23 Ліпень, панядзелак

Вы тут

Вучэнні ў Печах у асобах


Урачыстыя провады ваеннаабавязаных, прызваных з запасу для ўдзелу ў навучальным праверачным зборы, адбыліся ў 72-м аб'яднаным навучальным цэнтры ў Печах. Амаль месяц у вучэннях прымалі ўдзел каля дзвюх тысяч жыхароў Мінска і Мінскай вобласці. Сярод іх былі прадстаўнікі самых розных узроставых катэгорый — ад 25 да 50 гадоў. Упершыню за чвэрць стагоддзя на вучэнні было прызвана каля 50 жанчын, якія выконвалі задачы, звязаныя з медыцынскай дапамогай, сфарміравалі асобны медыцынскі атрад.


Мі­ністр аба­ро­ны Анд­рэй РАЎ­КОЎ узнагароджвае аднаго з удзельнікаў навучальнага праверачнага збору.

Да выканання задач гатовыя

Падчас цырымоніі міністр абароны Беларусі Андрэй РАЎКОЎ падвёў вынікі вучобы і ўзнагародзіў тых, хто вызначыліся. Праверка праводзілася раптоўна, таму ў большасці прызыўнікоў былі лічаныя гадзіны для таго, каб прыйсці ў ваенкамат і адправіцца да месца правядзення збораў для камплектавання 37-й асобнай механізаванай брыгады.

На працягу месяца асабовы склад 37-й брыгады займаўся адзіночнай падрыхтоўкай, удзельнічаў у камандна-штабным, а затым тактычным вучэннях з механізаваным батальёнам. У ходзе вучэнняў было задзейнічана больш за 400 адзінак тэхнікі.

Вучэнні ў асобах

Капітану запасу, начальніку фінансавай службы асобнага батальёна матэрыяльнага забеспячэння Андрэю ШАЎЦОВУ ў дзень звальнення ў запас споўнілася 50 гадоў. Акрамя таго, падчас удзелу ў вучэбна-праверачным зборы яму прысвоілі званне капітана. Як ён прызнаўся, за месяц яму прыйшлося добра папацець — умовы вучэнняў былі максімальна набліжаная да баявых.

«Чалавек хутка прывыкае да салдацкіх умоў. Таксама вельмі дапамагала тое, што мы стараліся падтрымліваць адзін аднаго падчас вучэнняў. Калі меркаваць па маіх курсанцкіх гадах, а я былы кадравы ваенны, служба была вельмі падобнай. Два тыдні мы жылі ў казарме, аднаўлялі веды, а далей — практыка», — расказаў Андрэй Шаўцоў. Убачыць свайго сына пасля месячнай службы ў Печы прыехалі яго бацькі. Кажуць, што, вядома, сумавалі, але яшчэ і хацелася ўбачыць сына ў форме. На іх думку, праводзіць такія зборы сёння важна, бо яны дапамагаюць успомніць навыкі, якія неабходны для абароны сваёй краіны.

На вучэбна-праверачныя зборы ішлі нават цэлымі сем'ямі. Максім КАДЗЕБА летась вярнуўся са службы, якую праходзіў у пагранічных войсках у Брэсце. Калі даведаўся, што яго жонцы прыйшла павестка на вучэнні, вырашыў пайсці з ёй добраахвотнікам. Перажываў за яе, бо яна ўпершыню трапіла ў войска. Ён быў у роце сувязі, а яна — у асобным медыцынскім атрадзе. Праўда, бачыліся нячаста. Святлана КАДЗЕБА расказала, што цяпер у яе з'явілася разуменне, што такое салдацкія будні. «Было няпроста. За гэты час у асобным медыцынскім атрадзе мы жылі па салдацкай дысцыпліне і распарадку дня. Палепшылі свае веды ў аказанні медыцынскай дапамогі», — расказала Святлана Кадзеба.

Святлана і Мак­сім КА­ДЗЕ­БЫ.

А падпалкоўнік запасу Андрэй БЯЛОЎ змог пабачыцца са сваім сынам Ільём, які зараз праходзіць службу ў 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння і пераехаў у Печы вучыцца на камандзіра камандна-штабной машыны. Андрэй Бялоў з 1986 года надзеў пагоны сувораўца, пасля гэтага паступіў у Разанскае паветрана-дэсантнае вучылішча і з тых часоў служыў у паветрана-дэсантных войсках і сілах спецыяльных аперацый. Два гады таму пайшоў на пенсію і вось зараз зноў быў у страі. На яго думку, зборы прайшлі выключна добра. Яго сын падчас вучэнняў забяспечваў пражыванне, рыхтаваў казармы. «Мы змаглі паслужыць разам. Пасля таго як яны з'ехалі ў поле, па артыкулах у газетах я зразумеў, што месяц у іх быў «гарачы», — дадаў Ілья БЯЛОЎ.

Андрэй Бялоў пацвердзіў, што дзякуючы інтэнсіўнай працы веды і ўменні ў галаве аднавіліся маментальна. «На зборах адпрацоўваюцца канкрэтныя мерапрыемствы: мабілізацыя, падрыхтоўка, практычныя дзеянні. Мы ўвесь час былі занятыя», — заўважыў ён.

Як вынік, па заканчэнні збору, на ўрачыстым мерапрыемстве ў Печах, міністр абароны Андрэй Раўкоў адзначыў, што сістэма камплектавання і навучання спрацавала выдатна. Ён падзякаваў усім удзельнікам збораў за поўную аддачу ў выкананні пастаўленых задач.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота Мінстэрства абароны

Загаловак у газеце: Прайшлі праз салдацкія будні

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Як гродзенская прыгажуня стала чэмпіёнкай свету.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Сустрэча з каралевай, пад нумарам адзін і правіла ды выключэнне.

Грамадства

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы.