавым дзецям? Ву­чыць іх ус­пры­маць пры­ро­ду, му­зы­ку, паэ­зію, акру­жыць кло­па­там, па­дзя­ліц­ца цеп­лы­нёй сва­ёй ду­шы? У хо­дзе ад­бо­рач­ных спа­бор­ніц­тваў кан­кур­сант­кам трэ­ба бы­ло пра­дэ­ман­стра­ваць свае пра­фе­сій­ныя ве­ды, ар­тыс­тыч­ныя здоль­нас­ці, ар­га­ні­за­тар­скае май­стэр­ства. Яны па­каз­ва­лі фраг­мен­ты за­ня­ткаў, са­ма­стой­на вы­бі­ра­лі ме­та­ды і пры­ёмы ра­бо­ты з дзят­вой, пра­во­дзі­лі ды­дак­тыч­ную гуль­ню, скла­да­лі тэх­на­ла­гіч­ную кар­ту... Таксама сярод навінак — «візуальны мерчандайзінг», «хлебапячэнне», «аграномія», «эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын».

Па-трэцяе, упершыню ў нацыянальным чэмпіянаце ў рамках секцыі Deaf Skіlls будуць выступаць удзельнікі з парушэннямі слыху: не толькі навучэнцы ўстаноў адукацыі, але і маладыя рабочыя. Мі­ніс­тэр­ства аду­ка­цыі су­мес­на з Бе­ла­рус­кім та­ва­рыст­вам глу­хіх вы­зна­чы­ла для іх дзве кам­пе­тэн­цыі — «вэб-ды­зайн» і «рас­пра­цоў­ка і тэх­на­ло­гія мо­ды». За­дан­ні для гэ­тай ка­тэ­го­рыі ўдзель­ні­каў бу­дуць кры­ху пра­сцей­шыя і спа­бор­ні­чаць яны бу­дуць па­між са­бой.

Нацыянальная спецыфіка

— Беларусь — усё ж такі адносна новы ўдзельнік руху WоrldSkіlls: мы далучыліся да яго толькі чатыры гады таму. Наколькі ўзровень складанасці конкурсных практычных заданняў, крытэрыі ацэньвання, сама арганізацыя спаборніцтваў на нашым чэмпіянаце будуць набліжаны да стандартаў WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl?

— Размова ідзе пра самы прэстыжны ў свеце конкурс прафесійнага майстэрства. Спаборніцтвы праводзяцца кожныя два гады ў міжнародным фармаце на працягу ўжо больш як 60 гадоў. На сённяшні дзень асацыяцыя WorldSkіlls Іnternatіonal аб'ядноўвае 77 краін-удзельніц, дзе пражывае больш за 70 працэнтаў насельніцтва зямнога шара. Адкуль такая вялікая цікавасць у свеце да руху WоrldSkіlls?

Усё вельмі проста: таму што прафесійныя стандарты WоrldSkіlls — гэта стандарты заўтрашняга дня. Заданні на міжнародных чэмпіянатах з'яўляюцца па сутнасці адлюстраваннем тых найноўшых тэхналогій, што ўкараняюцца ў рэальны сектар эканомікі і фарміруюцца экспертамі з усяго свету ў канкрэтнай кампетэнцыі.

