19 Жнівень, нядзеля

Вы тут

Як эканоміць разумна, каб наяўнага бюджэту хапала на ўсе патрэбы


Зрабіць рамонт і не залезці ў даўгі, згатаваць «з нічога» смачныя і карысныя стравы, шыкоўна выглядаць за капейкі — уявіце сабе, гэта цалкам рэальна. Як эканоміць разумна, каб наяўнага бюджэту хапала на ўсе патрэбы, падказвае гледачам праграма «Яшчэ танней», што вось ужо некалькі сезонаў выходзіць на канале «МІР». Пра тое, з чаго пачыналася школа эканоміі і як здымкі праекта адбіваюцца на паўсядзённым жыцці, «Звязда» распытала яго аўтараў і вядучых — Алену КУПЧЫК і Аляксандру КУЛАКОВУ.


Аляксандра Кулакова і Алена Купчык на зробленым уласнаручна, пуфіку са старой шыны і дэкаратыўнага шнура.

— Ідэя эканоміі ў наш крызісны час ляжыць на паверхні, але як вы ўсё ж прыйшлі да яе тэлевізійнага ўвасаблення і як вырашалі, з чаго пачаць?

— Пачатковы фармат, касцяк праекта быў зададзены Масквой — цэнтральны офіс Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» быў зацікаўлены ў спажывецкай праграме, якая давала б карысныя парады, гэткія «лайфхакі» для жыцця. Гады два таму была неверагодна папулярная тэма рабіць штосьці сваімі рукамі, і ад гэтага мы адштурхоўваліся. Праграма атрымалася вельмі працаёмкая, і тэхналагічна не самая простая: у нас вельмі многа здымачных месцаў, розных лакацый, каб гледачам было цікава. Таму мінімальны пакет праграм рыхтаваўся да запуску доўга, прыкладна паўгода, — успамінае Алена Купчык.

«Яшчэ танней» здымаецца ў беларускіх рэаліях, з айчыннымі майстрамі-ўмельцамі і матэрыяламі. Аднак праграма дэманструецца і ў іншых краінах Садружнасці, таму яе стваральнікі, робячы параўнальную калькуляцыю тых ці іншых рэчаў, пераводзяць кошты ў доларавы эквівалент і пазначаюць, што прыведзеныя ідэі актуальныя для розных краін. Гледачы, мяркуючы па водгуках, лічаць гэтаксама. «Нам пастаянна прапаноўваюць нейкіх герояў з Масквы і Падмаскоўя, — заўважае Саша Кулакова, — даводзіцца тлумачыць, што мы працуем у Беларусі».

"Вы ўмееце жыць па сродках? А мы падкажам, як зрабіць многія рэчы яшчэ танней!" — сцвярджае каманда тэлепраекта.

— У кадры ў вас выходзіць усё складна, лёгка і дынамічна. А па-за кадрам часта адбываюцца неспадзяванкі?

— Пастаянна! — у адзін голас адказваюць, смяючыся, дзяўчаты.

— Напрыклад, днямі наш рэжысёр ехаў са здымак, лежачы пад шведскай сценкай, — дзеліцца Аляксандра. — Проста гэтая сценка не ўлязала ў мікрааўтобус, таму рэжысёру давялося скруціцца неймаверным чынам, каб падлезці пад яе, — і пры гэтым ухітрыцца здымаць сэлфі, каб выкласці ў сацыяльных сетках і заінтрыгаваць аўдыторыю...

— Мы і самі пастаянна ездзім з поўнымі пакетамі самых неверагодных рэчаў: рэквізітам, нейкімі інструментамі, драўлянымі планкамі, швейнымі машынкамі. Нядаўна я асабіста цягнула машынку ў 14 кілаграмаў, — дадае Алена. — Аднойчы, каб пашыць паліто, маштабна закупаліся па сэканд-хэндах, бо не маглі знайсці ў крамах аснову патрэбнага колеру... Так што нас ужо добра ведаюць у будаўнічых крамах, швейных аддзелах, гандлёвых пунктах з фурнітурай і біжутэрыяй.

Аднойчы дырэктар здымачнай групы тэлефанавала ў будаўнічую краму і цікавілася, колькі патрэбна шнура, каб абматаць шыну. Кансультант здзівіўся, але парэкамендаваў узяць 15 метраў. А аказалася, патрэбна каля 65 — давялося ездзіць, дакупаць. А другім разам здымалі ў Жлобіне з хлопчыкам-падлеткам праграму пра вопыты кшталту «юны хімік» — чатыры гадзіны спрабавалі паўтарыць эксперыменты, якія бачылі ў інтэрнэце, але нічога не атрымлівалася. Выручыў аператар, які прыгадаў сваё школьнае захапленне хіміяй, знайшоў тое-сёе з матэрыялаў і ўратаваў праграму ад ганебнага правалу.

