Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра галоўныя спартыўныя падзеі выхадных.


1. Зборная Беларусі з паражэнняў стартавала на чэмпіянаце свету па хакеі ў Даніі. У дэбютным матчы нашы хакеісты прайгралі дзеючаму чэмпіёну свету зборнай Швецыі — 0:5, а ў другой сустрэчы пацярпелі паражэнне ад французаў 2:6.

— Вядома, такога выніку не чакаў. Дэбют правялі дастаткова сабрана, але потым нешта пайшло не так, — каментуе вынікі галоўны трэнер зборнай Беларусі Дэйв Льюіс.Мы занадта часта прайгравалі адзінаборствы «сам-насам». Калі абаронца ў адзіночку не можа даць рады з адным форвардам, сістэма не можа працаваць. Яна працуе, толькі калі кожны паспяхова выконвае сваю ролю. Многія гульцы яшчэ занадта маладыя, а моладзі ўласціва памыляцца. І прымаць гэта блізка да сэрца. Цяпер сваю ролю павінны адыграць нашы лідары. Не толькі на лёдзе, але і па-за яго межамі. Трэба разумець спецыфіку гэтага турніру: па падборы выканаўцаў ён мацнейшы за нядаўнюю Алімпіяду. Гэта ў тым ліку меркаванне спецыялістаў, якія наведвалі Пхёнчхан і працуюць у НХЛ. Нельга адмаўляць, што цяпер у нас вялікі шанц згубіць месца ў эліце. На жаль, няма крамы, у якую можна прыйсці і ўзяць для зборнай сталых майстроў. Рост часта ідзе праз боль, — адзначыў галоўны трэнер.


2. Дзесяць медалёў заваявалі беларускія барцы на чэмпіянаце Еўропы ў расійскім Каспійску. Ірына Курачкіна заваявала «золата» ў катэгорыі да 55 кг, сярэбранымі прызёрамі сталі Ванеса Каладзінская (53 кг), Анастасія Зімянкова (да 72 кг), трэцяе месца кантынентальнага форуму занялі Вераніка Іванова (62 кг), Крысціна Федарашка (65 кг) і Васіліса Марзалюк (76 кг). Сярод барцоў-вольнікаў Аляксандр Гуштын (97 кг) дайшоў да фіналу і стаў уладальнікам сярэбранай узнагароды, Уладзіслаў Андрэеў (57 кг) завяршыў выступленне з бронзавай узнагародай. У спаборніцтвах барцоў класічнага стылю Віктар Сасуноўскі (82 кг) заваяваў сярэбраны медаль, а ў заключны дзень турніру ў катэгорыі да 74 кг Андрэй Карпач стаў бронзавым прызёрам.


3. Завяршыліся матчы 6-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Сталічнае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр» згулялі ўнічыю — 0:0. Брэсцкае «Дынама» пацярпела другое паражэнне, саступіўшы «Тарпеда-БелАЗ» з лікам 0:2, «Слуцк» перайграў «Смалявічы» — 1:0, «Тарпеда» саступіў футбольнаму клубу «Прамень» — 0:1, «Гарадзея» і «Гомель» не змаглі выявіць пераможцу — 0:0, «Віцебск» перайграў «Мінск» — 1:0, «Іслач» саступіла «Нёману» — 1:2.


4. Вікторыя Азаранка паспяхова пачала выступленне на турніры катэгорыі «Прэм'ер» у Мадрыдзе. У стартавым паядынку яна перамагла 52-ю ракетку свету сербку Аляксандру Круніч — 6:3, 6:3.

Вікторыя адзначыла, што ў наступныя два месяцы таксама плануе прыняць удзел у турнірах у Рыме, Парыжы, на Мальёрцы і «Уімблдоне».

Дарэчы, упершыню за 17 гадоў у топ-100 сусветнага рэйтынга аказаліся адразу 4 беларускія тэнісісткі. Арына Сабаленка (№ 46), Аляксандра Сасновіч (№ 58), Вера Лапко (№ 92) і Вікторыя Азаранка (№ 98).


5. Ілья Шымановіч абнавіў нацыянальны рэкорд на 50 м брасам на чэмпіянаце Беларусі па плаванні ў Брэсце. Спартсмен на 0,04 сек палепшыў сваё ж нацыянальнае дасягненне. Гэты вынік з'яўляецца кваліфікацыйным на чэмпіянат свету 2019 года ў Кванджу (Рэспубліка Карэя), таксама час Шымановіча ў фінале — гэта трэцяе месца ў Еўропе ў бягучым сезоне.

Для Шымановіча гэта ўжо другі рэкорд на чэмпіянаце Беларусі, раней ён усталяваў новае дасягненне на дыстанцыі 100 м брасам — 59,40 сек.

Таксама адзначым, што юнацкі нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 50 м на спіне абнавіла Анастасія Шкурдай. Ранейшы вынік (28,63 сек) яна перасягнула на 0,14 сек — 28,49 сек.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: «Рост часта ідзе праз боль»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.