Апошнія гады своеасаблівым лакаматывам для ўсіх з'яўляюцца краіны Заходняй Еўропы, Карэя, Японія, Кітай, а ўсе іншыя спрабуюць ад іх не адстаць. Калі мы рыхтуемся да міжнародных чэмпіянатаў, то таксама параўноўваем змест конкурсных заданняў з сістэмай падрыхтоўкі кадраў у нашай краіне і бачым, якія элементы нам трэба ўдасканальваць. Напрыклад, слесар-сантэхнік — масавая прафесія, прадстаўнікі якой запатрабаваныя як пры ўзвядзенні будынкаў, так і пры эксплуатацыі ў ЖКГ, прычым і ў малым, і ў сярэднім бізнесе. Аналіз рынку працы паказаў, што, напрыклад, больш за 50 працэнтаў прадпрыемстваў будаўнічага комплексу маюць прыватную форму ўласнасці і адносна невялікую штатную колькасць — да 300 чалавек. Ёсць яшчэ адзін важны сегмент — індывідуальная занятасць. Па стандартах WоrldSkіlls слесар-сантэхнік павінен выконваць не толькі асобныя віды работ — гэтыя ўменні стаяць далёка не на першым плане. Ён атрымлівае ўмоўны заказ — зманціраваць у доме сантэхнічную сістэму: яму трэба спраектаваць размяшчэнне ўсіх элементаў (радыятараў, змяшальнікаў, душавой кабіны, пральнай машыны і гэтак далей), затым па складзеным праекце заказаць усе віды матэрыялаў і толькі пасля гэтага перайсці да выканання работ. Гэта значыць, што на першы план выходзіць планіровачная функцыя, а мы ёй не навучаем у нашых установах адукацыі. Мяр­ку­ец­ца так: што прый­дзе пра­раб і рас­ка­жа, што трэ­ба ра­біць. Але пры са­ма­за­ня­тас­ці пра­раб не пра­ду­гле­джа­ны: ты і пра­ек­ці­роў­шчык, і пра­раб, і вы­ка­наў­ца ў ад­ной асо­бе, та­му па­ві­нен ва­ло­даць усі­мі кам­пе­тэн­цы­я­мі.

Улічваючы членства Рэспублікі Беларусь у WorldSkіlls Іnternatіonal, узровень складанасці нашых конкурсных практычных заданняў, крытэрыі ацэньвання і сама арганізацыя спаборніцтваў максімальна прыбліжаны да стандартаў WorldSkіlls. Каб зразумець, наколькі кампетэнцыі, якімі валодаюць навучэнцы і выпускнікі нашых устаноў адукацыі, адпавядаюць сусветным стандартам падрыхтоўкі спецыялістаў, мы павінны выкарыстоўваць міжнародныя індыкатары якасці. І сёння мы маем ужо вялікую групу ўласных нацыянальных экспертаў: з 37 такіх спецыялістаў 29 маюць міжнароднае прызнанне і акрэдытацыю, паколькі валодаюць веданнем стандартаў і рэгламентаў WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl. На­яў­насць між­на­род­на­га сер­ты­фі­ка­та дае ім маг­чы­масць уно­сіць свае пра­па­но­вы пры рас­пра­цоў­цы пра­грам бу­ду­чых між­на­род­ных спа­бор­ніц­тваў пра­фе­сій­на­га май­стэр­ства.

Але ў розных краінах ёсць свае нюансы. Напрыклад, для нас не актуальныя тэхналогіі, звязаныя з марскім і авіяцыйным транспартам ці космасам. Затое мы ўвялі такую кампетэнцыю як «эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын», паколькі шэраг навучальных устаноў у рэгіёнах рыхтуюць тых жа механізатараў, кіроўцаў-трактарыстаў, слесараў па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі. Мінскі трактарны завод выдзеліў для канкурсантаў самыя сучасныя трактары, на якіх можна не толькі выконваць конкурсныя заданні, але і дэманстраваць усім, наколькі змяніўся гэты від дзейнасці. Кампанент WorldSkіlls Belarus уключае, акрамя «дашкольнай адукацыі» і «эксплуатацыі сельскагаспадарчых машын», таксама «аграномію», «геадэзію» і «дахавыя работы». Усе кампетэнцыі адпавядаюць відам дзейнасці, якія прадстаўлены на нашым рынку працы.

Рывок наперад

— Валерый Мікалаевіч, мы традыцыйна ганарымся сваёй сістэмай прафтэхадукацыі, якую не разбурылі, як гэта адбылося ў многіх іншых краінах на постасавецкай прасторы. Аднак на апошнім чэмпіянаце свету ў Абу-Дабі канкурыраваць на роўных з тымі ж расіянамі мы не змаглі...