Падчас здымак вядучыя насамрэч робяць усё сваімі рукамі — і шыюць, і фарбуюць, і пірагі пякуць, і шрубы ўкручваюць.

— Дарэчы, гэта тое, што мы неаднаразова праверылі падчас здымак: інтэрнету нельга верыць, таварышы! Канешне, не ўсе парады там лухта, але добрая палова. Часта чапляемся за падгледжаную на прасторах сусветнага павуціння цікавую ідэю, паўтараем адзін у адзін — а не выходзіць. Даводзіцца дапрацоўваць прыведзеныя рэцэпты, карэктаваць, словам, прыводзіць інтэрнэт-парады ў адпаведнасць рэаліям. Так што, напэўна, у кожнай праграме ёсць свае закадравыя цікавінкі, творчы выклік і карысны вопыт.

— На першы погляд, тут такая прастора для творчасці, што не ведаеш, за якую тэму найперш учапіцца.

— Так толькі здаецца. Каварства гэтага праекта ў тым, што вялізнае неўзаранае поле пасля першага сезона звужаецца да некалькіх асноўных сфер: будаўніцтва і афармленне памяшканняў, харчаванне, гардэроб, спорт і здаровы лад жыцця, касметалогія і прыгажосць, дзеці і іх патрэбы.

— Няўжо і ўсё? А, скажам, транспарт?

— О, гэта была адна з самых цяжкіх у працы праграм, пры ўспамінах аб ёй я дагэтуль хрышчуся, — уздыхае Алена. — Нам жа трэба было правесці майстар-клас і нешта зрабіць сваімі рукамі, а што тут прыдумаеш? У выніку прыдумлялі веласіпед — у прамым сэнсе: збіралі электравеласіпед, і лепш не пытацца, як гэта атрымлівалася... Наогул, калі б не таленавітыя майстры-энтузіясты, апантаныя сваёй справай, якія абсалютна бясплатна прыходзяць нам на дапамогу і робяць неверагодныя рэчы, — то не атрымалася б ні «транспартная», ні шмат якія іншыя праграмы. Гэта проста цуд, што сярод нас ёсць такія людзі.

— Іх яшчэ паспрабуй знайдзі...

— Гэта робіць наша выдатная адміністратар Таня, здольная задаволіць самыя вар'яцкія запатрабаванні. Бывае, усклікне: «Гэта немагчыма!» А праз дзень-другі знаходзіць менавіта тое, што было патрэбна, і ўгаворвае ўсё новых герояў прыняць наш немаленькі табар: вядучая, рэжысёр, два аператары, гукарэжысёр — і падзяліцца на камеру сакрэтамі майстэрства.

— А бывае, што людзі просяцца ў праграму самі — здыміце мяне, здыміце?

— Так, у чым збольшага Сашына заслуга, — ківае Алена на сувядучую, — бо з яе прыходам у праект пачалося развіццё і піяр у сацыяльных сетках. Іх рэсурс я раней, шчыра кажучы, недаацэньвала.

— Мы яшчэ не дайшлі да некаторых пляцовак, — дадае Саша, — трэба стварыць старонкі ў «Аднакласніках» і «УКантакце». Але пэўныя вынікі ўжо відаць, і майстры, рамеснікі, стылісты, дызайнеры часта самі падкідваюць ідэі. Напрыклад, адна дзяўчына прапанавала майстра, які рабіў мастацкую коўку для палаца Максіма Галкіна і мэблю ў стылі стымпанк. Але гэты чалавек жыве ў Маскве, таму я адказала, што, калі ў яго ёсць выхад на беларускіх калег, з задавальненнем будзем супрацоўнічаць. Мы наогул заўжды адкрытыя для прапаноў, адзіная ўмова для майстар-класаў — яны мусяць быць нескладанымі, каб мог паўтарыць кожны чалавек.

На якія толькі ахвяры не пойдзеш дзеля гледача: дзяўчатам даводзілася дзеля цікавага сюжэта і штучна састарыцца...

— У праграмах прыкладнога кшталту заўжды важная зваротная сувязь. Як ацэньваюць вашу працу гледачы?

