25 Верасень, аўторак

Вы тут

З чаго пачынаецца Айчына?


Усе мы родам з малой радзімы. У кожнага ёсць куток, дзе адпачывае сэрца, куды неадступна вяртаюцца думкі. Што трэба рабіць, каб умацаваць дабрабыт родных горада, мястэчка, вёскі? Ці патрэбны нашы высілкі тым мясцінам, дзе мы нарадзіліся? На гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі адказу падчас круглага стала «Вывучэнне малой радзімы: вопыт, праблематыка, перспектывы». Ён прайшоў у межах XXІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі» і па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі быў арганізаваны сумесна газетай «Звязда» і «Настаўніцкай газетай».


— Любоў да малой радзімы — гэта галоўнае, пра што варта казаць, ведучы размову пра патрыятычнае выхаванне. Не так даўно газета «Звязда» сумесна з Беларускім фондам культуры ладзілі круглы стол, прысвечаны Году малой радзімы, дзе акрэслілі многія важныя аспекты гэтай тэмы, — адзначыў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел СУХАРУКАЎ. — Усе мы выйшлі з малой радзімы. Для кагосьці Мінск — гэта малая радзіма. Але для большасці з нас, для нашых бацькоў — гэта маленькі куточак любімай Беларусі, які заўсёды чакае нас. Сам я з Мастоў, там жыве і з радасцю сустракае мяне матуля. І я ёй час ад часу кажу, што выспацца, добра адпачыць я магу толькі там. Там ні пра што не хвалюешся і можаш сапраўды разняволіцца... Таму ўвага да малой радзімы — гэта не даніна пэўнай модзе — гэта тое, што сапраўды ёсць у нашых сэрцах.

Вадзім КНЫШАЎ, галоўны рэдактар «Настаўніцкай газеты», паразважаў пра важнасць працы тых настаўнікаў, якія рупліва шчыруюць над тым, каб укласці ў сэрцы сваіх вучняў любоў да таго месца, дзе яны нарадзіліся, жаданне клапаціцца і ствараць нешта добрае на яго карысць:

— Краязнаўства, этнаграфія, культура малой радзімы — гэта часткі вялікай Радзімы, якой мы прысвячаем не толькі сваё прафесійнае, але і прыватнае жыццё... Варта адзначыць, што вельмі актыўна працуе адукацыйнае краязнаўства. Нашы педагогі шмат укладваюць у выхаванне сваіх вучняў, фарміруюць патрыятызм і любоў, без якой немагчыма будаваць ні сучасную, ні будучую Беларусь.

Цікава было пачуць, што краязнаўства, не будучы абавязковым кірункам для працы ў школе, усё адно ахапіла большасць навучальных устаноў. Заўсёды знаходзіўся апантаны настаўнік, арганізатар, гатовы даследаваць з вучнямі іх радзіму. Загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра КРАВЕЦ расказала пра сістэму краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі краіны:

— У навучальных установах нашай краіны ўжо даўно наладжана сістэмная краязнаўчая работа. Мы заўсёды падчас сустрэчы з краязнаўцамі з розных рэгіёнаў краіны даносім думку, што для таго, каб убачыць плён нашай дзейнасці, павінна быць доўгатэрміновая праца. Распачалася наша краязнаўчая работа яшчэ ў 1992 годзе, калі была прапавана ўсебеларуская турысцка-краязнаўчая добраахвотная экспедыцыя, якая называлася «Наш край». У межах гэтай экспедыцыі былі выпрацаваны далейшыя кірункі дзейнасці. А затым, ужо ў 2006 годзе, у Крычаве быў дадзены старт акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». Можна сказаць, што гэта акцыя дагэтуль крочыць па краіне. Працуюць аб'яднанні па інтарэсах, праводзяцца рэгіянальныя акцыі, праекты, конкурсы, у якіх удзельнічаюць амаль усе школы, гімназіі і ліцэі. Праводзяцца пошукавыя акцыі, арыентаваныя непасрэдна на даследаванне малой радзімы, яе малавядомыя аб'екты і гісторыка-культурныя каштоўнасці. Я лічу, што Год малой радзімы скіраваны на даследаванне сябе — праз краязнаўства да беларусазнаўства.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей ЗАГІДУЛІН падзяліўся досведам краязнаўчай работы ў вышэйшай навучальнай установе:

— Мы таксама займаемся краязнаўствам праз работу са студэнтамі і вучнямі і прытрымліваемся практыка-арыентаванага навучання. Студэнты выконваюць курсавыя работы, дыпломы, арыентуючыся на тое, што надзённа ў іх рэгіёне. Паколькі гэта гістарычныя работы, мы арыентуем іх скіроўваць увагу на гісторыю малой радзімы. Напрыклад, адна студэнтка пісала дыплом пра сваю малую радзіму Малое Мажэйкава — і яе праца аказалася вельмі запатрабаванай у роднай вёсцы. Мы рыхтуем настаўнікаў гісторыі. Пасля яны працуюць у тым ліку ў школьных музеях, якія ёсць ва ўсіх установах адукацыі — і акурат там таксама праводзіцца актыўная краязнаўчая работа, бо музеям патрэбна развіццё.

Ірына ДУБЕЙКА, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна ўласныя краязнаўчыя росшукі ўвасобіла ў дзве кнігі:

— Асабіста я зацікавілася тэмай Першай сусветнай вайны і ў сваіх пошуках часта карысталася інтэрнэт-рэсурсамі. Віртуальнае сеціва дапамагло мне знайсці ўнікальнае паведамленне англійскага карэспандэнта газеты «Tіmes», у якім распавядалася кранальная гісторыя выратавання афіцэра, якая адбывалася акурат на нашых землях. Шмат было знойдзена ў сеціве фотаздымкаў герояў і апісанняў іх подзвігаў. Такія росшукі выліліся ў напісанне дзвюх кніг. Адна з іх прысвечана Першай сусветнай вайне, другая —трагедыі, якая адбывалася пад Баранавічамі ў 1941 годзе.

Адметна, што тэма Года малой радзімы выклікала бурную дыскусію на круглым стале, што ладзіўся на выставе СМІ. Кожнаму хацелася выказаць, як ён бачыць краязнаўчую работу, на што трэба ў першую чаргу скіраваць увагу, як перафарматаваць працу і куды варта прыкласці асноўныя высілкі... Як бачым, тэма жывая і надзённая. І важна, што грамадству яна не абыякавая.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.