— Давайце будзем параўноўваць нашы дасягненні ў Абу-Дабі з вынікамі ўдзелу ў Сан-Паўлу. Чэмпіянат у Бразіліі ў 2015 годзе быў першай нашай спробай выступлення на спаборніцтвах такога ўзроўню. Беларуская зборная ў складзе 17 чалавек выступала ў 15 кампетэнцыях. І нашы дзяўчаты заваявалі два медалі выдатніка. Летась у Абу-Дабі беларус-
кая зборная выступала ўжо па 27 кампетэнцыях у шасці прафесійных кірунках. А ўвогуле ў чэмпіянаце ўдзельнічала больш за 1200 канкурсантаў з 59 краін. У агульнакамандным рэйтынгу, у якім былі адзначаны 57 краін-удзельніц, Беларусь заняла 16-е месца, а ў Бразіліі ў 2015 годзе — 36-е месца. Няўжо гэта дрэнны вынік? Праўда, медаль выдатніка ў нас быў толькі адзін — у намінацыі «цырульніцкае мастацтва» яго заваявала выпускніца Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Надзея Кашцялян. Але ж і патрабаванні да ўдзельнікаў спаборніцтваў істотна ўзраслі: каб заваяваць медаль выдатніка, неабходна было набраць у асабістым заліку 700 балаў, тады як у Бразіліі ў 2015-м — толькі 500. Большасць удзельнікаў беларускай каманды атрымалі звыш 650 балаў, прычым аднаму з іх да пераможнага медаля не хапіла ўсяго трох балаў.

Я хачу заўважыць, што канкурэнцыя сур'ёзна ўзмацняецца, таму і планку патрабаванняў арганізатары істотна павысілі. А ў поспеху расіян ёсць шмат тлумачэнняў. Расійская зборная, якая ўзяла першае месца ў агульнакамандным заліку, дабілася гэтага выніку не толькі якасцю, але і колькасцю: іх удзельнікі былі прадстаўлены практычна ва ўсіх кампетэнцыях. Беларусь не можа сабе гэта дазволіць, да і не трэба гэта нам, бо многіх відаў дзейнасці на нашым рынку працы проста няма. Да та­го ж у Ра­сіі па да­ру­чэн­ні прэ­зі­дэн­та бы­лі ўне­се­ны змя­нен­ні ў пад­атко­вы ко­дэкс, якія да­зва­ля­юць прад­пры­ем­ствам ад­но­сіць вы­дат­кі, ін­вес­та­ва­ныя ў раз­віц­це сіс­тэ­мы пра­фе­сій­най аду­ка­цыі, на са­бе­кошт пра­дук­цыі. Спа­жыў­цы гэ­та не ад­чу­лі, за­тое эфект атры­маў­ся ка­ла­саль­ны. Між ін­шым, на­ступ­ны су­свет­ны чэм­пі­я­нат прой­дзе на­ле­та го­дзе ў Ка­за­ні.

— А якія механізмы фінансавання руху WorldSkіlls у нас дзейнічаюць?

— Да апошняга часу сродкі з дзяржаўнага бюджэту на гэты кірунак былі задзейнічаны часткова. У большай меры фінансаванне адбывалася за кошт пазабюджэтных рэсурсаў РІПА, устаноў прафесійнай адукацыі, рэгіянальных структур, некаторых прадпрыемстваў і арганізацый. Гэтых сродкаў, безумоўна, не хапала для поўнамаштабнага развіцця руху WorldSkіlls у нашай краіне. І прэм'ер-міністр даў даручэнне, каб у Дзяржаўную праграму «Адукацыя і маладзёжная палітыка» быў унесены асобны раздзел па фінансаванні, які прадугледжваў бы накіраванне мэтавых сродкаў на развіццё руху WorldSkіlls у Беларусі і непасрэдна на стажыроўкі ўдзельнікаў нацыянальных і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства і іх педагогаў.