— На афіцыйных старонках праекта хваляць, і гэта, натуральна, вельмі прыемна. Героі, якія здымаліся ў той ці іншай праграме, робяць на нас спасылкі родным і сябрам, так вось пакрысе і рушым у народ, — усміхаецца Саша. — Хоць ёсць і крытыка. Пасля сакавіцкай праграмы пра дызайн дзіцячага пакоя адзін хлопец з маленькага расійскага гарадка зрабіў сваю калькуляцыю, колькі будзе каштаваць зрабіць гірлянду для ўпрыгожання, і сцвярджаў, што выходзіць зусім не танна. А некаторыя пісалі, што прапанаваная майстрам ідэя зрабіць са старой пакрышкі пуфік — неэкалагічная, бо такім рэчам няма чаго рабіць у дзіцячым пакоі. Мы ўлічваем усе меркаванні і заўвагі, бо гэта важна для далейшага развіцця праекта.

— Ці многія ідэі і майстар-класы са здымак пераносіце ва ўласнае жыццё?

...і ператварыцца ў "Марфушачку-душачку".

— Так, і не толькі мы. Пачаць хоць бы з таго, што пасля нашых кулінарных праграм уся здымачная група, падлічыўшы штодзённую эканомію, перастала абедаць у кафэ і пачала насіць «ссабойкі». Адзін з аператараў узяў ідэю з шынай-пуфікам на ўзбраенне для афармлення дачы, другі аздобіў дома сценку дэкаратыўнай цаглянай кладкай; наша адміністратар нядаўна звязала стыльную сумачку а-ля Како Шанэль — такія прадаюцца ў брэндавых буціках за 500 долараў. А я зрабіла дома навагодняе імбірнае пячэнне-мішкі з пажаданнямі — цудоўны рэцэпт! — гаворыць Алена. — Цяпер гэта ўжо сямейная традыцыя, і кожны чакае свайго мішку... А нядаўна на майстар-класе па зборцы шведскай сценкі з падручных матэрыялаў — чаранкоў рыдлёвак ды грабляў — я з велізарным здзіўленнем адчула, што ўсе гэтыя чужынскія для мяне словы «фрэзы», «шрубы» і «самарэзы» — зразумелыя, калі тлумачыць прафесіянал, які дапамагае не нарабіць крыўдных памылак і прыйсці да мэты.

— Наогул, мне здаецца, можна па пальцах пералічыць тыя майстар-класы, якія мы не выпрабоўвалі ва ўласным жыцці, — дадае Саша. — Я вось навучылася пячы хлеб дзякуючы Лене і адной з нашых праграм. Раней лічыла, што гэта вельмі складаны працэс, які абавязкова патрабуе шмат дадатковых прылад, формачак, хлебапечкі, а аказалася, што патрэбны жывая закваска, вада, мука і соль — і атрымліваецца такая смаката! Потым нават з карыслівым інтарэсам прыглядалася ў кожнай праграме: чаго я яшчэ не рабіла, што хацелася б паспрабаваць?

— «Яшчэ танней» жыве ў эфіры ўжо больш як год. Плануеце абнаўляць фармат?

Фота на памяць з майстрам і вынікам работы — скаладромам для дзіцячага пакоя.

— У нас ёсць задумка не тое каб перафарматавацца, але зрабіць пакеты праграм, якія датычыліся б асобнай тэмы. Бо сёння наша мэтавая аўдыторыя размытая: Саша робіць праграму пра рэстаўрацыю дачнай мэблі, а я наступную — пра кулінарыю, далей — пра гардэроб... Таму, дасць бог, будзе новы сезон — хочацца зрабіць шэраг мэтавых праграм: пра інтэр'ер, харчаванне, здароўе і г. д., адпаведна, праанансаваць кожны пакет, каб гледачы маглі выбраць тое, што ім даспадобы. Хоць, мне здаецца, наш праект не з тых, якія можна рабіць бясконца, як «Поле цудаў».

— Але цікавых майстар-класаў, якія дапамагаюць і сэканоміць, і зрабіць эксклюзіўныя рэчы, у якія ўкладваеш частку душы, насамрэч многа, — не згаджаецца Саша Кулакова. — І пасля кожнага майстар-класа пачынаеш больш любіць і цаніць рэчы хэнд-мэйд, а разам з тым і сябе — змог, справіўся.

— Галоўнае, каб гэта было цікава нам самім — вось найлепшы маркер, — лічыць Алена. — Калі ты гарыш справай, якую робіш, то і вынік будзе цікавы для гледачоў. Вельмі часта важна не навучыць рабіць штосьці канкрэтнае, а даць штуршок, ідэю; не бойцеся прыкласці пэўныя намаганні, нават незнаёмая справа з дапамогай майстра прынясе плён.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара і з архіва праграм

Загаловак у газеце: Вышэйшая школа эканоміі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.