Нескарацечная выгада

— У сусветнага руху WorldSkііls ёсць дэвіз «Удасканальвай свет прафесійнымі навыкамі». Падчас апошняй нашай сустрэчы вы казалі, што і руху WorldSkіlls Belarus патрабуецца ўласны брэнд, так бы мовіць, перазагрузка паняцця «рабочая прафесія»...

— У пачатку года ў Магілёве, які быў абраны на 2018 год маладзёжнай сталіцай Беларусі, стартаваў праект «WorldSkіlls — старт у будучыню!». Ён уключае шэраг цікавых мерапрыемстваў: конкурс праектаў «Профі-ІМІДЖ», прома-ролікаў — «Прафесія — новы фармат», конкурс па стварэнні гімна WorldSkіlls Belarus і іншыя. А, напрыклад, у рамках конкурсу «Pro-рух» будуць вызначаны пераможцы ў дзвюх намінацыях: «Слоган руху WorldSkіlls Belarus» і «Сімвал руху WorldSkіlls Belarus». Абмеркаванне найлепшых ідэй мы арганізуем у інтэрнэце.

— Дык усё ж на каго ў першую чаргу разлічаны нацыянальны чэмпіянат? І каму яго будзе цікава наведаць?

— Спаборніцтвы праводзяцца не дзеля саміх спаборніцтваў. Іх фармат выкарыстоўваецца для таго, каб павысіць прэстыж рабочых прафесій сярод моладзі і спрыяць распаўсюджванню ў свеце міжнародных прафесійных стандартаў. Работадаўцы павінны быць у шчыльнай звязцы з тым, хто рыхтуе для іх кадры, удзельнічаць у фарміраванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і фінансаванні ўстаноў адукацыі. Для таго каб выпускаць канкурэнтаздольную на знешніх рынках прадукцыю, патрабуюцца не толькі сучасныя тэхналогіі, але і спецыялісты самай высокай кваліфікацыі, якія змогуць працаваць на сучасным абсталяванні. Нацыянальны чэмпіянат — гэта і дэманстрацыя найноўшых тэхналогій на вытворчасці і ў рэальным сектары эканомікі. Ужо на этапе адбору абсталявання да чэмпіянату прадпрыемствы знаёміліся з тэхнічнымі заданнямі, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, і адкрывалі шляхі ўдасканалення сваёй дзейнасці. Я хачу заўважыць, што выгада для эканомікі краіны ад WorldSkіlls не скарацечная.

На асобнай пляцоўцы будзе праходзіць конкурс сярод выхаванцаў устаноў дадатковай адукацыі JunіorSkіlls у дзвюх узроставых групах: 10—13 і 14—17 гадоў. Дзеці і падлеткі спаборнічаюць у такіх кампетэнцыях, як «мабільная робататэхніка», «беспілотныя лятальныя апараты», «графічны дызайн», «інжынерны дызайн CAD», «нейратэхналогіі» і іншых.

Гэта тыя сферы, якія будуць драйверамі развіцця эканомікі ў наступныя дзесяцігоддзі, таму так важна абудзіць у падрастаючага пакалення цікавасць да іх. Чакаем 120 канкурсантаў. Таму сумна дакладна не будзе.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота РІПА

Загаловак у газеце: Усе грані майстэрства

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

У Беларусі чатыры спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ПТВ закрытага тыпу для падлеткаў. 

Грамадства

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

У фінале XXVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота прадставілі 87 калекцый, распрацаваных сотняй аўтараў. 

Грамадства

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

У сталічным Цэнтры актыўнага даўгалецця нядаўна адкрылася антыкафэ для пажылых людзей. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра Дзеда Янука і Мурчуню, гасцінец для ўнука і такое кіно.